153064.fb2 СМЕРЦЬ I НЕЎМIРУЧАСЦЬ - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

СМЕРЦЬ I НЕЎМIРУЧАСЦЬ - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

Лосеў. Віленскі камендант скардзіўся: на полі, дзе хаваюць пакараных смерцю, – маўклівыя маніфестацыі... Магілы мы раўняем. I ўсё адно, кожны дзень стаяць людзі ў чорным. Моўчкі стаяць. Не плачуць... Страляць?

Мураўёў. Нашто? Прост а зрабіце ім фізічна немагчымымі гэтыя наведванні.

Лосеў. Як?

Мураўёў. Ну... хаця б ачысціце за ноч усе прыбіральні Вільні і заліце гэтыя магілы слоем... Дастаткова чвэрць сажня... Прабачце, ваша вялікасць.

Лосеў. Ваша вялікасць...

Мураўёў. Нявіннасць не дазваляе? А гэта лепш чым кулі. Статак не хоча быць смешным.

Аляксандр. Ён ведае людзей, Лосеў. Трэба ўгноіць Заходні край для будучага пасеву.

Паўза.

Задайце... задайце ім.

КАРЦІНА ВОСЬМАЯ

Яшчэ да падняцця заслоны чуваць гарматныя стрэлы, залпы, воклічы. Калі заслона паднялася – мы бачым скарэжаную зямлю, на ёй сям-там трупы, кінутыя косы, апракінутыя гарматы і – далёка! – вёску ў агні. Гараць Бахарэвічы. На першым плане абгарэлы шкілет дрэва, на другім – некалькі салдат капаюць чарговую яму. Пад дрэвам сядзіць капітан фон Юнген, піша.

Салдат. Дзевятую капаем.

Юнген. Пэўна, досыць, па дваццаць шэсць на яму. Капец. (Апусціў Note bene ў скураной вокладцы.) Ну што данясеш? Разбілі пераможна палком – пагана ўзброены атрад.

Салдат. Вядуць.

З левага боку салдаты выганяюць на сцэну невялікі натоўп жыхароў спаленай вёскі. Пераважна старыя і жанчыны. Сярод апошніх – Яўхіміха, баба Гарэліха.

Юнген. Ну што, мужыкі. Дастукаліся... Давядзецца замест сваіх бяроз чужыя піхты пілаваць... А замест торфу – біць кіркой у рудніках руду чужому дзядзьку.

Натоўп маўчыць. I раптам вокліч. З правага боку канвой выводзіць пана Зарубу, Вастравуха і Яўхіма Барданоса. Вастравух паранены ў галаву: праз павязку выступае кроў. Заруба і Барданос вядуць яго. Палонных паставлі перад Юнгенам. Левая рука Яўхіма бязвольна звісае.

Юнген. Ну?.. Што?..

Яўхім. Нічога, пагулялі ладна.

Юнген. А як наконт расплаты?

Яўхім. Мы людзі з гонарам. Карчму разнеслі, то неяк і за чарапкі заплоцім. Злавесная цішыня. Парушае яе салдат, звяртаючыся да фон Юнгена.

Салдат. Мы зносім трупы.

Юнген.

Паглыбей

Забітых закапайце, каб ваўкі

Касцей не расцягнулі.

Вастравух (злосна).

Воўк нічога.

Прынамсі ён хлуслівым чорным словам

Не пэцкае імён герояў.

Ўсё гэта людзі зробяць... Зробіш ты,

Халуй.

Юнген (іранічна).

Зараз упадзе,

А брэша, недабіты, гнойны пёс.

Вастравух адштурхоўвае сяброў.

Вастравух. Пусціце!.. Сам...

(Пахіснуўшыся трохі, ён умацаваўся і стаў цвёрда.)

А то яшчэ ён збрэша,

Што я, калі мяне на смерць вялі,

Пручаўся і нагамі дзве дарожкі

Да месца праараў.

Юнген.

Ты, Васт равух,

Падумай: варта заплаціць жыццём

За слова вострае, за жарт дурны?

Вастравух.

Хай будзе слова, як няма кінжала.

Юнген.

Мне ад цябе не вельмі многа трэба.