153064.fb2
Кастусь. I “чырвоныя” ў Варшаве – праўда. I паездка – праўда... Караліна!
Караліна. Што?
Кастусь. Добра ты гукі вымаўляеш. (Хітнуў галавою.) Справа для цябе.
Караліна. Ну...
Кастусь. Імператар Аляксандр другі, вялікі князь Самагіцкі, гасудар і вялікі князь Абдорскі і Кандзійскі, наследнік Нарвежскі, Дзітмарсенскі і прочая і прочая зволілі прыняць катэгарычны імператыў графа Мураўёва, вялікага князя Самаедскага, гасудара Шыбеніцкай зямлі, Лобных месцаў і прочая – аб разгроме і рэпрэсіях. (Ідзе да непрыкметных дзверцаў і дастае адтуль два чамаданы.) У адказ на гэта найбольш небяспечная з калматых нігілістак беларускіх, Караліна, па мянушцы Крывавы Кінжал, павязе ў горад Мінск гэтыя шрыфты.
Караліна. Нашто?
Кастусь. Каб падкласці іх пад трон начальніка мінскага акцыза.
Чортаў Бацька. Хай узрываецца.
Марцявічус. О, выбуховая моц беларускага вольнага слова!.. Гекзаметрам загаварыў.
Караліна. Сур’ёзна.
Кастусь. Дрэнна... (Голас ягоны сеў.) Р эпрэсіі. Сярод калег – слабіна... Трэба зноў звязваць людзей... як сноп... дарагое маё перавясла...
Званок ля дзвярэй магазіна.
Яневіч. Зноў... Адны гускі ды аслы ходзяць... (Выйшла.)
Караліна. Я зраблю.
Кастусь. Ведаю... (Да Арсеня.) Падрыхтуй, Арсень, загад. На кожнага павешанага паўстанца падпольны ўрад адкажа ўдарам кінжала... Няўхільна... Няўмольна... Адразу...
Марцявічус. Даўно пара...
Яневіч (у дзвярах). Кажу, нельга.
У дзвярах Вітаўт і Марыя Грэгатовіч.
Вітаўт. Свае. Трэба.
Зайшлі. Паўза.
Кастусь. Ах-х, вось яшчэ не было... Вітаўт!.. (Ціха.) Нашто прывёў старонняга?
Вітаўт. Ну-у!.. В-ведаеш! Табе ўнаравіць... як графскаму сабаку... Табе што, жыццё сваё – капейка?.. Я прыйшоў, каб вы-ра-та-ваць яго... Мала гэтага?.. Зразумеў? I ўсё! I досыць!
Кастусь. Зразумеў... Але гэта канспіратыўная кватэра. Я магу памерці – камітэт павінен жыць...
Вітаўт. То і памрэш...
Марыя. Пан Макарэвіч... Не трэба яго... Я ў адчай прыйшла, пакуль яго адшукала... Горад аббегала...
Кастусь. Спакойна, Марыя. Што такое?
Марыя. Надвячоркам зайшла суседка... Прасіла не выдаваць... Па сакрэту сказала, што ўжо ва ўсіх на тым баку вуліцы правяралі дамавыя кнігі, што заўтра будуць у астатніх... У нас... Я пайшла да мадам Салье... (У адчаі.) Выявілася, што ўлады шукаюць слядоў Макарэвіча... Яны ведаюць, што ён і Каліноўскі – адно...
Чортаў Бацька. М-маем.
Арсень. Значыць, табе нельга вяртацца на Антокаль, Кастусь.
Паўза.
Марыя (зусім ціха). Вы на Антокалі? I не маглі знайсці... Што ж, я зрабіла ўсе, што магла: заліла чарнілам ліст у дамавой кнізе маці.
Арсень. Чортаў Бацька, давай бланк.
Чортаў Бацька дастае з-пад маснічыны нейкія паперы.
Чортаў Бацька. На.
Караліна падышла яшчэ бліжэй да Кастуся і Марыі.
Марыя. Я ненавіджу гэтую вашу... справу. Але я зрабіла гэта.
Кастусь. За што ненавідзіце?
Марыя. Яна адбірае вас ад мяне. Якраз у той дзень, калі я зразумела, што... кахаю вас... – вы зніклі з флігеля на Антокалі: пайшлі, відаць, у гэтую сваю... справу... Яна і цяпер адбірае вас, дае мне замест шчасця штодзённае гора.
Кастусь. Марыя...
Марыя. Бо я кахаю вас. I я слабейшая за яе, праклятую. Што яна зрабіла з горадам, з краінай, са шчасцем, ваша справа?! А я – слабейшая. Я не магу змагацца супраць яе... Гора маё! Бяда мая! (Плача.)
Караліна. Сочаць... Падбіраюцца. Як пальцы да горла.
Марцявічус (змрочна). Не лезь, Мураш, да горла мяцяжу, бо атрымаеш ты... па пысе... Не, я не Пушкін... Але па пысе ён атрымае.
Вітаўт. Не ўсё ж каб шанцавала ды шанцавала. Паўсюль. Ва ўсім. У вайне, выкраданнях, каханні... у картах... чорце, д’ябле.
Арсень са здзіўленном азірнуўся.
Арсень. У якіх картах?
Вітаўт. Скажам, “у стратэгічных картах”.
Марцявічус. З імі некаторым, прама скажам, не шанцуе...
Арсень (нудна). Ты, Вітаўт, нуда японская... Астабрыд ты мне. (Думае над бланкам пашпарта.) Якое б табе прозвішча, Кастусь?
Вітаўт (сам сабе, вельмі змрочна). Банапарт нядрэннае прозвішча... Пугачоў.