153064.fb2 СМЕРЦЬ I НЕЎМIРУЧАСЦЬ - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 33

СМЕРЦЬ I НЕЎМIРУЧАСЦЬ - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 33

Марцявічус. А калі ў падвал?

Кастусь. I над падвалам – неба...

Марцявічус. Чорт ведае, чым людзі займаюцца: стрэлы, шыбеніцы, подласць. А тут... такое дзіва... I ці думаў я, што мой апошні дом будзе такі прыўкрасны, што апынуся сам-насам з небам.

Кастусь. Як то там Вітаўт?

Марцявічус. У такую хвіліну ўсе павінны глядзець на зоры. Пархвен! А ты глядзіш?

Чортаў Бацька. Гляджу. Унь Зорны Воз. Сем зорак – сем кабылак. Адна ажарабілася. Унь ля яе маленечкая зорка. I ўсе кабылкі спакойна стаяць, т олькі ўздрыгваюць часамі ад зайздрасці да той... (Глуха.) Як ты, Кастусёк, калі часам на скверы дзяцей бачыш.

Кастусь (амаль груба). Ты змоўч... паэт.

Чортаў Бацька. Гэта вы... паэты... Са зброяй спіцё... Без жонак, без дзяцей, без грошай. Так, за народнае дзякуй.

Марцявічус. Вось прыйдзе светлае заўтра – яно цябе здзівіць.

Чортаў Бацька. Чым?

Марцявічус. А тым, што грошай зусім не будзе.

Чортаў Бацька. I там не будзе? Варта было паўставаць.

Паўза.

А я, каб мне плацілі, усякую работу рабіў бы. Сказаў бы мне той... “Работа, твая, Чортаў Бацька, будзе брахаць. За кожнага абрэханага прахожага – рубель”. Калі ласачка... Сеў бы сабе, як пан, з газеткай ля варот, на траўку, і як толькі нехта пройдзе, то я на яго: “Гаў... Гаў” – і ні разу больш.

Кастусь. Чаму?

Чортаў Бацька. Голас бярог бы. “Гаў” – і рубель. “Гаў” – і рубель.

Кастусь. Гэта, брат, за цябе журналісты робяць. З т аго часу, як газеты з’явіліся. Не адбівай чужога хлеба.

Паўза.

Чортаў Бацька (раптам). Не хачу я гаўкаць. Сорамна нібы тут... перад нечым.

Кастусь. Правільна.

Чортаў Бацька. Во каб у кожнай хаце такія дахі.

Марцявічус. нашто?

Чортаў Бацька. Нельга сварыцца, калі над табой такое. Не можа быць забойстваў, злосці, несправядлівасці... Ледзь нехта закіпае няправедна – рассунь дах.

Паўза.

Кастусь. Пераможам – узбагацеем – зробім.

Стрэл пракаціўся рэхам у далёкіх завулках.

Чортаў Бацька. Што такое?

Кастусь. Пэўна, вартавому здалося... I чаму не ідзе?

Паўза.

Чортаў Бацька. Кажуць, зорка падае – душа падае.

Кастусь. То што?

Чортаў Бацька. У-у, які гэтай восенню быў зарапад... Падалі, падалі, канца не відно.

Марцявічус. З людзьмі пра такое нельга... Пархвен.

Чортаў Бацька. Ведаю. Гэта я – з вамі.

Паўза.

Марцявічус. I вось я ляжаў і думаў. А зоры кружыліся ў вечным абегу. I праходзілі перада мной пакаленні. У-у, якая далячынь... Што людзі будучага перад намі? Нікога не здзівіць чалавек сярод людзей. А вось чалавек сярод ваўкоў, свіней, гіен – вось што варта здзіўлення. А нараджаецца, жыве чалавекам сярод поскудзі. Значыць, ад прыроды – харошы... А я раней не бачыў неба... як многія...

Уваходзіць Караліна ў футранай шапачцы з вэлюмам.

Караліна. Кастусь.

Кастусь. Нарэшце... Божа мой... У-ух...

Караліна. Вось. Трыццаць два пашпарты для ўцекачоў... У Лібаву іх адразу, на караблі і – шукай іх за мяжой.

Кастусь. Нарэшце.

Караліна. Кастусь, мне трэба пагаварыць сам-насам.

Марцявічус. То я ў дворык выйду... Пад зоры... (Выйшаў.) Чортаў Бацька адышоў у далёкі кут, за вялізны зорны глобус. Сеў там.

Караліна. Ішла сюды паўз губернатарскі палац... Там некалькі рот пад ружжом. Такія сілы яны выводзяць толькі супраць небяспечных атрадаў.

Кастусь. Даведаемся. Што яшчэ?

Караліна. Трывожна мне. Ты жывеш тут так доўга... Пакінь Вільню... Прашу.

Кастусь. Вільня – сэрца. Мне нельга ад яго.

Караліна. Вазьмі пашпарт.

Кастусь. Не.

Караліна. Чаму?