Цяпер у цемры т олькі дзве плямы святла: чалавек на фоне зор і скупа асветлены пераход да адной з лесвіц, што вядзе на падмосткі. У ніжняй пляме з’яўляюцца постаці. Гэта капітан з салдатамі. Глухія, неразборлівыя, бы ў студні, гучаць галасы.
Капітан. Акружылі квартал?
Салдат. Але.
Цемра і крокі. Кастусь на пляцоўцы чуе іх.
Кастусь. Яна... Вяртаецца. Трэба сустрэць са святлом. (Запальвае свечку.) Якая шчаслівая ноч!
Цемра і крокі. Маленькі, як іскрынка, агеньчык: чалавек ідзе са свечкай. Ціхі голас спявае, вядзе без слоў нейкую ясную і радасную мелодыю, Спускаецца ўніз, робіцца ўсё больш яркім агеньчык свечкі. Цемра маўчыць.
Капітан. Гэй, хто са святлом?
У цемры асвятляецца твар Кастуся.
Кастусь. Я са святлом.
Блік ад ягонай свечкі ўпаў на твар капітана.
Капітан. Ваша прозвішча?
Кастусь (проста). Вітажэнец.
У той жа момант яго схапілі за рукі. Свечка ўпала на прыступкі і пакацілася па іх. Меркне агеньчык. Коціцца свечка. Прыступка... другая... трэцяя... Згасла. Насунуўся змрок.
КАРЦІНА ДВАНАЦЦАТАЯ
Пакой, у якім засядае асобая следчая камісія. Цяпер яна ў поўным складзе: шэсць чалавек. Старшыня, палкоўнік Шалгуноў, гартае справы. Астатнія моўчкі глядзяць у акно, за якім падае снег. Сядзяць па старшынству: штабс-капітан, два паручнікі, обер-аўдытар. Адзін з паручнікаў, у артылерыйскай форме, Гогель.
Гогель. Я часам шкадую, пан палкоўнік, што катаванні выйшлі з моды.
Шалгуноў. А тое, што мы робім, – не катаванне?.. Ён не спіць ужо некалькі начэй.
Гогель. I ён не будзе спаць столькі, колькі спатрэбіцца.
Шалгуноў. Пры такіх метадах людзі гавораць на сябе невядома што.
Гогель. Гэты? З ягонай закаранеласцю?
Шалгуноў. Добра. Прывядзіце арыштаванага... Было б значна прасцей, каб Парафіяновіч апазнаў, ён ці не ён.
Гогель. Парафіяновіч заявіў, што на вочных стаўках нікога апазнаваць у твар не будзе.
Шалгуноў. Баіцца сустрэчы, заяц.
Гогель. У нас фактычна нічога няма ў руках. Лосеў – спрытняга, але на яго месцы я жыва выбіў бы з Парафіяновіча ўсё, што трэба.
Шалгуноў. На яго месцы вы і ў сто год не дабіліся б прызнання. Маўчыце ўжо...
Салдаты прыводзяць Кастуся. Ён змарнеў, але вочы ўсё яшчэ свецяцца ранейшым цёплым агнём.
Вы не надумалі?
Паўза.
Хто вы?
Гогель. Камісар Літвы...
Кастусь. Я Вітажэнец, настаўнік. Займаўся распрацоўкай матэрыялаў гістарычнага характару. Гэта ўсё.
Гогель. I гэта ўсё?
Кастусь. Усё.
Шалгуноў. Шоціка сюды.
Салдаты прыводзяць Ігнася Шоціка.
Ігнась Шоцік, сорак год, католік, з казённых сялян Віленскага павета, пяць год як дворнік пры гімназіі. Так?
Шоцік. Какурат так.
Шалгуноў. Ведаеце гэтага чалавека?
Шоцік. Ды я яму... сумяшчальна, значыцца, прыслугоўваў, кватэру прыбіраў. За два рублі штомесяц. Гро-ошы!
Гогель. Што падазронага заўважылі?
Шоцік (хітруе). Ды яно, як жа ж бо яно і сказаць... Калі б нешта такое, то яно, можа б, і так, а каб гэткае нешта, то яно і дальбог нічога. (Падумаў.) Пан харошы. Добры. Грошы заўсёды наперад плаціў. Я ж кажу, каб нешта тут такое, то дальбог не тое, што паны думаюць.
Вочы Кастуся смяюцца.
Гогель. Не паяснічай!
Шоцік. Ды ў мяне, пане, паяса і няма. Людзі простыя, матузком абыходзімся.
Гогель. Што рабіў арыштаваны, мужыцкая морда? Ён што, купіў цябе?
Шоцік. Не. Ён мэблю купляў. У гандляроў-яўрэяў. Ніштаватая мэбля. Купляў вось чалавек, спадзяваўся. А яго замест канапы на турэмны тапчан. Так вось і не ведаеш, дзе цябе па кабаку грукне.
Гогель. Што рабіў?
Шоцік. Уст авалі яны каля дзевяцёх, кушалі чаю ў ахвотку, у сваю насалоду, ды ішлі сабе ў горад. У дванаццаць прыходзілі ды абедалі. Любілі строганага быка. (Хітруе і выкручваецца як можа.)
Шалгуноў. Якога строганага быка?