153064.fb2
Кастусь здрыгануўся ад нечаканасці, павярнуўся на голас. Глядзіць.
Кастусь. А-а, вось хто. Другі раз спадобіўся ліцэзрэць.
Мураўёў. Другі... Князь Мсціслаўскі.
Уся размова, да самага канца, ідзе ціха і спакойна.
Я прыйшоў пагаварыць... Дзіўна, але так.
Кастусь (міжвольна адкінуў прастату і гаворыць цяпер сапраўды як князь). Я слухаю вас, граф.
Мураўёў. Ці думалі вы, супраць чаго паўстаяце? Ці думалі, што тысячу год кожны разбіваў аб нас галаву? Былі бунты, рэвалюцыі – а мы заставаліся, і зноў аб нас разбівалі галаву. Таму што мы – парадак, дзяржава, таму што за нас вера, забабоны, філасофія, культура. Таму, што за нас – жах. Людзі не могуць жыць свабоднымі сярод руін. Яны ўзрываюць дом, кідаюцца трошкі сярод камення са сваімі добрымі намерамі, а потым будуюць новы, яшчэ горшы. I кожны раз льецца кроў. I гінуць лепшыя, а не горшыя. I пасля кожнага такога эксперымента сярод жывых застаецца больш і больш мярзотнікаў.
Кастусь. Я думаў над гэтым. Чаго вы хочаце?
Мураўёў. Бачыш муры? Ты можаш з іх выйсці. Зараз. Я хачу гэтага. Ведаеш, каб людзі жылі – трэба, каб лепшыя з лепшых не бунтавалі, а ішлі да паборнікаў парадку і магутнасці айчыны... Я абяцаю вам словам двараніна волю і месца пры мне... Я вам абяцаю. Не Аляксандр – я.
Кастусь. Гэта важыць больш. Ведаю... Чаму прапаноўваеце?
Мураўёў. Хачу, каб вы сталі членам дзяржаўнага савета ў пяцьдзесят год.
Кастусь. У дваццаць пяць я быў вярхоўны ваявода Беларусі і Літвы.
Мураўёў. А ў дваццаць шэсць можаш не быць нікім.
Кастусь. Ведаю.
Мураўёў. А паслухаеш – можаш жыць, кахаць...
Аблічча Каліноўскага нібы засвяцілася ў змроку.
Кастусь. Кахаць...
Мураўёў. Так... Бачыш?
За акном густым вэлюмам падае снег.
Гэта падае апошні снег у тваім жыцці. Я памятаю адзін такі, калі я кахаў...
Кастусь (спахмурнеўшы). Гэта забаронены ўдар, граф. Я адкажу такім самым: невядома яшчэ, колькі снегападаў засталося ўбачыць вам.
Мураўёў. Я пажыў...
Кастусь. Як пажылі?.. I чаму прапаноўваеце гэта мне?
Мураўёў. Сынок... Ты не ведаеш. Вакол мяне адны нягоднікі і дурні...
Кастусь. Сімптаматычна.
Мураўёў. У вас блакітная сонечная кроў. Вы – сапраўдны дваранін, рыцар – не тое што гэтыя вырадкі. I вы са сволаччу.
Кастусь. Калі за вас парадак, то чаму сярод вас столькі нягоднікаў? Чаму з пакалення ў пакаленне лепшае – гіне, а ўсё адно ідзе да нас, да “сволачы”?
Паўза.
Я вам скажу, чаму. Кожны раз чалавецтва бліжэй да шчасця... на вышыню нашых магіл. З крывёю, са зрывамі на дно прорвы, яно, здыхаючы, паўзе да праўды.
Мураўёў. Гэта фатальная, жахлівая памылка маладосці. А маладосць праходзіць. Я ведаю гэта... сынок. Ты, магчыма, не ведаеш, які быў я, пакуль не зразумеў.
Кастусь. Вы заўсёды былі такі.
Мураўёў. А я быў такі, як ты.
Паўза.
Такі, а магчыма, і горшы бунтар. Я быў адзін з самых першых дзекабрыстаў. Нас было чацвёра.
Маўчанне.
Гэта я прыняў у тайнае таварыства Івана Пушчына... Так, таго самага, лепшага сябра забітага паэта.
Маўчанне.
Потым я зразумеў – у гэтым няма праўды. Праўда не там. Я выпадкова не трапіў на шыбеніцу, хаця не скардзіўся б, нават трапіўшы. I вось я служу айчыне. I хачу зрабіць для маладога, чыстага, бліскуча таленавітага чалавека тое, што калісь зрабіў для мяне выпадковы лёс.
I раптам Кастусь засмяяўся ціхім, горкім смехам.
Кастусь. Вы? Мой лёс? Жывы, з крыві і плоці, з дзвесце сарака васьмю касцямі і некалькімі аршынамі кішак... Ох, як доўга гэта яшчэ будзе!.. Любіць гэта чалавек: захапіць уладу над жыццём і смерцю, назваць сябе лёсам, богам, з усёй сваёй вузасцю, тупасцю, капрызамі.
Мураўёў. Не смейся з мудрасці... сыне.
Кастусь устае і адыходзіць далей ад Мураўёва.
Кастусь (ціха). Я зразумеў вас. У вас дагэтуль смыліць і пячэ ў сэрцы, калі вы параўноўваеце сваё жыццё з чужой чыстай смерцю... Вы... нібы хочаце перавешаць пакаленне, што бачыла ўсю вашу непрыглядную галізну... Бачыла пяць пакутнікаў на верках Петрапаўлаўкі і вас... вось такога... жывога... Праўда?.. Праўда.
Мураўёў устае і ўдарае ў дзверы. На яго страшна глядзець.
Я думаў, вы больш мужны... Я разумею, я проста першы, хто зразумеў вас да самага нутра. Да таго, у чым вы самі, можа, толькі аднойчы, у дрымоце, калі воля ўжо спіць, прызналіся сабе.
Паўза.
Рэнегат. Вам трэба для заспакаення рабіць другіх падобнымі да сябе... Але я гэтага... апошняга... вам не падару... граф-вешальнік.
У камеру заходзіць Тызенгаўзен.
Мураўёў. Скажыце членам часовага палявога аўдытарыята, што я прапаную ім замяніць расстрэл – павешаннем