153064.fb2
Кастусь. “Браты мае родныя, мужыкі! 3-пад... шыбеніцы прыходзіцца мне вам пісаць. I, можа, у апошні раз. Горка пакінуць родную зямельку і цябе, дарагі мой народзе. Застогнуць грудзі, забаліць сэрца, але не шкада загінуць за тваю праўду.
Бывай здаровы, мужыцкі народзе!
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе
I часам спамяні пра Яську свайго,
Што згінуў за праўду для дабра твайго.
I калі слова пяройдзе ў дзела,
Тагды за праўду станавіся смела...
Ты, аднак, народзе, не чакай і з чым можаш ідзі ваяваць за свайго бога, за сваё права, за сваю славу, за сваю бацькаўшчыну”. Усё... Усё?.. Так, усё... (Устае і ідзе да акна, за якім няспынна варушыцца снег і бязвольна схіляецца заснежаная галіна яблыні.) У мяне былі тры каханыя ў адной: ты, Караліна... Ты, радзіма... Ты, воля... Я амаль нічога не паспеў...
Падае, падае снег. Ніжэй згінаецца галіна.
Снег... Снег... Варушыцца. Падае. Апошні снег гэтай зімы.
Апускаецца на ложак. Засынае. Цьмянее над ім святло. I ў змроку з шолахам, адчаем і маленнем пралят аюць галасы: “Воля... Во-о-о-ля!.. Радзіма!.. Караліна!.. Вас клічуць! Мы клічам! Клічам!” Паступова святлее. Ля ложка Кастуся стаіць жанчына ў чорным. Толькі цень, які паступова набірае рэальнасць.
Цень. Уставай, Кастусь. Уставай, сынок. Пагаворым. У нас мала часу.
Кастусь. Гэта ты... маці? Чаму я пазнаю твае вочы? Ты так рана памерла. Я ж ніколі ў жыцці не бачыў цябе.
Жанчына скідае з галавы шаль. Гэта Беларусь.
Ніколі не бачыў, а пазнаю... адразу. Ты ж мая маці?
Беларусь. Але.
Кастусь. Якое шчасце, што ты прыйшла.
Беларусь. Я не магла не прыйсці.
Кастусь. Чаму ж ты раней ні разу не прыходзіла? За ўсе дваццаць шэсць... год... і два месяцы?!
Яна маўчыць. I ён зразумеў маўчанне. На імгненне ў яго перахапіла дыханне, ён правёў тылам далоні па вачах.
Так... Разумею... Не кажы нічога. Якое шчасце, што ты ўсё ж прыйшла, мама.
Беларусь. Ты маўчы. Ты не кажы нічога, не думай ні аб чым. Ты проста пакладзі мне галаву на калені і паплач... Ну. (Бярэ яго галаву і кладзе на калені, гладзіць валасы.) Супакойся... супакойся... Пакуль ты жывы – я з табою. З усімі лясамі, рэкамі, людзьмі. З небам і вясёлкамі, з начнымі зарніцамі. Спі.
Голас заводзіць калыханку.
Люлі-люлі-люленькі,
Зашумелі лазнякі,
Гнуткія трысцінкі,
Тонкія націнкі.
Спі-і, спі.
Кастусь спіць. Яна гладзіць яго валасы. I раптам, праз калыханку, з вуснаў яе прарываюцца гнеўныя, смутныя, жалобныя словы.
Зямля маўчыць. Яна ў пажары ўся.
Парваліся на ліры сонца струны,
Застрашлівай не даспяваўшы руны
Пра смерць і неўміручасць Кастуся...
(Яна не можа стрымаць сябе . Яна тужыць, яна вяшчае.)
О, мой народ, зачаты для бяссмерця
Так, як і ўсе народы на зямлі.
Мужайся, ў кулаку зацісні сэрца
I рабства ў ім навекі спапялі.
Варухнуўся Кастусь. I тады яна, глушачы словы і рыданні, вядзе калыханку далей.
Над зямлёй-балесніцай
Тонкі чоўнік месяца.
Ў хвалях месячык скакаў,
З плаўняў чоўнік выплываў,
З плаўняў чоўнік выплываў,
Князя ціха калыхаў...
Натаміўся жывучы,
Нахадзіўся уначы,