153064.fb2 СМЕРЦЬ I НЕЎМIРУЧАСЦЬ - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 5

СМЕРЦЬ I НЕЎМIРУЧАСЦЬ - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 5

Маладзiца. Што ж з iм далей будзе, дзядзька?

Кастусь. А далей пачне яго ўрад вучыць, як жыць. Затлумiць галаву, навучыць пляваць на розум, на цябе, мацi. А захоча праўды - павязуць туды, дзе бабы бялiзну мыюць, а пранiкi на неба кладуць. Мацi прымусяць забыць, сумленне, свой народ.

Сям-там пачынаюць усхлiпваць бабы.

А потым за ўсю працу - крыж струхнелы. I канец.

Каралiна. Iншыя - гавораць. Гэты - як душу аддае.

Арсень. I якую душу...

Кастусь. Не. Ён, i я, i ўсе iншыя такія паклялiся апошняй клятвай жыццё аддаць, каб твой сын быў шчаслiвы... Ты, Васт равух, жыццё сваё аддаў бы за яго?

Вастравух (проста). Я аддаваў.

Кастусь. Мы ўсе аддаём. Мы часам знемагаем. I я прашу вас, мужыкi Бахарэвiчаў, калi не хочаце самi паўставаць - хаця не перашкаджайце, не дапамагайце свайму i нашаму ворагу.

Чортаў Бацька. Што ж мы, за чужой спiною сядзець будзем?

Кастусь. Сядзiце, калi хочаце. Чыноўнiкi, каб вы нас не падтрымалi, глядзiш, яшчэ i зямлi вам прырэжуць. Узнагародзяць за дурасць... А колькi мужыкоў iдзе з намi! I тут, i на Магiлёўшчыне, i паўсюль. I паўсюль, дзе перамагае iхняя сiла, - у мужыкоў зямля, воля, мова, слава. I няма над iмi нiякай улады, акрамя iхняй справядлiвасцi. Няма ўжо нi чыноўнiка, нi пана, нi хама. Ёсць - Людзi.

Яўхiмiха падыходзiць да Кастуся.

Яўхiмiха. Пакажы вочы. Адкуль жа гэта ты такі адчайны? Ты што, бессмяротны? Мацi не шкадуеш?

Кастусь. Я не памятаю мацi. Рана памёрла. Няма каго шкадаваць. У мяне, жанчына, адна мацi.

Яўхiмiха. Хто?

Кастусь. Наша зямля.

Паўза. Яўхiм раптам з сiлаю ўвагнаў лязо ў пень ля ног Кастуся. Кастусь непарушны. I тут завiрылi людзi вакол Вастравуха, вызваляючы яго.

Вастравух. Што ты хацеў перадаць маiм хлопцам, Кастусь?

Кастусь. Тое i хацеў. Усуперак кiраўнiцтву паўстання - трэба абапiрацца на мужыка.

Вастравух. Бачыў? Галовы сякуць.

Кастусь. I няхай. I менавiта таму - iдзi насустрач. Пераконвай. Без iх - канец.

Арсень з Каралiнай працiснулiся да Кастуся.

Ты, Арсень?

Арсень. Я. (Амаль шэпча.) Слухай мяне, Кастусь. Белы вiленскi ўрад распаўся. Спалохалiся мураўёўскiх шыбенiц. Галава ўрада знiк з Вiльнi ў невядомым кiрунку.

Кастусь. На рэвалюцыях таксама робяць кар'еру.

Каралiна. Я глядзела на вас. Мяркую, вам гэта будзе па плячы... Трэба ехаць туды, ратаваць.

Яны стаяць i глядзяць адно на аднаго. Потым Кастусь працягвае руку.

Кастусь. Кастусь Калiноўскi.

Караліна. Каралiна Яцына...

Кастусь. Даўно з намi?

Караліна. З лютага.

Кастусь (з пяшчотай). Паўстанка.

Караліна. Што вы! Я баюся навальнiц.

Арсень. Нiчога яна не баiцца. Сувязная - якiх мала.

Кастусь. А чаму мяркуеце, што мне трэба ў Вiльню?

Караліна. Вы ж такі, што самi не ўседзiце...

Кастусь. Кiнуць нельга. А вы хiба застанецеся?

Караліна. Не... Бадай таксама пайду.

Арсень. Ты нядрэнна трымаўся, чалавеча.

Кастусь. Вось да чаго дайшло, да чаго давялi, да якой цемры, дзiкунства! Якая прорва мiж намi! Як жа нам не ўмяшацца?

Яўхiм. Бабы нашы тут... разрумзалiся... А я табе не да канца паверыў, атаман. Быў тут адзiн з вашых, напрадвеснi. То ён казаў: "Зямлю - не чапаць! Паноў бессардэчных - не чапаць". Як гэта так?

Кастусь. Паўстанцы таксама розныя. Тыя, што вучылi вас пакоры, раiлi вам не чапаць зямлi, - гэта людзi Белага жонду, а па-нашаму - урада. Яны толькi што ўцяклi з Вiльнi, спалохалiся.

Чортаў Бацька. А вы хто?

Кастусь. А мы не спалохаемся. Мы, чырвоны ўрад, гаворым: зямлю – браць. Паноў лютых - вешаць. I благаслаўляем вас на гэта. Белыя здрадзiлi - выспятка iм. Затое мы - за вас. Да канца.

Натоўп мiж тым выштурхнуў да пня звязанага пана Зарубу. Заруба стаiць, па-маладзецку выпнуўшы жывот.

Яўхiмiха. А вось яшчэ адзiн... З гэтым што рабiць?

Кастусь. Ён хто?

Гарэлiха. Ён не з лесу. Ён проста пан.

Кастусь. Вы разбярыцеся справядлiва, людзi!

Заруба глядзiць яму ў вочы i з пагардаю варушыць вусамi.