153171.fb2 Трошкі далей ад Месяца... - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Трошкі далей ад Месяца... - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Дзея першая

Карціна першая

Кухня ў кватэры Багуслаўскага. Дзверы, справа, вядуць у другія пакоі. Газавая пліта. Шафа для пасуды. Стол. Іншыя кухонныя прылады. Але сёння ў кухні змены: пасярэдзіне пакоя стаяць дзве раскладушкі. На адной спіць Сяргей, на другой – Янка. Раніца. У вялікае акно прабіваюцца першыя праменні зімняга сонца. Ружавеюць марозныя ўзоры на шыбах.

Сяргей(узнімае з падушкі ўскудлачаную галаву і аглядаецца). Спяць усе. Мароз. Сонца. (Пазяхнуў.) “На акне, сярэбраным ад інею, быццам хрызантэмы расцвілі”. (Апускае галаву на падушку. Хвіліна маўчання.) Янка! Янка! “Ўставай, лайдак, маліся Богу”.

Янка не чуе.

Уставай, пракляццем катаваны, Паўстань, хто з голаду век пух.

Янка варухнуўся і схаваў галаву пад падушку. Сяргей спявае яшчэ галасней:

Кіпіць наш разум збунтаваны, Няволі кліча рваць ланцуг.

Янка маўчыць, і тады Сяргей кідае ў яго падушкай.

Янка. Ну, Сяргей, ну, пакінь... Чаго ты?

У Янку ляціць другая падушка.

Сяргей. Уставай, вісус.

Раззлаваны Янка ўзняўся і кідае падушку ў Сяргея. Пачынаецца запеклы бой падушкамі. Зазвінела пасуда ў шафе.

Цс-с-с.

Усе падушкі ў Сяргея.

Янка. Сяргей, аддавай падушку.

Сяргей. Хадзі сюды. Я цябе мучыць буду.

Янка ўстае і ў адной сарочцы, босым, перабягае па падлозе да Сяргея.

Янка. С-с-а! Цёпла ў цябе... Чаго ты, свінтух, спаць не даеш?

Сяргей. Янка, ты ў сне хамхамхіну не бачыў?

Янка. Гэта хто?

Сяргей. Стра-ашная такая! Вось такая!

I раптам кідаецца на Янку і пачынае кусаць яго. Валтузня. Янка вішчыць. I раптам з-за дзвярэй голас Альжбеты.

Альжбета. I што гэта за залатая рота? Бандысты нейкія!

Сяргей. Цс-с!

Абодва замерлі.

Альжбета. Заціхнулі, як мыш пад венікам. Ціха! (Бурчыць нешта.)

Янка(ціха). Гэты, з-за якога нас на кухню выставілі, гэта стары знаёмы бацькі? Нешта я яго ніколі не бачыў.

Сяргей. Мгм. I я нават не бачыў.

Янка. Яшчэ па грамадзянскай?

Сяргей. Ага. Ім тады па шаснаццаць год было, а яны ваявалі. Максім Канстанцінавіч нават палком камандаваў. Як Гайдар.

Янка. Гайдара чыталі, як жа... А што, нельга было ў гасцінай нашы ложкі паставіць?

Сяргей. Яны, брат, ведаюць, што мы раніцай такі вэрхал падымем, што мёртвыя прачнуцца.

Альжбета(уваходзячы ў кухню). Завяліся з раніцы. На малым шкура гарыць, а дарослы вялікая бамбіза і дурная як бот.

Сяргей. Альжбеце Францаўне маё віншаванне. Дазвольце пані ў рончку плюснуць.

Янка. Бабулечка мая! Нянечка! Пагавары са мной.

Альжбета(усміхаецца). Як?

Янка. Скажы: “А на табе, дзетачка, аладачку”.

Альжбета(смяецца). Ох ты, каток мой. Уставайце, мае галубочкі. Усё зараз будзе. Мыйцеся чысценька, прыбірайце ложкі.

Хлопцы ўстаюць, апранаюцца.

Толькі ціха. Госць яшчэ спіць, здарожыўся. Далёкі ў яго быў шлях, вельмі далёкі. Трошкі далей ад месяца, трошкі бліжэй ад сонца.

Сяргей выносіць ложкі. Янка пачынае ўмывацца. Альжбета канчае ўкладваць валасы, яшчэ густыя, каштанавыя.

Шмат год не бачыліся. Шмат. А хутка яму зноў – на колы.

Сяргей чысціць зубы.

Досыць табе, Янка, пялёскацца. Блішчаць занадта будзеш. Сарока ўкрадзе... Учора табе, Сяргей, твая халтама званіла. Казала, што сёння прыйдзе.

Сяргей. Анэля Шыцік?

Альжбета.А шыцікі яе ведаюць. Ну, тая, што на сноп падобная.

Сяргей. Анэля.

Альжбета завіхаецца каля рукамыйніка. Потым падыходзіць да пліты.

Янка. А што абяцала ўчора расказаць, бабуля?

Альжбета. Вечарам. Пра хлопчыка з кажушанага рукава.

Янка. Хоць пачні зараз, ці што. А то ў мяне ад цікаўнасці апетыт знікае.

Альжбета(робіць розныя справы і адначасова распавядае). Дык вось, трошкі далей ад месяца, трошкі бліжэй ад сонца...

Янка. Там, адкуль Вярыга прыехаў?

Альжбета. Ну, не зусім там... жылі сабе дзед і баба. I нарадзіўся ў іх хлопчык. Кумы ўзялі дзіця і павезлі яго хрысціць у царкву.

Янка. Што такое “хрысціць”?

Альжбета. Ну... ты гэта не разумееш. Быў такі абрад. Яны ахрысцілі хлопчыка, паклалі яго ў рукаў кажуха, каб не замерз, і паехалі дамоў.

Сяргей выцягнуў з кішэні фотакартку і разглядае яе. Альжбета глядзіць на гэта здалёк.

Наташа не абяцала сёння зайсці?

Сяргей. Не ведаю.

Янка. Далей, бабуля.

Альжбета. Яны былі трошкі п’янаватыя і не заўважылі, што дзіця выслізнула з рукава і засталося ляжаць на снезе. Адно. На волю зіме. А была сіняя месячная ноч.

Сяргей. Сіняя месячная ноч... Там каралевы не было, бабця?

Альжбета. Прыйдзе з часам і каралева... Ехаў той дарогаю госць і пабачыў, што ў яры гарыць ружовы агеньчык, свечачка. I ляжыць на снезе, на разгорнутых пялёнках, дзіця і не мерзне. А на куст над яго галавою нехта павесіў блакітнае пакрывала.

Ганна Вадзімаўна (уваходзячы ў пакой). Добры дзень, Альжбета. Добры дзень, дзеці.

Янка. Бабця, далей.

Альжбета. Потым даскажу... калі не будуць на табе рогі расці. Сняданне гатова, Ганна.

Ганна. Добра. Абед буду рабіць сама. Што б такое для Максіма Канстанцінавіча прыдумаць?

Альжбета. Бульбы.

Ганна. Жартуеш.

Альжбета. А ты пасядзі без бульбы год, без сапраўднай, тады скажаш, жартую я ці не. У бульбе сырой выражам сяродку, фарш зробім з грыбкоў, цыбулі, перцу, начынім, запячэм і пад смятанай на стол. Язык праглынеш. I да гэтага халодную гарэлачку.

Уваходзіць Вярыга з ручніком.

Вярыга. Добры дзень. Для каго гэта халодную гарэлачку?

Альжбета. Для цябе, бацюхна. Пад бульбу. Ды яшчэ каўбасу смажаную, хатнюю вяндліну. Здарожыўся ты...

Вярыга. Здарожыўся. На ТУ–114 дзень. Ды ў мяккім купэ суткі. Вялікая дарога!

Альжбета. А ты смяшочкі кінь. У цябе ўсё жыццё – дарога. Не малады.

Сяргей і Янка выходзяць.

Вярыга. Вялікі перапынак быў у гэтай дарозе, бабуся.

Альжбета. Ну хопіць, хопіць.

Вярыга. Як Алесь, Ганначка? Нешта ён... не такі.

Ганна. I мне, Максім, не падабаецца мой Алесь. Ён і наогул прыціх пасля гісторыі з табою. А гады чатыры таму – як здарылася з ім нешта. Стаў снулы, як рыба.

Вярыга. Ён? Рыба? Кавалерыст былы – рыба? Летуценнік – рыба? Кінь глупства, Ганна!

Ганна.Я і сама яго не пазнала, як ты прыехаў. Вочы гараць, смех малады. А раней... (Махнула рукою.). Лепей скажы, як у цябе.

Вярыга. Завод вялікі. Дыхнуць няма калі.

Ганна. Што ж ты адразу не прыехаў?

Вярыга. “Адразу” – работу прапанавалі. А я так знудзіўся па працы – смецяром пайшоў бы, не толькі дырэктарам.

Ганна. I перспектывы якія?

Вярыга. Дзе праца, там і перспектывы. Ёсць чуткі, што перакінуць на Беларусь.

Ганна. I як ты?

Вярыга. Буду працаваць. Гэта шчасце – праца.

Ганна. Другі раз не ажаніўся?

Вярыга. Позна, дарагая. Месяц таму стукнула мне пяцьдзесят шэсць год, і з гэтай прычыны велій шум учыніўся і многае піццё прайсцякло.

Ганна. Ты б памірыўся з ёю. Яна з гэтым, другім, разышлася. Дрэнь чалавек.

Вярыга. Я не злапамятны. Гераізму ад жанчын не патрабую. Магла не чакаць мяне, не такая ўжо я цаца. Але ніколі я ёй не дарую, што яна маю дачку ў чужыя рукі аддала. I згубіла з вачэй.

Ганна.Мы спрабавалі шукаць. Не знайшлі.

Вярыга. Куды там. Вайна.

Ганна. I далей як?

Вярыга. Буду жыць. Вазьму дзіця на выхаванне. Будзе з яго сапраўдны чалавек – не цюця якая-небудзь. А гэтага... я адшукаю. Проста каб паглядзець у паганыя вочы.

Альжбета. Што ён там напісаў хоць?

Вярыга. Што я хацеў аддаць Далёкі Усход японцам.

Альжбета. А Божа ж мой. Дык ты, бацюхна, хоць сапраўды не аддавай яго. Пашкадуй людзей.

Усе зарагаталі.

Плюнь. З-за таго, што на вяселлі жаніха пабілі, – ніхто яшчэ не скажа, што вяселле дрэнная рэч.

Вярыга. Родная вы мая. Я так і думаю.

Сяргей(прыносіць на руках Янку). Іх вялікасць зусім гатовы да прыняцця ежы.

Вярыга. Ну дык як, Сяргей, напісаў двухтомную працу аб часцінках “мы” і “ны” ў старажытнаславянскай мове?

Сяргей(ставіць Янку на падлогу). Напісаў. У трох тамах. Трэці том – каментарыі і слоўнік. Падлічыў, што “і” сустракаецца ў кіеўскіх глагалічных лістках 75 тысяч 842 разы. “I з’явіўся Іван. I Пётр з’явіўся. I жаніх быў з імі, і ўмашчаныя былі валасы яго”.

Вярыга. Малайчына. У восемдзесят год будзеш акадэмікам.

Сяргей. Раней. У семдзесят восем год.

Вярыга. А ў вобласці навук мусікійскіх адукуешся?

Сяргей. Адукуюся.

Ганна. У кансерваторыі хваляць.

Сяргей. За кансерватызм. Напісаў санату, а потым выявілася, што Бетховен сто трыццаць год таму напісаў менавіта такую ж.

Ганна. Не хлусі. Прафесар што пра яе сказаў?

Сяргей. Яму сто год, прафесару.

Альжбета. Дык ты нясі, Ганна, усё ў сталовую.

Вярыга. А навошта? Мы і тут паснедаем. Цяплей. I цягаць недалёка. Ану, Сяргей, дапамагай на стол накрываць.

Альжбета, Ганна і Сяргей накрываюць на стол. Янка стаў перад Вярыгам.

Янка. Вы Вярыга?

Вярыга. Я Вярыга.

Янка. А чаму я вас не бачыў?

Вярыга. Гэта, брат, добра, што ты мяне не бачыў.

Янка. А вы герой? Вы ваявалі? Фашыстаў білі?

Вярыга. Фашыстаў не давялося. Паноў біў, белых біў. Не герой.

Ганна. Янка, адчапіся ад чалавека.

Янка. А наш татка ого які герой! Нават фота ёсць, на кані. У яго і рэвальвер ёсць. Не ведаю толькі, дзе зараз. Чорны такі. I залатая пласцінка.

Альжбета. Не плявузгай глупства! Дзе ты яго бачыў?

Вярыга(на вуха Ганне). Хіба ён нічога з ім не зрабіў?

Ганна(таксама ціха). Шкада, Максім. Помніш, ледзь вы вырваліся з абкружэння і адразу самі напалі. Тады табе яшчэ чырвоны сцяг далі.

Вярыга.А Алесь палкоўніка ў палон узяў. Ягоны рэвальвер. Асабісты падарунак Дзянікіна. (Засмяяўся.) Вядзе яго Алесь, а той крычыць: “Дажывеш да таго, што мая зброя ў вашых жа паліць будзе”.

Усе сядаюць за стол. З’яўляецца Алесь Багуслаўскі.

Алесь. Старой гвардыі – прывітанне. Заспаў я сёння... Здароў, Сяргей.

Вярыга. А ты больш спі. Я ўсё з’ем.

Алесь. Ды я толькі хапну чагосьці на зуб і пабягу. Работа. Ты даруй. Заўтра нядзеля, будзем з табой хадзіць, дзе захочаш.

Некаторы час чуцен толькі звон відэльцаў.

Вярыга. Як у цябе справы, старык?

Алесь. Справы? Справы... добрыя. Заняты вельмі. Ні хвіліны вольнай.

Вярыга. Таму і пытаю. Калі чалавек ні хвіліны вольнай сабе не пакідае, гэта значыць, што ён або вельмі працавіты, або... точыць яго нейкі чарвяк.

Алесь. Жыццём я задаволены. I ўсё ж... многа б я даў, Максім, каб другую палову жыцця іначай пражыць.

Вярыга. Раскажаш потым. Ты чаго гэта сяброў забываеш? Я табе пазваніў некаторы час таму. Сядзеў на перагаворнай, сядзеў. Аж мне паненка кажа: “Абанент на выклік не з’явіўся”. Абанент ты пасля гэтага, эмпірык і паўзучы дуаліст.

Альжбета. Ён якраз тады на цэлы дзень знік з дому. Машыну купляў. Я яго пасля гадзіну лаяла.

Вярыга. I варта было.

Алесь. Не слухай ты іх усіх. (Устае.) Прыглядайся пакуль што да ўсяго. Я табе ўсё-ўсё раскажу. Ведаеш, часам бывае цяжкавата.

Сяргей. Хутка вернешся?

Алесь. Напэўна, не. А ты не чакай мяне, старык. На падлёдны лоў дні праз чатыры паедзем. А зараз бегай, язык высалапіўшы. Вакацыі ж. Дык ты з дзяўчатамі, з сябрамі. Грошы ёсць?

Сяргей. Мала.

Алесь. На вось пакуль што. I вазьмі мой кітайскі гальштук. Будзеш па вуліцы ісці, а дзяўчаты будуць: “Рэгардэ, ма шэр, сястрыца, кель жолі гарсон ідзе”. (Паклаў руку яму на лоб.) Эх, сынок... Бывайце.

Багуслаўскі пайшоў.

Ганна. Ну вось, бачыш. Ён стаў нервовы, рассеяны.

Вярыга. Непрыемнасці якія-небудзь. Глупства.

Альжбета. Калі непрыемнасць цягнецца год, дык гэта страхоцце, а не непрыемнасць.

Янка. Я паеў. Я на вуліцу пайду.

Вярыга. Дык ты ўжо ўклаў? Апці-іт.

Янка ўходзіць. Маці праважае яго.

А Сяргей нешта ў гароху застаўся. Чаго гэта ты?

Альжбета. Пра паненак думае.

Сяргей. Якіх паненак, бабця? Сорам табе.

Альжбета. А пра тых, чыё фота ў цябе ў кішэні.

Сяргей. Гэта не паненка. Гэта Наташа.

Ганна(уваходзячы). Там да цябе Наташа.

Сяргей. Ты запрасіла яе снедаць?

Ганна. Запрашала, не хоча.

Сяргей устае і ідзе да дзвярэй. Ганна выходзіць за ім. Альжбета і Вярыга п’юць чай.

Вярыга. Што за дзяўчына?

Альжбета. Сябруюць з Сярожкам. Добрая дзяўчына, нічога не скажаш.

Вярыга. Дык што, вяселле? Хацеў бы я паглядзець, якая з вас свацця будзе?

Альжбета. Аты паглядзі. Нешта я табе забараняю? Вось такая была б. (І раптам твар яе робіцца хітрым і дурным адначасова, вусны складваюцца ў саладзенькую ўсмешачку.) Справіла, бацюхна, я вяселле. Ледзь жывая засталася!

Вярыга(уключаецца ў гульню). Што так, матухна?

Альжбета. I вянчанне-та было на здзіўленне дзівоснае: народу ў царкве чалавек сорак альбо тышчу.

Цяпер абое нават чай пачалі піць прысёрбваючы, са сподкаў.

А нявеста, як ангеліца, уся ў белым: сукенка белая, туфлі белыя, валасы белыя.

Гульня, відавочна, дастаўляе абаім задавальненне.

Вярыга. А ў валасах грабеньчык, матухна. З каменнямі.

Альжбета. Так і свеціць, так і паліць!

Вярыга. Так свеціць, так паліць – аж пярэднія некаторыя распранацца пачалі.

Альжбета.А жаніх, як скапідон, увесь у чорным: вопратка чорная, валасы чорныя... морда чорная.

Вярыга. А за сталом-та, любая, за сталом як?

Альжбета(важна). А за сталом саджалі па плепорцыі. Каго на адным крэсле, каго – на двух, а маці-пратапопшу ледзь на трох усадзілі.

Вярыга(ледзь стрымліваецца). Ну а далей?

Альжбета. А далей прыйшла я да скапідона раніцой. А ён гойсае па пакоі, аж падцяжкі ззаду свішчуць. Паверыце, я жанчына кволая. Як кінуўся да мяне, як дасць у каршэнь, дык я праз галаву дваццаць чатыры прыступкі пералічыла.

I тут абое не вытрымалі, разрагаталіся. Вярыга абняў Альжбету.

Вярыга. Мне як шчасце ўяўлялася, што я буду калісь з нейкай сваёй бабуляй размаўляць: чысценькай, разумнай, хітраватай, добрай. Але сваццяй вы ўсё ж не былі.

Альжбета(расчулілася). Ах, бацюхна, хіба ў гэтым справа? А размову ж падтрымаць трэба. Ты невясёлы нешта сёння.

Вярыга. Невясёлы. Нейкае ў мяне такое прадчуванне, бы ў сабакі.

Альжбета. Ой, дарагі ты мой, не кажы. I ў мяне таксама. Не той Алесь Пятровіч. Што з ім – не ведаю, але не той. Весялосці, шчырасці, чысціні не стала ў доме. Адны толькі дзеці. Янка смяецца, Сярожка за дзяўчатамі пачаў упадаць – мне, старой, і лягчэй на сэрцы.

Паўза.

Знаёмыя Алеся нейкія не такія, як раней, калі ты быў. Ёсць тут такі Бяскішкін Авяр’ян Аркадзевіч. З жонкай. Няпэўны чалавечак. Падараваў нядаўна Алесю кітайскую вазу. I на ёй такая брыдота: яшчарка з шасцю нагамі. Я сказала, што ў сталовай гэтаму яшчуру не месца – я за апетыт кожнага адказваю... Ну хто з прыстойных людзей яшчура дорыць? Хто?

Вярыга. А можа, мы перабольшваем? Можа, ён нядрэнны чалавек?

Альжбета. Што ты! Яшчур такі, што брыдка за стол сесці. I ногі – вось такія, разлатыя. Цьфу!

3аслона

Карціна другая

Гасціная ў кватэры Багуслаўскіх. Двое дзвярэй направа ў сталовую і перадпакой: адна налева ў пакой Сяргея. Добра абсталяваны пакой. Акрамя звычайнай мэблі – вялікая кніжная шафа паміж двух шырокіх акон, канапа, старыя англійскія часы, падобныя на стаячую труну, пейзажы, пераважна малюнкі будынкаў. Камін. Перад ім два крэслы. На шафе прадмет нянавісці Альжбеты, ваза “з яшчурам”.

За вокнамі шырокі краявід горада.

Уваходзяць Ганна Вадзімаўна і Наташа.

Ганна. Дзе ты ўчора была, Наташачка?

Наташа. Выстаўка. Быкі, гарбузы, коні-ламавікі. Хай жыве Рубенс! I на гэтым фоне я, напаўжывая здыхля гарадскога тыпу.

Ганна. Наташа, што за словы? Паслухала б цябе мама.

Наташа. Я сама працую. Трэба ж мне, цётка Ганна, заводзіць нейкі свой слоўнік. Я дарослая.

Ганна. Дзіця ты яшчэ! I гэта жахліва ў твае гады мець такі характар. То разважлівая, як прафесар, то легкадумная, то размаўляеш, як дарослая жанчына.

Наташа. У мяне толькі рахметаўскія цвікі характар выхаваюць.

Ганна. I прафесіі мяняеш. То бібліятэка, то турысцкае бюро, то батанічны сад. Нашто табе, завочніцы, гэта?

Наташа. Прафесіі трэба мяняць. А то ўпрэцца чалавек лобам у адну сценку, “паставіць сябе” і сядзіць “ажнік” да самай смерці.

Ганна. I як гэты твой прафесар?

Наташа. Грубаваты мужык, але разумны. Не нагою смаркаецца.

Ганна. Ната-аша. Не, я проста жахаюся. Трэба ж неяк падрабляцца пад людзей, пад правілы прыстойнасці.

Наташа. О-ох, Ганна Вадзімаўна, я, можа, назнарок не падрабляюся. Мне быць з людзьмі хочацца, а не падрабляцца пад іх.

Ганна. Але...

Наташа. Родненькая, і вы ж не вельмі пад іх падрабляліся ў свае гады... Не хачу і я.

Увайшла Альжбета з талеркай.

Альжбета. Зараз, Наташачка, прыйдзе Сярожа. Дзень добры.

Наташа. Добры дзень, бабулечка! Надвор’е – цуд. Зімовая казка! Лёгкі мароз, шэрань. I здзіўляешся, як гэта людзі не зразумеюць адзін аднаго.

Альжбета. Чаго ж ты, родненькая, чайку з намі не папіла? Хрусты ёсць, пячэнне мігдальнае. Сама рабіла. (Ставіць талерку на стол.) Частуйся.

Наташа. Францаўна, вы проста краса і ўцеха. (Цалуе старую.)

Альжбета. А ты, Ганначка, яе не чапай. Нам маладых не заўсёды і зразумець можна. Мазгі не тыя. I гэта трэба старым памятаць.

Ганна(выходзячы з пакоя). Ох, маленькая жанчына, маленькая жанчына!

Альжбета. Наташачка, ты глядзі, што за пачвара! Яшчур! От каб яму за такі падарунак усё жыццё жывых яшчураў бачыць.

Наташа. Каму?

Альжбета. Бяскішкіну. Хто ж яшчэ такую поскудзь можа падараваць?

Наташа. Сапраўды. I лапамі – вось так.

Альжбета. Самае дрэннае, што лапамі – вось так. Ты адна мяне разумееш.

Наташа. А вы яго разбіце, Альжбета Францаўна. Як быццам незнарок.

Альжбета(смяецца). Я і то падумваю. Старая, нязграбная – чаму не разбіць? (Смеючыся, выходзіць з пакоя, размінаючыся ў дзвярах з Сяргеем.)

Сяргей. Здароў, Наташа.

Наташа. Здароў. Ты чаго ж на вылазку не прыйшоў?

Сяргей. Госць прыехаў да бацькі. Разам у грамадзянскую ваявалі.

Наташа. Цікава. Героі яны. Бацька твой, дык наогул...

Сяргей. Бацька ў мяне – герой. Я такім ніколі не буду. Самы адважны, самы вясёлы, самы разумны і таленавіты.

Наташа. Хопіць хваліцца, кулік. Гэта нікому не патрэбна. Аб гэтым усе і так ведаюць.

Сяргей. Ты што, смяешся?

Наташа. Я не смяюся. I я ніколі нікому не хлушу, час табе ведаць гэта. Але ты памятаеш, як наш клас глядзеў на Алеся Пятровіча. I ўсе сябры, уся моладзь. Ты – ганарыся ім.

Сяргей. Цікава на вылазцы было?

Наташа. Угы. Шкадаваць будзеш. Тым больш што я, здаецца, паеду да цёткі. Ты пішы. “Да запатрабавання”. Там суседка такая. Не паспееш падысці да дзвярэй, як яна ў імгненне высоўваецца са сваёй нары, халупы, кватэры, ці як там яно. I такія свае паводзіны тлумачыць жаданнем спаймаць злодзеяў, калі яны надумаюць дзерціся ў нашу кватэру. Самае трагічнае, што я яшчэ вымушана дзякаваць ёй за гэта.

Сяргей. Наташа, не трэба ехаць. Колькі тых вакацый, а ты знікнеш. Я сумаваць буду.

Наташа. Я падумаю. Але ў такім разе ты павінен скарацца перад мною. Тады... магчыма, не паеду.

Сяргей. Ой, Наталка, якая ты разумная!

Наташа. Калі я здаюся табе разумнай, значыцца, мая песня спета. Які ж хлопец рызыкне пакахаць разумную дзяўчыну?

Сярге й. Наташка! Дам!.. А ты што, хочаш, каб я цябе пакахаў?

Наташа.Спаймаў мяне на слове. Не, я не ў цябе закаханая. Мне наогул лухту хочацца балбатаць. I каб ты абавязкова сядзеў на дрэве.

Сяргей. А ў каго ты закаханая?

Наташа. У Жана Габэна, Жэрар Філіпа і...

Сяргей. ...і?

Наташа. А далей не скажу.

Сяргей. Ты навучышся калі-небудзь да канца дагаворваць?

Наташа. Не. Я шматкроп’і люблю. Паставіў – і ніякіх гваздоў. Гора з плячэй, і разумей як ведаеш.

Сяргей. А я, ты ведаеш, толькі цябе і пакахаў бы. Астатнія жанчыны або авечкі або курыцы.

Наташа.Па-першае, не ўсе. А па-другое, большасць мужчын кахае і аўцу, і курыцу, і кракадзіла разам – і не заўважае гэтага.

Сяргей.Я не такі. Таму што ты не такая.

Наташа(задумліва). Ой, Сяргей, ты такі добры, што я сама не ведаю, колькі б я табе прыемных слоў нагаварыла. Ды толькі баюся.

Сяргей. Чаму?

Наташа.У цябе галава ўходзіць у завоблачныя вышыні, дзе холад, туман і, наогул, непрыстасаваная для жыцця атмасфера. Звышчалавечыя помыслы.

Сяргей. Пахваліла.

Наташа. Сярожа, ты ведаеш...

Сяргей. Што?

Наташа. Учора на рабоце мне пацук на ногі скочыў. Я крыкнула і на стул. Сяджу і здзіўляюся: я маўчу, а крык працягваецца. Пасля зразумела – гэта ўжо другія... Я княжне Тараканавай з-за пацукоў спачуваю, а не з-за немінучай пагібелі. Вада – глупства!.. I ўсе пытаюць: “А які ў яго хвост!” Што, Сярожа, хіба ў пацука нейкі асаблівы хвост?

Сяргей. Ты доўга нада мною здзекавацца будзеш?

Наташа. Прачытай вершы ў мой гонар.

Сяргей(стае ў позу). “О, артыкулярная Наташа!”

Голас Альжбеты з-за сцэны: “Сяргей, на хвіліначку”.

Зараз, Наташа, прыйду. (Пайшоў.)

Наташа. Сказаў... А што – невядома. У слоўніку, можа, паглядзець? (Адчыняе шафу, дастае слоўнік, гартае яго.) Тры значэнні. 1) Ускідваць стрэльбу, у кагосьці цэлячыся... Не тое... 2) Выкідваць фокусы – гм. Пахваліў або аблаяў? 3) Выглядаць смешнай... Зусім нешта дзіўнае.

З’яўляецца Сяргей.

Слухай, я патрабую тлумачэнняў. Гэта што, здзекі такія?

Сяргей. Дальбог, толькі перафразіраваў з “Энеіды”.

Наташа. Ты навучышся калі-небудзь гаварыць добрапрыстойныя словы? Што гэта за непрыстойныя намёкі такія?

Сяргей. Нічога, дальбог, нічога, любая.

Наташа. Ну, чакай.

Сяргей бяжыць вакол стала. Яна – за ім. Дагнала і ўчапілася ў чуб.

Вось куды я цэлюся. Вось якая я смешная!

Сяргей. Ратуйце!

I рукі яго кладуцца на плечы дзяўчыны. Ён абдымае яе. Вусны іх сустракаюцца.

Павольна адпускае яго валасы і спаўзае яму на плячо рука Наташы.

Наташа. Не трэба, Сярожа.

Ён не адпускае яе, мякка гладзіць далонню валасы.

Ты ведаеш, мне вельмі прыемна, што ты мяне шкадуеш. Быццам я хворая, а да мяне нехта добры прыйшоў. А за акном май і кветкі.

Сяргей. Зіма за акном. Далёка да вясны.

Наташа. Нічога, яны кароткія, зімнія дні. Яны хутка бягуць.

Сяргей. I ўсё адно зіма не перашкаджае кахаць цябе. Я цябе кахаю. Прыходзь заўтра ў восем вечара на бульвар. Не ад’язджай толькі.

Наташа. Я прыйду.

Сяргей. I зараз не ідзі. Мне добра з табою.

Янка(прасоўваючы галаву ў дзверы). Гэй, вы, шызоіды, там нехта звоніць.

Сяргей ідзе адчыняць. Наташа ставіць у шафу слоўнік.

Наташа. “О артыкулярная Наташа!” (Усміхаецца.) Нікуды я, вядома, не паеду...Нудота ў той цёткі – сківіцы звернеш, пазяхаючы.

У пакой увайшлі Анэля Шыцік, Сяргей. За імі непрыкметна ўшчаміўся Янка.

Сяргей. Знаёмцеся. Мая аднакурсніца Анэля – мая добрая старая знаёмая Наташа.

Наташа. Вельмі прыемна.

Анэля. Цешуся знаёмствам.

Усе сядаюць.

Павінна табе сказаць, Сяргей, што Ігнат – агідненькі хлопчык і вельмі нагадвае супрацьхалерную вакцыну. Ледзь адчуе бацылу ўласнай думкі – адразу пачынае рэагаваць.

Сяргей. Чорт з ім. I вы і ён гарачыцеся, кусаеце адзін аднаго за глотку. Памяркоўнасці трэба больш. Я не ведаю, чаму павінны ўзаемна адмаўляць адзін аднаго паэт Н. і які-небудзь паэт X. Хай сабе жывуць.

Анэля. ... і пладзяцца. Эх, Сяргей, абодва яны дрэнь.

Сяргей. Катэгарычна сказана. А хто не дрэнь?

Анэля. У музыцы – ты, у жывапісе – малпа Бетсі, у літаратуры – Марынеці, д’Анунцыё.

Сяргей. Дзякуй за паралель. Апошнія два стараваты. Пакінь ты выломлівацца, Анэля. Ты ж не такая.

Анэля.Эх, Сяргей, усе ведаюць, што ты чысты. Але табе лёгка такім быць. Дык не перашкаджай і іншым рабіць, што хочуць.

Сяргей. Я не перашкаджаю. Не мая справа. Але няхай вось Наташа скажа, хто лепшы ў мастацтве.

Наташа. Той, хто чалавечны. А як піша – яго справа.

Анэля. Чалавечны? А за колькі тысяч маральны і чалавечны? I ці ёсць яна наогул на зямлі, маральнасць?

Сяргей. Мы пытаем, адкуль узялося на зямлі зло. I не пытаем, адкуль узялося дабро?

Анэля. Таму, што чалавек прыкідваецца добрым. А на самай справе ў кожным ужываецца поруч з князем Мышкіным змяя-акулярніца. Гісторыя робіцца людзьмі дзеля кавалка хлеба.

Наташа. Гэта няпраўда, Анэля. Жыццё багацейшае за людзей.

Анэля. Жыццё. Што мы паспелі зведаць у жыцці? Наш выкладач ледзь не са слязьмі кажа пра Трыстана і Ізольду, а сам трэці раз жанаты.

Сяргей. Пачакайце хвілінку, дзяўчаты. Я Альжбеце дапамагу, яна прасіла.

Выходзіць. Анэля і Наташа сядзяць і разглядаюць адна адну. Анэля ўсміхнулася.

Анэля(рэзка). Табе патрэбны шпількі?

Наташа(праводзіць рукою па цяжкіх валасах). Патрэбны. А што?

Анэля. Магу дастаць. (Багацце мімікі неверагоднае.) Мара!

Наташа. Што гэта за шпількі? З чаго зроблены?

Анэля. Са шкуры.

Наташа. Як са шкуры?

Сяргей стаіць у дзвярах і з дакорам глядзіць на дзяўчат.

Анэля. О, дык ты яшчэ кураня. А кажаш пра жыццё.

Сяргей. Гэта туфлі, Наташачка. А ты, Анэля, пакінь яе дапытваць. Туфлі гэта яшчэ не жыццё. Бярыце лепей па яблыку – украў ад Альжбеты. А ты, Наташа, каб не лічылі цябе адсталай, рабі выгляд, што адукаваная па гэтай частцы не менш за іх.

Янка. А мне яблык? А то я Альжбеце скажу.

Сяргей. Даносчыку галаву выкручваюць. I ў яго...

...плач очей печальныхМеж ягодиц струится бороздой.

На табе мой яблык... Ты чаго гэта сядзіш, быццам цябе няма, і слухаеш?

Янка. Няма чаго тут слухаць. Усе дзяўчаты дурныя, як курыцы. Пра туфлі спрачаюцца, пра іншае. Усю галаву задураць. I гэта ў век космасу. Каб гэта да рэвалюцыі, дык у манастыр уцёк бы.

Сяргей. Ану вэк адсюль.

Наташа. Пакінь яго. Хай сядзіць.

Янка. Ведаеш што, Наташа, хай яны тут размаўляюць. А мы пойдзем утраіх на кухню. Альжбета нам казку даскажа, яблыкі будзем чысціць. А калі яны зусім, да канца палаюцца – мы прыйдзем і іх памірым. Іначай тут толькі нервы сапсуеш.

Наташа(смяецца). Хадзем.

Уходзіць з Янкам. Сяргей і Анэля некаторы час сядзяць моўчкі.

Анэля. У яе фігура нейкая надламаная. I ногі танкаватыя... Нянечка завялася. Што ж, ёй толькі з дзецьмі і хадзіць.

Сяргей. Пакінь, у нашай спрэчцы не на тваім баку праўда.

Анэля. А мяне раздражняе ваша дзіцячая рамантычнасць, ваш ружовы вэлюм. Усе вы такія добрапрыстойныя! I не заўважаеце, што людзі – дрэнь. Не заўважаеце, што ўся ваша добрапрыстойнасць – на гнілых падпорках. I крычыце аб сумленні... Наіўныя шчанюкі.

Сяргей. А чаму не крычаць? Хадзіць недалёка. Вазьмі сваіх бацькоў, маіх. Я бяру, каб не браць далей. Хіба гэта не прыклад таго, якім павінна быць жыццё?

Анэля. Оля-ля! Слухай, Сяргей, я маўчала б і далей, але мяне раздражняеш ты, раздражняе гэтая дзяўчына, твой “вельмі добры друг”. Зразумей, што яна цябе толькі добрапрыстойнага і цэніць. З тваёй музыкай, з тваёй чысцінёй... Хоць не крычалі б пра чысціню.

Сяргей. Яна мяне ўсякага цэніць.

Анэля. Паглядзім. Ва ўсякім разе слухай... Як ты думаеш, колькі зарабляе гарадскі архітэктар?

Сяргей. Ніколі не думаў. Ведаю, што сотню з чымсьці.

Анэля. Правільна. I ў яго ёсць штат, які зарабляе трошкі менш. А колькі зарабляе загадчык ашчаднай касы Авяр’ян Аркадзевіч Бяскішкін?

Сяргей. Гэта скажу точна. 84 рублі. Сам нядаўна чуў.

Анэля. I пры гэтым абодва маюць надзвычай добрыя кватэры, машыны. I Бяскішкін дорыць архітэктару вазу, на якую не выстачыць яго зарплаты.

Сяргей. Наконт нашай машыны ты маўчы. Гэта выйгрыш.

Анэля. Дык вось. Існуе ў горадзе сектар індывідуальнай забудовы. I існуе ў архітэктара штат, які размяркоўвае ўчасткі. Для тых, хто хоча будавацца. Як ты думаеш, хоча чалавек атрымаць участак бліжэй да цэнтра, да ракі?

Сяргей. Думаю, што так. Чакай...

Анэля. Не, гэта ты чакай. Можа гэты чалавек дамовіцца з чалавекам са штата гарадскога архітэктара і падзякаваць яго за такую паслугу. Трошкі. Нейкіх там 50 – 100 рублёў. (Паўза.) Назавём гэта проста словам – хабар. Так, хабар! I ніхто, ніхто не зможа давесці, што гэта хабар.

Сяргей(з жудасным спакоем). Адкуль ты ведаеш такое, цікава мне?

Анэля. Таму што Стась Шыцік, бацька вашай паслухмянай слугі, сам заплаціў намесніку таварыша Багуслоўскага, Алегу Высоцкаму, сто рублёў за ўчастак. Няўжо вы думаеце, што Алегу не варта аддаць палову шэфу, каб той толькі не глядзеў у яго бок. Гэта ж зусім бяспечна для шэфа.

Сяргей. Анэля... Я ніколі не біў дзяўчат. Але цябе я... не толькі наб’ю. Я цябе заб’ю за такія словы.

Анэля. Бі, але выслухай. Старая прыказка.

Сяргей ходзіць па пакоі. I раптоўна, зусім нечакана для ўсіх, гучыць яго смех.

Сяргей. Напалохаць мяне хацела? I я зусім было паверыў. Нават калі б мой бацька браў хабары, як бы ён растлумачыў маці наяўнасць лішніх грошай? Маю маці ты яшчэ не ведаеш. Гэта крышталь.

Анэля. I вы апошнія два гады жылі толькі на зарплату?

Сяргей. Не. Нам вельмі шанцавала апошнія два гады. Сем выйгрышаў па трохпрацэнтнай пазыцы. Бацька сам казаў пры мне. I з іх адзін у 2500 і адзін у 1000.

Анэля. Падазрона шанцавала. Ну што, давядзецца яшчэ раз ударыць, калі ты такі ўжо даверлівы. Ты ведаеш, што Бяскішкін махляр?

Сяргей. ён бывае ў нашым доме. Значыць, ён не можа быць махляром.

Анэля. А я чула пра яго такое, што ён прапаноўвае чалавеку, аблігацыя якога выйграла, скажам, пяць тысяч, што ён прапаноўвае яму пяць тысяч дзвесце рублёў і бярэ аблігацыю сабе.

Сяргей. Нашто?

Анэля. Каб пасля прадаць яе за пяць з паловаю тысяч таму, каму ёсць у гэтым патрэба.

Сяргей. Каму можа быць у гэтым патрэба?

Анэля. Чалавеку, які жыве не на зарплату і якому вельмі хочацца, каб усе лічылі, што ён жыве толькі на яе.

Сяргей. Анэля, за такія словы мужчын б’юць па мордзе... смяротным боем, а жанчын ненавідзяць усё жыццё. Такія словы нельга кідаць без доказаў.

Анэля. Я паспрабую заўтра прадставіць доказы. Чакай мяне заўтра на бульвары ў сем гадзін вечара.

Сяргей. Доказы. Я абавязкова буду чакаць.

Анэля. Ты не пытаеш, чаму я гэта зрабіла?

Сяргей(ён амаль страшны). Не ведаю. Але ва ўсякім разе дзякуй табе за гэта. Праўдзе ці няпраўдзе трэба глядзець у вочы.

Анэля. Я зрабіла гэта, каб ты, харошы чалавек, ведаў людзей, каб не быў самаўпэўненым і добрапрыстойным, каб не лічыў сябе лепшым. Вось яны, твае прынцыпы. Ведай, што людзі ёсць людзі.

Сяргей. Аб гэтым рана размаўляць... Ва ўсякім разе людзі не такія.

Анэля. Цікава, як бы паглядзела на гэта твая знаёмая?

Сяргей. Калі гэта праўда – ёй было б вельмі балюча... Але гэта не можа быць праўдай... А зараз ідзі, вельмі прашу цябе.

Анэля(устае). Ты навучышся лягчэй глядзець на гэтыя справы. Ва ўсякім разе арэвідорчык міякарчык. (Пайшла.)

Некалькі хвілін Сяргей стаіць моўчкі, сціскаючы кулакі, потым павяртаецца да акна.

Сяргей. Няпраўда! Але такі ўпэўнены тон. I ўсё ж хлусня. Брыдкія плёткі. Я павінен ненавідзець сябе за тое, што слухаў. (Машынальна ўключае радыёпрыёмнік. Гучыць грыгаўская “Смерць Озэ”. Сяргей моўчкі сеў у крэсла. Думае.)

Вярыга. (уваходзячы). Слухаеш?

Сяргей. Бадай што не... Максім Канстанцінавіч, можа мой бацька схлусіць, падмануць каго-небудзь?

Вярыга. Я даўно не бачыўся з ім, Сярожа. Але думаю – не. Бачыш, у яго здаровая натура. Калі ён нават зробіць штосьці такое – ён хутка выправіцца, знойдзе сілы.

Сяргей. I я так думаю. А скажыце, гісторыя робіцца людзьмі дзеля кавалка хлеба?

Вярыга. Некаторыя лічаць, што так.

Сяргей. А вы як думаеце?

Вярыга. Як ты думаеш, Муса Джаліль пісаў “Маабіцкі сшытак” дзеля прэміі, якую яму дадуць праз 13 год пасля смерці?

Сяргей. І я так думаю... Максім Канстанцінавіч, вы доўга жылі. Як на вашу думку, здрабнелі людзі з часоў рэвалюцыі ці не? Разумееце, мне вельмі-вельмі патрэбна ведаць.

Паўза

Вярыга(глядзіць на Сяргея). Ты малады, Сярожа. Такія пытанні задаюць перад тым, як дзейнічаць.

Сяргей. I ўсё ж?

Вярыга. Здрабнелі? Не, і тады герояў было не больш. Справа ў тым, што іх памятаюць, іхнімі імёнамі называюць вуліцы. А процьма вялікая тых, што смуродзяць неба, знікае. Арыфметыка. У гісторыі застаецца той, хто робіць яе або процідзейнічае. А тыя, хто пры сём прысутнічае, бухаюцца ў Лету.

Сяргей. Дзякуй вам. Вы або дапамаглі мне, або забілі.

Вярыга. I калі гэта вырашыцца?

Сяргей. Заўтра вечарам.

Уваходзіць Альжбета.

Альжбета. Чаго вы тут седзіцё? Там Бяскішкіны з’явіліся, размаўляюць з Ганнай. Пра дзень нараджэння Сярожанькі.

Сяргей. Варта было нараджацца... Не хачу іх бачыць.

Альжбета. Ды і я таксама. Не, вы падумайце, яшчура прынёс. Ах, каб яму.

Вярыга(тонам вясковай кумы ля студні). Дзе гэта твой сын, кума?

Альжбета(падхапіла гульню). А сядзіць, любая.

Вярыга. I за што няшчасце такое?

Альжбета. Так, нязáшта. Д’ябал касіра на яго нанёс, ён яму ножыкам па гарлáх і чахнуў. Так, за нешта і сядзіць... Было б за што, а тое за поскудзь гэткую.

Абое рагочуць.

Ты усё ж, Сярожанька, не злуйся на Авяр’яна з-за яшчура.

У пакой уваходзяць Бяскішкін з жонкаю і Ганна.

Ганна. А вось і ён.

Любоў Трахімаўна. Цуд-доўны хлопец. Божа мой, яму будзе ўжо васемнаццаць! А ці даўно нашы мужы пакутавалі? I ён толькі што нарадзіўся, такі маленькі...

Бяскішкін. Пра старыя пакуты маўчаць трэба. Затое глядзі, які арол вырас. Усё зробіць, чаго бацькі не зрабілі.

Бяскішкіна. Ён нагадвае майго малодшага брата. Ён такі меланхолік, такі меланхолік. Узяў з шафы маю англійскую сукенку і пашыў сабе з яе штаны... Такі меланхолік!

Вярыга. Па-мойму, гэта не меланхолік, а проста злодзей.

Ганна. Пазнаёмцеся, гэта Максім Канстанцінавіч.

Усе знаёмяцца.

Стары друг мужа.

Бяскішкін. Вельмі прыемна.

Любоў Трахімаўна. Ведаеце, мы былі на вечары пісьменніка Агеева. Надзіва цікава. Ён так нашумеў сваім раманам, Агееў. Вы яшчэ не чыталі? О, вельмі шкада! Агееў – знаёмы Авяр’янчыка.

Вярыга. Я чытаў.

Бяскішкіна. Ну і як на вашу думку? Праўда, цікава? Такі там сімпатычны герой, старэйшы. I каханне з такон тонкасцю апісана, з такім веданнем жаночай псіхалогіі.

Бяскішкін. Правільны раман.

Вярыга. Раман добра напісаны. Але мне не падабаецца, як ён там вывеў Старчэўскага.

Бяскішкін. Гэты? Які вярнуўся? Змарнелы, з залысінамі. Як вы сабе хочаце, але гэта не ўзор мужчыны.

Вярыга. Гэта ўзор Мужчыны. З вялікай літары.

Бяскішкін.Уласна, чаму такі запал? Вам што да гэтага?

Вярыга.Я сам з такіх. Вы не адчулі майго прозвішча. Я – Вярыга.

Бяскішкін. Вя-рыга? Т-так.

Вярыга.Былі нават калісь трошкі знаёмы.

Бяскішкін. Тады ўсё зразумела. Я проста не думаў...

Вярыга. Не ўсё зразумела (ціха), і не варта вам, таварыш Бяскішкін, так дрэнна пра нас думаць. Мы спекуляваць на нашых пакутах нікому не дамо. Бывае дрэнь і сярод нас. Але як казаць пра тыповасць, дык часцей сярод тых, хто даносіў або ўмываў рукі.

Бяскішкін. Дык што тады Агееву рабіць прыкажаце?

Вярыга.Быць прыстойным і папрасіць прабачэння. Пасля таго, што ад Берыі выцерпелі, Агееву яны даруюць.

Бяскішкін. Ну, гэта ўжо глупства!

Вярыга. А я разумнага ад яго і не чакаў.

Нязручнае маўчанне.

Бяскішкіна. Але прабачце, якая ж у гэтым была трагедыя? Гэта непаразуменне. Усё добра, усё абышлося.

Бяскішкін. А Божа мой, ды маўчы хоць ты ўжо!

Вярыга. Гэта трагедыя. Таму што гэта... як сам сябе арыштаваў.

Бяскішкіна. Ну хопіць, хопіць, не будзем пра гэта. Дык у Сяргейчыка паслязаўтра дзень нараджэння?

Бяскішкін. Стукаць у дзверы нагамі.

Бяскішкіна. Ну і чаго ты хацеў бы?

Сяргей. Любоў Трахімаўна, нічога я не хачу. (Альжбеце на вуха.) Яшчура хіба?

Альжбета кісне ад смеху.

Бяскішкін. Дык мы пайшлі. А вы не нервуйцеся, таварыш Вярыга, гэта хутка пройдзе. Усё праходзіць.

Яны пайшлі з Ганнай. Паўза.

Альжбета. Што гэта з табою, Максімчык?

Вярыга. Так. Нельга заўсёды любіць людзей, Францаўна.

Альжбета. Гэта ён так цябе разнерваваў, гэтая гліста з яшчурам? А, каб у яго ціск быў “пяцьсот”.

Вярыга. Я не злуюся. Хіба гэта чалавек? Вяленая вобла.

Заслона