153465.fb2
Герой першы. — Чаканне прафесара Пятроўскага. — Магнітафон «Вясна» як важны элемент аповесці. — Сябар-зямляк. — Споведзь «афганца».
Перад «ціхай гадзінай» дзверы ў палату нумар пятнаццаць расчыніліся і на парозе ўзнік малайцаваты доктар — у белай шапачцы і ў белым халаце, з-пад якога выглядвалі ваенныя галіфэ і наваксаваныя боты.
Пры яго з'яўленні хворыя паўскаквалі з ложкаў, але доктар не звярнуў на іх увагі. Заклапочана агледзеўся, заўважыў, што каля сцяны, пры самых дзвярах ёсць незаняты ложак, павярнуўся і скамандаваў у калідор:
— Сюды давайце!
Двое санітараў укацілі ў палату насілкі. Чалавек на іх увесь закрыты быў прасцінаю. Збоку трэці санітар нёс у руцэ кропельніцу.
Прасціну сцягнулі і асцярожна пачалі перакладаць на ложак тое, што пад ёй знаходзілася… Гэта быў увесь у бінтах і ў гіпсе абрубак. У яго не было адной нагі і па плечы абедзвюх рук. Круглая, як шар, галава была цалкам забінтаваная — з бінтоў выглядаў толькі нос, каб дыхаць, і рот, каб есці.
Калі санітары, уладкаваўшы сяк-так няшчаснага, выйшлі, доктар звярнуўся да хворых:
— Ну што, хлопцы (хлопцы як паўскаквалі, так стаялі каля ложкаў, рукі па швах), — вось вам новенькі. Самі бачыце, які ён. Да ўсяго яшчэ і без вачэй, зусім сляпы. І асколкамі ўвесь нашпігаваны. Так што глядзіце тут яго, не крыўдзіце… Тым больш гэта мой зямляк. З Беларусі, як і я.
Доктар — Пратасевіч было яго прозвішча — ніколі не прамінаў лішні раз нагадаць, што ён беларус. Увесь шпіталь ужо ведаў аб гэтым. З Мінска прыслалі яго сюды на «курсы падвышэння кваліфікацыі» — аб гэтым ён таксама расказваў, ужываючы менавіта такое словаспалучэнне. Як і для большасці таленавітых дактароў, хворыя былі для яго ўсяго толькі чалавечым матэрыялам, а ў працы з матэрыялам і сапраўды трэба ж неяк «падвышаць кваліфікацыю».
— А што з ім, з вашым земляком? — спыталіся ад вакна.
— Афганістан, — коратка адказаў доктар.
— Як… Афганістан?
— Ізноў? — зашумелі здзіўленыя хворыя салдаты.
Справа ў тым, што ўсё гэта адбывалася вясной 1990 года. Калі верыць газетам і тэлевізару, вывад войскаў з «Аўгана» даўно закончыўся, баявыя дзеянні там ужо не вяліся. Прынамсі сюды, у славуты на ўвесь Саюз Падольскі ваенны шпіталь параненыя перасталі паступаць са студзеня месяца. Толькі «старыя» ляжаць, іх яшчэ цэлы корпус у правым крыле шпіталя.
Так што зразумела было здзіўленне салдат.
— Апошняя партыя, — патлумачыў доктар. — Не пашэнціла беднаму. Дэмабілізаваўся, ехаў дамоў… Ну, каля Кандагара іх і накрылі. «Уазік» у ашмёткі разнеслі з гранатамётаў. Як ён увогуле ацалеў — незразумела!
— А чаму да нас яго?
Таксама заканамернае пытанне. Палата нумар пятнаццаць лічылася лёгкай, рэабілітацыйнай і памяшчалі сюды толькі тых, каму неўзабаве на выпіску.
— Часова. Прафесар Пятроўскі павінен яго агледзець. Потым перавядзем у асобную палату. Так што тут ён не залежыцца.
Нарэшце гаваркі доктар пажадаў усім хуткай папраўкі і выйшаў. Як толькі за ім зачыніліся дзверы, хлопцы пападалі ў ложкі — рукі пад галаву, вочы ў столь — і загаманілі хто пра што, толькі не пра знявечанага «афганца». На двары стаяла падмаскоўная вясна. Яна ўрывалася ў расчыненае вакно радасна-трывожнымі сваімі пахамі і гукамі. Шпітальны корпус патанаў у зеляніне. П'яна пахла чаромха. Заліваліся — нават цяпер, удзень — салаўі. На спартыўнай пляцоўцы гулялі ў валейбол.
Наперадзе ў гэтых маладых салдатаў, якім пашэнціла, якіх абмінулі калецтвы і смерць, была выпіска. Былі «дэмбель», вяртанне да сяброў і блізкіх, да каханай. Наперадзе ў іх былі вёсны і зімы, світанкі і заходы, сінія нябёсы і свежыя вятры. Каму тут якая справа да няшчаснага калекі?
Лішні раз пацвердзілася — няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. Салдат-«афганец» заляжаўся ў палаце нумар пятнаццаць. Прафесар Пятроўскі, пра якога ў шпіталі хадзілі цэлыя легенды, які мог вярнуць чалавека нават з таго свету, усё не прыязджаў. Цягнуліся дні. Набірала сілу вясна. Адны салдаты выпісваліся, іншыя паступалі на іх месцы, каб неўзабаве таксама пакінуць палату.
З «афганцам» ніхто не сябраваў. Больш за тое, яго нават цураліся. Дзеля справядлівасці скажам, што вінаваты ў гэтым трохі быў і ён сам. Бяда азлобіла яго. Калі спрабавалі з ім загаварыць, ён толькі агрызаўся, ці проста нічога не адказваў. І ні разу нікога ні аб чым не прасіў.
Зрэдку наведваўся да яго доктар Пратасевіч.
— Як жыў, зямляк? — пытаў бадзёра. Салдат маўчаў.
— Ну, нічога. Вось-вось прыедзе Пятроўскі…
Аднойчы доктар прынёс земляку свой старэнькі касетны магнітафон, прыладкаваў на тумбачцы побач з ложкам. «Афганец» узрадваўся падарунку, як малое дзіця. Канечне, нудотнае існаванне яго з гэтага часу крыху змянілася. Цяпер яму ўжо міжволі даводзілася ўступаць у сякія-такія кантакты з суседзямі па палаце: прасіць, каб хто ўключыў ці выключыў магнітафон, памяняў касету. У гэты самы час і адшукаўся яму сябрук. Таксама беларус, таксама паранены ў Афганістане, толькі яшчэ зімою. Аднак і цяпер у яго была забінтаваная галава.
Ляжаў ён у суседнім «афганскім» корпусе, а сюды, да таварыша па няшчасці, пачаў наведвацца кожны вечар. Відаць, там яму таксама было адзінока. Быў ён высокага росту, хударлявы, маўклівы, характар меў спакойны, падатлівы. У цёмных зеленаватых вачах яго ўгадвалася ранняя сталасць і чытаўся зноў-такі не па гадах розум.
Ён карміў сябра з лыжкі. Прыбіраў за ім. Прыносіў купленыя ў шпітальным буфеце гасцінцы: яблыкі, пячэнне, малако. Гаварылі яны з «афганцам» мала, неахвотна, да таго ж па-беларуску, і хворыя ў палаце, прыслухоўваючыся, са здзіўленнем адкрывалі, што гэта, аказваецца, амаль незразумелая мова!
Часцей зямляк падсядаў да сябра на ложак, нягучна ўключаў магнітафон і яны моўчкі слухалі песні такога далёкага цяпер свайго юнацтва.
Усё, аднак, канчаецца — скончыўся і гэты перыяд чакання. Неяк з раніцы зайшоў доктар. Радасна паціраючы рукі, аб'явіў голасам больш бадзёрым, чым звычайна:
— Прафесар Пятроўскі прыехаў! Рыхтуйся, зямляк. Заўтра ў цябе пункцыя спіннага мозгу.
— А потым? — ціха спытаў «афганец».
— Гм, потым… Потым будзем глядзець. Цэлы цыкл аперацыяў цябе чакае!
У той дзень «афганец» быў зусім маўклівы, разгублены. Як заўсёды, увечары прыйшоў зямляк, падзяліўся радасцю: заўтра яго выпісваюць. У палаце былі толькі яны ўдвух. Зямляк хацеў уключыць магнітафон, «афганец» папрасіў:
— Не трэба. Я хачу табе нешта сказаць. Я ведаю, што не выжыву. Не суцяшай! — павысіў ён голас, угадаўшы, які рух зрабіў і якія словы збіраецца зараз сказаць зямляк. — Неяк у рэанімацыі, яшчэ ў Ташкенце, я падслухаў, урачы сказалі — гэты доўга не працягне. Дык вось, будзь уважлівы! І запамінай. Калі мяне не стане, толькі ты адзін будзеш аб гэтым ведаць. Нагніся.
І ён зашаптаў, ды так ціха, нібы баяўся, каб нават сцены не падслухалі ягонай тайны. Зямляк слухаў моўчкі. Падчас усяго расказу ён нават не зварухнуўся.
Вось тут перапыняецца нашая гісторыя. Усплыве яна аж праз пятнаццаць гадоў і на гэты раз месцам дзеяння выбярэ не далёкі Афганістан, і не падмаскоўны Падольск, а беларускую вёску Вялікая Паляна; менавіта тут з'явяцца перад намі, як на экране тэлевізара, і старыя знаёмыя героі, і зусім новыя; менавіта тут наша таямнічая заблытаная гісторыя паступова раскруціцца, разблытаецца, праяснее і пад канец ператворыцца проста ў гісторыю.
Аднак не будзем забягаць наперад!
Лёдавае пабоішча. — Галоўны недахоп сяла Вялікая Паляна. — Цім і Валік. — Овер-тайм. — Не забіваеш ты — забіваюць табе. — Варатар Дзірка з каманды «Рэшата». — Барадач з сабакам.
Бітва сяльчан з зарэчанцамі вялася ўжо трэцюю гадзіну, а ўсё не відаць было канца ёй.
Мужна сыходзіліся між сабою байцы. Грудзьмі адзін на аднаго наляталі, касцьмі клаліся, сцяна на сцяну пёрлі — аж патрэскваў пад іх цяжарам тонкі лёд. Штораз выбухала наваколле то крыкамі радасці, то енкамі адчаю. Але ніхто не хацеў здавацца. Пералому ў бойцы ўсё не наступала. Да канца намерыліся стаяць воіны, — дарма што самаму малодшаму з іх было ўсяго дзесяць гадоў, а самаму старэйшаму — пятнаццаць, і што бітва паміж імі ішла бяскроўная, бяскрыўдная, тая, што завецца замежным, але на дзіва лёгкім для беларускага вуха і языка словам — хакей.
Канаў пакрысе кароткі зімовы дзень. Палавіна сляпучага чырвонага сонца ўжо схавалася ў цёмным бары, які шчыльнай сцяною з усіх чатырох бакоў акружаў пляцоўку. Апошнія промні яго яшчэ прабіваліся праз зубчатыя вершаліны хвояў і залатымі палосамі клаліся на лёд, зіхацілі яго і расквечвалі ўзорамі.
Малады месяц не стаў чакаць, пакуль сонца схаваецца ўсё. Выскачыў раней часу, застыў на другім баку неба. Так яны і віселі: палова чырвонага сонца на захадзе і бледны, ад уласнай смеласці разгублены кружок месяца на ўсходзе. Дзівіліся то адзін з аднога, то пазіралі ўніз, на гэтых няўрымслівых, зусім маленькіх, калі глядзець на іх зверху, людзей, якія невядома чаму сабраліся сярод глухога лесу, расчысцілі ад снегу пляцоўку, паздзяліліся на дзве каманды і вось носяцца адзін за адным, мітусяцца без толку без ладу, не баючыся ні марозу, ні ветру, забыўшыся на дзень і на хуткую ноч.
Вось аб усім гэтым і будзе напісана заўтра ў школьнай сценгазеце. Ды яшчэ не прозай напісана, а вершамі! Сценгазету вывесяць з самай раніцы, перад урокамі. Відаць, ноч не спаў, шчыруючы, невядомы аўтар. Пачнецца «паэма» так:
І далей, па традыцыі ўдзяліўшы крыху месца апісанням прыроды, ананім ваўсю пачне здзеквацца з пераможаных — зарэчанцаў, і спяваць падхалімскія гімны пераможцам — сяльчанам.
Зарэчанцы, канечне, вершык гэты ў пух і пер'е раскрытыкуюць — за здзеклівасць, за пафасныя нацяжкі ды і проста за няпраўду, якая адшукалася ўжо ў першым радку. Так вось лёгка яны прыйшлі і «знайшлі між лесу поле»!.. Гэта толькі ў паэтаў усё гладка. А ў рэальнасці адшукаць гэтую пляцоўку было справай самай цяжкай. Па-першае, амаль увесь снежань стаяла адліга. Калі ж нарэшце прыціснуў марозік, дастатковы, каб скаваць лёд, аказалася, што вялікага, прыдатнага для такой баталіі поля і няма. І шукалі яго ніяк не менш за тыдзень.
А баталія паміж імі даўно чакалася! З самай восені прагнулі памерацца сіламі гарачыя хлопцы і з таго, і з другога канца Вялікай Паляны. Сяло было «разрэзана» папалам маленькай безыменнай рачулкаю. З давён-даўна яна з'яўлялася для людзей мяжою, дзелячы Вялікую Паляну на Сяло і Зарэчча. І колькі стаяла вёска, столькі ж жыла ў людзях гэтая дурная варажнеча паміж двума канцамі, у спадчыну перадавалася з пакалення ў пакаленне. І далёкія прадзеды цяперашніх супернікаў, і дзяды, і нават бацькі іхнія як мінімум раз на год збіраліся ў загадзя прызначаным месцы, каб даказаць сваю правату. Прычым спосабам самым прымітыўным — кулакамі. Але ўжо старэйшыя браты, а цяпер вось і яны, падлеткі, вучні чацвёртых — шостых класаў ганебны звычай гэты перапынілі, разумна разважыўшы, што існуюць куды больш сімпатычныя, куды цікавейшыя разборкі, раз ужо без іх зусім нельга. Футбол і валейбол улетку, шахматы і хакей — зімою.
Дык вось. Што да лета, тут асаблівых праблемаў ніколі не ўзнікала. Улетку што трэба? Тугі, звонкі мяч, добры настрой ды каб з неба не капала. Зусім не тое зімою. Сапраўднай бядой іхняга сяла былі бязводныя ваколіцы. Усяго хапала: лесу, палёў, ўрадлівай зямлі, садоў, а вось на ваду паскупілася прырода. Ды і людзі прыклалі рукі. Балоты даўно паасушвалі, а разам з балотамі пазнікалі і азярыны, якіх раней было процьма. Гэтай зімой высветлілася, што і на іхняй адзінай рачулцы, дзе паядынкі адбываліся раней, больш не пагуляеш. І без таго маленькая, вузкая — у сухое лета яе можна было пераскочыць з месца — з кожным годам яна усё больш мялела, а гэтай восенню не разлілася зусім, хоць дажджы лілі ўвесь кастрычнік.