153465.fb2
— На, Барс.
— Вось яно што-о, — працягнула Віка. — Дык вы знаёмыя? Вы яго проста падкупілі?
— Гэта было няцяжка, — сказаў Цім. — Ён добры вельмі.
— Віка, — спытаў Валік, разгінаючыся, — а ўсё-такі хто ён?
— Як хто? Сабака.
— Ды не, твой дзядзька!
— А, дзядзька? Ну, ён…
Хацела б яна і сама гэта ведаць! Віка яшчэ раз уважліва агледзела хлопчыкаў. Не, першае ўражанне ад іх не было памылковым. Такім можна давяраць. І калі яна з імі пасябруе, як Барс. Крадком, канечне, ад Крушынскага. Вось было б здорава. Бо, што там ні кажы, а яна такая адзінокая! Даўно разгубляла ўсіх сяброў і сябровак. А галоўнае — і праўда ж! — яны цікавяцца тым самым, што й яна: хто такі гэты Крушынскі? І калі яны аб'яднаюць намаганні, пачнуць разгадваць гэта разам. Хто ведае? Можа, тады атрымаецца наадварот: не яны ад яе, а яна ад іх штосьці пра свайго «роднага дзядзьку»?
Для пачатку Віка прыкінулася наіўнай.
— Дык а чым ён вас канкрэтна цікавіць?
— Ну, жыве адзін…
Яшчэ перад гэтым яны, не змаўляючыся, адно каб не стаяць на месцы, памалу пайшлі ў напрамку леснічоўкі. Віка — сцежкаю, а хлопцы з бакоў, цаліком. Сабака недзе знік.
Тройца параўналася з елкаю.
— …Маўчыць, — працягваў Валік, — невядома на якія грошы жыве.
— А што яшчэ робіць?! — раздаўся ззаду голас. Гэта быў Крушынскі. Ён хаваўся за елкаю і ўсё чуў.
Хлапчукі рвануліся было ўрассыпную. Але позна! За шкірку і аднаго, і другога схапілі моцныя, што абцугі, далоні.
— Дык я пытаю: што ён яшчэ робіць? — грозна казаў Крушынскі.
Хлапчукі маўчалі. Нават марыць вырвацца з гэтых «абдымкаў» нельга было.
— Пайшлі! — так і павёў іх Крушынскі, перад сабою, трымаючы за каўняры.
Віка ішла ззаду. Яна спалохалася крыху, бо не ведала, чым гэта ўсё скончыцца. Ёй было шкада новых сяброў. Але што магла яна зрабіць? Адно толькі малілася ў думках, каб Крушынскі не зрабіў хлапчукам чаго кепскага, не застрашыў іх, бо тады б яны напэўна перасталі б сюды прыходзіць.
Адзін Барс дурэў ад радасці, насіўся сабе па снезе. Чаму б і не радавацца? Усе людзі, добрыя яго сябры, якія кормяць яго, гуляюцца з ім, якіх ён любіць усім сваім сабачым сэрцам, нарэшце сабраліся ў адным месцы, усе разам!
Падыйшлі да хаткі. Крушынскі ўштурхнуў хлопцаў у дзверы. Адступіўся, даючы зайсці Віцы, і сам зайшоў апошнім.
Вось і спраўдзіліся мары Ціма з Валікам пабываць у таямнічай леснічоцы. Саміх «запрасілі»!
Толькі радасці ад такога «запрашэння" было, канечне, нямнога.
Крушынскі паставіў хлопцаў побач пасярод хаткі. Сам сеў на табурэт. Рукі паклаў на стол. У яго быў выгляд строгага суддзі, што чакае ад падсудных апошняга слова. Не хапала толькі стоса папераў перад ім, ды з бакоў — народных засядацеляў.
— А ты што стаіш? — звярнуўся раптам да Вікі. — Ці да іх хочаш? Пазнаёміліся ўжо?
Дзяўчынка здзіўлена падняла на яго вочы. Ён што, рэўнуе? Ці ёй проста падалося?
Хлопцы глядзелі ў падлогу. Перад гэтым абодва, не змаўляючыся, паздымалі шапкі і цяпер яшчэ больш падобныя зрабіліся на непаўналетніх злачынцаў.
Віка ціхенька прысела на другую табурэтку. «Допыт» пачаўся.
— Так, — строга сказаў Крушынскі. — На пытанні адказваць хутка і коратка. Па чарзе. Высокі, ты адказваеш першы. Усё зразумела? Тады паехалі! Як даўно вы тут ашываецеся? Колькі часу?
— Тыдзень, — буркнуў, галавы не падымаючы, Валік. — Нават больш.
— Каму расказвалі, каму хваліліся?
— Нікому! — усклікнулі хлопцы ў адзін голас.
— І пра яе ніхто, акрамя вас, не ведае?!
— Ніхто!
— Ніводзін чалавек больш! Крушынскі задумаўся.
— Калі не хлусіце, — змякчыўся ён голасам, — тады гэта мяняе справу. З падазроных вы аўтаматычна пераходзіце ў разрад проста сведкаў. Дазваляю сесці. Туды, на тапчан.
Цім з Валікам прымасціліся з краю, плячо да пляча. Віка з палёгкаю выдыхнула.
— Паселі, як вераб'і! — нават асмелілася пажартаваць яна.
— А ты памаўчы, — сказаў Крушынскі. — з табой яшчэ будзе размова. Асобная. І так, хлопцы! Давайце цяпер сур'ёзна. Я сёння, вось зараз, хачу паставіць на ўсім гэтам кропку. Мне надакучыла гэта. Пагадзіцеся, не дужа прыемна жыць пад увесьчасным наглядам. Ведаючы, што за табою сочаць. Што вам з мяне трэба? Што вас цікавіць? Абяцаю расказаць вам усё.
Віка слухала, затаіўшы дыханне. Нарэшце! Вось ён, даўно чаканы момант!
— Але ў мяне ёсць умова, — працягваў Крушынскі. — Вы павінны маўчаць і надалей. Таму што тайна, якую пачуеце, тычыцца не аднаго мяне. Гэта. дзяржаўная тайна. Згода?
Хлопцы пераглянуліся. Вочы ў іх гарэлі.
— Згода!
— Абяцаем, клянёмся!..
— Тады спачатку я хачу паслухаць вас. Дарэчы, заадно і пазнаёмімся.
Хлопцы не паспелі адкрыць раты, як іх апярэдзіла Віка:
— Гэта Цім, злева — Валік!
— Не паказвай на людзей пальцам, — заўважыў ёй Крушынскі. — Мяне можаце зваць дзядзька Барыс. Дык хто я такі, па-вашаму? Хто пачне?