153465.fb2 Афганская шкатулка - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 29

Афганская шкатулка - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 29

Крушынскі палез у кішэню:

— Я гатовы заплаціць грошы.

— Дарэчы, а хто вы такі? Кім вы ёй даводзіцеся?

— Я? — сумеўся Крушынскі. — Ёй? У прынцыпе, нікім. Чужы чалавек.

— Так-такі і чужы? Не сын, не брат, не сват, не пляменнік? А то спачатку сплавіце чалавека, а потым сумленне загрызае?

Вунь яно што! Крушынскаму зрабілася горача. Ён зразумеў ход думак начальніцы. Яна думае, што ён радня Вікавай маці. Выгнаў яе на вуліцу, а цяпер клянчыць, просіць, каб пакінулі яе ў начлежцы! Аказваецца, і такі «бізнес» існуе!

— Я не заслужыў гэтага, — прамовіў ён ціха. — Я праўда зусім чужы ёй.

Падзейнічала. Пакорлівыя яго словы змякчылі суровую начальніцу.

— Дык што вы там гаварылі пра грошы? — спытала яна. — Колькі вы можаце заплаціць?

— Колькі трэба! — заспяшаўся ён. — Яшчэ і пераплачу!

— Тады добра. Хадзем да мяне ў кабінет, аформім паперы. Усё будзе афіцыйна. Абяцаю, што ўсе вашыя грошы на яе ж і пойдуць. Перавядзем у іншую палату, будуць лекі, дагляд.

Віка чакала Крушынскага на тым самым месцы, дзе ён яе і пакінуў. Кароткія хлапечыя валасы яе былі ў кропельках дажджу. Крушынскі дастаў насоўку і выцер ёй мокрыя лоб, нос і шчокі.

— Ну, усё ў парадку, — бадзёра адказаў на маўклівае яе запытанне. — Твая маці яшчэ паляжыць тут. Пакуль не паправіцца. Ёй тут добра, яна сама сказала! — паспешліва дадаў ён.

— А не выкінуць яе? — так і спытала Віка, «выкінуць», а не «выпішуць».

— Не хвалюйся. Я аб усім дамовіўся з нача… з загадчыцай аддзялення. Твая маці будзе тут столькі, колькі спатрэбіцца. За ёю будзе харошы дагляд.

— Ты заплаціў ім? — спытала дзяўчынка. Памаўчаўшы, сама сабе і адказала: — Канечне, заплаціў! Дзякуй за ўсё, Барыс.

І пацёрлася, бы кацяня, аб яго далонь.

Калі ехалі тралейбусам назад, у цэнтр, адбылася наступная сцэна. Віцы ўдалося сесці, Крушынскі стаяў побач. Раптам нейкая дзяўчына паднялася з суседняга месца:

— Сядайце, калі ласка, — ветліва прапанавала Крушынскаму.

Яго гэты эпізод толькі ўзрадваў. З палёгкаю плюхнуўся ён на праціснутае, пашарпанае сядзенне. Азірнуўся на Віку. Дзяўчынка, нахмурыўшы лоб, нервова пакусвала губы.

— Віка! Чуеш? Што з табою?

— Колькі разоў прасіла… Згалі ты гэтую бараду! Як я яе цярпець не магу!

Раздзел XXIII

Незнаёмец. — Дыялог у краме. — Вандроўка па Вялікай Паляне і ваколіцах. — Цім бяжыць у леснічоўку. — Пуста! — Запіска. — Куды падзець Барса?

Пакуль Крушынскі з Вікаю ўладжвалі свае справы ў Гомелі, у Вялікай Паляне таксама сеё-тое адбылося.

Роўна ў дванаццаць гадзін дня з рэйсавага аўтобуса выйшаў невысокі поўненькі мужчынка. Быў ён у скураным паліто, у капелюшы; з-пад паліта выглядвалі беленькая кашуля і гальштук.

Мужчынка выйшаў на прыпынку і з цікавасцю пачаў азірацца. Па ўсім відаць было, што тут, у сяле, ён упершыню. Тры вуліцы збягаліся да прыпынку. Мужчынка выцягнуў з кішэні нататнік з алоўкам і пазначыў план гэтых вуліц. Побач з прыпынкам бялела цэглаю вясковая крама. Нядоўга думаючы, мужчынка пакіраваўся туды.

У краме, нечакана вялікай, як для сяла, на два аддзелы, было пуста. За касавым апаратам прадаўшчыца чытала газету. Яе напарніца, абапёршыся локцямі на прылавак, піла каву і лена пазірала на адзінага наведніка.

Мужчына выбраў тую, што з газетай. Падыйшоў, павітаўся — і адразу:

— Скажыце, можна ў вашым сяле купіць дом? Ці хоць бы хату?

Валікава маці, а гэта была менавіта яна, адклала газету і адказала:

— Не. Усё параскуплялі, нават самыя развалюхі.

— І што гэта вы так нашую Вялікую Паляну ўсё палюбілі? — умяшалася напарніца. — Тут жа ні вады, ні рэчкі, адзін лес кругом.

— А хто яшчэ палюбіў? — адразу ж павярнуўся да яе цікаўны незнаёмец.

— Ды многія! Палова сяла лічы што прыезжыя.

— Адзін нават леснічоўку купіў, — сказала Валікава маці. —Так і жыве сам, у глухамані.

— Праўда? У лесе жыве адзін? Не можа быць! Жанчыны пакрыўдзіліся.

— Схадзіце ды паглядзіце, — прапанавала напарніца. — Ён толькі сюды, у краму, і заходзіць раз на тыдзень. Таму мы і ведаем яго лепш, чым хто.

— Ды я веру, веру вам! Проста дзіўна ўсё гэта.

— А вы ж можаце купіць участак зямлі, — сказала Валікава маці, — раз вам так тут падабаецца. Будуйцеся ды жывіце.

— А можна? — ізноў у руках мужчыны з'явіўся нататнік з алоўкам. — І дзе б вы мне параілі?

— Пад самым лесам. Там усе будуюцца.

А напарніцу нататнік чамусьці насцярожыў:

— Вы часам не журналіст? Ці, можа, з якою праверкаю да нас?

— Ды не, — засмяяўся мужчынка — Я такі ж служачы, як і вы! На прыроду пацягнула, дачу купіць захацелася. Сабраў вось крыху грошай, напазычаўся. Адзін знаёмы і падказаў мне вашае сяло.

На развітанне мужчына сказаў, што збіраецца пахадзіць па сяле, па ваколіцах — можа, і выбера месца для дачы.

— А ў вас ёсць машына? — гукнула яму ўслед Валікава маці. — Тут без машыны цяжка!

— Пакуль што няма — але будзе! Проста павінна быць, — неяк загадкава паабяцаў мужчынка.

Сяло, як на тое, выглядала пустынным. Ніводны чалавек не трапіўся мужчыну на вочы. А яму толькі таго і трэба было. За ваколіцай, дзе канчаліся хаты, ён збочыў з дарогі, нагнуўшыся. зачэрпнуў снегу. Снег быў рыхлы, мяккі. Мужчына заўсміхаўся. Яго ўзрадвала гэта. Значыць, хутка адліга! Трэба адліга! І тады яны з цесцем здзейсняць задуманае. Тады купіцца і машына, і ўчастак, і дача, і шмат, шмат чаго іншага. Толькі не ў Вялікай Паляне, шаноўныя! У Іспаніі, у Партугаліі, на Канарах!..

Агляд сяла заняў менш гадзіны. Неўзабаве у нататніку быў выкрэслены падрабязны план геаграфічнага размяшчэння Вялікай Паляны і ваколіцаў. Пазначаны быў таксама лес, поле, вуліцы, крайнія хаты. Цяпер заставалася самае галоўнае: наведацца на могілкі.

Перад тым, як зайсці ў расчыненыя варотцы, мужчына зноў паазіраўся. І зноў задаволенасць з'явілася на яго твары. Могілкі былі на водшыбе. Далекавата і ад сяла, і ад дачнага пасёлка. Вельмі добра!