153465.fb2
Блакітны «Мэрсэдэс» з шыкам даставіў Крушынскага да вакзала. Яшчэ праз гадзіну цягнік «Гомель — Гродна» адправіўся ў сухапутнае падарожжа па Беларусі. Крушынскі сядзеў адзін у чатырохмесным купэ.
«Ча-каць! Ча-каць! Ча-каць!» — старанна, упарта выстуквалі колы.
Тое ж самае застаецца і нам з вамі, шаноўныя чытачы.
Чакаць. Чакаць!
І верыць, што і ў герояў аповесці, і ў нас з вамі ўсё будзе добра. Усе іхнія і нашыя мары рана ці позна абавязкова спраўдзяцца. Дзе-небудзь, калі-небудзь.
Мінск, 2001 г.
Грамадзянін следчы!
На ўчарашнім допыце Вы зачыталі мне новую заяву грамадзяніна Віталя Крывіцкага, які праходзіць па маёй справе як пацярпелы. Такім чынам да абвінавачвання мяне ў "нанясенні лёгкіх цялесных пашкоджанняў" дадаецца яшчэ адно: грамадзянін Крывіцкі абвінавачвае мяне ў "наўмысных дзеяннях", што нібыта прывялі да смерці яго дзядзьку, "пенсіянера Крывіцкага Івана Адамавіча, з мэтай завалодання маёмасцю нябожчыка".
Вы, грамадзянін следчы, прапанавалі мне яшчэ раз усё падрабязна ўспомніць і запісаць. "Толькі праўду", — сказалі Вы. Нібыта мне застаецца штосьці іншае! Яшчэ Вы сказалі, каб я пастараўся не забыцца нават драбязы, бо на судзе кожнае нязначнае, здавалася б, слова можа быць павернута як за, так і супраць мяне.
Грамадзянін следчы!
Я даўно здагадваўся, што справа не скончыцца адно канстатацыяй факту "нанясення лёгкіх цялесных пашкоджанняў" Крывіцкаму, здагадваўся, што рана ці позна гэтую гісторыю давядзецца адкруціць назад. Таму я быў падрыхтаваны. Але прашу ўлічыць, што пасля ўчарашняй гнюснай заявы Крывіцкага я не магу прыйсці ў сябе, мае паказанні могуць атрымацца задужа шматслоўнымі, я магу заблытацца ў адступленнях і прапусціць штосьці важнае.
Акрамя таго я ўпэўнены, грамадзянін следчы, — гісторыя падасца Вам неверагоднаю.
Аднак я буду пераказваць яе як ёсць; ні выдумляць, ні апраўдваць сябе, ні чарніць кагосьці цяпер мне не мае сэнсу.
Таксама лічу сваім абавязкам паведаміць: у камеры, дзе я нядаўна знаходзіўся і адкуль мяне перавялі ў сувязі з новым абвінавачваннем, пра Вас, грамадзянін следчы, так добра адзываліся, лічылі Вас чалавекам справядлівым. І мне чамусьці здаецца, што Вы мне паверыце.
Пачалося ўсё, грамадзянін следчы, з піва і… шахматаў. Аднак па парадку.
20 верасня 199* года, г. зн. амаль шэсць месяцаў назад, прыкладна каля 16 гадзін я выйшаў з Дома быту, што на Маскоўскай, і на прыступках станцыі метро "Інстытут культуры" выпадкова сустрэў свайго даўняга знаёмага, пазней пацярпелага, Крывіцкага Віталя. (У Доме быту я забіраў адрамантаваны парасон).
З Крывіцкім мы некалі разам вучыліся ў адной групе ва ўніверсітэце. Ніякага сяброўства паміж намі не было і не магло быць — я заўсёды лічыў, што гэты хлопец крыху недапечаны. З другога курса яго выгналі за поўную непрыгоднасць да вучобы (як ён увогуле патрапіў ва універсітэт і пратрымаўся цэлы год — так і засталося для ўсіх загадкаю). Разоў колькі ён яшчэ заходзіў у інтэрнат, пасля недзе знік і мы не бачыліся гадоў дзесяць. Пра яго я чуў рознае: ці то выгадна ажаніўся з мінчанкаю, ці то з'ехаў у вёску, ці сядзіць у турме, ці то страшэнна разбагацеў і цяпер за мяжою… Усё выглядала праўдападобным і дапасоўвалася такога кручанага чалавека, як Крывіцкі.
Тады, каля метро, я зусім не пазнаў бы яго, каб ён не абазваўся першы. Я нават забыў, як яго завуць, і спярша, звяртаючыся да яго, знарок няўцямна мямлі ў штосьці сярэдняе паміж Уладзімірам і Уладзіславам.
Мы перакінуліся параю звычайных у такіх выпадках слоў: што ды як? Крывіцкага, помню, уразіла і чамусьці насмяшыла, калі я не без гонару сказаў, што вось зноў вучуся — на платных курсах па маркетынгу і менеджменту.
— Лухта! — гучна заявіў Крывіцкі (ён і раней не ўмеў гаварыць спакойна). — Грошы выкінеш — а толку? Вось скажы — што толку? Ведаеш, колькі цяпер такіх "менеджменаў", як ты?
Я не ведаў. Я бачыў толькі, што гэтыя дзесяць гадоў даволі моцна змянілі майго колішняга аднакурсніка знешне, але ніяк не духоўна. Ён застаўся такім жа пустым, нецікавым гарлапанам, як і быў.
— Ну, а ты?
— А што я? — крычаў мне, як глухому, Крывіцкі і шморгаў мяне за рукава курткі — яшчэ адна яго даўняя невыносная звычка. — Купі-прадай, жыві не хачу! Вольны казак! Пазаўчора з Германіі вярнуўся, хацелі машыну прыгнаць, ды паліцыя тармазнула, ледзь адмазаліся!.. Паліцаі, разумееш? У нас міліцыя, а там — паліцыя. А то ў Бельгіі яшчэ быў выпадак, таксама з паліцыяй звязаны…
Я яшчэ раз агледзеў яго. Што й казаць — важны еўрапеец: схуднелы няголены твар, выпетраныя вусны, доўгія, да плеч, валасы, паношаная скураная куртка, джынсы, красоўкі — усё паношанае, але, праўда, чыстае.
Трэба было развітвацца, вядома, і хутчэй уцякаць ад яго. Тым больш мяне яшчэ чакалі сто спраў. Але я чамусьці не развітваўся і не ўцякаў.
Упэўнены, што кожны, у тым ліку і Вы, грамадзянін следчы, хоць раз у жыцці траплялі ў падобную сітуацыю. Бывае, увесь дзень распісаны проста па хвілінах, усюды рвешся паспець, з тым пабачыцца, таму патэлефанаваць… І раптам сустракаеш якогась няважнага, непатрэбнага табе чалавека, з якога — цвёрда ведаеш — ні цяпер, ні пазней табе не выйдзе аніякае карысці. Але вось жа, як чорт пад руку штурхае, плюеш на ўсе планы і гробіш з ім такія каштоўныя, незваротныя хвіліны, гадзіны, а то і дні.
Ды і словы яго, прызнаюся шчыра, — "лухта твая вучоба", "што толку?" — звычайныя банальныя словы, якія мог бы сказаць любы з гэтага натоўпу, што віраваў вакол нас, — прыйшліся неяк акурат да часу, запалі ні з таго ні з сяго ў душу… А сапраўды, навошта ўсё?.. Куды я бягу, куды лячу?.. Жыццё кароткае — імгненне, не болей… Мне хутка трыццаць, а што я маю, хоць вечна некуды імчуся? Сям'і няма, кватэры няма, грошы, якія цягну з бацькоў ці падзарабляю абы-дзе, ляцяць направа і налева… Ці акупіцца калі-небудзь усё гэта? Аніякай гарантыі…
Словам, мною раптам апанавала тая самая славутая "славянская філасофія" — абстрактная, бясплодная, пазбаўленая практыцызму, філасофія, якая еўрапейцу ці якому-небудзь амерыканцу, мабыць, і ў сне не сніцца.
— Замялі нас, значыць, у Бельгіі,— крычаў Крывіцкі, — пасадзілі, само сабою, у каталажку…
— Не крычы так, калі ласка.
— А, прабач! — сумеўся ён. — Слухай, — вінавата паляпаў па кішэнях, — у цябе не знойдзецца пару тысёнцаў на метро?
"Вось табе і Бельгія, вось табе і Германія, — падумаў, помню, я. — Так і ведаў, што скончыцца ўсё просьбаю на талончык ці жэтон".
— Я аддам, даю слова! Зматаюся ў Польшчу ці ў Германію, прыганю машыну…
І вось тут, грамадзянін следчы, я зрабіў яшчэ адну, ці не галоўную, памылку — я пашкадаваў гэтага пустамелю. Я бачыў, што ён рады нашай сустрэчы, рады, што я даю яму ўвагу; я адчуваў, здагадваўся, што ехаць яму ў прынцыпе няма куды, што нідзе яго асабліва не чакаюць.
— Можа, па піву? — першы прапанаваў я, прыкідваючы, колькі грошай са мною і якую частку з іх можна патраціць.
Ён толькі моўчкі, як адданы сабака на гаспадара, зірнуў на мяне.
Мы адышліся да піўнога кіёска, што на рагу Маскоўскай, узялі па куфлі піва, прыселі за незаняты столік.
— Дык чаму табе смешна, што я вучуся? — усё ж карцела мне даведацца. — Цяпер многія пайшлі перавучвацца.
Крывіцкі адвёў руку з куфлем і здзьмухнуў на газон густую пену:
— Век жыві, век вучыся — усё адно дурным памрэш. Так завяшчаў вялікі Ленін, так вучыць камуністычная партыя, — дадаў ён і засмяяўся, запрашаючы смяяцца і мяне, нібы выдаў не чарговую банальшчыну, а расказаў дасціпны анекдот.
Я спытаў, ці ёсць хоць нейкая доля праўды ў тых чутках, што пра яго хадзілі? У сэнсе турмы, жаніцьбы з мінчанкаю і таму падобнае.
Крывіцкі яшчэ больш ажывіўся:
— Чаму чуткі? — і распавёў, як пра нешта зусім будзённае, некалькі эпізодаў сваёй бурнай біяграфіі.
Так, быў жанаты з мінчанкаю, нават і цяпер, пасля разводу, яшчэ жывуць разам на кватэры ў яе бацькоў; паспытаў і турмы, адсядзеў колькі месяцаў — "па дурасці, за аліменты!"; сапраўды, збіраўся быў назаўсёды з'ехаць у вёску, але замест гэтага падаўся за мяжу — "праз Польшчу ў турнэ па Еўропах, аўтастопам, ды паліцаі каля Страсбурга тармазнулі!..»
Ён забыўся, што я прасіў гаварыць цішэй, і зноў амаль крычаў і размахваў рукамі. З-за суседніх столікаў на нас азіраліся.
А я слухаў і не ведаў, верыць яму ці не. Проста не ўкладвалася ў галаве, як чалавек майго веку пасля столькіх прыгодаў умудрыўся так і не набыць сталасці, сур'ёзнасці, урэшце элементарнага розуму…
Мы паўтарылі "па піву", потым я (не ведаю, чаму) купіў па «сотцы» гарэлкі і адзін на двух «бутэрброд» — лустачку хлеба з іржавымі скурчанымі долькамі селядца зверху. Крывіцкі дастаў з кішэні ножык, разрэзаў «бутэрброд» напал, акуратна выцер лязо сурвэткаю.
"Вось табе і ўсё турнэ па Еўропах", — ізноў падумаў я, назіраючы за ім. Але падумаў лена, без аніякіх эмоцый.
Я ўжо змірыўся, што на гэтым не скончыцца, што наперадзе яшчэ цэлы вечар, — адзін з тых «вясёлых», а на самой справе бесталковых, ні на што растрачаных вечароў, згадка пра якія дзён колькі мучыць і не дае спакою, раздражняе, як боль фізічнай траўмы, а потым усё наглуха забываецца, насуха выціраецца з памяці.