153465.fb2 Афганская шкатулка - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 40

Афганская шкатулка - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 40

— О, ідэя! — прачытаў мае думкі Крывіцкі. — Даўно я не быў у Адамавіча свайго — пайшлі? Купім пляшку, у Адамавіча можа закусіць знойдзецца…

Я зразумеў, што да ўсяго Крывіцкі яшчэ проста галодны.

— Што за Адамавіч? — спытаў я.

— Як лепш растлумачыць… Ну, Адамавіч, во такі дзед, я вас пазнаёмлю. Комік першай гільдыі!

— Хто ён табе?

— Адамавіч? Вось дапусцім, у цябе бацька, так? Брат бацькі твайго бацькі, ці як гэта… Дзед, словам. А можа, дзядзька, не ведаю. Дык пайшлі, тут побач, на Фабрыцыуса!

Вось так, грамадзянін следчы, дзякуючы чалавеку, якому я пазней нанясу "лёгкія цялесныя пашкоджанні", я патрапіў да чалавека, у смерці якога мяне абвінавачваюць.

III

У гастраноме на Маскоўскай мы купілі пляшку "Імперыялу" (нуль сем) і дварамі папраставалі на Фабрыцыуса.

Дарогаю Крывіцкі расказаў, што гэтаму Адамавічу даўно за семдзесят, жыве адзін і нават не быў ніколі жанаты, "што ён зубны стаматолаг" і вельмі багаты.

— Адамавіч — апошняя мая надзея, — сказаў раптам Крушынскі.

— У сэнсе?

— У прамым сэнсе — хата. Мяне цесць даўно б вытурыў, каб не ведаў пра Адамавіча. Вось так і жывём, чакаем, пакуль дуба ўрэжа мой стары, Адамавіч, значыць… — Крывіцкі ўздыхнуў, але адразу ж ізноў развесяліўся: — А камічны дзед, Адамавіч мой! Сам пабачыш!

— Пачакай, ты ўпэўнены, што ён табе кватэру адпіша?

— А каму яшчэ? Я самы блізкі яму, Адамавічу… Во сюды! Мы зайшлі ў пад'езд і па шырокай, як ва ўсіх старых "сталінскіх" дамах, аблупленай лесвіцы падняліся на трэці паверх. Крывіцкі націснуў кнопку званка і не адпускаў да таго часу, пакуль не шчоўкнуў замок. Дзверы прачыніліся чуць, на адну шчылінку. Старэчы голас прашамкаў:

— Хто гэта?

— Свае!

— Свае ўсе дома.

— Адчыняй, Адамавіч! Ты ж бачыш нас! — крычаў Крывіцкі.

— Што табе трэба?

— Праведаць прыйшоў!

— Я здаровы.

— Адамавіч, харэ ламацца! Адчыняй!

— Скажы, нашто я табе?

Так працягвалася даволі доўга. Мне пачало гэта надакучаць. Разоў колькі я парываўся сысці, але Крывіцкі хапаў мяне за куртку, падміргваў, даючы зразумець, што ўсё скончыцца добра. Нарэшце ён выклаў галоўны козыр:

— Мы не з пустымі рукамі!

— Так бы адразу і казаў, — і дзверы, як ні дзіўна, расчыніліся.

Дзядок саступіў, прапускаючы нас. Мы ўвайшлі ў цесную брудную пярэднюю аднапакаёўкі. Пад вешалкаю, на якой віселі злінялы драпавы палітон і балоневы плашч, стаялі валёнкі і гумавыя боты.

Сам дзядок быў невысокі, худзенькі, у нейкім бабскім кабаце, абвязаны ў паясніцы тоўстай ваўнянай хусткаю, у трыко і ў стаптаных пантофлях на босу ногу — нічога ў яго абліччы не было помнага, нічога выразнага, звычайны стары пень (прашу прабачэння, грамадзянін следчы).

— Што вы мне прынеслі? — замест прывітання спытаў дзядок, блізарука прыглядаючыся да пляшкі, якую выцягнуў з унутранай кішэні курткі Крывіцкі.

— "Імперыял".

— Добра! Не люблю гарэлкі. А закусіць?

— Дзед, ты многа хочаш, мала палучыш. Куды йсці, на кухню?

— Ідзі на кухню. Не трэба разувацца! — прыкрыкнуў на мяне, убачыўшы, што я нагнуўся і расшнуроўваю чаравікі.

Маленькая, стандартная — пяць ці шэсць "квадратаў" — кухня сустрэла нас вострым непрыемным пахам, што йшоў ад нявынесенага вядра са смеццем. Тут панавала такое ж запусценне, такі ж бязлад, як і ў пярэдняй. Брудны лінолеум у сінія і белыя клеткі, у кутку — нізенькі, пузаты, пажаўцелы ад часу халадзільнік, на якім — кіпа газет, такіх жа пажоўклых. У кутку пад батарэяй сушацца на падасланай газеце старыя чаравікі, у кутку каля дзвярэй — стол без абруса, на стале пуста. Сцены з аблупленай фарбаю таксама пустыя, голыя — няма ні звыклых куханных скрынак, ні палічак, адно над ракавінаю прымацавана звычайная танная сушка, у якой сіратліва тырчаць рэбрамі некалькі талерак і місак, а пад ракавінаю — стаіць тое самае вядро, ад якога ідзе непрыемны пах, з верхам поўнае смецця.

Але самае дзіўнае, што адразу кінулася ў вочы і ўразіла, бо зусім не пасавала да ўсяго гэтага запусцення, нават убоства, — гэта новенькія, пакрытыя бліскучым лакам шахматы. Так, акурат пасярэдзіне кухні стаяла табурэтка, на якой — дошка з расстаўленымі шахматамі.

— Ну ты ўжо зусім!.. — Крывіцкі паморшчыўся і пацёр нос. — Хоць бы фортку расчыніў, ці што… Цябе ж вытураць адсюль за антысанітарыю.

Адамавіч асцярожна адставіў табурэтку з шахматамі да батарэі:

— Чорта з два, — сказаў чамусьці мне, а не Крывіцкаму. — Кватэра прыватызаваная. Мая. Што хачу, тое раблю. Не чапай! — прыкрыкнуў, калі Крывіцкі ўзяўся адчыняць фортку. — Скразняк будзе, а ў мяне спіна баліць, ты ж бачыш — хусткаю абвязаны!

— Ды я трохі, хоць на шчылінку. — Вынесі лепш вядро, калі так табе пахне!

Крывіцкі зрабіў выгляд, што не чуе; ён неўпрыкмет падміргнуў мне.

— Спіна, кажаш, баліць? — перапытаў з прытворным жалем. — Дык, можа, скора таго, а, Адамавіч? Можа, хаваць скора давядзецца?

— Не дачакаешся!

Адамавіч зазірнуў у халадзільнік, дзверцы якога расчыніліся з іржавым рыпам, дастаў адтуль пустую гранёную шклянку. Хукнуў у яе, выцер усярэдзіне ражком хусткі, паставіў на стол. Уздыхнуў:

— За закуску выбачайце, госці дарагія. Самі бачыце, як жыву. І ў магазін цяжка выбрацца, ды й купляць няма за што…

— Ну і жмот! Дай хоць якую цыбуліну з хлебам! Я стаяў каля дзвярэй (табурэтка з шахматамі была адзінай на кухні) і адчуваў тое ж, што, відаць, і любы б чалавек на маім месцы. Куды я патрапіў? Навошта я тут? Нашто патраціў грошы — каля дзесяці даляраў, а яшчэ ж, як кажуць, "не вечар"?..

Пасля нядоўгага аднеквання і ламаніны Адамавіч, крэкчучы, палез пад стол, пашамацеў у адной з картонных скрыначак, што там стаялі, выцягнуў тры невялікія цыбуліны. Абцерабіў у пальцах шалупінне:

— Хлеб сам вазьмі, у халадзільніку, — загадаў Крывіцкаму. А мне патлумачыў: — Усё адно туды няма чаго класці, дык я яго і не ўключаю. Чаго дарма электрычнасць пераводзіць? Так і служыць, усё адно як шафа.

— Вось жмот, — Крывіцкі адчыніў халадзільнік. — Сапраўды, пуста! Хочаш паглядзець? Я адмовіўся. Крывіцкі паклаў побач з цыбулінамі кавалак чарствога батона.

— Ну ты ўжо зусім здзяцінеў, Адамавіч! Хіба ж так можна? Памрэш — хто цябе хаваць прыйдзе? Я не пайду!

— Без цябе пахаваюць, не бойся.