153465.fb2 Афганская шкатулка - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 41

Афганская шкатулка - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 41

— Можа, сапраўды няма ў чалавека? — умяшаўся, каб не стаяць маўчком, я.

— У яго ды няма! Такія жмоты ведаеш якія багатыя? Адамавіч, скажы яму, колькі ў цябе грошай!

— От пустазвон…

— Ты ж паў-Мінска мог бы скупіць — што, не так? — От шалапут, — ківаў галавою Адамавіч. Крывіцкі наліў яму першаму, і Адамавіч выпіў прагна, нагбом — як сасмяглы чалавек, што дарваўся да шклянкі калодзежнай чыстай вады. Калі я выпіў і пачаў хрумстаць цыбулінай, дзед раптам заўважыў:

— Зуб ніжні трэба лячыць, малады чалавек. Не запускайце. — Як вы ўбачылі? — здзівіўся я, кратаючы языком рэшткі пломбы, якая сапраўды выкрышылася дзён колькі назад. — Ён ды не ўбачыць! Усё жыццё зубы ставіў — адкуль жа і грошы ў яго.

— Тады б вы сабе паставілі, — сказаў я, убачыўшы, як Адамавіч жуе мякіш. Яўна ў яго ў самога з зубамі было не ўсё ў парадку.

— Ён ды паставіць. Золата шкада!

— Пустазвон, — ані не крыўдзіўся дзед. Доўга не чакаючы, паўтарылі. Крывіцкі развесяліўся:

— Ну што, дзед, выпіў? А цяпер — дыскатэка! Я падышоў да табурэткі з шахматамі. Адамавіч ні з таго ні з сяго аж затросся.

— Мо гуляеце? — з надзеяй запытаў ён.

— Так… гуляў колісь, — я не стаў хваліцца, вядома, што быў чэмпіёнам раёна сярод школьнікаў.

— Не сядай з ім, ён памешаны на шахматах! І сапраўды, Адамавіч ажывіўся так, што вочы засвяціліся нейкім дзіўным, нават фанатычным бляскам. Раптам кінуўся ў пакой, з'явіўся з двума табурэтамі ў руках:

— Сядай, — да мяне. — А ты, — Крывіцкаму, тыцкаючы яму штосьці ў руку, — збегай пакуль, купі, ну, сам ведаеш.

— Даўно б так! — Крывіцкі, задаволены, сышоў.

Разыгралі: Адамавічу выпалі белыя. Ён доўга нацэльваў старэчыя дрыготкія пальцы, складзеныя ў жменьку, на цэнтральную пешку, затым хуценька адымаў руку, нават хаваў за спіну. Урэшце прасунуў пешку на e4, і пасля майго ходу, ужо не думаючы, другую пешку на f4 — каралеўскі гамбіт, даволі хітры, але састарэлы пачатак… (Калі вы не ведаеце, грамадзянін следчы, каралеўскі гамбіт — гэта каскад прыгожых ахвяраў у белых, трох пешак і каня, каб вызваліць "калідор" па лініі f і пасля ракіроўкі атрымаць моцную атаку; зрэшты, магчыма, гэта не галоўнае ў маіх тлумачэннях.)

Некалі я і сам любіў карыстацца гэтым пачаткам, але цяпер усё забылася; адразу патрапіў у «пастку», нарабіў памылак — не памог і лішні конь, і лішнія пешкі. Я пачаў задумвацца над хадамі куды даўжэй за Адамавіча, якога спачатку не прыняў усур'ёз як шахматыста.

Да таго ж Крывіцкі вярнуўся, пачаў шумець, перашкаджаць, падносіў нам "імперыял", тоўкся за маёй спіною і падказваў адно і тое ж:

— Канём хадзі, канём! — такі ў яго быў жарт. Словам, я прайграў. Здаўся недзе на пятнаццатым ходзе.

— Тэорыю трэба вучыць, малады чалавек, — Адамавіч, не проста задаволены, а шчаслівы, паціраў сухія рукі.

— На высадку! — гарлапаніў Крывіцкі. — Зараз вып'ем, тады я сяду!

Ён закасаў рукава ў кашулі, напінаў біцэпс і ўсё чапляўся да Адамавіча:

— Выходзь, стары, на арэну!

З першага ходу стала ясна, які ён гулец. Як і ва ўсіх недалёкіх, тупаватых людзей мышленне ў яго было, калі можна так сказаць, шашачнае, не здольнае да абстрактнага камбінавання. Стаіць фігура пад боем — значыць, трэба браць.

— А если он меня прикончит матом, то я его через бедро с захватом, или ход конем по голове! — крычаў ён, хапаў з дошкі каня і жартаўліва замахваўся на дзеда, які, праўда, аніяк на гэта не рэагаваў.

Крывіцкі прапусціў "дзіцячы" мат у тры хады, мы памяняліся. На гэты раз я добра вымучыў дзеда, тым больш, што Крывіцкаму надакучыла, ён курыў у фортку і не перашкаджаў нам, — і ўсё ж Адамавічу ўдалося-такі правесці ў ферзі адну-адзіную лішнюю пешку.

Я, грамадзянін следчы, рэдка бачыў у сваім жыцці такіх шчаслівых людзей, як Адамавіч у той вечар, калі двойчы выйграў у мяне. Я ведаў самых розных шахматных "фанатаў", яшчэ ў дзяцінстве любіў па выхадных хадзіць у парк, дзе гулялі ў шахматы на грошы і дзе гэтая бяскрыўдная гульня часам нагадвала "баі без правілаў" — у прамым сэнсе многія партыі заканчваліся фізічнымі бойкамі. Але Адамавіч, чалавек, які, можна сказаць, стаіць адной нагою ў магіле, радаваўся так, нібы выйграў па меншай меры мільён даляраў. Ён прытанцоўваў (я не жартую) на месцы. Ён смяяўся, паціраў рукі і ўсё паўтараў:

— Тэорыя, малады чалавек, тэорыя!

IV

Калі мы выйшлі на двор, было зусім цёмна. Крывіцкага развезла — не так, мабыць, ад выпітага, колькі ад свежага восеньскага паветра пасля смуроднай кухні. Да таго ж ён курыў, не перастаючы. Мы прыселі на лавачку каля пад'езда.

— Чаму ты ўвесь час пра нейкае золата, пра нейкія грошы нёс? — спытаў я.

— Што значыць "нёс"? — пакрыўджаны маім недаверам, Крывіцкі нават працверазеў. — Паслухай, хлопец, — ты ведаеш, што такое зубны тэхнік? Ды яшчэ прыватны? Ты ведаеш, што такое паставіць зубы без чаргі? Ведаеш, якія колісь грошы за гэта выкладвалі?

— Ну, здагадваюся.

— Нават і не здагадваешся! А ці ведаеш ты, колькі золата ідзе на каронку ці на зуб, дапусцім, з залатога персценя? Думаеш, усё да грама? Памыляешся! На кожным зубе, на кожнай каронцы абавязкова штосьці эканоміцца. А ўжо выплавіць гэтыя лішкі ў злітак і дзіця малое зможа.

А сапраўды, падумаў я. Мне прыгадалася раптам гісторыя, даўным-даўно вычытаная ў нейкай кніжцы. Справа ў тым, што золата вельмі мяккі метал — вага, напрыклад, манеты змяншаецца нават пасля таго, як яе патрымаеш у пальцах. Гэтым і карыстаўся адзін кемлівы банкаўскі служачы. Кожную суботу, калі ў банку пералічвалі залатыя манеты, ён прыносіў з дому новенькі дыванок, якім засцілаў стол, у канцы работы акуратна яго скручваў у трубачку, дома спальваў на спецыяльнай патэльні і кожны раз атрымліваў злітачак чыстага золата.

— І дзе ён можа хаваць тыя зліткі? — ляпнуў раптам я нечакана для сябе самога.

Крывіцкі паблажліва засмяяўся:

— Ты, я гляджу, як той Адамавіч — многа хочаш! Дзе хавае… Спытай што-небудзь лягчэйшае.

— Ды ці ёсць яны ўвогуле?

Крывіцкі прамоўчаў, нібы набіваючы сабе цану. Падняўся з лаўкі:

— Пайшлі памалу, мне дабірацца далёка, у Курасоўшчыну…

— Я вазьму табе таксоўку, — прапанаваў я, зразумеўшы, да чаго ён хіліць.

— Праўда? Ты — сапраўдны сябар! А піва яшчэ купіш?

— Куплю.

Мы пайшлі да Маскоўскай, Крывіцкі хістаўся, і я вёў яго пад руку.

Кіёск з разліўным півам быў даўно зачынены. Я купіў бутэлечнага, здаецца, нават імпартовага.

— Ты ж ведаеш, я сядзеў, — глынуўшы піва, гучна адрыгваючы, расказваў Крывіцкі, — за аліменты. Амаль паўгода. Выйшаў адтуль — ну, думаю, гады, я вам устрою! Пра жонку з цесцем. Жонкі, праўда, дома не аказалася, яе шчасце, а цесця змалаціў на горкі яблык. Адвёў душу. Добра, што ён паддаты быў тады, адразу пабоі не здагадаўся зняць. Але ўсё адно — праз дзень піша на мяне заяву, я, вядома, ні сном ні духам, мала ты дзе, цесць, валэндаешся, ды і паддавала ты добры, можа, упаў дзе-небудзь п'яны і ўсе праблемы… Словам, выкручваюся, як магу. Аднак выклікаюць да следчага, той спачатку для прафілактыкі ўрэзаў па нырках пару разоў… Я адпіраюся. Тады ён моўчкі штосьці піша на аркушыку і падсоўвае мне пад нос. Уверсе стаіць лічба тры, а ўнізе — сума, якую я і ў руках не трымаў![5] Значыць, выбірай: ці тры гады «страгача», ці "на лапу". Аркушык забраў і пры мне спаліў у попелцы. Паказвае на дзверы — свабодны!

— Ну і?

— Ну я ногі ў рукі — і да Адамавіча свайго… Так і так, кажу, ратуй, дзед, другі раз я адтуль жывым не выйду, ведаю гэта. Памажы, адкупі, свая ж кроў, не чужая! Дзед які ні чокнуты, а паверыў, адно сказаў: "Грошай у мяне няма, у далярах вашых я не разбіраюся. (Тады толькі пачыналася гэтая карусель з перабудоваю.) Але ў мяне, кажа, ёсць штосьці лепшае за грошы і за даляры. Схавана яно ў надзейным месцы, мне трэба час, каб дастаць. Паедзеш заўтра на вакзал, у камеры захоўвання знойдзеш такую й такую ячэйку, а вось табе лічбы, якія набярэш, — і з хітрым выглядам піша штосьці на шматку паперы — акурат як той следчы! — і падае мне. — Калі ў цябе, кажа, хапіла розуму за паўгода двойчы дапасці да турмы, дык павінна хапіць і на тое, каб адчыніць дзверцы ячэйкі". Я зірнуў і ледзь не абамлеў. Ды ён проста здзекуецца з мяне!

— А што там было?

— Ахінея нейкая, як спачатку здалося, старэчы маразм! Я ўжо не помню даслоўна — нешта, "ад майго адымі сваё, дадай палавіну матчынага, падзялі на бацькавае… " А ён радуецца як дзіця: "Цяпер, кажа, я, ведаючы цябе і твой язык, калі што, заўсёды адкручуся!"

— Ты сур'ёзна?