153465.fb2
Мяне ўсяго трэсла. Я пашкадаваў раптам, што не прыдушыў яго ўчора, калі яму зрабілася блага і ён валяўся ў ложку зусім бездапаможны (як бачыце, грамадзянін следчы, я шчыра прызнаюся, хоць мог бы і прамаўчаць аб гэтым!).
Ужо ў метро я разгарнуў брашурку, знайшоў сярод іншых двуххадовую задачу-мініяцюру Адамавіча: чорны кароль заціснуты белымі фігурамі ў кутку, але калі яму не паставіць у два хады мат — яму не будзе куды хадзіць, і атрымаецца, паводле шахматных правілаў, нічыя — пат. Пешка ў белых зааходзіцца акурат за два хады да апошняй лініі… тут патлумачу крыху, калі Вы не ведаеце, грамадзянін следчы. Справа ў тым, што калі пешка ступіць на апошнюю лінію, яна мае права ператварыцца ў любую фігуру. Вядома, звычайна шахматысты выбіраюць самую моцную — ферзя. У гэтым і быў парадокс мініяцюры Адамавіча: пешка, дасягнуўшы апошняй лініі, ператваралася не ў моцную фігуру, а ў лёгкую — у каня, і чорныя аўтаматычна атрымлівалі мат.
Вывучыўшы за месяц характар гэтага чалавека, яго дзівацтвы, яго прымітыўна-дзіцячую хітрасць, я, як толькі глянуў на пазіцыю, адразу ўбачыў рашэнне — і ад гэтай лёгкасці разгадкі злосць падступіла да сэрца новым прыступам. Я ледзь не плакаў.
Мне здавалася, толькі я, і ніхто больш у свеце, заслужваў Адамавічавага золата.
Прайшло месяцы тры.
Пакрысе я супакоіўся, увайшоў у сваю каляіну, здагнаў вучобу. Я зрабіўся пануры, маўклівы, нетаварыскі, я не верыў больш у цуды, якія здараюцца толькі з іншымі, а не са мной. Я цвёрда ведаў цяпер, што магу разлічваць толькі на сябе, ведаў, што толькі сціснуўшы зубы, увесьчаснай працаю, упартасцю, напорам і акрамя ўсяго жорсткай эканоміяй я змагу прабіць сабе сцяжыну ў жыцці.
На першых часах пры адным успаміне пра Адамавіча мяне пачынала трэсці. Што з ім, дзе ён цяпер — мяне не цікавіла абсалютна. Вядома, я ні разу не з'ездзіў у тыя Бараўляны (дактары ці санітаркі могуць пацвердзіць, грамадзянін следчы).
Я рады быў, што зноў апынуўся ў рэальным свеце, што нарэшце мог нармальна паспаць, паесці; у мяне з'явілася мора вольнага часу, які я мог цяпер цалкам аддаваць вучобе. Не трэба было нікому дагаджаць, ні перад кім ламацца, не трэба было жыць увесь час у гэтым ненармальным чаканні чагосьці.
Усё было б добра, каб аднойчы ў мяне не забалеў зуб — той самы, у якім даўно выкрышылася пломба і які раіў не запускаць Адамавіч. Ад зуба забалела і пачала пухнуць дзясна. Я запісаўся да стаматолага, сядзеў у калідоры і, чакаючы сваёй чаргі, абыякава глядзеў пад ногі, на лінолеум у сіне-белыя клеткі, што так нагадвалі шахматную дошку; у думках я машынальна перастаўляў па гэтых клетках фігуры.
І раптам мяне нібы працяло токам. Я падскочыў, напалохаўшы людзей, якія сядзелі побач, схапіўся за шчаку і застагнаў, але зусім не ад зубнога болю.
Перад вачыма ў мяне паўстаў акурат такі ж, у сіне-белыя клеткі, лінолеум на Адамавічавай кухні, потым уміг узгадалася яго прымітыўная двуххадоўка-мініяцюра з шахматнай брашуркі, якую я тады ад злосці разарваў і выкінуў у сметніцу — адразу ж, як выйшаў з метро. Пешка павінна стаць на апошнюю лінію… Лінолеум на кухні — шахматная дошка… Трэба было ўсяго толькі спраектаваць задачку… Божа мой, які ж я ідыёт!
Цяпер я ў думках нават бачыў тую клетку, на якую становіцца пешка, каб ператварыцца ў каня, — брудная сіняя клетка ў самым кутку пад батарэяю, дзе Адамавіч сушыў свае чаравікі.
На мяне глядзелі са спагадаю. Хтосьці прапанаваў мне ісці без чаргі, але я замест падзякі толькі вылаяўся і пайшоў, амаль пабег прэч адтуль.
У метро мне ўвесь час хацелася неяк падагнаць вагон, каб хутчэй ехаў. Ах, ідыёт! Як можна было, ведаючы дурыкі гэтага звіхнутага дзеда, яго характар, ведаючы гісторыю Крывіцкага пра "шыфроўку" кода камеры захоўвання, — як можна было ні аб чым не здагадацца! Божа, каб толькі не позна!.. Каб толькі ўпэўніцца, што кватэра замкнутая, каб толькі пачуць ад суседзяў, што дзед яшчэ жывы і ляжыць у бальніцы! Я накуплю бананаў, мандарынаў, вэнджанай каўбасы і ікры, я зараз жа схаплю таксоўку і паімчуся да яго, я кожны дзень буду матацца ў тыя праклятыя Бараўляны, буду даглядаць яго, хоць «судна» за ім выносіць, калі гэта спатрэбіцца!..
Я зайшоў у пад'езд, пачаў падымацца па лесвіцы, паціраючы сэрца, каб не калацілася так, — і раптам нос мой злавіў чужыя, незнаёмыя мне тут раней пахі: пахла фарбай, вапнаю, пабелам, свежым тынкам… як і заўсёды падчас кватэрнага рамонту або пры здачы новага дома. Ці то ад гэтых пахаў, якія я ўсё жыццё не мог пераносіць, ці то ад нядобрай падазронасці на душы зрабілася зусім трывожна.
Дзверы ў Адамавічаву кватэру былі прачыненыя. Пахі ішлі адсюль. Не кранаючы званка, я нагою расчыніў дзверы шырэй і ўварваўся ў пярэднюю.
Нічога нельга было пазнаць. На падлозе — смецце, друз, кавалкі тынку, абрыўкі старых шпалераў; няма ні знаёмай вешалкі, ні тумбачкі з тэлефонам. Справа на ўвесь прасценак — фоташпалеры з нейкім крымскім ці каўказскім краявідам: горы, мора, белы парус удалечыні, — і на імгненне краявід гэты так жыва нагадаў мне, што я мог бы мець (ці яшчэ магу?!), каб быў крыху разумнейшы…
Крывіцкі — босы, з анучай у руцэ, у трыко з падкасанай чамусьці толькі адной калашынай, у зробленай з газеты пілотцы на галаве — паказаўся ў дзвярах пакоя:
— А! — усклікнуў радасна, пераклаў анучу ў другую руку і працягнуў мне для вітання не мокрую далонь, а локаць.
Грэбліва адступіўшы, нават не кранаючы гэтага локця, я прасіпеў: —Дзе… Адамавіч?
— Дык гэта… — Крывіцкі ўздыхнуў, — ужо месяцы тры як дуба ўрэзаў стары мой, Іван Адамавіч… А ведаеш, — адразу ж ажывіўся, відаць, карцела пахваліцца радасцю, — дарэмна я наязджаў на яго! Харошы дзед быў — адпісаў-такі кватэру!..
Не слухаючы, адпіхнуўшы яго з дарогі, я падаўся на кухню.
— Э-э, куды ты?! Ты ж слядоў наробіш!..
У кутку пад батарэяю, дзе знаходзілася запаветная сіняя клетка, стаяла і ляжала некалькі папяровых мяхоў, пачатых і нечапаных; столь была пабеленая, сцены — ашкрэбленыя, але мяне цікавіла толькі падлога — лінолеум, а лінолеум быў той самы!
Ад радасці я засмяяўся і пацёр рукі.
— Не хадзі! — цягнуў мяне за рукаво Крывіцкі. Я пакорліва вярнуўся следам за ім у пярэднюю. Мне захацелася раптам пацешыцца з гэтага тупога, нездагадлівага цельпука, пахваліць яго, нагаварыць яму розных прыемна-падлізлівых слоў; я быццам зноў перанёсся на колькі месяцаў назад, калі быў яшчэ жывы Адамавіч, пад якога трэба было ўвесь час падладжвацца, каб не насцярожыць, не спужнуць… — Малайчына! — я зазірнуў Крывіцкаму ў вочы і моцна паціснуў яго мокрую далонь. — Так здорава ўсё робіш, скора не пазнаць будзе кватэры! А дзе грошы на рамонт узяў?
— А, грошы? Бацькі далі, хто ж яшчэ! Дзед, Адамавіч мой, так і не сказаў, дзе золата, не паспеў, мабыць. Мне б, дурню, з'ездзіць да яго, але так і не сабраўся… А ён, дактары расказвалі, мучыўся вельмі, гаварыць не мог, прытомнасць часта губляў…
Сэрца ў мяне аж захлыналася. Вось яно — шчасце! Я апусціў галаву і прытворна, глыбока-глыбока ўздыхнуў… не, хлушу, грамадзянін следчы. Вядома, і ў мяне ў глыбіні душы варухнулася нешта падобнае на шкадобу. Бедны Адамавіч, так мучыўся… І мяне, чужога, любіў больш за Крывіцкага… Але варухнулася — і прайшло, я не даў гэтай шкадобе разрасціся, адразу прыдушыў яе. Жыццё працягваецца! Жывым, як кажуць, жывое, а мёртвым…
— Гэта што: пабачыш, калі ўсё гатова будзе! — узбуджана гаварыў Крывіцкі, ураз забыўшы на няшчаснага нябожчыка Адамавіча і пра яго пакуты перад смерцю. — Вядома, не еўрарамонт, але сам бачыш… Вось з кухняю толькі, — ён пачухаў локцем сабе бок. — Хацеў гэты лінолеум свінячы памяняць, паслаць драўляную падлогу — цяпер робяць такія, і даволі танна. Ну, патэлефанаваў у нейкую фірму па аб'яве, прыйшлі пазаўчора два, пачалі перасцілаць, потым кінулі ні з таго ні сяго, ледзь пачаўшы. Я прыходжу — ляжаць вось тут, на тумбачцы, усе грошы — аванс, які ім заплаціў. А саміх — ні слыху, ні дыху… Ды што з табою? Чаго ты збялеў?
Я рвануўся на кухню, падскочыў да мяхоў, нагамі і рукамі параскідваў, паадцягваў іх у бакі, упаў на коленцы. Плінтус пад батарэяй быў сарваны, край лінолеума карабаціўся. Я пацягнуў яго на сябе, ён паддаўся, адлупіўся кавалкам усяго ў які метр квадратны — больш яны і ададраць не паспелі! — і ў пліце перакрыцця адкрылася дзірка-"дупло", акурат як вавёрчынае, — невялікае, правільнай круглай формы. Я ўсунуў туды руку і, усё яшчэ не верачы сабе, абдзіраючы аб шурпаты бетон пазногці і пальцы, пачаў мацаць у пустым тайніку…
Крывіцкі стаяў у дзвярах і паглядаў на мяне, як на вар'ята.
Хістаючыся, я падняўся з кален, абцёр аб штаны рукі. Не ведаю, грамадзянін следчы, што кіравала тады мною, чаму я зрабіў тое, што зрабіў… Можа, хоць крыху тлумачэннем паслужыць адна гісторыя (Вы павінны ведаць яе, грамадзянін следчы). Неяк яшчэ ў часы кампаніі супраць п'янства двое мужчын падбеглі да гарэлачнага аддзела, а ён закрыўся ў іх перад носам, і тады адзін, нядоўга думаючы, з усяе сілы засмаліў другому ў вуха. "За што?!" — заенчыў той. — "А што ж рабіць?! Ну вось што рабіць?!" — у роспачы адказаў другі. Гэта, грамадзянін следчы, як мне здаецца, вельмі тонкі, псіхалагічны анекдот, які перадае дзеянні чалавека ў становішчы афекту…
"Што рабіць?! Ну вось што рабіць?!"
Я падышоў да Крывіцкага і голасам, якога сам не пазнаў, папрасіў:
— Стукні мяне, калі ласка. Толькі моцна!
— Ты што? — адхіснуўся ён.
Вось тады, грамадзянін следчы, я і нанёс Крывіцкаму тыя самыя "лёгкія цялесныя пашкоджанні", што фігуруюць у маёй справе. Я ўдарыў яго ў пераносіцу, а калі ён, ускрыкнуўшы, сагнуўся, я ўзяў яго за валасы і пару разоў ударыў яму каленам у твар. Затым, пераступіўшы праз яго, скурчанага ў дзвярах кухні, выйшаў, нават не азірнуўшыся.
Усё далейшае Вы, грамадзянін следчы, ведаеце. Крывіцкі зняў пабоі і напісаў на мяне перш адну заяву, а потым, калі ўбачыў тайнік, здагадаўся, што золата ляжала ў яго пад носам; тады ад злосці, ад адчаю, што сам не дапетрыў, ён і накатаў на мяне заяву другую — хлуслівую ад першага да апошняга слова.
На Вашым месцы, грамадзянін следчы, я дапытаў бы самога пацярпелага — няхай успомніць, якіх майстроў ён выклікаў тады (хоць без сумнення, канцоў не знойдзеш, дурных мала)…
Зыходзячы з усяго вышэй напісанага, прашу Вас, грамадзянін следчы, у абвінаваўчым заключэнні адзначыць наступнае:
1) маё чыстасардэчнае прызнанне і раскаянне;
2) што пабоі, нанесеныя Крывіцкаму, экспертызай прызнаныя "лёгкімі цялеснымі пашкоджаннямі, якія не пагражаюць здароўю пацярпелага";
3) што я знаходзіўся ў стане афекту;
і 4) што я і без таго пакараны маральна. Я ніяк не магу звыкціся з тым, што мог бы атрымаць усё, а па ўласнай дурасці застаўся ні з чым. У мяне ўвесь час баліць галава, я не магу есці і спаць. Няўжо ўсё гэта — недастатковая кара?..
На заканчэнне таксама вельмі прашу Вас, грамадзянін следчы, пахадайнічаць перад пракурорам, каб утрыманне ў КПЗ мне замянілі на "падпіску аб нявыездзе", — да суда, вядома.
1995 г.
Усе нашы выказванні маюць іншы сэнс, які ўтойваецца і які пагэтаму больш значны; неасцярожна і недастаткова задавальняцца прамым сэнсам слоў, бо і сны нашы сімвалічныя, і творчасць — сімвалічная.
Празаіку Н., якога ў мінскім літаратурным асяроддзі адны называлі «маладым пісьменнікам», другія — «дзядзькам, якому пайшоў чацвёрты дзесятак» (напраўдзе яму было роўна трыццаць адзін год), прысніўся сон.
Сон падзяляўся на дзве часткі. Першая: снілася нейкая дзяўчына, трохі падобная на ягоную жонку, але зусім чужая і разам з тым вельмі свая, блізкая, і Н. чамусьці ўпрошвае яе быць з ім, каб потым ехаць некуды разам, і тады ён скажа ёй штосьці важнае, прызнаецца ў нечым. Дзяўчына вагаецца, раздумвае і ўрэшце згаджаецца ехаць, толькі не з Н., а з іншым. Н. едзе з імі ў цягніку, у суседнім купэ, чуе іхнія размовы, смех, яму сумна і горка… Раптам каля Бабруйска на цягнік налятаюць нямецкія самалёты, свіст бомбаў, выбухі, крыкі, кроў… Н. разумее, што трэба спыніць сон, і гэта ў яго ўладзе. Ён спыняе сон, і вось тая ж дзяўчына, ужо недзе ў Мінску, стаіць перад ім, вінавата цярэбіць яго за рукаў, просіць прабачэння. "Цяпер я разумею, — кажа яна, — што трэба было ехаць з табою, цябе паслухацца". Н., шчаслівы, адказвае: "Давай так і зробім, я магу вярнуць усё да пачатку!"