153465.fb2 Афганская шкатулка - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

Афганская шкатулка - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

— Яшчэ трэба снегу… Пайду набяру. А ты пакуль пераапранайся.

Свой мокры бушлат накінуў на плечы. Высунуўся на двор. Завея і не думала ўнімацца! Крушынскі адшукаў у двары зацішак. Закурыў. Ну, гісторыя! І шэнціць жа яму на такое!.. Добра — галоўнае, не нарабіць глупства. Хай пераначуе, а раніцай пабачым.

Ён вярнуўся ў хату. Дзяўчынка ў яго сарочцы сядзела на краі тапчана, апусціўшы ногі ў таз з вадою. Сарочка абвісла ў яе на плячах, а па даўжыні даставала ніжэй каленяў. Яе кашуля валялася каля грубкі сярод іншага хлам'я.

— Вось бачыш, якая ты разумніца! — пахваліў Крушынскі. — Ну, а цяпер, можа, разбярэмся? Хто ты? Як тваё імя? Як ты апынулася ў лесе?

Ніякай рэакцыі.

— Мяне завуць Барыс, ці дзядзька Барыс, ці проста дзядзька — як хочаш, так і заві. Тут я жыву. Да гэтага жыў у горадзе. Што яшчэ табе расказаць. Можаш мяне не баяцца — людзей я і сам баюся. Таму сюды і «пераехаў».

Дзяўчынка зноў толькі моўчкі зіркнула на яго. Аднак падалося яму, што ў яе вачах ужо няма ранейшага страху. Нааадварот — цяпер была ў іх цікавасць.

— Слухай, — спахапіўся ён, — ты ж, мусіць, галодная!

А дужа і даць няма чаго. Заяц, праўда, дык яшчэ прыгатуй таго зайца. Крушынскі кінуўся ў «камору» — маленькую прыбудову без вакон, якая служыла яму і складам, і халадзільнікам, і пограбам. Адпаласаваў кавалак мёрзлага ружовага сала. Усё? Мала ж яму, аказваецца, трэба. На гасцей яўна не разлічаны яго прыпасы.

Вярнуўся ў хатку. Кажух з табурэткі прэч — на вешалку, пачастунак на табурэт. Сала, цыбуліна, часнычына, хлеба краец. Слоік малінавага варэння, які Крушынскі адкрыў зубамі і ўставіў туды лыжку.

Затым перанёс табурэт да тапчана. «Прама ў ложак, сервіс вышэйшага гатунку!» — падумаў іранічна.

Дзяўчынцы было, аднак, не да кулінарана-сэрвісных тонкасцяў. Яна адразу ж накінулася на ежу. Крушынскі назіраў за ёй ледзь не са страхам. Усяго, здаецца, набачыўся ён у жыцці, і што такое голад, ведаў таксама. Неяк у Афганістане, патрапіўшы ў засаду (заблудзіліся па ўласнай дурасці), яны, чацвёра разведчыкаў, аказаліся адрэзанымі ад сваіх. Трое сутак яны вымушаны былі пластом ляжаць на бахчавым полі, уціскаючыся тварамі ў гэтую чужую, пыльную зямлю. Калі цямнела, яны елі дыні. З таго часу Крушынскі проста ўзненавідзеў гэты плод, нават пах.

Але такога малюнка, як быў цяпер перад ім, яму яшчэ назіраць не даводзілася.

Дзяўчынка ела прагна і без разбору. Варэнне «закусвала» салам, хрумстала часнычынай, упівалася вострымі зубкамі ў чарствы хлеб. Затым цыбуліна — і зноў поўная лыжка варэння. Яна чвякала і прыцмоквала. На гэтыя гукі Барс не вытрымаў і вылез са свайго сховішча. Нясмела наблізіўся да тапчана, павільваючы хвастом. Дзяўчынка працягнула яму кавалак хлеба. Барс шчоўкнуў зубамі і імгненна праглынуў яго, ледзьве не разам з пальцамі.

— Ану, месца! Вечна галодны! — Крушынскі тупнуў нагою і сабака знік за грубкаю.

З такімі тэмпамі дзяўчынка, канечне, наелася вельмі хутка. Цяпер яна глядзела на Крушынскага ўдзячнымі соннымі вачыма. «Дзякуй Богу, — падумаў ён, — значыць, і праўда, не так яна не абмарозілася, як проста згаладалая была».

— Ну, а цяпер скажаш што-небудзь? Звычайна дзякуюць у такіх выпадках, — сказаў ён, прыбіраючы табурэт з недаедкамі.

Раптам ён убачыў, што дзяўчынка паказвае яму на свой рот. Ён так і застыў з табурэткаю ў руках.

— Ты што. нямая?! Яна кіўнула галавой: так.

— Ну і ну! Час ад часу не лягчэй… Але ж ты чуеш? І ўсё разумееш?

Ківок галавою: так.

— Ужо нешта… Пачакай! У мяне ж недзе павінна быць.

Крушынскі палез у сваю «шафу», пакапаўшыся там, выцягнуў аднекуль з-пад бязлізны школьны сшытак ў клетку і агрызак хімічнага алоўка:

— Вось — я ж помню, што недзе быў! На, пішы. Дзяўчынка толькі сумна ўсміхнулася і адвяла яго руку са сшыткам.

— Дык ты што ж… і пісаць не ўмееш?! — ад усяго гэтага Крушынскі сам ледзь не анямеў. — Колькі табе гадоў?

Яна растапырыла пальцы, спачатку дзесяць, потым тры.

— Трынаццаць? Табе трынаццаць гадоў? І ты дасюль непісьменная? Зараз я звар'яцею. Вось ужо сапраўды: не было ў бабы клопату, дык купіла парася; не было ў цябе, Крушынскі, турбот, дык знайшоў сабе «кватарантку».

— Ну вось што мне з табою рабіць? — спытаў, як няраз пытаў у свайго Барса, які таксама ўсё разумее, толькі сказаць не можа.

Дзяўчынка, усміхаючыся, паціскала плячыма. Крушынскі ўбачыў, што яна ўмлела ад ежы, што ёй даўно хочацца спаць.

— Так, давай, дарагая, у ложак, — і на гэты раз яна і не падумала аслухацца. Пакорліва шмыгнула пад коўдру, выцягнулася там. Крушынскі накінуў зверху яе высахлы за гэты час, цёплы кажушок: — Пастарайся ўспацець, добра?

Дзяўчынка кіўнула, засынаючы. Ён закрыў далоняй святло лямпы, аднёс яе на стол. Затым, стараючыся не грымнуць чым-небудзь, знайшоў у «каморы» дзве пустыя бутэлькі: паўлітровую пластмасавую і звычайную, з-пад піва. Спаласнуў шкляную кіпнем, каб адышла пасля холаду. Напоўніў абедзьве вадою і падсунуў дзяўчынцы адну пад бок, другую ў ногі — замест грэлак.

Ён сам з ног валіўся ад стомы, але работы яшчэ быў непачаты край. Хоць бы той жа заяц. Бо чым яе карміць заўтра? У кутку хаткі было спецыяльнае прыстасаванне накшталт «шведскай сценкі». Падвязаўшы да адной з пярочак зайца за заднія лапы, паставіўшы ўнізе таз, Крушынскі спрытна аблупіў яго — скура злезла, як панчоха. У тазе разабраў. Выкінуў на двор кішкі і выпусціў следам сабаку — цяпер, нябось, не замерзне, пад'еўшы. Ногі, грудзіну — у чыгун, лісту туды, перцу, морквы, хай тушацца. Разаслаў каля грубкі на падлозе кажух, зверху бушлат. Нармалёва! Закрыў юшку ў грубцы, патушыў лямпу. Але не паспеў улегчыся, як зноў падскочыў.

Дзяўчынка задыхалася. Хуткае выздараўленне яе аказалася падманам. Яна зноў была ў непрытомнасці. Лоб яе быў усеяны буйнымі кроплямі поту і гарачы, што тая вада, якой Крушынскі напаўняў свае «грэлкі». Яе яўна тэмпературыла. Крушынскі паднёс да лямпы правую руку — было тры гадзіны ночы.

Так да самай раніцы і не ўдалося яму змружыць вачэй. Ён сядзеў каля хворай, трымаючы на яе гарачым ілбе далонь. Толькі гэта і памагала, толькі тады дзяўчынка пачынала дыхаць раўней. Нарэшце пад раніцу яна супакоілася. Жар спаў. Лоб быў мокры, але зусім не гарачы. Усё адно Крушынскі цяпер не мог паверыць, што гэта сапраўднае выздараўленне. Дужа крохкім, кволым, ненадзейным яно было. Гарачка магла ў любы час вярнуцца.

Калі за вакном ледзь-ледзь развіднела, Крушынскі нацягнуў на сябе джынсы, світэр. З шафы дастаў новую скураную куртку і высокія, з тоўстай падэшваю чаравікі. Паклаў іх у сумку. На галаву не стаў адзяваць нічога, толькі прычасаўся без люстэрка.

З двара прымкнуў хату, але такім чынам, што калі піхнуць з сярэдзіны, дык замок спадзе. Стаў на лыжы. Радасны сабака сабраўся быў з ім. Крушынскі крыкнуў на яго, нават нямоцна перацягнуў лыжнай палкаю. І Барс застаўся ў двары, тужліва гледзячы гаспадару ўслед.

А той слізгаў лясной дарогай ў бок шашы. Сёння не было завірухі, але не было і сонца, проста пахмурна і здорава. Марознае паветра студзіла галаву. Адразу прапала санлівасць. Фізічны рух адначасова разганяў і тлумныя думкі. Усё будзе добра! Павінна быць добра. Цяпер трэба толькі, каб яму крышку пашэнціла.

Час ад часу ён спыняўся і правяраў палкаю глыбіню снегу на дарозе. Пад снегам была мёрзлая цвярдыня. Гэта радавала яго.

Каля самай шашы ён выгледзеў густы куст ядлоўцу. Схаваў у яго лыжы. Стоячы, пераабуўся ў «гарадскія» чаравікі, сумку са старымі павесіў у тым жа кусце на сучку. Захінуў галінамі і выйшаў на дарогу.

Шаша была пустая, адно пазёмка гуляла па ёй. Цяпер ад Крушынскага ўжо нічога не залежала. Можна спакойна курыць і чакаць. І спадзявацца на ўдачу. Канечне, мала верагодна, што такога падазронага барадатага пасажыра, які стаіць на пустой шашы сярод лесу, кінуцца наперабой падбіраць «папуткі».

Алё яму і праўда сёння шэнціла. Першая ж машына аказалася міжгароднім рэйсавым аўтобусам. Крушынскі падняў руку. Чатыры габарытныя фары наблізіліся, асляпілі яго і пранесліся побач, абдаўшы яго халодным ветрам. Крушынскі пабег услед. Аўтобус звярнуў на ўзбочыну і спыніўся.

Неўзабаве Крушынскі сядзеў у цёплым, цёмным, амаль пустым салоне. Аўтобус з кожным кіламетрам набліжаў яго да Мінска. Прымхлівы, як і большасць мужчын, што пабывалі на вайне, Крушынскі па-дзіцячы радаваўся сваёй удачы: ад таго, як пачнецца дзень, думалася яму, будзе залежаць і тое, як ён пройдзе.

Раздзел VII

Горад. — Незгаворлівы прыватнік. — Крушынскі «выбівае» пазыкі. — Не так гэта проста. — Даўжнік. — Жанчына з хлопчыкам. — Шчодрасць Крушынскага. — Зноў нерваванне.

Аўтобус падруліў да Усходняга вакзала. У Мінску развідневала, патухалі ліхтары.

Крушынскі выйшаў на перон і паглядзеў на гадзіннік. Было сем раніцы. Ён падняўся на другі паверх. У буфеце купіў кавы, хаця кавай тое, што яму падалі, назваць было цяжка. Светлы прытарны салодкі напой, які так нагадваў армейшчыну! Толькі два глыткі і зрабіў Крушынскі, і з прыкрасцю адсунуў шклянку.

Трэба дзейнічаць — дарма што рана! Трэба даставаць грошы. Ён выцягнуў з кішэні паперку і падышоў да таксафона, прыкрытага пластыкавай накрыўкай-паўкругам. Пакуль набіраў нумар, барада шоргала аб халодную стылую трубку. На тым канцы доўга не адказвалі, ён з рашучай упартасцю націскаў на кнопку паўтору. Калі ж у трубцы нарэшце шчоўкнула і сонны сярдзіты голас абазваўся:

— Алё! — Крушынскі, ні слова не кажучы, трубку павесіў. «Кліент» быў дома, гэта адзінае, што яму трэба было ведаць.

Ён выйшаў на перон. Машын на стаянцы было больш штук пятнаццаць, і каля кожнай стаў, пакручваючы ключы на пальцы, дзяцюк.

— Таксі бярэм!

— Куды трэба, малады чалавек?