153465.fb2
— Куды едзем? — спытаў шафёр, кладучы руку на шарык лапкі перадач.
Гэта быў зусім малады хлопец, з вусікамі, у скураной карычневай куртцы, з нагруднай кішэні якой высоўваўся сотавы тэлефон. Крушынскаму хлопец спадабаўся.
— Барыс, — ён працягнуў руку. Хлопец не адразу паціснуў яе.
— Стась, — назваўся, памарудзіўшы. Затым дэманстратыўна дастаў з кішэні свой тэлефон. — Але? Я ўзяў пасажыра. Знаходжуся на Усходнім вакзале.
Крушынскі адно пасміхнуўся ад ад гэтай наіўнай перастрахоўкі. Разам з тым крыху і прыкра зрабілася. І што яго так баяцца ўсе? Чым ён выклікае гэтую падазронасць? Барадою? Ці за гэтыя чатыры месяцы адзіноты ён сапраўды так моцна змяніўся, што і ў паходцы яго, і ў паглядзе з'явілася штось дзікаватае?
— Так, Стась, — сказаў ён, — ты мне спатрэбішся сама мала на дзве гадзіны. Атрымаеш сто даляраў.
— Згода. Дык куды паедзем?
— Не ведаю. Трэба падумаць.
— Што за жарты?!
Стась усхапіўся, нават дзверцы расчыніў, нібы збіраючыся клікаць таварышаў на дапамогу.
— Калі ты баішся, ці не верыш мне, я знайду другога, — сказаў Крушынскі.
Падзейнічала. Стась супакоіўся, зачыніў дзверцы. Толькі перапытаў недаверліва:
— Сто даляраў?
— Сто.
— Палову цяпер! — рашуча запатрабаваў Стась.
— Цяпер у мяне няма ніводнага беларускага рубля, не тое што даляраў.
Вочы ў Стася зрабіліся крулымі.
— Так! Давай, дзядзька, з машыны!
— Стась, калі ў мяне няма грошай з сабою, — цярпліва пачаў тлумачыць Крушынскі, — гэта не значыць, што іх не будзе праз дзесяць хвілін. Мне вінаватыя. Мы пад'едзем і забярэм пазыку. Я разлічуся з табою. Што тут незразумелага?
— А калі ты падманіш? Пойдзеш і не вернешся?
— Вярнуся.
— А калі ён табе нічога не дасць?
— Паедзем у іншае месца. І вось што, Стась. Я першы раз у жыцці бачу такога чалавека. Цябе так часта падманвалі? Як ты жывеш, нікому не верачы?
Стась маўчаў. Пальцы яго нервова барабанілі па рулі.
— Калі я не змагу раздабыць грошы, ты застанешся ні з чым, — дадаў Крушынскі, якога самаго пачало ўжо стамляць гэтае ўламванне.
— Называй адрас! — згадзіўся нарэшце шафёр. Аднак не паспела машына крануцца з месца, як раптам зноў спынілася.
— Пачакай — можна ж прасцей! Навошта бензін дарма паліць? На, пазвані яму, спытай, ці аддасць, — Стась працягнуў Крушынскаму тэлефон.
— Дзівак ты. Хіба ж такія рэчы так робяцца? Не паспею я яму пазваніць, як яго і след прастыне. Тут знянацку трэба. Галоўнае, я ведаю, што ён цяпер дома.
— Лагічна, — не мог не згадзіцца Стась. Хвілін праз дзесяць «масквічок», паблукаўшы крыху па брудных і калдыбаністых вулічках Чыжоўкі, спыніўся каля старога, але дагледжанага дома. Металічныя дзверы пад'езда зачынены былі на кодавы замок. Крушынскі званіць не стаў, а прыняўся прахаджвацца каля пад'езда ўзад-уперад. Стась заглушыў матор і цярпліва чакаў.
Чакаць давялося нядога. Неўзабаве дзверы расчыніліся. Дзўчынка на ланцужку вяла на шпацыр лупатага маленькага бультэр'ера. Крушынскі прытрымаў нагою дзверы:
— Дзякую! Ключы забыў.
У ліфце падняўся на трэці паверх. Зверху, над дзвярыма кватэры, на яго пазіраў аб'ектыў відэадамафона. Ён націснуў кнопку. Чаканне, чаканне — відаць, там, у кватэры яго разглядалі.
— Адчыні. Гэта Крушынскі, — сказаў ён, папярэджваючы абавязковыя «хто там?», ды «што вам трэба?»
— Барыс, ты? — залабуніў, прапускаючы яго ў аграмадную пярэднюю, мужчына ў адных трусах і ў майцы. Ён быў заспаны і босы. — Дзе ты знік? Што ў цябе за выгляд? Барада. Праходзь, калі ласка, распранайся! Чаго так рана? Што здарылася?
Не адказваючы ні наводнае з гэтага каскаду пытанняў, Крушынскі стаяў у парозе. Ён і не праходзіў і не распранаўся. З дзвярэй цягнула скразняком. Крушынскі прычыніў іх.
— Мне трэба грошы, — сказаў ён.
— Ах, як не ў час, Барыс! — даўжнік апусціўся на пуф, абхапіў галаву рукамі і аж застагнаў. — Дзе ж набрацца тых грошай?! Усё кепска, усё развальваецца.
Крушынскі акінуў вокам гасціную. Не падобна было, каб так усё кепска, каб так усё развальвалася. Нават памерамі сваімі гасцёўня не намнога саступала пляцоўцы ў кар'еры, дзе хлопчыкі гулялі ў хакей. Па цэнтры знаходзілася лесвіца, якая вяла наверх — кватэра была дзвюхпавярховая.
— Так што прабач — зусім не ў час ты… Пазней як-небудзь, — цягнуў сваю песню даўжнік.
— Канчай хныкаць, — груба перапыніў яго Крушынскі.
Усё гэта было яму задужа знаёма. Як толькі справа пачынала тычыцца вяртання пазыкі, так ва ўсіх без выключэння яго даўжнікоў аказвалася кепска. Усё ў іх развальвалася. Гэта ён, калі сам круціўся ў падобных сферах, мог не шкадаваць грошай, любіў раскідвацца імі направа і налева, пазычаў усім без разбору. Яму тады і ў галаву не магло прыйсці, як цяжка, амаль немагчыма потым будзе гэтыя грошы вярнуць. Усе як адзін даўжнікі, хаваючы вочы, уздыхалі, хітрылі, вілялі, скардзіліся, якія чорныя насталі для іх гадзіны, якія яны цяпер бедныя. Спачатку Крушынскі нават верыў гэтаму. А калі і не верыў, бачыў, што яго падманваюць, дык часта ў яго проста не хапала духу настаяць на сваім: прыгразіць, стукнуць па стале кулаком. Канечне, даўжнікі, ведаючы яго характар, як маглі карысталіся гэтым. Калі ж ён перабраўся ў леснічоўку, дык проста плюнуў на даўгі. Грашовае пытанне знікла само сабою. Невялічкіх зберажэнняў хапала яму, яшчэ і на Барса заставалася.
Але цяпер яму раптам стала крыўдна. Момант быў зусім іншы. Цяпер яму пазарэз трэба былі грошы — не для сябе.
— Ну, няма, хоць ты тут…
Нічога не кажучы, Крушынскі ступіў да яго. Даўжнік, які па-ранейшаму сядзеў на пуфіку, зрабіўся белы. Дужай рукой Крушынскі згроб яму на грудзях майку.
— Калі ты мне абяцаў аддаць? Праз два тыдні? А прайшло колькі? Два гады! Але я і цяпер бы цябе не чапаў — мне асабіста грошы больш не патрэбны. Яны трэба іншаму чалавеку!
Крушынскі адштурхнуў даўжніка, той ледзь не зваліўся з пуфіка. Жаласліва паглядаў на Крушынскага знізу ўверх, паціраючы шыю.
Крушынскі змякчыўся.
— Добра, тады давай так, — ён выцягнуў з кішэні нейкую брудную пакамечаную паперку. — Вось твая распіска. Тут чорным па белым, тваёй рукою ўказана, што ты вінен мне пяцьсот. Правільна? Аддай мне палову — і гэтая паперка твая. Дзвесці пяцьдзесят спісваю. Толькі цяпер, вось зараз жа аддай.
— Няма, — адварочваючыся, прашаптаў даўжнік. — Можаш забіць, задушыць мяне тут — няма ні капейкі, ні цэнта!