154426.fb2
Ганна-Паята, бянтэжачы Далібора, неадрыўна глядзела на яго. З таго часу, як яна стала жонкай кунігаса Міндоўга, яна жыла нібы на востраве. Ні разу не пусціў яе кунігас з'ездзіць у Цвер, наведаць бацькоў і сябровак. Яна была ў суровай лясной сталіцы, дзе нязгасна гараць агні Пяркунаса, дзе шэпчуць незразумелыя словы доўгавалосыя вайдэлоты, дзе адно толькі на вуснах ва ўсіх: вайна, вайна… Хрысціянка, абкружаная шумлівым паганскім морам, яна спачывала душой толькі ў сваёй малітоўні. Адразу пасля вяселля свякроў, маўклівая маці Міндоўга, дала нявестцы зблытаны клубок ваўняных нітак, каб тая да сняданку іх разблытала і пераматала. Ганна-Паята справілася тады з нялёгкай работаю, але адчувала і сёння, што ўсё ў яе жыцці заблытана, склычана, што да самага скону трэба несці свой цяжкі крыж. Яна шчыра малілася за Міндоўга і ягоных паплечнікаў. Яны былі паганцамі, дзецьмі на гэтай грэшнай зямлі. Іх, вядома ж, калі толькі не павернуць свае душы да Хрыста, чакаюць скудзельніцы19, поўныя агню. Адзінай уцехаю заставаўся старэйшы сын, любімы Войшалк, ці Васіль, як звычайна называла яна яго. Сын меў два імені, але адну душу, і маці дужа хацела, каб гэта душа была хрысціянскай. Цяжка было залучыць Войшалка ў малітоўню — то паход, то Таўцівіл з Эдзівідам б'юць таранам у варуцкую браму, то бацька, кунігас Міндоўг, не адпускае ад сябе. Але калі ён прыходзіў, высокі, цёмнавалосы, танклявы, Ганна-Паята ўся ўспыхвала ад радасці, і бледныя шчокі залівала пяшчотная чырвань. Нездарма кажуць: «Мужчына чырванее, як рак, жанчына чарванее, як мак». Яна садзіла сына побач з сабой, брала яго рукі ў свае і пачынала расказваць пра Цвер, пра вясновую Волгу, пра прыгожыя цэрквы над рачной стромай. Яна расказвала яму пра Афон, які завецца Святой Гарою, дзе збудавана ажно дваццаць праваслаўных манастыроў. Гэта сапраўдная дзяржава манахаў. Калісьці туды і нагой не магла ступіць ніводная асобіна жаночага полу. Толькі пчолам дазвалялася лётаць, бо яны, пчолы, збіраюць божы тавар, нектар і воск. Дзякуй візантыйскаму імператару Аляксею Комніну. Ен дазволіў жанчынам наведваць Афон. «Я пайшла б туды, паляцела, папаўзла», — страсна шаптала княгіня і выпрабавальна глядзела на Войшалка. Сын маўчаў. Светлыя вочы цямнелі, востры агеньчык пачынаў трапятаць у іхняй глыбіні. «Ідзі. Хай табе добрыя сны сняцца», — адпускала Ганна-Паята Войшалка. Наступным жа разам, як бы між іншым, пачынала кпіць з літоўскіх багоў, якіх незлічонае мноства. Смяялася над вярхоўным богам Дзіверыксам, над богам-кавалём Кальвялісам, які скаваў сонца, над ахоўнікам лесу і палявання Мядзейнасам і над заечым богам… «Падумаць толькі — у Літве нават зайцы маюць свайго бога, — як бы здзіўлена казала яна і строга дадавала: — Хрыстос — уладыка ўсяго жывога».
Вось перад якой жанчынаю сядзеў новагародскі княжыч Далібор і не ведаў, аб чым весці гаворку. Ен не быў гаваруном, тым больш між чужых людзей. Выручыла княгіня.
— У вас у Новагародку, я чула, ёсць вельмі багаты святы храм, — прамовіла яна і перакінула позірк на Войшалка.
— Храм пакутнікаў Барыса і Глеба, — хуценька адказаў Далібор.
— Мяне жыццё карчом зрабіла, — сумна ўздыхнула Ганна-Паята. — Сяджу на адным месцы. А так бы хацелася з'ездзіць у Новагародак на маленне.
Далібор не паспеў адказаць. З панадворку пачуліся крыкі, рогат, дзікае конскае ржанне.
— Што там такое, Васіль? — занепакоілася княгіня. Войшалк выйшаў з малітоўні, і колькі часу Далібор з Ганнай-Паятай сядзелі моўчкі. Уляцела нейкая мошка, кінулася на полымя свечкі і згарэла з лёгкім трэскам і смуродам. Літоўскі княжыч вярнуўся з пахмурнелым тварам. Маці запытальна паглядзела на яго.
— Дружыннікі звязалі трох коней хвастамі і скаляць зубы, — растлумачыў Войшалк і дадаў: — Я загадаў развязаць.
— А дзе кунігас? — зморшчылася Ганна-Паята.
— Ен там таксама быў, смяяўся, — з неахвотаю адказаў Войшалк.
У гэты час пачуліся гучныя ўпэўненыя крокі, і ў малітоўню ўвайшоў Міндоўг. Усе ўсталі. Кунігас пацалаваў жонку ў шчаку, паляпаў сына па плячы, хітравата падміргнуў Далібору. Відно па-ўсяму, у яго быў добры настрой.
— Сонца на вуліцы, а вы каля свечак грэецеся, — весела прамовіў кунігас. — Усё Хрысту кланяецеся. Ці не стане спіна качаргою?
Заўважыўшы абураны позірк Ганны-Паяты, ён замахаў рукамі — маўчу-маўчу. Потым сеў на пуф, усміхаючыся, пачаў гаварыць:
— А мне сёння ўва сне відзежа была. Бацьку свайго нябожчыка кунігаса Рынгольта бачыў.
Пры гэтых ягоных словах усе затаілі дыханне.
— Падалося, быццам на тым свеце да бацькі я прыйшоў. Павячэралі мы, Літву нашу ўспомнілі, і пачаў я вечнае ложа рыхтаваць, мяккай зямлёю бацьку засыпаў. Назаўтра пытаюся: «Як ты спаў?» — «Ох, цяжка, — застагнаў бацька. — Чэрві і гады елі мяне». Тады я для яго скрыню драўляную, дамавіну, змайстраваў. Назаўтра бацька зноў плача, жаліцца: «Не магу тут ляжаць. Камары і пчолы кусаюць». І рашыў я па звычаю дзядоў нашых краду вогненную сатварыць20 і паклаў кунігаса на агонь. Раніцаю пытаюся: «Як табе спалася?» Вочы ў бацькі заблішчалі, абняў ён мяне, моцна пацалаваў і звонкім голасам кажа: «Дзякуй табе, сыне. Соладка я спаў. Як дзіця ў калысцы».
Міндоўг скончыў, уважліва паглядзеў на княгіню.
Вядома ж, у першую чаргу ёй, хрысціянцы, прызначаўся гэты расказ. Яна сядзела з нерухомым тварам, ціхая і бледная. Раптам яна ўсхліпнула.
— Перастань, — лагодным голасам сказаў Міндоўг. — Вытры слёзы.
Ганна-Паята паслухмяна выканала мужаву просьбу-загад.
— Жанчына выцірае слязу пальчыкам, мужчына — кулаком, — усміхнуўся кунігас і рашуча дадаў: — І ўсё-такі на агонь абменьваецца ўсё, і агонь — на ўсё, як на золата — тавары і на тавары — золата. Так вучыў рамейскі мудрэц Геракліт. Так вучыў вярхоўны жрэц, Вайдзевутас. Вось чаму мы ў Літве пакланяемся агню і не закопваем сваіх нябожчыкаў у зямлю.
Ен павярнуўся да Далібора.
— Засумаваў у нас новагародскі княжыч?
І, не даўшы Далібору адказаць, паклаў яму руку на. плячо.
— Заўтра на ловы паедзем, на вялікае паляванне. Ведаю, што вы, новагараджане, любіце гэту справу. Мы любім таксама. Ці не праўда, Войшалк?
— Праўда, праўда, — згодна заківаў галавою ўзрадаваны сын.
— Сабаліныя і гарнастаевы футры, па сорак і па сто штук у кіпе, мы возім у Полацк і Менск і да вас у Новагародак. А ведаеш, якія ў нас мядзведзі водзяцца? Муравейнікі, аўсянікі і сцярвятнікі. А ваўкі? Конюхі — вялікія, з шэрай поўсцю, і свінятнікі — меншыя, цёмна-жоўтыя.
Міндоўг, як, бадай, кожны літоўскі кунігас, ведаў толк у паляванні, змалку любіў яго. Мужчыны ўсхвалявана пачалі абмяркоўваць заўтрашнія ловы. І толькі Ганна-Паята, самотная душа, сядзела на сваёй канапе, рабіла выгляд, што ўважліва слухае іх, а думкі былі далёка-далёка адсюль, у нейкім захмар'і. Нездарма кажуць, што моль адзенне есць, а смутак — чалавека. Бачыўся варуцкай княгіні заліты гарачымі промнямі Афон, блакітнае ціхае мора, белыя сцены манастыроў, на якіх раскашуецца, лезе ўверх ап'янелая ад сонца вінаградная лаза. Там, у той сонечнай цішыні, жывуць, гутараць з богам смуглыя велікавокія людзі, што харчуюцца мёдам дзікіх пчол і акрыдамі, маладой смажанай саранчой. Як хацелася ёй туды з гэтай лясной глушэчы, ад крыві і страху, ад бясконцых незразумелых войнаў. Там ёсць месцы, дзе нават забаронена араць зямлю, бо зямля — жывая і саха земляроба можа прычыніць ёй боль.
На ловы Далібор узяў свой любімы лук. Літоўцы не надта ведалі гэту зброю, і Войшалк з вялікай цікавасцю круціў яго ў руках, цмокаў языком. Лук біў звера і чалавека за сто сажняў і складаўся з некалькіх частак. Галоўнаю была кібіць — дрэўка лука, кожная палавіна якога называлася плячом альбо рогам. Касцяныя накладкі называліся мадзянамі, а ніжні бок рога — падзорам. На канцах рагоў мацаваліся косці, да якіх прывязвалася цеціва. Рабілі яе з ласіных або валовых сухажылляў. Звычайна лук быў з расслабленай цецівою, і толькі перад самым паляваннем або перад самай бітвай яе нацягвалі. На левае прадплечча Далібор надзеў металічны бранзалет-наручку, каб ахоўваць руку ад удараў цецівы, а на вялікі палец той жа рукі — касцяное кольца. Стрэлы ў яго былі бярозавыя і з лясной яблыні-дзічкі.
На ловы выехалі вялікай рознакаляровай кавалькадаю. Паперадзе на белым кані ехаў Міндоўг. Побач з ім гарцавалі браты-кунігасы Вісмант і Спрудзейка, абодва светлавалосыя, вясёлыя, прыгожыя. Міндоўг казаў ім ласкавыя словы, усміхаўся ім, і яны, як маладыя жарэбчыкі, паказвалі варуцкаму кунігасу і ўсім свой спрыт і жвавасць. То вырываліся наперад, абганяючы адзін аднаго, то кідалі высока ўгору шапку і, пусціўшы коней галопам, лавілі гэту шапку на кап'ё.
— Дужа вясёлы сёння кунігас. Не чакай добрага, — ціха сказаў Далібору ваявода Хвал, які ехаў побач.
Далібор з непаразуменнем паглядзеў на ваяводу. Аб дзіўным думае і гаворыць стары вой у такі радасны, такі сонечны дзень. Няўжо можна насіць чарноцце на душы, калі блішчыць неба ад залатых промняў, калі трапеча кожная жылка ў хутканогага каня?
— Вісмант як таль21 у Міндоўга. Ды і брат яго таксама, — растлумачыў Хвал. — Прашу цябе, княжыч, на ловах трымайся каля мяне. Пушча вялікая. Шмат сецяў-мярэжаў у ёй.
Ваявода сваімі жаўтлявымі вачамі строга зірнуў на Далібора.
— Мне князь Ізяслаў наказ даў прыглядваць за табою. Твой жа лях сёння ляжыць як палена. Трымайся каля мяне. І ад мядзведзя, і ад ліхога чалавека разам адаб'ёмся.
У Косткі, якога так не любіў ваявода Хвал, перад ловамі раптоўна разбалеўся жывот. Бедны лях аж енчыў, увесь пасінеў, і яго пакінулі ў горадзе пад наглядам Найдзёна і варуцкіх зялейнікаў.
— Жарало ненаеднае, — сказаў пра яго ваявода, маючы на ўвазе, што ўчора вечарам лях дужа налягаў на розныя літоўскія прысмакі.
Пад'ехалі да густога лесу. Пэўна, зусім нядаўна ў яго ўбягала навальніца, бо мноства дрэў, тонкіх і тоўстых, ляжала на зямлі, бездапаможна растапырыўшы свае карані. Міндоўг уладным рухам рукі спыніў усіх, саскочыў з каня і памаліўся богу лесу і палявання Мядзейнасу і заечаму богу, папрасіў у іх дазволу праліць звярыную кроў. Багі далі згоду, бо раптоўна зашумелі дубы на ўскрайку, заківалі светла-зялёнымі галовамі бярозы і ліпы, нейкія цені і нейкія плямы святла радасна замітусіліся ў лясным глухатраўі.
У пушчы для ловаў кунігасавы асочнікі і коймінцы загадзя змайстравалі доўгую, амаль на дзве вярсты, загародку з жэрдак і колляў. Сажняў праз дзвесце — трыста ў ёй меліся праходы. На гэтых праходах звяроў чакалі лоўчыя ямы, замаскіраваныя травой і галлём, сілкі, петлі-зашмаргі, самастрэлы.
Адчувалася, што пушча аж кішыць звяр'ём. Тры сонцавароты не ездзіў сюды Міндоўг на ловы, а без яго, кунігаса, ніхто не смеў і чхнуць у пушчы. Аднойчы асочнікі злавілі тут згаладалага смерда-палянца, які біў драўлянай калатушкаю цецерукоў. Як ні прасіўся бедалага, як ні цалаваў ногі, з жывога злупілі скуру і кінулі звязанага ў агромністы мурашнік.
Тоненька вішчалі на шворках сабакі. Перад ловамі іх не кармілі, толькі папаілі вадою, і мутныя ад голаду сабачыя вочы прагна глядзелі ў зялёную лясную глушэчу, туды, дзе, нікога не баючыся, ні аб чым не здагадваючыся, лагодна саплі, грызучы мяккую салодкую траву, тлустыя туры, важна пасвіліся зубры, драмалі на сонечных палянках казулі і сарны, у гушчары адлежваліся ласі і дзікі.
Вось чорнабароды асочнік, якому Міндоўг, упэўнены ў важнецкім паляванні, загадзя падараваў жменю срэбных і залатых манет, узняў касцяны рог, затрубіў. І быццам віхор уварваўся ў маўклівую пушчу. Шалеючы, звонка загаўкалі сабакі, ударылі ў бубны, засвісталі ў свісцёлкі асочнікі, успыхнула мноства паходняў, на ўсе грудзі закрычалі паляўнічыя ад вялікага кунігаса да самага мізэрнага канявода.
Стогн прайшоў па пушчы. Яшчэ зусім нядаўна тут чуўся трубны покліч звяроў, калі шукалі і сустракалі яны сваё каханне. І вось усяму наступіў канец. Чалавек узняў зброю, і не было аніякага паратунку ад яе. Нават калі б у тураў і казуль выраслі крылы, не здолелі б яны аддаліць свой смяротны час, бо над усімі сцежкамі і прасекамі на высокіх шастах былі развешаны перавесы і цянёты.
Велізарная маса звяр'я, ломячы падлесак, рынулася проста на загародку, а там — у такія зманлівыя праходы. Выратаванне і жыццё былі, здавалася, зусім побач. Некалькі скачкоў — і застануцца ззаду ненавісныя ашалелыя сабакі, крыкі, яркі агонь паходняў сярод белага дня, трывожны пах згубнага металу. Але чалавек хітрэйшы. Дзесяткі, сотні звяроў правальваліся ў лоўчыя ямы, наляталі на вострыя коллі, на самастрэлы, адчайна біліся, сплятаючы і крышачы рогі, у сілках і петлях-зашмаргах. Таго ж, каму пашанцавала, хто праскочыў гэты крывавы смяротны рубеж, чакала сцяна капейшчыкаў, чакалі сякеры і бязмены, дубіны і лукі. Метал бесперашкодна ўваходзіў, упіваўся ў жывую звярыную плоць, і падсякаліся ногі, тухлі вочы, такія бліскучыя і трапятлівыя за некалькі імгненняў да смерці, такія прыгожыя. Расла гарачая гара мяса, гара рагоў і футравіны. А людзі, абпырсканыя яркай-яркай крывёй, усё не ведалі спыну. Надоўга запомніць пушча гэты дзень. Надоўга застанецца яна пустой, заселенай адным толькі ветрам.
Далібор зваліў тры або чатыры казулі і быў задаволены сабою. У ягоным Новагародку не было такога размаху на ловах. Князь Ізяслаў стараўся ашчаджаць лясных насельнікаў, і не часта на зялёную траву цякла звярыная кроў.
Глыбока ў лесе пачулася песня. Збіраліся ў адну купу асочнікі і паляўнічыя.
Любяць песню літоўцы. Спяваюць у полі і на лузе, у час адпачынку і ў час працы, спяваюць маладзенькія дзяўчаты і хлопцы, старыя дзяды і бабулі, спяваюць пад шэрым дажджом і пад іскрыстым сонцам.
Пад'ехаў на замыленым кані ваявода Хвал, шапнуў Далібору:
— Ну, што я казаў, княжыч? Цягнуць з пушчы на туравай шкуры Вісманта і Спрудзейку. Абодва мёртвыя. У лоўчую яму зваліліся. А ў той яме іх паранены тур стаптаў.