154426.fb2
— У вадзе ў нас гудзёлкі жывуць. Як вашы русалкі,— растлумачыў Міндоўг. — У месячныя ночы выплываюць з самага дна, спяваюць, танцуюць, маладых хлопцаў да сябе вабяць. А завабіўшы, заказычуць да смерці. Шмат мужчынскай сілы ляжыць на дне рэк і азёр.
— Русалкамі ў Новагародскай зямлі робяцца маленькія дзяўчынкі, якія памерлі і якіх не паспелі пахрысціць, — падтрымаў гаворку Далібор. — Любяць яны гушкацца на дрэвах. Аблепяць зялёнае голле і кожнага, хто напаткаецца ім, клічуць: «Ідзі да нас на арэлі, будзем калыхацца». Вызвалішся ад іх толькі тады, калі маеш пры сабе што-небудзь жалезнае. Пакажаш жалеза — адразу знікаюць. Адны сляды на пяску застаюцца.
— Прыехалі,— сказаў Казлейка і спыніў коней. Да гэтага, як і належыць прыслугачу, ён сядзеў нерухома і маўкліва, ніба камень.
Перад Даліборам, перад прыціхлымі літоўцамі ва ўсёй прыгажосці і велічы ўстала, разгарнулася светлая свяшчэнная дуброва. Сотні, тысячы дубоў адной сям'ёю ўздымалі ў неба магутныя таўсматыя галіны, нібы рукі Цягнулі да аблокаў. Галіны гэтыя былі пакручаста-звілістыя, сагнутыя, бо кожны свой лісцік дуб павінен паказаць, падставіць сонцу. Пад парывістым ветрам чуўся зверху жалезны скрыгат пацямнелай дубовай лістоты. З цяжкім гупаннем падалі да падножжа дрэў мокрыя, налітыя яраснай жыццёвай сілай, жалуды. Кожны жолуд стромка ляцеў уніз, не адхіляючыся ні на пядзю, і клаўся каля свайго роднага дрэва. Разам з жалудамі ляцела, сыпалася вялікае мноства кароценькіх дубовых галінак з некалькімі пажоўклымі лістамі. Дуб вельмі шануе святло і, ловячы яго, як бы абтрасае, ачышчае ад лішніх галінак сваю ганарлівую, высока ўзнятую галаву. Гэта пра яго кажуць: любіць расці ў кажусе, але з непакрытай галавой. Увесь дол быў засланы апалымі лісцямі і галінкамі. Праз частакол магутных тоўстых ствалоў прарываўся вецер, узвіхурваўся ў глыбіні дубровы, раскідваючы, распырскваючы ва ўсе бакі мёртвае лісце.
— Алка, — усхваляваным ціхім голасам выдыхнуў Міндоўг і зняў з галавы шапку.
Далібор ужо чуў раней гэта слова, ведаў яго. Алка — гэта свяшчэнны дубовы лес, гэта цвярдыня прадзедаўскай веры. Дуб, а не якое іншае зямное дрэва абралі багі, каб у шуме ягонай вечнай лістоты пасылаць свае вітанні і свае загады ўсім тым, хто пакланяецца Пяркунасу. Дуб не баіцца маланак, бо сам — сын маланкі. Тысячагадовы і непарушны, глядзіць ён са сваіх вышынь на пакаленні людзей, бачыць, як немаўляты, што спалі ў калысках, падвешаных да ягоных галін, ахінутых ягоным ценем, растуць, дужэюць, робяцца воямі, потым робяцца дзядамі з белымі, як снег, бародамі. Дзяды паміраюць, кладуцца лёгкім прысакам на памінальных жоглішчах, але, як жалуды, прыходзяць на гэту зялёную зямлю новыя людзі, каб шанаваць і берагчы тое, што вяло па жыццёвай дарозе дзядоў.
Літоўцы пачалі тварыць сваю малітву. Далібор стаяў збоку, таксама зняўшы шапку. У ягоным хрысціянскім Новагародку свяшчэнным дрэвам, улюбёным дрэвам багародзіцы святары аб'явілі белую бярозу. З дуба ж кпліва смяяліся, здзекаваліся, бо быў ён дрэвам старой паганскай веры. А што паганскае — тое дурное і цёмнае, і той, хто верыць старым багам, таксама дурны і цёмны, мае на плячах дубовую галаву. Але стаіць побач Міндоўг, няўрымслівы жарсткавокі кунігас, і кажа, што дуб — ахова ўсяго народа. І Далібор верыць яму, бо бачыць, як гараць вочы ў літоўцаў, якія прасветленыя ў іх твары. Літовец ніколі не ссячэ дуб. Лепш руку сабе адсячэ ці нагу. А ў Разанскім праваслаўным княстве (ведае Далібор) дубы ссякаюць, але і там дуб — ахова народа. Ратуючыся ад татарскай конніцы, разанцы ссякаюць цэлыя дубровы, кронамі кладуць іх на поўдзень, і ўстае ў голым стэпе, палохае ашаломленых стэпавікоў непраходная і непраезная рагатая сцяна.
Далібор нахіліўся і ў абляцелай дубовай лістоце паміж мноства жалудоў убачыў жолуд, які паспеў ужо прарасці. Моцным белым карэньчыкам, што быў падобны на крывульку, жолуд намацаў зямлю. Ягоныя ружовыя тоўстыя семядолі рассунуліся, расчыніліся, і на белы свет асцярожна зірнула маленькая почачка. Жолуду яшчэ трэба перазімаваць зіму, і калі не закасцянее ён ад марозу, то будучай вясною шпарка пойдзе ў рост. Але колькі неспадзяванак чакае ягонага сынка.
— Бачыў нашы святыя дубы, княжыч? — задаволена спытаў Міндоўг. — У іх — моц Літвы. Клянуся багам, што я ўзніму Літву на такую вышыню, аб якой і не сніцца маім ворагам. Вучаць мудрацы: ні ўва што надта не ўлюбляйся, бо разлюбліваць давядзецца. Ведаю, як цяжка гэта і балюча — разлюбліваць. Разлюбіў — быццам нож у жывую рану ўсадзіў. Але я люблю Літву і хачу, каб яна была маёй.
Побач з узрушаным кунігасам ціхмяна стаяў Казлейка, «самы верны Казлейка», як казаў пра яго Міндоўг, асабліва калі быў у добрым настроі. Гэтага чалавечка Далібор адразу запрыкмеціў, вылучыў з соцень баяр і слуг, што роем віліся цэлы дзень каля варуцкага ўладара. Невядома толькі, чым займаўся ўсяісны Казлейка. Як ехалі ў свяшчэнны лес, быў ён за фурмана, потым рыхтаваў з кухарамі абед, спрытна падтрымаў пад локцік Міндоўга, калі той паслізнуўся на мокрай лясной траве. Захацеў кунігас, прапарыўшыся ў дарозе, папіць, і Казлейка паднёс яму сінюю карчажку з нейкім пітвом.
— Хто гэты чалавек? — спытаў Далібор у віславусага немаладога баярына, паказаўшы вачамі на Казлейку.
Баярын спачатку не зразумеў.
— Хто ён? — дапытваўся Далібор. — Баярын? Цівун? Або, можа, ён загадвае княжымі ловамі?
Віславусы літовец нарэшце здагадаўся, чаго ад яго хочуць. Рашуча матлянуў галавою.
— Не, не баярын і не цівун. Ен — Казлейка. Другі баярын, больш смелы і больш гаваркі, сказаў:
— Ен з такіх, што, і ўніз падаючы, узлятаюць угору. Ен, калі глядзіць на што, кідае вачамі адразу ў абодва канцы. Раю табе, новагародскі княжыч, — не вадзіся з Казлейкам. Прываротным зеллем апаіў ён Міндоўга, і кунігас без яго кроку не ступіць. Гніда гнідаю, а вялікую ўладу мае. Хацелі прыдушыць у лесе, ды неяк пранюхаў, і за яго Міндоўг пяць харобрых баяр узяў за коўцік24.
Далібор па сваёй маладой цікаўнасці і гарачлівасці пачаў, як бы між іншым, разблытваць клубок жыцця гэтага незразумелага чалавека, асцярожна выпытваць пра яго. Той жа баярын расказаў, што ў час чарговай літоўскай замятні Казлейка, каб паказаць вернасць Міндоўгу, уласнаручна забіў роднага брата, адсечаную ж галаву кінуў у балота. «Чырвоным агнём усхапілася тады ўсё балота», — абурана гаварыў баярын, і ўсё ж, які ні быў адважны, прыцішваў, прыдушваў голас.
Ды, пэўна, не за тую нітку пацягнуў у клубку новагародскі княжыч, бо сам Міндоўг, хаваючы раздражнёнасць, сказаў яму:
— Княжыч Глеб, мяне не цікавяць і ніколі не цікавілі сядзельнічыя або пасцельнічыя твайго бацькі князя Ізяслава Васількавіча. Думаю я, што і мае бедныя слугі, якіх я кармлю і розуму навучаю, нікога не зацікавяць. Навошта нам, князям, пялёхкацца ў іхняй рабскай крыві?
Далібор як язык праглынуў. Потым ушчуваў сам сябе: «Дурню навука. Госць, дык гасцюй, а то захацеў на крывых санях пад'ехаць».
І вось пачалося доўгачаканае паляванне. Толькі самых верных, самых блізкіх людзей узяў з сабою ў тую халодную ветраную раніцу Міндоўг. Апрануліся як мага цяплей, узброіліся і пайшлі ў шэры мокры лес. Ен рос побач са свяшчэннай дубровай-алкаю. Тут таксама сям-там пракідваліся, вытыркаліся з багністай зямлі дубы, але былі яны лядашчымі хірлякамі ў параўнанні з волатамі, што раскашуюцца ў алцы.
На вуснах ва ўсіх, хто ўжо не першы раз браў удзел у незвычайным паляванні (а што яно будзе незвычайным, папярэдзіў Далібора сам Міндоўг), лётала адно толькі слова: «Жэрнас… Жэрнас…» Далібор ведаў, што па-літоўску так называецца кабан, дзік. «Дзікоў будзем біць». — падумаў княжыч.
Казлейка, які ішоў наперадзе, трымаў у руках жалезны бязмен з трыма вострымі шыпамі. На лес, на балота нахлынуў туман, і людзі бачыліся ў гэтым тумане шэрымі зданямі. Раптам пад нагой у Далібора страхавіта хруснуў сучок.
— Цішэй, — прыклаў палец да чырвонай адтатуранай губы Міндоўг.
Нарэшце ў ранішнім мораку ўбачылі вялізнае лоўчае збудаванне, якое ў Новагародку завуць сценкаю. З тоўстых яловых калод была зрублена пастка, падобная на доўгі клін. Пастка мела шырокі ўваход, які кожны міг можна перакрыць тоўстымі дубовымі заваламі. Для таго каб гэтыя завалы былі пад рукою, паляўнічыя, у тым ліку і Далібор, залезлі ў цесныя схоўныя каморы. Заставалася чакаць.
Міндоўг, што сядзеў побач, шаптаў Далібору ў самае вуха:
— Нідзе няма столькі птушак, як у нашых літоўскіх лясах. Калі крыжакі, праклятыя заморскія псагалоўцы, пабудавалі на нашай зямлі свой першы замак, яны назвалі яго «Vogelsand», што азначае — Птушыны спеў.
Далібор, слухаючы кунігаса, зноў са здзіўленнем адзначыў, што той ці наўмысна, ці выпадкова амаль заўсёды гаворыць аб тым, чаго ў дадзеную хвіліну проста не можа быць. Вось жа — пачаў пра птушак. Якія птушыныя спевы ў глухім і халодным восеньскім лесе?
Усе маўчалі, затойвалі дыханне. Адзін Міндоўг, як і заўсёды, мог размаўляць калі хацеў і дзе хацеў.
— Праклятых псагалоўцаў здзівілі нашы лясы, нашы дубы, — шаптаў далей Міндоўг. — І свой першы замак яны збудавалі не на зямлі, не на скале, а на галінах велізарнейшага, у сорак чалавечых абхопаў, дуба.
«Дзіўнае паляванне, — слухаючы Міндоўга, — думаў між тым Далібор. — Ні загоншчыкаў няма, ні сабак не чутно».
Ен убачыў, што па ўсёй даўжыні пасткі-сценкі маўклівыя людзі пад наглядам Казлейкі рассыпаюць з мяхоў жалуды. Гэта была, вядома, прынада, любімая ядзь25 усіх дзікоў. Але Далібор, з малалецтва ведаючы ловы, ведаючы норавы розных лясных, рачных і балотных насельнікаў, не сумняваўся, што дзікі не пойдуць у гэту няхітра задуманую пастку. У дзіка дрэнны зрок, але нюх і слых вельмі вострыя, і чалавека ён адчувае на вялікай адлегласці. Не можа быць, каб у Літве вадзіліся дурныя дзікі і добраахвотна ішлі да чалавека на ражон, хоць бы гэтым чалавекам быў сам кунігас Міндоўг.
Закрапаў дожджык.
— Няўжо Жэрнас не прыйдзе? — ціха, як бы самому сабе, сказаў нехта з баяр.
Міндоўг крутнуўся ў каморы, згроб у кулак бараду, пачаў сярдзіта накручваць яе на моцныя загарэлыя пальцы. Потым кінуў доўгі позірк на Казлейку, што стаяў ля ўвахода. Той імгненна адчуў гэты позірк, як бы сцебануў сваім позіркам кунігас.
Сціснуўшы ў бледнай худой руцэ жалезны бязмен, Казлейка хуценька пакрочыў у лес, растаў між туману. Міндоўг разгневана соп носам.
«Даўся ім той Жэрнас, — думаў Далібор. — У пушчы столькі звяр'я навалілі, што хопіць мяса да вясны. Дзежкамі зверыну салілі».
Вісела маўчанне. Вісела яно на тонкай павуцінцы, бо толькі віславусы баярын, не вытрымаўшы, кашлянуў у кулак, як Міндоўг лінуў на яго сваю злосць і раздражненне.
— Што раскашляўся? Хочаш, каб на жар босымі нагамі ставілі? Радуешся, нябось, што кунігасу не пашэнціла? Кажы: радуешся?
— Ды як ты мог такое падумаць, кунігас? — змярцвёў, задрыжаў баярын.
— Усе вы з аднаго гнязда яечкі,— грозна прамовіў Міндоўг.
Самаўладцу-манарху, якім у апошнія гады стаў калісьці непрыкметны варуцкі кунігас, было ўсё падуладна на ягонай зямлі: жалеза і срэбра, конная дружына і апалчэнне сялян-пешцаў, жыццё людзей. Самы багаты і самы бедны з літоўцаў пачуваў сябе перад ім, нібы пустазелле, што расце пад плотам. І чалавек чужой крыві, і найпершы бліжыка26 мог заснуць у абдымках сваёй жонкі ці каханкі, а прачнуцца ў вяроўках. Часта было так, што з-за шырокага хмельнага стала, за якім толькі што піў адну чару з Міндоўгам, нешчаслівец, не паспеўшы здзівіцца, трапляў у катавальню, дзе яго ўжо чакалі людзі Казлейкі. Кунігас мог адабраць у баярына зямлю і сядзібу, мог разлучыць мужа з жонкаю, бацьку з дзецьмі.
Вярнуўся з туманнага лесу Казлейка. Зноў як укопаны замёр ля ўвахода. Баяры не дыхалі.
— Жэрнас, — раптам прашаптаў Міндоўг і пабялелымі пальцамі ўчапіўся ў яловую плаху, з якіх была зрублена камора. Нецярплівы, здалося, нават нейкі ліхаманкавы кунігасаў позірк паляцеў у кустоўе, якім пачынаўся лес. Вялікая радасць, вялікая насалода ззяла ў позірку. Далібор глянуў туды і на травяністым узгорку-ўзлобку, з якога ранішнім ветрыкам ужо быў ссунуты шэры туман, убачыў незвычайнай велічыні і прыгажосці дзіка. Калі б ён не ўбачыў яго на свае вочы, ён ніколі б і нікому не даў веры, што могуць быць такія. «Вось ён які, Жэрнас!» — хацелася, ускочыўшы з месца, крыкнуць Далібору, бо здзіўленне і незразумелая радасць завалодалі душой. Краем вока зірнуў новагародскі княжыч на Міндоўга, на баяр і зразумеў па бляску вачэй і пунсовасці твараў, што з усімі імі таксама творыцца нешта незвычайнае, непадуладнае тлумачэнню. Гэты прыгожы ганарлівы дзік, што стаяў, асветлены першымі промнямі нясмелага восеньскага сонца, што ўзвышаўся, здавалася, над усім лесам і наваколлем, быў, як пачынаў здагадвацца Далібор, не проста дзіком, не проста моцным, упэўненым у сабе самцом, а нечым значнейшым, больш вартнейшым і глыбейшым, нечым такім, ад чаго раптоўна ўздрыгвае сэрца і ў скронях пачынае тоненька звінець-спяваць кроў.
— Жэрнас… Мой Жэрнас… Прыйшоў,— замілавана казаў Міндоўг, быццам роднага, самага любімага сына сустрэўшы пасля доўгага расстання.
Баяры, следам за кунігасам, таксама радасна ўсміхаліся, слалі Жэрнасу цёплыя, пяшчотныя словы. А віславусы баярын дык нават усхліпнуў і рукавом бабровага кажуха (няхай бачаць усе і ў першую чаргу кунігас) шырока змахнуў з вачэй слязу.
На лясным травяністым узлобку, выйшаўшы з глухіх чорных балот, стаяў, уважліва і адначасова спакойна азіраючы наваколле, незвычайны дзік. Даўжыня тулава ў яго была недзе за два сажні27. Важыў ён, на першы прыкід вока, пудоў трыццаць. Жорсткае бурае шчацінне з рудаватым падшэрсткам аж ільснілася на ім. Ен быў падобны на велізарны валун, завостраны спераду, там, дзе на доўгім плоскім, не пакрытым валаснёй лычы ўвесь час рухаліся, хадзілі хадуном чуйныя шырокія ноздры. Вушы ў Жэрнаса былі доўгія і таксама шырокія. Можа, трошкі псавалі ягоны выгляд кароткія ногі, але яны былі моцныя, тоўстыя, лёгка насілі агромністае, запоўненае тлушчам, цела па самых непралазных балотах. Пагрозныя, белыя, як соль, што прывозяць з Галіча, іклы рассякалі паветра.
Можна было толькі дзівіцца, як лясная балоцістая бедная на корм зямля нарадзіла і ўзгадавала гэтага волата-валаціну. Пэўна ж, пад ім павінен праломвацца лёд, калі ўзімку ідзе ён грызці салодкую мёрзлую асаку на лясныя азёры. Каб пракарміць такую жывую гару сала і мяса, не хопіць адной пушчы, патрэбны дзве, бо Жэрнас меў, мяркуючы па ім, надзвычайны апетыт.
З вялікай годнасцю, нават пыхлівасцю стаяў велізарны дзік, адкрыты кожнаму воку і кожнаму кап'ю, і рэдзенькае золата кволага ранішняга сонца абпырсквала ягоны магутны лыч. Вось Жэрнас варухнуўся, павольна павёў буйной галавою. Сонца яшчэ толькі ўсплывала з туману, слабое, нягрэйкае, і на нейкі міг падалося, што дзік падчапіў, падвярнуў яго лычом, каб хутчэй ускаціць на халоднае восеньскае неба.