154426.fb2
Новагародскі княжыч яшчэ не ведаў, яшчэ не мог ведаць, што Жэрнас, гэты сапраўдны кунігас усіх навакольных дзікоў, народжаны не для таго, каб засоленым кумпяком ляжаць на сподзе кубла або сквірчэць над агнём на нечым ражне. Далібор не ведаў, што Жэрнас — несмяротны. Гэта, зразумела, не зусім так. Некалі стомяцца і ягоныя нястомныя ногі і заплюшчацца назаўсёды пільныя вочы, калі абрыдне глядзець на пушчу, на бясконцыя балоты і хмары над балотамі. Некалі і ягоны страўнік не захоча ежы. Але сёння Жэрнас меў надзвычайны апетыт, быў усёедны і мог у незлічонай колькасці жэрці карані, карэнішчы, цыбуліны рачных і балотных раслін, ягады, насенне, жалуды, грыбы, імхі, лішайнікі, насякомых і іх лічынак, дажджавых чарвей і гэтак далей, і гэтак далей.
Ен, каб змог, з'еў бы самога сябе, такім бясконцым ненажэрствам узнагародзіла яго неба.
Колькі пражыў ён сонцаваротаў? Сто? Трыста? Тысячу? Ен не ведаў, і пушча не ведала. Здавалася, ён жыве заўсёды і будзе жыць да таго часу, пакуль нехта пажырае некага, пакуль ёсць іклы, зубы, кіпцюры, капыты, дзюбы, яд у джалах, пакуль ёсць страўнікі, у якія можна запіхнуць некага, пакуль ёсць апетыт.
А некалі ж і ён, Жэрнас, быў маленькім пярэстым камячком, якога вясною нарадзіла маці ў цёплым балоце. У яго было ажно дванаццаць паласатых сястрычак і братоў. Дзе яны? Калі іх забілі людзі і зарэзалі ваўкі? Ен не помніў. Ен бегаў па балотах і еў. Нават ува сне ён еў. На рыпучых санях маўклівыя людзі з коп'ямі ў руках і ледзякамі ў бародах пацягнулі хмурай зімою з пушчы забітую маці. Знікалі, зніклі браты і сёстры. Ен еў. Гэта быў не голад. Гэта было — свяшчэннае ненажэрства. Мяняліся пакаленні дзікоў. Гнілі балоты. Зарасталі сляпой травой лясныя аглухлыя азёры. Жэрнас наліваўся тлушчам і сілай, рос і еў. Скура цвярдзела, рабілася як бубен.
Аднойчы ён канчаткова і на ўсё жыццё зразумеў, што няма больш смачнай, больш жаданай ежы, чым жалуды. Яны падалі на зямлю з дубоў, зверху. Можна было падумаць (і ён так і думаў), што іх пасылае яму само неба.
Ен упарта пачаў шукаць дубовыя лясы. Ен даўно ўжо адбіўся ад статка і карміўся адзін. Навошта дзяліць з некім ежу? Нават сябровак ён не заводзіў, бо, калі зацяжарваюць і рыхтуюцца нарадзіць парасят, дужа шмат ядуць.
Бясконцыя няспынныя пошукі ежы так вытанчылі, адштукавалі ягоны мозг, што ён пачаў лічыць сябе разумнейшым не толькі за ўсіх дзікоў, але нават і за людзей. Ды з людзьмі, вядома, цяжка было спрачацца. У пракаветнай даўніне (Жэрнас памятаў гэты час памяццю продкаў) яны пачалі пакланяцца дубу, пачалі абгароджваць і ахоўваць свяшчэнныя дубровы-алкі. «Вядома ж, як не аб'явіць свяшчэнным дрэва з такімі незвычайна смачнымі пладамі?» — думаў Жэрнас, бегаючы вакол агароджаў, спрабуючы падкапацца пад іх або зламаць. Ды ўсюды яго білі кіямі па лычы, шпурлялі камяні, коп'і. Абломак кап'я і сёння носіць ён у левай бакавіне.
Самае пакутлівае і невыноснае было тое, што ў пушчы трапляліся дубы, і нямала, але ён, Жэрнас, хацеў, страсна марыў уволю наесціся жалудоў толькі у свяшчэннай дуброве, са свяшчэнных дрэў. Ен спаў, закапаўшыся па вушы ў твань, і ўва сне самі каціліся ў пашчу жалуды з непадступнай алкі, такія хрумсткія, буйныя, крухмальныя, салодкія. Ен аж давіўся імі, аж трашчалі вушы, а калі прачынаўся, калі разумеў, што рот ягоны пусты і страўнік таксама пусты, пачынаў вішчаць-плакаць, крышыць бязлітасным лычом альхоўнік. Тады ходырам хадзіла ўсё балота.
Аднойчы ён зламаў усё-такі агароджу і ўварваўся, уляцеў у алку. Але набеглі з усіх бакоў людзі, стукнулі дубінаю па лычы. Ен упаў, заліўшыся крывёю. Яго хацелі ўжо прыкончыць, ужо бліскучая сякера ўзвілася над ім, але раптам нейкі драбнацелы чалавечак, якога звалі Казлейкам, уладным крыкам спыніў усіх, узяў Жэрнаса, не пабаяўшыся, за вуха, потым лёгкімі пальцамі пачаў чухаць, часаць за гэтым вухам. Так яны напаткалі адзін аднаго, Жэрнас і Казлейка. Можна толькі дзівіцца, як хутка паразумеліся дзік з чалавекам. Дзік прагнуў ежы, і не звычайнай, што можа трапіць на зуб кожнаму, а адмысловай. Пра такую прагу кажуць: «Захацелася мёрзлага ў Пятроўку». Чалавек заўсёды марыў аб вялікай уладзе. Дробны ростам і душой, ён хацеў узвышацца над усімі, свяціць усім, прычым, свецячы, быць для людзей не сонцам (для гэтага не хапала ў крыві цеплыні), а начным халодным месяцам. Толькі б заўжды быць навідавоку, толькі б плыць над людскімі галовамі. Чалавек навучыў дзіка здабываць ежу.
Далібор са спачуваннем і ўжо нават з нейкай любоўю глядзеў на Жэрнаса. Хацелася крыкнуць, замахаць рукамі, папярэдзіць балотнага прыгажуна аб небяспецы.
Жэрнас узняў галаву, чмыхнуў, сцебануў кручаным хвосцікам па сцягне, быццам падагнаў сам сябе, і ўпэўнена рушыў уперад, набліжаючыся да адчыненага ўвахода ў сценку-пастку. «Карачун табе будзе», — падумаў Далібор.
Жэрнас ішоў рашуча, велічна. Абліты ружовым сонечным святлом, ён быў надзвычай прыгожы, быццам адкаваны з медзі або нават чырвонага золата.
І тут Далібор убачыў такое, што прымусіла яго прыўзняцца са свайго седала і працерці кулакамі вочы. З-за ўзлобка, з нізіны, што хавалася за ім, у неймавернай цішыні раптам выйшла незлічонае мноства дзікоў і, след у след, папраставала за Жэрнасам. Іх было сотні дзве, калі не болей. Яны ішлі, вялікія і маленькія, самцы і самкі, тоўстыя і худыя. Ішлі зеленавата-шэрыя і карычневыя ад бруду, бо ляжалі перад гэтым у балоце. Позіркі ўсіх як вяровачкаю былі прывязаны да Жэрнаса, да прыгажуна і волата. Ен (зразумеў Далібор) быў у іх за важака.
Паласатая маўклівая рака сцякала з узлобка. Бліжэй, бліжэй… Ужо можна было пачуць дыханне дзікоў, мяккі тупат капытоў па травяністай зямлі. Жэрнас, як і належыць самаму моцнаму і самаму мудраму, бадзёра джгаў паперадзе, скруціўшы абаранкам хвосцік. Гэты вясёлы рухомы хвосцік быў знакам, сігналам для тых, што ішлі за важаком: «Усё добра… Усё спакойна… Хутка я прывяду вас туды, дзе ёсць шмат ежы».
Людзі, якія схаваліся ў засадзе, затаілі дыханне, а некаторыя нават угнулі галовы і заціснулі рукамі раты і насы. Кожны ў думках маліў Пяркунаса, каб не наслаў у такую адказнейшую хвілю чых або кашаль. Чхнеш, адзін раз толькі чхнеш, і пасля палявання можаш трапіць не за хмельны кунігасаў стол, а да Казлейкі ў катавальню. А там усё робіцца хутка — нашкодзіў кунігасу рукой, адцінаюць руку, нашкодзіў кунігасу носам — чхнуў, адцінаюць нос.
Жэрнас рашуча ўвайшоў у пастку і, не спыняючыся, пакіраваўся ў самы дальні яе кут. Пярэстая балотная раць увалілася следам за важаком. Адразу як не было цішыні. Пачуліся віск, хруканне, хрупанне і чаўканне. Кожны з дзікоў спяшаўся набіць, напхаць у сваё чэрава як мага больш ежы. Тут і там сусед хапаў зубамі суседа, лічачы, што той апярэдзіў яго, сцягнуў смакату з-пад самага лыча. Казлейка пачакаў, пакуль самы апошні дзік увойдзе ў пастку, і махнуў рукой. Княжыя асочнікі і палясоўшчыкі з грукатам апусцілі цяжкія завалы. Пачалася бойня.
Увесь гэты час Далібор бачыў Жэрнаса, бо нельга было не прыкмеціць такую аграмадзіну. Вось-вось і яго прыкончаць дубінай або сякерай, і ляжа ён, лыч у лыч, побач са сваімі балотнымі братамі і сёстрамі. Але, на вялікі здзіў, Жэрнаса шчасліва абмінала смерць. Магутны прыгажун, ступаючы па крывавых ручаінах, спакойна і ганарыста прайшоў у самы кут пасткі, і там адзін з асочнікаў хуценька расчыніў перад ім хітра ўробленыя ў сцяну варотцы. Далібор і не заўважыў бы іх, каб яны не расчыніліся. Жэрнас, нібы забыўшыся пра сваю веліч і нечуваную вагу, жвава скокнуў у іх, як парсючок-першалетак, і асочнік адразу ж зноў іх зачыніў, балюча стукнуўшы па лычы дзіку, што ў даверлівасці і прастаце сваёй хацеў вырвацца на волю следам за важаком. Нават не азірнуўшыся на пастку, дзе каналі ягоныя адналясоўцы, мудры прыгажун борзда патрухаў у бок свяшчэннай дубровы-алкі. Яна была непадалёку, і да яе Жэрнас ужо пратаптаў, прабіў у густой траве толькі аднаму яму вядомую сцежачку-ручаёк. Асочнік і там, у абгароджанай алцы, адчыніў перад дзікам вароты. Жэрнас, які ўсю раніцу не еў, цярпліва чакаючы гэту часіну, з віскам рынуўся пад свяшчэнны дуб і ўсёй пашчаю пачаў хапаць з зямлі такія смачныя, такія салодкія жалуды. Ен вельмі спяшаўся і разам з жалудамі выдзіраў траву, смецце, мурашак, імгненна глытаючы ўсё гэта. А побач раслі яшчэ дубы, шмат дубоў, і пад імі ляжалі незлічоныя жалуды. Нават ён не мог з'есці ўсё адразу, і ад гэтай немагчымасці яму было шкода самога сябе, ён вішчаў, еў і плакаў бясколернымі слязамі. Потым, набіўшы чэрава так, што яно валачылася па зямлі, цяжка пакалываўся, папоўз, як гара, з дубровы. Хацелася піць. Ен прайшоў каля пасткі, дзе ўжо было ціха і толькі востра пахла свежай крывёю. Там грузілі на коней тушы, весела смяяліся задаволеныя людзі. Казлейка ўбачыў яго, крыкнуў: «Ідзі, Жэрнас, ідзі! Ты сёння добра ўсё зрабіў!» і нават памахаў яму, як чалавеку, рукою. Жэрнас пераваліў цераз узлобак, спусціўся ў балацявіну, пайшоў па халоднай рудаватай вадзе, ломячы крохкую асаку, шчасліва сапучы. Нарэшце, напаткаўшы прыдатную мясціну, спыніўся, усунуў лыч, а затым і ўсю буйную галаву ў твань і пачаў павольна смактаць ваду. Потым лёг, сыта заплюшчыў вочы. Колькі яму сонцаваротаў? Сто? Трыста? Тысяча? Ен не памятаў, не ведаў і не хацеў ведаць. Сёння ён уволю, усмак наеўся жалудоў з-пад свяшчэннага дуба. Гэта — галоўнае. Прыйдзе час, і ён зноў пабяжыць па пушчах і балотах, пабяжыць моцны, прыгожы і мудры. З хмызу і чароту, з чорных сатлелых карчоў і рудой асакі ён выведзе новых дзікоў, і яны павераць яму, бо нельга не паверыць Жэрнасу. Яны гэтак павераць яму, што пойдуць за ім шукаць здабычу пры сонечным святле, хоць звычайна робяць такое ўначы.
Да фурманак ішлі абцяжараныя свінымі кумпякамі. Усе, у тым ліку і Міндоўг, былі задаволены. Шчаслівы Казлейка круціўся каля кунігаса, глядзеў на яго адданымі вачамі, не адстаючы ні на крок.
— Упадабаў, княжыч, ловы? — весела спытаў у Далібора Міндоўг.
— Упадабаў,— адказаў Далібор. І не схлусіў, бо ведаў, што, каб здабыць мяса, трэба заўсёды праліць кроў.
— Гэта ўсё мой Казлейка, мой верны Казлейка пастараўся, — паманіў да сябе пальцам Казлейку і пагладзіў яго па галаве, як хлапчука, Міндоўг.
Казлейка аж расцвіў ад доўгачаканай ласкі кунігаса. Сказаў са шчаслівай дрыготкай у голасе:
— Для цябе жыву на гэтай зямлі.
— Ну, жыві, жыві,— зноў пагладзіў яго Міндоўг. Перад вачамі ў Далібора ўсё яшчэ стаяў Жэрнас.
Што й казаць: ніколі не чуў і не ведаў пра такія дзівосы новагародскі княжыч. Дзік вядзе сваіх братоў у пастку, пакідае іх там, а сам бяжыць у свяшчэнную дуброву і жарэ жалуды. Раскажы каму, не паверыць. Трэба мець чалавечы розум і чалавечае вераломства, каб зрабіць такое. А можа, гэты Жэрнас не дзік, а пярэварацень які-небудзь? Надзеў на сябе дзічыную шкуру, аброс лясным воласам. Пра такіх у Новагародку старыя людзі на кожным парозе баяць. І ў храме святых Барыса і Глеба іерэй Міхал пра іх казаў. На добры розум, трэба было б забіць гэтага Жэрнаса і паглядзець, чыё ў яго ў грудзях сэрца — звярынае ці чалавечае. Але хто дазволіць такое? Міндоўг? Або Казлейка? У гэтага Казлейкі, пэўна, у самога замест сэрца гліняны гаршчок з перагарэлымі вугалямі.
Седзячы ў фурманцы побач з Міндоўгам, закалыханы дарогаю, Далібор задрамаў, і прыснілася яму дуброва-алка з велізарнымі свяшчэннымі дубамі. Яны такія высокія, што, як ні задзірай галаву, хоць звярні шыю, не ўбачыць іхніх вяршынь. Сыплецца зверху нейкая пацяруха. Ці то вецер птушыныя гнёзды размёў, разваліў, ці кладзецца на зямлю знясіленая дохлая саранча. Такая саранча, сухакрылыя ненасытныя казюркі, прылятала сонцаваротаў дзесяць таму пад Новагародак, з'ела лясы і лугі і раптам, за адзін дзень, зняможана легла пад людскія ногі і конскія капыты, і людзі тады ў ёй па калена хадзілі. Ціха ў лесе. Замоўклі птушкі. Вавёркі адпачываюць у сваіх гнёздах-гайнах. Далібор павінен ахоўваць свяшчэнныя дубы. Невядомы, дужа строгі голас загадаў яму несці няспынную варту. Калі ж прападзе хоць малюсенькі жолуд, на кволым агні смажыць будуць. І вось чуецца тупат, цяжкое сапенне, і проста на Далібора імчыць шалёны Жэрнас. «Пусці ў алку!» — чалавечым голасам крычыць Жэрнас. Далібор хоча прыкрыцца шчытом, узняць кап'ё, але дзік навальваецца на яго, збівае з ног, топча. Агідная шчаціна, што смярдзіць балотам, хвошча, дзярэ, як сухі каляны венік, па твары. Жэрнас падбягае да крайняга дуба, хапае разам з прэлым лісцем жалуды, жарэ. Ды гэтага мала, бо вечны голад грызе вантробы. І раз'юшаны дзік няўклюдна падскоквае, каб дацягнуцца пашчаю да ніжэйшых абсыпаных жалудамі галін. Вось-вось даможацца свайго. Але раптам на вачах у Далібора гэтыя жалуды робяцца жалезнымі. «У мяне таксама ёсць такі жолуд», — шчасліва думае Далібор. Жэрнас крышыць, ломіць аб іх зубы і ў вялікім адчаі, з вялікай лютасцю кідаецца на княжыча.
Далібор уздрыгнуў усім целам, прахапіўся. Міндоўг сядзеў побач з перакошаным ад гневу цёмным тварам. Нейкі вершнік, малады і спалоханы, разварочваў перад фурманкаю кунігаса свайго непаслухмянага каня, каб стаць перад Міндоўгам вочы ў вочы.
— Якую навіну прывёз, Кінцібут? — рэзкім голасам спытаў кунігас.
— Бяда, — хрыпла выдыхнуў вершнік. — Як ты быў на ловах, падышоў з вялікай сілаю Даўспрунк і ўдарыў па Варуце. Горад гарыць.
Міндоўг, як падкінуты землятрусам або марской хваляю, выскачыў, вылецеў з фурманкі. У адзін міг апынуўся ля вершніка, моцна гнеўна схапіў за нагу, аж той войкнуў.
— Што яшчэ?! — крыкнуў Міндоўг.
— Некаторыя твае баяры, кунігас, перахіснуліся на бок Даўспрунка, ударылі ў спіну нашым дружыннікам, што стаялі на сценах. Вялікая кроў у горадзе.
— Хто стаў здрадным псом? — схапіў вершніка загрудкі Міндоўг. Вершнік ужо кубарам зваліўся з каня, каб (забі гром!) не быць вышэй кунігаса.
— Манівід, браты Кезгайлы, Юндзіл…
— Хто б'ецца за мяне?
— Усе мы б'ёмся за цябе, — нізка пакланіўся вершнік. — Новагароджане таксама б'юцца за цябе, як ільвы.
Пры гэтых словах вершніка Міндоўг яркімі бліскучымі вачамі зірнуў на Далібора, што ўжо стаяў побач, і моцна пацалаваў яго.
— Дзякуй, дзякуй Новагародку, — усхвалявана сказаў кунігас і зноў накінуўся з роспытам на вершніка.
— Дзе княгіня з маімі сямейцамі? Дзе Войшалк?
— Войшалка паранілі ў плячо. Ен забіў старэйшага Кезгайлу. І яшчэ многіх…
— Адцяў усё-такі галаву псу? Малайчына! — выгукнуў Міндоўг. — Хто яшчэ ўзняў супроць мяне меч?
— Родзічы кунігасаў Вісманта і Спрудзейкі. Яны ўсім крычаць, што ты…
Але Міндоўг перарваў вершніка.
— Ім трэба было ісці з вайной на пушчанскага тура, які патаптаў тых недарэкаў,— са злоснай усмешкай на твары сказаў ён. — Чым яшчэ ты мяне парадуеш?
У голасе пачынаў скрыгатаць метал.
Вершнік збялеў, аблізнуў языком перасохлыя губы.
— Кунігас, нас выбілі, выкурылі з Варуты. Даўспрунк прывёў дужа вялікую раць.
Міндоўг, падалося, аж прысеў ад такой навіны. Потым скінуў з сябе кажух, сарваў з дзясніцы скураную пальчатку, хвастануў ёй вершніка па твары:
— І дагэтуль ты маўчаў, пёс?! Каня мне!