154426.fb2
— Каня княжычу Глебу!
Яны, кінуўшы Казлейку з фурманкамі і вяпрацінай, няшчадна б'ючы коней, рынуліся ў бок Варуты. Следам імчаліся паўтары сотні Міндоўгавых дружыннікаў.
Варута гарэла, як смаляны корч, з яркім агнём і густым чорным дымам. З горада несліся крыкі, адчайныя ўдары біла. Мітусіўся люд, бегала жывёла. Рудапёры запэцканы сажай певень узляцеў на галаву дубоваму Пяркунасу, ашаломлена разяўляў дзюбу, лопаў крыллямі, але не кукарэканне, а толькі пшык вырываўся з горла — згубіў голас ад пярэпалаху.
Ацалелыя варутчане, з тых, што не чакалі ад Даўспрунка літасці, ратаваліся як маглі. Хто скакаў у рэчку з абрыву і бег-куляўся па мельчаку, хто на злом галавы даваў драла ў лес і поле.
Далібор круціў галавою туды-сюды, ніяк не мог у гэтым пекле ўбачыць хоць адну жывую душу са сваёй дружыны. Няўжо ваяводу Хвала і Костку з Найдзёнам пасеклі? Няўжо вясёлы Вель глядзіць зараз у дымнае неба мёртвымі вачамі? Мароз бег у княжыча па скуры.
З неймавернай лютасцю ўдарыў Міндоўг па варожых вершніках, якія, упэўненыя ў сваёй поўнай перамозе, ганяліся ў ваколіцах Варуты за ягонымі людзьмі, білі іх, нібы курапатак. Гэтага Міндоўг ніяк не мог трываць і пасек амаль усіх вершнікаў на шматкі. Нават тых, што кінулі зброю і ўпалі на калені, пасек.
Далібор грудзі ў грудзі сутыкнуўся з магутным цёмнавалосым літоўцам, які, накінуўшы на плечы звярыную шкуру, размахваючы мачугай, імчаўся проста на яго. Свіснула за пядзю ад галавы мачуга. Калі б літовец патрапіў, зачапіў, толькі б чырвоныя пырскі паляцелі. Далібор не меў шчыта, але нейкім цудам вывернуўся з-пад гэтага страшнага ўдару. Прыўзняўшыся ў страмёнах, закусіўшы губу, новагародскі княжыч ужо наўздагон літоўцу, калі іхнія коні, церануўшы адзін аднаго бакамі, разляталіся, цяжка махнуў мячом. Цёмнавалосы гігант выпусціў мачугу, схапіўся абедзвюма рукамі за шыю і рухнуў з сядла.
Міндоўг, у якім аж палала кроў, атрымаўшы ў першай сутычцы з ворагам перамогу, хацеў адразу ж уляцець у Варуту.
— Дзе Даўспрунк? — махаючы скрываўленым мячом, крычаў разлютаваны кунігас. — Гнайнавокі, дзе ты?! Не хавайся! Выйдзі на паядынак са мною!
Але, глуха рыпнуўшы, зачынілася варуцкая брама. Са сцен паляцелі ў Міндоўга і ягоных дружыннікаў бярвенні, камяні, гаршкі са смалой і агнём.
— Даўспрунк, ты заўсёды піў мае апіўкі! — крычаў Міндоўг. — Ты цалаваў жанчын, якіх я выганяў са свайго ложа!
У гэты час кунігасу паведамілі, што да Варуты з двух бакоў падыходзяць Таўцівіл з Эдзівідам. Скрыгатнуўшы зубамі, выцершы са шчокаў чорны пот, Міндоўг загадаў усім сваім людзям адыходзіць да балотнага гарадка, які быў пабудаваны вёрст за дзесяць паўночней Варуты. Кожны літоўскі і жамойцкі кунігас, які станавіўся на ногі, распраўляў крылы, стараўся ў першую чаргу займець сабе такі гарадок-сховішча. Дарогі туды не было. Яна, вядома ж, была, але цалкам хавалася пад балотнай вадой. Пад вадой ляжалі грэблі, вымашчаныя каменнем брады. Дарога была звілістая, з нечаканымі паваротамі. У нечым яна нагадвала чорнага вужа-гівойтаса, якому спрадвеку пакланяўся мясцовы люд. Пэўна, той першы мудрэц, які надумаў збудаваць для сябе і сваіх бліжніх балотны гарадок і патаемную дарогу да яго, увесь час трымаў у памяці спрытнага вёрткага вужа.
Шмат працы і сілы ўзяла гэта падводная дарога, якая завецца кальгрындам. Спачатку на самае дно дрыгвы амаль цэлы сонцаварот сыпалі кучы камянёў. Дрыгва глытала і глытала іх, але нарэшце здаволілася. Камяні пакрылі тоўстым пластом пяску. Потым секлі сосны і крыж-накрыж клалі бярвенні, старанна масцілі дарогу. Як было не старацца, калі ад яе залежала жыццё. У мірны час дарогу мецілі тычкамі з вербалозу. Толькі ж з'яўляўся вораг, толькі ў пушчы на ўскрайку балота ўспыхвалі сігнальныя кастры, тычкі выдзіралі, і дарога знікала. Ведаў яе гаспадар балотнага гарадка і ягоныя найбліжэйшыя слугі. Большасць жа з тых людзей, што ў час небяспекі хаваліся ў гарадку, без правадніка не маглі яе адшукаць. Здаралася, іншым часам нечакана гінуў чалавек, які захоўваў таямніцу дарогі. Ягоныя родзічы і спадкаемцы тапіліся тады ў дрыгве, стараючыся знайсці хады-выхады, і вельмі часта так і не дабіраліся да сухазем'я.
Ужо каля самага балота Далібор, на вялікую сваю радасць, убачыў нарэшце ваяводу Хвала, Костку, Веля, Найдзёна, амаль усіх дружыннікаў-новагараджан.
— Траім нашым не пашанцавала. Ляжаць у Варуце, — сказаў Хвал, па-бацькоўску абдымаючы княжыча. — Думаў я, грэшным чынам, што і цябе затаўклі дзе-небудзь паганцы, што болей мы не ўбачымся. Але бог літасцівы. І з таго свету буду дзякаваць яму.
Ваявода шырока перахрысціўся. Найдзён, убачыўшы Далібора, аж прысеў ад радасці, пляснуў рукамі.
— Княжыч, княжыч, ты маіх бед прычынец. Дзе ты ездзіш? Дзе ходзіш? Мяне ж князь Ізяслаў у зямлю ўваб'е, калі без цябе ў Новагародак вярнуся. А ці паеў ты хоць на гэтых клятых ловах? Памятаеш, як добра мы ў Новагародку елі? Чатыры качачкі, гаршчочак кашачкі…
Усе засмяяліся.
Падышоў Костка, сказаў, прыцішыўшы голас:
— Дарэмна мы з Міндоўгам водзімся. Даўспрунк і Таўцівіл з Эдзівідам вельмі вялікую сілу займелі. Можна ўжо сказаць, што ўся Літва ляжыць у іхняй кішэні.
Далібор пранізліва паглядзеў на ляха, спытаў:
— Адкуль табе вядома такое?
— А хіба ты не бачыш, княжыч? Цэлая выправа крыжова28 супроць Міндоўга ўчынілася, хоць тут, у Літве, жывуць паганцы. З усіх бакоў ідуць на варуцкага кунігаса. Не ўтрымацца яму.
— Свой лёс і канём не аб'едзеш, — падумаўшы, адказаў Далібор. — Але здаецца мне, Костка, што ты дрэнна ведаеш кунігаса Міндоўга.
— Кунігас як кунігас, — пазмрачнеў Костка, бо не дужа прывык, каб яму пярэчылі, нават тыя, што нарадзіліся ў княжых палатах.
— Усё-такі ён не зусім звычайны кунігас, не такі, як усе, — цвёрда вёў сваё Далібор. — У яго ёсць за што сваю і чужую кроў ліць.
— А ў Таўцівіла з Эдзівідам няма за што? — не здаваўся Костка.
— Таўцівіл і такія, як ён, бачаць перад сабой толькі стол, які повен пітва і ежы. Міндоўг бачыць перад сабой дзяржаву, — рашуча сказаў Далібор. — Калі мы ў Новагародку хочам узяць пад сваю руку тое, што калісьці Полацк трымаў, мы павінны абаперціся на Міндоўга і яго людзей. Няхай за нас, а не супроць нас ваюе іхні меч.
Апошнія словы княжыч і лях гаварылі ўжо, ідучы па калена, а потым і па самыя пахі ў зялёнай балотнай вадзе. Паперадзе ўсіх, высока ўзняўшы запаленую паходню, каб кідалася ў кожнае вока, ішоў праваднік. Ен часта спыняўся, прыпамінаючы аднаму яму вядомыя праходы ў гэтай глухой твані, браў то ўлева, то ўправа, як той заяц, што ратуецца ад лісы. Вялі на повадзе коней, і некалькі бедных жывёлін зламала ногі. Міндоўг загадаў прыкончыць коней, але тушы несці з сабою. Аблога магла доўжыцца не адзін дзень, а вою, калі будзе зусім нявыкрутна, не прывыкаць есці конскае мяса.
Нарэшце дайшлі, дацерабіліся да сухой зямлі. Адзежа ва ўсіх узялася карынай.
Балотны гарадок быў невялікі, абведзены з усіх бакоў драўляным тынам. Тут, на самым высокім месцы вострава, была выкапана яма, дзе хавалі зброю і збожжа. Ваду чэрпалі са студні, каля якой Міндоўг адразу ж паставіў варту. Было вельмі цесна і тлумна.
Расклалі вогнішчы, сушыліся, здзіралі з сябе агідную балотную твань.
— Мы, як зялёныя жабы, — смяяўся Найдзён, абчышчаючы Далібораў кажух.
— Можа, ты і жаба, а я новагародскі вой, — пачуўшы такія словы, сказаў дружыннік Вель. — А калі ты жаба, то лезь назад у балота.
І, жартуючы, схапіў халопа за каршэнь.
З вялікай радасцю сустрэў Далібор у балотным гарадку Войшалка. Варуцкі княжыч таксама заўсміхаўся яму. Селі на кучу камянёў, што была насыпана ўздоўж тыну. Зялейнікі абкруцілі Войшалку паранены плячук белым кужэльным палатном, тонкімі звярынымі шкуркамі.
— На ловы ездзіў? — спытаў Войшалк.
— Ездзіў,— адказаў Далібор.
— І Жэрнаса бачыў?
Толькі Далібор хацеў згодна кіўнуць галавой, як Войшалк, пачырванеўшы ад гневу, ускочыў, горача загаварыў:
— Як я хачу яго забіць! Як я хачу ўсадзіць кап'ё (усё кап'ё! па самую руку!) у яго тлустае агіднае чэрава! Павер мне, я яго некалі заб'ю. Калі я падумаю, што ён, здыхаючы, будзе вішчаць, енчыць, круціцца ў брудзе каля маіх ног, я раблюся шчаслівы.
— За што ты так не любіш гэтага дзіка? — уважліва паглядзеў на Войшалка Далібор.
— Я ненавіджу здраднікаў, тых, што прадаюць сваіх, — прыжмурыўшы вочы, прамовіў Войшалк і адразу ж у вялікай скрусе апусціў галаву на рукі.— Гэта ўсё Казлейка, гэта ўсё ён… Нездарма кажуць, што мяккі чарвяк цвёрдае дрэва точыць. Як чарвяк, упоўз ён у душу да майго бацькі, да кунігаса. Бацька, калі пабудзе з ім, робіцца зверам. Некалі я заб'ю Жэрнаса і Казлейку.
Зусім не баючыся, не асцерагаючыся малазнаёмага чалавека, якім быў для яго Далібор, варуцкі княжыч выліваў з сэрца злосць і крыўду. Потым сказаў:
— І яшчэ адна злыбяда навалілася. Няма нашай Рамуне.
— Дзе ж яна? — уздрыгнуў Далібор.
— Ніхто не ведае. Мінулай ноччу, перад тым як напалі на Варуту, панесла яна ахвяру Пяркунасу. Яна і раней часта апраналася вайдэлоткай і разам з усімі вайдэлоткамі хадзіла да святога вогнішча. Наша Рамуне не такая, як іншыя дзяўчаты. Была не такая. Войшалк замоўк.
— Якая ж яна? — са шчымлівым трымценнем у сэрцы спытаў Далібор. Ен раптам адчуў, што навіна, якую паведаміў варуцкі княжыч, балюча перахапіла дыханне. Прыгожая літоўка з чорна-зялёнымі вачамі і светлым попелам валасоў як бы прамільгнула перад ім.
— Задуменная была. Іншыя князёўны і баярскія дочкі, палец пакажы, хіхікаюць, ад смеху давяцца, а яна — не. Па лесе любіла хадзіць, па лузе. Вянкі прыгожыя пляла. Хрысту, праўда, не дужа малілася. Толькі калі маці прымусіць. Яна, як бацька, кунігас Міндоўг, да Крыве-Крывейты ездзіла, старую літоўскую веру шанавала. Мы з ёй, скажу табе праўду, княжыч, нават біліся калі-нікалі. Смешна: я, мужчына, брат, — і біўся са сваёй сястрой. А яна гордая была. Крыўды ніколі і нікому не спусціць. Ды што цяпер казаць?