154426.fb2
— Пайду. Там маці плача.
Далібор застаўся адзін. Востры нечаканы сум, быццам халодны агонь, успыхнуў у самай глыбіні душы, і не было ад гэтага суму ратунку. Сэрца анямела ад крыўды на жыццё, якое насылае на людзей адну бяду за другой. Ляжыць у галавешках Варута… Цяпер вось — няма Рамуне… Дакуль будзе такое на белым свеце? Але тут цяжка што-небудзь надумаць. Сказана ж у святым пісанні: страх божы майце вышэй за ўсё.
Зноў успомніліся чорна-зялёныя вочы літоўскай князёўны, як бы выплылі з туману. Далібор раптам зразумеў: калі загіне або будзе згвалчана Рамуне, бязрадасным і непатрэбным, як спарахнелы лясны грыб, стане ягонае жыццё. Што ж рабіць? Ен зрабіў адзіна правільнае, што выпадала ў такім становішчы, — пайшоў да Міндоўга. Кунігас дапаможа разблытаць гэты жахлівы клубок. У думках ён маліўся Хрысту і Агню-Варажбіцічу, каб не адступіліся ад Рамуне і яго, Далібора.
Міндоўг, падалося, чакаў новагародскага княжыча. Быў ён голы па пояс. Нязменны Казлейка націраў кунігасу хрыбетнік пахкай светла-карычневай маззю, якую чэрпаў срэбнай лыжачкай з рыфленага чырванашкельнага флакончыка. Аброслыя чорным воласам тлуставатыя кунігасавы грудзі перасякаў доўгі звілісты шрам.
— Гэта апошняя іхняя перамога, — убачыўшы Далібора, адразу ж загаварыў Міндоўг. — Апошні ўкус гадзюкі. Хоць ён баліць, але ён не смяртэльны. Да мяне ўжо ідуць верныя мне войскі. За мяне Новагародак.
— Новагародак за цябе, кунігас, — пацвердзіў Далібор.
Гэта яшчэ больш натхніла Міндоўга.
— Пад маімі сцягамі збярэцца ўся Літва. І ніхто не асмеліцца ўзняць руку на святы дуб.
«Жэрнас, пакуль ты кажаш такія словы, узнімае лыч», — падумаў раптам Далібор і вельмі пільна паглядзеў на Казлейку, які аддана шчыраваў над кунігасавай спіною. Навошта, цікава, Казлейку гэты ненаедны дзік, гэты Жэрнас? Каб мець асалоду ад усведамлення, што нават са святыняю ён, здаецца, такі кволы і непрыкметны, можа рабіць усё, што толькі пажадае?
— Яны не любяць мяне, а я не люблю іх, — казаў між тым кунігас, маючы на ўвазе сваіх шматлікіх ворагаў.— Але за што іх любіць? І хіба можна любіць пацука, павука? Хіба можна любіць вось гэтага агіднага здрадніка, які хацеў атруціць мяне з маёй сям'ёю і ўцячы да Даўспрунка?
Рэзкім узмахам рукі Міндоўг шкуматнуў за льняны шнурок, і адкрыўся вачам чацвёрты кут святліцы, які да гэтага быў завешаны шчыльным чорным полагам. Далібор убачыў яшчэ не старога светлавалосага чалавека ў парваным адзенні, з разбітым да крыві тварам. Чалавек стаяў на каленях. Рукі былі заломлены, заведзены за спіну і звязаны сырыцай. Даволі важкі клунак вісеў у няшчаснага на шыі, гнуў да зямлі галаву.
— Гедка. Мой былы баярын, — растлумачыў Міндоўг. — Хацеў, сабака, бегчы цераз балота, і пабег ужо, але схапілі.
Тут кунігас удзячна паглядзеў на Казлейку.
— А перад гэтым, як ліхадзей і апошні таць, наліў у княгінін кубак віна і ў тое віно ўсыпаў жменю атруты.
— Клянуся багамі, клянуся Пяркунасам, я не сыпаў,— загаварыў раптам Гедка, і голас быў даволі дзёрзкі, не пасаваўся з прыніжаным выглядам баярына, — не бачыў я ніякага кубка, ніколі не браў яго ў рукі. Навошта мне труціць княгіню? Я ўзяў толькі сваё срэбра.
— Вось гэта срэбра і пацягне цябе на балотнае дно, — сурова сказаў Міндоўг.
— Так мне наканавана, — уздыхнуў Гедка і адчайна-смела бліснуў вачамі.— Гэта ўсё твой Казлейка, твой шапатнік пляце сваю павуціну. Апамятайся, пакуль не позна, кунігас. Глянь наўкол сябе жывым вокам. Папомні мае словы: кроў ударыць з магіл ручаём, і сам ты захлынешся ў ёй.
Міндоўг маўчаў.
— Ах, Гедка, Гедка, бедны Гедка, — ціхім шкадобным голасам прамовіў Казлейка, закрываючы прыгожай, у форме кветкі накрыўкай чырванашкельны флакончык. — Як асмеліўся ты сваім брудным языком бэсціць таго, на каго не маеш права нават глянуць? — Міндоўг — адзін, а вас як камароў на балоце. Ты мог памерці зараз жа, з цэлай скураю. А памрэш толькі праз тры дні, і ўсе гэтыя тры дні і тры ночы будуць прасмажваць цябе на вуголлях. Ты сам абраў свой лёс.
Гедка, пачуўшы такое, глуха застагнаў, у роспачы матлянуў светлавалосай галавой.
— Кунігас, дзе твая дачка? Дзе Рамуне? — запытаў Далібор, калі яны засталіся адны.
— Ты, княжыч Глеб, чуў што-небудзь пра яе? — увесь устрапянуўся, аж засвяціўся Міндоўг.
Калі ж зразумеў, што Далібору нічога невядома пра лёс князёўны, маркотна ўздыхнуў, у трывожным одуме сашчаміў цяжкія рукі. Потым, павольна вымаўляючы словы, сказаў як бы самому сабе:
— Не прыляцела мая пчолка. І замоўк, заплюшчыўшы вочы.
Далібор глядзеў на кунігаса, на гэтага моцнага і адначасна слабага чалавека, на абветраную скуру шчок, на цёмную з рудоцінкай бараду, на загарэлыя чэпкія рукі («Ненавіджу мужоў з мяккімі рукамі!» — усклікнуў неяк Міндоўг), і супярэчлівымі пачуццямі напаўнялася душа. Кунігас, як помніць сябе, змагаецца за свае сцены, за сваю дзяржаву, але не праміне, калі надарыцца магчымасць, ухапіць чужое багацце. Ен жыве законам зямных уладароў і рыб: вялікія пажыраюць маленькіх.
— Не веру, што яна трапіла да іх у рукі,— раптам усхапіўся Міндоўг і пачаў ледзь не бегаць па святліцы. — Мая дачка разумная і хітрая, як лісіца. Яна затаілася ў пушчы, залезла ў якое-небудзь дупло і чакае мяне.
Але, астыўшы, цвяроза і сурова ўсё ўзважыўшы, зноў сеў.
— Проста ў сэрца пацэліў мне Даўспрунк. Гарпун, як у рыбіну, усадзіў. І гэты гарпун — мая Рамуне. Што ж ты нарабіла, дачка? Як быць мне, твайму бацьку і кунігасу?
— Трэба паслаць ганцоў у Варуту, — прапанаваў Далібор.
— Мірыцца з Даўспрункам? З Таўцівілам і Эдзівідам? Не! Лепей я з'ем свае ўласныя валасы.
Міндоўг зноў ускочыў, ды адразу ж сеў, ціха сказаў:
— Хай бы ты зараз была мёртваю, дачка.
І нерухомымі збялелымі вачамі паглядзеў на Далібора, але зразумеў княжыч, не ўбачыў, не захацеў убачыць яго.
Так ні з чым і вярнуўся Далібор да сваёй дружыны. Усю ноч яму снілася заплаканая Рамуне і быццам клікала некуды.
А раніцаю прыляцеў у балотны гарадок голуб. Сеў на вільчык Міндоўгавага нумаса. Усе адразу здагадаліся, што птушка ручная, вучаная чалавекам. Кунігасаў палясоўшчык Альгімонт пазнаў голуба, бо неаднойчы з пушчы ў Варуту і на балотны гарадок слаў Міндоўгу свае справаздачы-рэляцыі. Чырвоную нітку прывязваў да лапкі — усё добра, шмат зверыны развялося, можна збірацца на ловы. Сінюю — трэба пачакаць. Абпаленую, перапэцканую сажай — гуляе ў пушчы чырвоны певень, пажар.
Альгімонт паклікаў голуба, і той пырхнуў яму проста ў рукі. Адразу пабеглі за кунігасам. Да птушыных лапак былі прывязаны дзве лёгкія срэбныя бляшкі з галаўнога ўбора Рамуне. Прычым адна бляшка была цэлая, непашкоджаная, і вайдэлоты вытлумачылі гэта тым, што князёўна жывая і здаровая. Другая ж бляшка была сагнута, пакалечана з вялікай злосцю, і на ёй усе ўбачылі тры глыбокія рваныя драпіны, сляды нажа або мяча. Вайдэлоты, са страхам пазіраючы на Міндоўга, сказалі, што праз тры дні князёўну чакае вялікая страшная небяспека, а можа, нават смерць.
— Кунігас Даўспрунк паведамляе табе, што твая дачка Рамуне знаходзіцца ў яго руках і ад тваёй абачлівасці і мудрасці залежыць яе жыццё, — пакланіўшыся Міндоўгу, сказаў старэйшы з вайдэлотаў.
На кунігаса было страшна глядзець. Ен сеў на валун каля нумаса, абшчаперыў галаву рукамі і як здранцвеў. Ні слова не пачулі ад яго, толькі чырванеў і соп, нібы кавальскі мех.
Прыбегла княгіня Ганна-Паята. Упала перад мужам на калені, пачала слёзна прасіць.
— Выратуй дачку. Яна ж адна ў цябе. Адна саколка між арлоў.
Міндоўг маўчаў. Потым глухім, як з-пад зямлі, голасам прамовіў:
— Як жа я выратую?
— Пашлі ганцоў да кунігаса Даўспрунка.
У голасе ў Ганны-Паяты зацеплілася надзея. Але Міндоўг паныла і цяжка зірнуў на яе. Зорны холад неба стыў у кунігасавых вачах.
— З аднаго вала дзвюх шкур не лупяць, — сказаў Міндоўг.
Княгіня зразумела, што гэты камень, гэту скалу не ўзяць нічым. Дзяржава для яго вышэй за ўсё. І княгіня загаласіла так, як ва ўсе часы, ва ўсе вякі рабілі яе сёстры па целу і душы, жанчыны, кім бы ні былі яны на белым свеце — парфіраноснымі ўладаркамі ці чорнымі смердкамі.
Усе як знямелі. А Ганна-Паята аблівалася слязьмі.
Міндоўг зморшчыўся, моўчкі пайшоў у нумас. І нават Казлейка не асмеліўся пайсці следам за ім.
«Заложніцай узялі Рамуне. Што ж рабіць? Засталіся ўсяго тры няпоўныя дні», — пакутліва думаў Далібор. Князёўна ўладна жыла ў сэрцы, звіла, як белая саколка, у ім гняздо. Ен адчуваў, што са стратай, смерцю Рамуне чорным будзе ягонае жыццё. У глыбокім одуме стаяў новагародскі княжыч каля балота, напружана ўзіраючыся ў супрацьлеглы бераг. Толькі паклычаны ветрам хмыз, толькі бурая асака і гнілая вада бачыліся яму. І раптам твар ягоны асвяціўся. І хоць не радасць была на твары, а толькі надзея, Далібор адразу павесялеў, клікнуў Найдзёна і загадаў, каб той адшукаў Войшалка.