154426.fb2 Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 16

Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 16

— Перадай, што новагародскі княжыч просіць яго да сябе, — сказаў Далібор халопу, рашуча накіроўваючыся ў свой шацёр. Неўзабаве Найдзён прывёў Войшалка. Новагародскі і літоўскі княжычы доўга сядзелі ў шатры. Каб Найдзён не пачуў іхнюю гаворку, Далібор уласнаручна заляпіў яму вушы воскам са свечкі. Вернага халопа гэта страшэнна пакрыўдзіла, але каго цікавіць, аб чым думае і што перажывае халоп.

Ужо ноччу ў шацёр было загадана паклікаць ваяводу Хвала і ляха Костку. Найдзён іх раскатурхаў, бо спалі, і прывёў да княжыча, хоць Костка лаяў на чым свет стаіць дурнога халопа.

А раніцою нечуваны пярэпалах быў у балотным гарадку. Крычалі ў сотню глотак Міндоўгавы дружыннікі, білі ў трывожнае біла. Чорны слуп дыму ўзняўся над востравам.

— Княжыч Глеб збег з усёй сваёй дружынай, — бялеючы ў твары, паведаміў Казлейка кунігасу. — І Войшалка з сабой павёў у вяроўках.

— Войшалка?! — схапіў Казлейку загрудкі Міндоўг. — Як жа ты праспаў? А хваліўся, што трохвокі, што на зямлі і пад зямлёй усё бачыш. Няўжо само неба супраць мяне?

Адразу ж расклалі ахвярнае вогнішча. Уласнаручна забіў Міндоўг казла і сабаку. Не надта шаноўныя гэта жывёліны, а калі казаць праўду, дык і зусім паршыўцы. Але не было пад рукою быка або вала, а без свежай крыві не паразумеешся з багамі.

Вайдэлоты спалілі на белым агні і чорным дыме казліныя і сабачыя косткі, развеялі на ўсе чатыры бакі гарачы прысак.

Потым доўга глядзелі на воблакі, на дрэвы, прыпаўшы вухам да зямлі, слухалі булькатанне адзінага ў балотным гарадку ручая. З воблакаў, калі ўважліва, не міргаючы і не адводзячы вачэй, прыгледзецца, праступіў нейкі твар, суровы і непрыветны. Але пабег па траве, па зялёных шапках дрэў вецер, зашумеў, залопаў цёплымі крыллямі паміж воблакаў, і надземны ўсюдыісны твар таго, што кіруе ўсім, памякчэў, пасвятлеў.

— Багі за цябе, кунігас Міндоўг, — урачыста абвясцілі вайдэлоты.

— Жывы не без хаты, мрэц не без магілы, — глыбакадумна прамовіў старэйшы і мудрэйшы між імі.— Яшчэ доўга будзеш ты жыць і ваяваць, кунігас.

Потым яны далі Міндоўгу выпіць з абсмаленага казлінага рога зелля, пакаштаваўшы якое чалавек не адчувае ні боль плоці, ні боль душы. Кунігас выпіў і моцна, спакойна заснуў. Святую праўду казаў мудрэц Геракліт: «Адно і тое ж у нас — жывое і мёртвае, і шлях уверх і ўніз — адзін і той жа». І яшчэ ён казаў такое, што неабходна запомніць усім: «Людзям не зрабілася б лепш, калі б збыліся ўсе іхнія жаданні».

Надышла ноч. Спаў Міндоўг. Спала восеньская жаўталістая пушча. Спаў свяшчэнны лес усімі сваімі жалудамі і галінамі.

А ў Варуце ў гэты самы час было шумна і весела. Кунігас Даўспрунк разам са сваімі сынамі Таўцівілам і Эдзівідам шчодра частаваў новагародскага княжыча Далібора, які прывёў сваю дружыну з балотнага гарадка і, адступіўшыся ад Міндоўга, прызнаў тым самым вярхоўную ўладу Даўспрунка над усёй Літвой. Як было не святкаваць!

Даўспрунк, старэйшы Міндоўгаў брат, з такімі ж чорна-зялёнымі, быццам лясное возера, вачамі, радаваўся, але радаваўся асцярожна. Болей крычалі і п'яна бушавалі ў застоллі ягоныя сыны. Сам жа Даўспрунк сціпла сядзеў побач з Даліборам у звычайнай белай кашулі, без аніякага золата і срэбра. На ногі ён абуў звычайныя сялянскія клумпы29.

Маладыя гарачыя Таўцівіл з Эдзівідам хваліліся сваім спрытам і адвагаю.

— Мы так хутка ўбеглі ў Варуту, што Міндоўг і кашлянуць не паспеў,— казаў Далібору, наліваючы сабе і госцю новую чарку віна, Эдзівід, плячысты, з ярка-сінімі вачамі і белымі бровамі.

— Хвалі дзень увечары, жанчыну пасля смерці, меч пасля бітвы, а сваю нявесту на другі дзень пасля вяселля, — усміхаючыся ў рудаватую бараду, ціхім голасам прамовіў Даўспрунк. І, крыху счакаўшы, спытаў:

— Ведаеце, дзеці, хто гэта сказаў?

— Ты, — трымаючы ў руцэ залатую чару, тыцнуў ёю Ў бок кунігаса-бацькі Таўцівіл.

— Гэта сказаў мудрэц Ішмінтас. Ен навучыў нас, літоўцаў, страляць з лука і сеяць хлеб, — зноў усміхнуўся Даўспрунк.

Потым устаў, прасветленым позіркам абвёў усіх застольнікаў, выгукнуў:

— Вып'ем за Новагародак і Літву!

— За Новагародак і Літву! — як адзін падтрымала застолле.

Далібор быў вясёлы, усмешлівы, нямала піў, але галаву меў ясную. Насупраць яго за сталом сядзелі Хвал і Костка. Лях з вялікім імпэтам налягаў на літоўскія прысмакі, і ваявода ўжо двойчы наступіў яму пад сталом на нагу.

— А ў нас жа гасцююць нашы родзічы, — успомніў раптам Эдзівід. — Камарэча мы балотная, калі забыліся пра такое.

Даўспрунк пляснуў у ладкі і загадаў прыслужніку:

— Няхай прывядуць сюды Войшалка. І няхай прыйдзе князёўна Рамуне.

У Далібора няўлоўна ўздрыгнулі вейкі. Але ніхто з вясёлых п'юноў-застольнікаў не заўважыў, ды і не хацеў нічога заўважаць. Быў мёд, было віно, было гарачае мяса і была песня. Жанчыны таксама ўжо чакалі, каб адарыць пяшчотаю адважных мужоў, як толькі тыя выйдуць з-за стала. Што яшчэ трэба чалавеку, асабліва, калі наперадзе чакае цемра трывожных дзён, калі не можаш ведаць, на якім кроку і на якім уздыху ўвап'ецца ў тваю плоць смяротны метал?

Далібор чамусьці ўспомніў, як ішлі цераз ужо, халоднае балота, як абрываліся, нібы ў бездань, ногі. Аж пот на лбе выступаў і млосна рабілася, пакуль шукаў, ліхаманкава намацваў выратавальную кладку. Злева ў чэзлым кустоўі раптам нешта хруснула, і ўсе ўбачылі старога лася. Ен таксама прабіраўся на сухазем'е. Асабліва небяспечныя багністыя мясціны лось прапаўзаў на жываце, далёка перад сабой выкідваючы пярэднія ногі.

— Толькі ляжа зіма, стане цвёрдым балота, мы пойдзем у яго і голымі рукамі возьмем там Міндоўга, — сказаў Эдзівід.

У гэты час дзверы адчыніліся, і ў іх увапхнулі Войшалка са звязанымі рукамі. Сіняк, як трохрогая зорка, гусцеў пад левым вокам, рукаў кашулі быў парваны. Міндоўгаў сын з вялікай пагардай і дзёрзкай смеласцю глянуў на ўсіх, не ўтапіў позірк у падлогу, як робяць звычайна палонныя, асабліва, калі ведаюць, што іх прывялі не для таго, каб пагладзіць і пачаставаць. Пачаставаць, вядома, могуць, шпурнуўшы, як сабаку, абгрызеныя косткі са стала.

— Ну, што скажаш, варуцкі кунігас? — узяўшы рукі ў бокі, кпліва спытаў Эдзівід. — Вас жа там, на балоце, ужо два кунігасы, твой бацька і ты.

Эдзівід, а следам за ім і Таўцівіл зарагаталі. Даўспрунк, іхні бацька, а Войшалкаў дзядзька, маўчаў, кідаючы выпрабавальныя позіркі на пляменніка. Здавалася, ён адчувае нейкую няёмкасць.

— Развяжыце мяне, — не папрасіў, а запатрабаваў Войшалк.

— А вы з бацькам Рушкавічаў развязалі, калі рэзалі іх, як свіней? — выскачыўшы з-за стала, пабег да Войшалка Эдзівід. Быў Эдзівід шыракаплечы, але ў жываце і ў клубах занадта худы. «Юрлівы певень тлусты не бывае», — казалі пра яго, маючы на ўвазе незвычайную цягу княжыча да жанок.

Войшалк ганарыста маўчаў. Тут уставіў сваё слова і Таўцівіл.

— Чулі мы, што ты разам са сваёй маці, цверскай князёўнай, Хрысту дужа шчыра пакланяешся, а пра Пяркунаса забыўся, — сказаў ён. — Гавораць усюды, што ты малітвы дзень і ноч шэпчаш-паўтараеш. Ці не дазволіш і нам іх паслухаць?

Таўцівіл, як блазен, скрывіў ва ўсмешцы вялікі рот, адставіў нагу, трубачкай прыклаў да вуха далонь. І раптам Войшалк, пабялеўшы ў твары, пачаў ціхім голасам гаварыць.

— Прыхіні вуха тваё да мяне, Хрыста Бога майго Маці, ад вышыні многія славы тваея, Благавесная, і пачуй стагнанне канечне, і руку мі падаждзь.

Далібор уздрыгнуў — варуцкі княжыч казаў малітву на зыход душы:

— Не адвярні ад мяне многія шчадроты твая, не зачыні ўтробу тваю чалавекалюбівую, чыстая, але прадстань мі ныня і ў час судны памяні мя.

І хрысціяне, і паганцы прыціхлі, як знямелі, бо такія словы гаворацца раз у жыцці. Павісла маўчанне.

— Развяжыце яго, — загадаў Даўспрунк.

У гэты час увайшла Рамуне. Убачыўшы брата, засвяцілася ўся ад радасці, кінулася да яго, абняла.

— Братачка мой! Саколік! Войшалк памкнуўся ёй насустрач.

— Сястрыца! Зязюлечка!

Гэтыя самыя першыя і самыя шчырыя словы, што вырваліся адначасна з іхніх грудзей, не маглі крануць толькі камень. Чалавечае сэрца, якім ні быў бы чалавек, недзе ў самай сваёй жывой глыбіні заўсёды, можа, нават неўсвядомлена, адгукаецца на такія словы. У дадзеным жа выпадку асабліва павінна было ўстрапянуцца літоўскае сэрца, бо спрадвеку ў літоўскіх песнях-дайнах дзяўчына завецца зязюляй, а хлопец — сокалам або ястрабам.

Вырваныя з цёплага бацькоўскага гнязда, стоячы паміж ворагаў, яны, брат і сястра, моцна абняліся, ды так на нейкі міг і застылі, быццам явар і каліна, быццам дубок і бяроза. Што бушавала ў іхніх душах? Што праносілася ў іхняй памяці? Незваротныя дні малалецтва, сінія летнія рэкі, белыя пухкія воблакі, нястрашныя дажджы і бяскрыўдна-залатыя маланкі, увесь той агромністы, зялёны, сонечны свет, у якім калісьці жылі яны, даверлівыя маленькія людзі, што разам бегалі па расе, па кветках басанож, галяком, і ні кропелькі сораму не было ў вачах, бо былі яны тады дзецьмі, былі братам і сястрой.

Раптам Рамуне ўбачыла за сталом Далібора і, здалося, аж пахіснулася. У чорна-зялёных вачах прабегла спачатку здзіўленне, потым роспач і крыўда. І нарэшце лядок нянавісці зашкліў вочы. Дзяўчына цяжка ўздыхнула і адвярнулася.

— Вось і ўбачыліся, — ласкавым голасам сказаў Даўспрунк. — Сядай, Рамуне. Сядай і ты, братачада30 Войшалк.