154426.fb2 Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 19

Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 19

І ўсё ж дарункі былі, калі параўноўваць з мінулымі, зусім нядаўнімі сонцаваротамі, беднаватыя. Усе бачылі гэта. Сам Міндоўг страшэнна перажываў, сказаў Ізяславу:

— Прабач, брат мой новагародскі, што з пустымі рукамі прыйшоў я да цябе. Але клянуся Пяркунасам: вазьму Літву, пакараю сваіх ворагаў, і маё багацце будзе тваім, і мой хлеб будзе тваім хлебам.

Супала так, што пасля кунігасавых слоў у вакольным горадзе ў храме Барыса і Глеба ўдарылі ў звон. Святы айцец Анісім, які таксама прысутнічаў пры сустрэчы, незадаволена зморшчыўся. Атрымлівалася, што Хрыстос, адзіны і ўсемагутны, вітаў Пяркунаса, вітаў, як роўнага сабе. Званару ж было строга загадана не спяшыць і не спазняцца, а біць у звон дакладна тады, калі будзе гаварыць новагародскі князь-хрысціянін. «Пачакай, — з гневам падумаў святы айцец, — накладу заўтра ж на разяваку эпітымію, і трыццаць дзён і начэй будзеш стаяць на пакаяннай малітве».

Пасля новагародскіх князя і княгіні Міндоўг з вялікім хваляваннем прывітаў сваіх дзяцей, Войшалка і Рамуне, а таксама Далібора і Някраса.

— Жывыя, — абняўшы дзяцей, сказаў кунігас. — Добра, што вы жывыя. Ідзіце хутчэй да маці сваёй, бо вочы з-за вас выплакала.

Тыя адразу ж пабеглі да маці, што з малалеткамі Руклюсам і Рупінасам, з чэляддзю, з дзеўкай-векавухай Варварай, прывезенай з Цверы, чакала ў абозе, які прыпыніўся на торжышчы ў вакольным горадзе. Князевы дзеці, што б пра іх ні казалі абгаворшчыкі або зайздроснікі, у большасці сваёй таксама любяць мацярок, бо матчыну душу ні за срэбра, ні за футры сабаліныя не купіш. Кожнаму чалавеку самім небам даецца такая душа-зорка, як толькі народзіцца ён.

Някрас, дужа ссумаваўшыся па старэйшым браце, накінуўся з роспытамі.

— Ну як, шмат цікавага ўбачыў? У літоўскай пушчы начаваў?

Вочы ў яго аж гарэлі.

— Убачыў шмат чаго, — усміхнуўся Някрасу Далібор. — І ў пушчы быў, і ў Варуце, і на ловах. Ды што там ловы? Я, братка ты мой, чалавека ў сечы забіў.

— Чалавека? — Някрас аж адступіў крок назад.

— Чалавека. Літоўца. Каб не я яго, дык ён мне б галаву мачугай раструшчыў. Мячом я, як Костка вучыў, секануў.

Някрас з найвялікшай павагаю і захапленнем глядзеў на брата. Пакуль ён тут, у Новагародку, завостранай трысняговай палачкай-каламам, якую прывезлі з Візантыі, выводзіў пад наглядам святога айца Анісіма літары-казюркі на пергамене, старэйшы брат вастрыў меч аб чужыя шыі, бачыў такое, што можа ўбачыць толькі мужчынскае вока.

Далібор жа, заўважыўшы нясцерпны, нейкі галодны бляск у братавых вачах, раптам зразумеў, якім дарослым зрабіўся за гэтыя дні і ночы сам і якім зялёным дзіцянём застаўся брат. Гэта і ўзрадавала яго, і засмуціла. Ен стаў воем, ён забіў уласнай рукою ворага, на ім — жывая чалавечая кроў. Дзеля гэтага і нараджаюцца на свет князі. Караць, заваёўваць, ахоўваць — вось княжы хлеб. Але, першы і, пэўна ж, не апошні раз забіўшы чалавека, ён, Далібор, пасягнуў на божы запавет, у якім сказана: «Не ўбій». Колькі суровасці ў дарослым жыцці! Колькі болю і страт! А Някрас, малодшы, прыгожанькі, як дзяўчына, брат ляціць на злом галавы ў гэта зманлівае і прывабнае, быццам павуціна, жыццё, каб хутчэй ублытаць у яго свае крылы. І ў той жа самы час застаецца горкім дзіцянём. Яму б яшчэ ў жмуркі гуляць, прывязваць зялёных жаб да хвастоў церамных кошак. Вось і зараз, трохі астыўшы ад радаснай сустрэчы з братам, прапанаваў: «Пабеглі, пакатаемся з вала. Там дужа слізкая трава вырасла».

Далібор адчуваў, як пасталеў за апошні час. Ужо зусім не хацелася гуляць з Някрасам. Той дужа пакрыўдзіўся, калі старэйшы брат не захацеў бегчы разам з ім на вал, каб коўзацца па слізкай траве, але што паробіш. Пасля дарогі доўга спаў Далібор і, нарэшце прачнуўшыся, яшчэ раз канчаткова зразумеў сваю даросласць, калі пачуў, як маці гаворыць некаму пра яго: «Стаміўся. Спіць, як каваль».

Прачнуўшыся, ён адразу ж успомніў Рамуне, мяккую ўсмешку, светлыя валасы, незвычайныя чорна-зялёныя вочы. Ен зразумеў, што пакахаў прыгожую юную літоўку, і сэрца захлынулася ў халодным і адначасна салодкім суме: «А ці пакахае мяне яна? Ці спадабаюся я ёй?» Гэта было так важна ведаць, прычым ведаць неадкладна, зараз жа, бо кожны мужчына два разы нараджаецца на свет. Першы раз — для Бога і для сябе, другі раз — для жанчыны. Далібор хацеў паклікаць халопа Найдзёна, каб той занёс у вакольны горад і перадаў Рамуне сіняга шкла бранзалет. Ен чуў і ведаў, што мужчына павінен рабіць падарункі, а жанчына павінна з удзячнасцю іх прымаць. Але, падумаўшы, княжыч вырашыў такую важную і далікатную справу даручыць дружынніку Велю, свайму аднагодку, з якім вельмі сышоўся ў час паходу ў Варуту.

Бель зразумеў Далібора з паўслова.

Ен узяў бранзалет, любуючыся, пакруціў у руках, прыклаў да вока, каб паглядзець праз яго на сонца, нарэшце схаваў запазуху і сказаў:

— Я таксама насіў падарункі ў вакольны горад. І бранзалет насіў, толькі бяднейшы, чым твой.

— Каму ж ты насіў? — зацікавіўся Далібор.

— Жыве там Лукера, дачка залатара Івана.

— Тая, што да вешчуна на Цёмную гару ходзіць?

— Яна, — здзіўлена адказаў Вель. — Адкуль табе, княжыч, вядома такое?

— Ужо ж вядома, — задаволена прамовіў Далібор, убачыўшы разгубленасць на твары ў дружынніка. — Нясі бранзалет, аддай і скажы, што новагародскі княжыч прыслаў. І абавязкова запомні, што яна пры гэтым скажа або як гляне.

— У яе брат злосны. Нездарма ж яго воем шалёным завуць, — пачухаў патыліцу Вель.

— А ты зрабі так, каб Войшалк не ўбачыў.

— Зраблю, княжыч, і ніводная пчала і муха не даведаюцца.

Увечары князь Ізяслаў, правёўшы перамовы з Міндоўгам, выпіўшы з ім мёд і развітаўшыся да заўтрашняга дня, пад вялікім сакрэтам склікаў проста ў сваёй апачывальні самых блізкіх людзей, правераных часам на вернасць яму, князю, думцаў34. Прыйшлі ваявода Хвал, святы айцец Анісім, тысяцкі Раданег, пасаднік Ізот, баяры, купцы і залатары з вакольнага горада, і сярод іх такія вятшыя і багатыя срэбрам, як Сарока, Іван, Тугажыл.

Густа гарэлі свечкі, устаўленыя ў запоўненыя тлушчам кубачкі, якія нагадвалі сабой дзівосныя срэбныя кветкі. Райская птушка Сірын з жаночай галавой была вышыта залатым танюсенькім дротам на велізарным рамейскім дыване, што вісеў над князевым ложам. Ізяслаў быў апрануты ў лёгкую зялёную кашулю з адамашку. Рукавы ў кашулі на запясцях схоплены буйнымі бліскучымі запінкамі-жамчужынамі.

Думцы селі паўкругам на перасоўныя дубовыя лавачкі, па чалавеку на лавачку. Чаляднікі ўнеслі ў гліняных цёмных брацінах квас, у якім плавалі кавалачкі лёду, светлае піва.

— Свайго сына, княжыча новагародскага Глеба, я таксама запрасіў сюды, — сказаў думцам Ізяслаў. Далібор устаў і, як вучыў Костка, пакланіўся ўсім.

— Гэта не чужы прыхадзяка, а свой новагародскі княжыч, — паважна прамовіў, трасучы сівой калматай барадою, баярын Тугажыл. — Няхай глядзіць, слухае і розуму набіраецца.

— Баяры і купцы, чадзь старая і мной любімая, — пачаў Ізяслаў,— трэба нам парадзіцца, мудрасць і развагу сваю ўзяўшы ў дапамогу. Усе вы ведаеце, што ў Новагародак завітаў і ўжо атрымаў нашу вялікую ласку і пашаноту высокамаентны госць.

— А я, едучы з Турыйска, сёння ваўка ўбачыў,— не дужа пачціва ўставіў сваё слова залатар Іван, — воўк, дык воўк. Аж успомніў дзедаўскую прыкмету — убачыш ваўка, будзе на парозе госць. Прыехаў у Новагародак, а тут ужо Міндоўг з дружынаю.

Ізяслаў незадаволена зірнуў на залатара, а той хоць бы вусам варухнуў. Ведае, што за ім сіла, срэбра і золата. Новагародскія ж залатары-купцы аж у Рым і Брэмен свой тавар возяць. Іхняе Нёманскае сто35 ў Полацку і ў Ноўгарадзе між мясцовых купцоў-багацеяў вялікую падтрымку мае.

— Як будзем наконт Міндоўга рашаць, наконт яго сямейцаў і дружыны? — нахмурыўшыся, спытаў Ізяслаў.

— А што ваявода Хвал скажа? Ен жа быў у Літве, — пачуліся галасы.

Ваявода Хвал, разгладзіўшы вусы, што зіхцелі медна-жоўтым бляскам, сказаў:

— Вялікая фуртавіна36 ў Літве. Рэжуцца між сабой кунігасы. Вось нават і Міндоўга выгналі з Варуты. Але ён моцны. У яго дружына, якіх я мала бачыў, хоць, як вядома вам, шмат дзе ваяваў.

— Калі выгналі з Варуты, няхай ідзе на самакорм'е і жыве, як смерд, сваёй працаю, — кпліва прамовіў Тугажыл.

Але з ганарлівым баярынам ніхто не пагадзіўся. Усе разумелі, што за Міндоўгам стаіць сіла, і патрэбна гэту сілу выкарыстаць з розумам. Не парокам-таранам павінна біць яна ў новагародскую браму, а стралой, пушчанай з магутнага лука, ляцець туды, адкуль ворагі пагражаюць Новагародку. Літоўскі меч трэба ўкласці ў новагародскія похвы.

— Думаю я, што з Міндоўгам і яго дружынаю нам неабходна заключыць рад37,— сказаў баярын Сарока. — Мы дапаможам яму вярнуць сталец у Варуце і ўсёй Літве, ён разам з намі стане на Нёмане супраць татараў і лацінян.

— Міндоўг — паганец, — запярэчыў айцец Анісім. — Дзе і калі хто бачыў, каб хрысціянская дзяржава, улюбёная Хрыстом-богам, садзілася, як з роўняй, за адзін стол з паганцамі? Яны адразу ж здрадзяць, бо жывуць, як звяры.

— Няпраўду кажаш, святы айцец, — міжволі вырвалася ў Далібора. — Паганцы такія ж самыя людзі, як і мы. Быў я ў Варуце, доўгі час жыў побач з імі. Яны не бязбожныя людзі, бо маюць сваіх багоў, якім з ахвотаю пакланяюцца. Толькі звяры не маюць багоў.

— Сын мой, — холадна прамовіў Анісім, — паганцы — ворагі роду чалавечага. Няўжо ты гэтага не ведаеш?

Але Далібора няпроста было збіць з тропу. Ен, калі адчуваў сваю праўду, мог казаць рэзкія, нават злыя словы.

— Не бачыў я на іхніх тварах звярынага поту, — вёў сваё княжыч. — Бачыў пот чалавечы і слёзы чалавечыя бачыў. Яны дзяцей сваіх берагуць і шкадуюць, як і мы, хрысціяне. І плачуць над дзецьмі сваімі, калі кладуць іхнія мёртвыя маленькія цельцы на памінальнае вогнішча.

— На вогнішча! — усклікнуў Анісім. — Не ў зямлю! Бо не вераць ва ўваскрэсенне з мёртвых.

Усе з вялікай цікавасцю сачылі за слоўным паядынкам іерэя і маладога княжыча. Князь Ізяслаў хмыкаў у вусы, хмурыўся, але пакуль што маўчаў. Апошнімі днямі хмурнасць гэта рэдка сыходзіла з ягонага твару.

— Варуцкая княгіня Ганна-Паята, дачка цверскага князя, праваслаўная, як і ўсе мы, — цвёрдым голасам казаў Далібор. — І сын яе Войшалк праваслаўны. Ды і сам Міндоўг, калі трэба для яго народа, трэба для Літвы, прыме веру хрысціянскую ад Усходу, гэта значыць нашу веру.