154426.fb2 Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 22

Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 22

— Усе вы збожныя, — рэзкім голасам сказаў Вель. — А сама да вешчуна на Цёмную гару ходзіш.

І не даўшы дзяўчыне слова ўставіць, засмяяўся, зноў паўтарыў:

— Ен ненавідзіць мяне. Але ў кожнага мужчыны, я чуў, павінна быць сем нядобразычліўцаў. У мяне іх больш.

— Не нагаворвай на сябе. Ты — добры, — захоплена пазіраючы на Веля, ціха прамовіла Лукера.

Яна адчувала, што вельмі-вельмі кахае яго, і скажы ён толькі слова, загадай, пабяжыць за ім, як маленькая хваля за вялікай ракою. Але дружыннік, як бы нешта ўспомніўшы, хуценька пацалаваў яе ў шчаку.

— Мне трэба ісці.

І, не азіраючыся, пашыбаваў у бок дзядзінца. Дзяўчына сумна ўздыхнула, доўга глядзела яму ўслед, потым зняла свой вяночак, пайшла ў святліцу. Там яна пачала маліцца Хрысту, прасіць, каб не адварочваў ад яе Велева сэрца. Назаўтра ж надумала разам з сяброўкамі збегаць на Цёмную гару, бо пакланіцца святому зялёнаму дубу і нязгаснаму агню таксама не зашкодзіць.

Вель, паблукаўшы па дзядзінцы, пастаяўшы каля літоўскіх шатроў і паслухаўшы літоўскія песні, зноў вярнуўся ў вакольны горад. Недалёка ад сядзібы залатара Івана ён схаваўся за нечы плот і пачаў сачыць за акутай жалезам брамаю, што ахоўвала двор залатара. Ужо чалавек шэсць ці сем, азірнуўшыся па баках, шмыгнулі ў невысокія дзверцы, якія былі ўрэзаны ў браму. Усе яны былі ў плашчах з капюшонамі, і дружыннік не мог, як ні напружваў зрок, убачыць твараў. Што ж прымушала яго сядзець, нібы воўк, у засадзе? На такое пытанне ён, бадай, не змог бы адказаць. Пакуль што проста сядзеў, проста глядзеў, слухаў і лічыў людзей, якія пад покрывам змроку ішлі і ішлі да залатара. «Можа, будзе купецкая братчына і таўстамясыя будуць піць віно, хваліцца сваім срэбрам?» — думаў ён.

Але на братчыну ідуць не хаваючыся, у багатых уборах, цягнуць разам з прыслужнікамі амфары і карчагі, кошыкі з печанай рыбай і белым хлебам, кумпякі, ужо наткнутыя на ражно і абсмажаныя. У маленькіх сплеценых з танюткай лазы кошыках або на вышываных абрусах нясуць арэхі, яблыкі, ігрушы, кіслы ўгорскі корань, ад якога робіцца холадна ў роце. Гэтыя ж ішлі ў цёмных плашчах, па аднаму і моўчкі. У Веля аж у жываце забурчала ад цікаўнасці. Ен пагладзіў, пацёр далонню жывот, потым, прыгнуўшыся, падбег да брамы, праскочыў у дзверцы і асцярожна, затойваючы дыханне, пачаў красціся ўздоўж глухой сцяны. Ен добра ведаў гэты прасторны багаты двор, бо не раз прыходзіў сюды да Лукеры. Дзіўная адвага і незвычайная цікаўнасць бушавалі ў ім. Ні кропелькі страху не зведаў ён, калі прыставіў да сцяны сукаватае бервяно, якое, чырачы зямлю, прыцягнуў ад плота, і палез па гэтым бервяне на верхні ярус. Там, ён ведаў, ёсць вузенькі праход, ушчаміўшыся ў які можна прайсці, а потым прапаўзці да таго месца, дзе апорны слуп, што трымае перакрыцце, уразаецца ў столь. Каля слупа вілася даволі шырокая трэшчына. Вель прыпаў да яе вокам і навастрыў слых.

Спачатку ён убачыў лысага, хоць боб на галаве малаці, залатара Івана. Каля яго сядзеў Алехна, трохі зводдаль — купцы Алхім, Панкрат, Аўдзей, тысяцкі Раданег і нейкія незнаёмцы.

Вялізная люстра-хорас, з тых, што вісяць у цэрквах, асвятляла пакой. Уплішчыўшыся ўсёй шчакой у шчыліну, Вель убачыў частку пафарбаванай у чырвоны колер сцяны. На чырвоным полі строга пазіраў з фрэскі малады безбароды чалавек у княжай шапцы з сінім верхам. Гэта быў князь-пакутнік Глеб.

— Усе? — спытаў залатар Іван.

— Усе, акрамя Цімафея, у якога дачка-сямідзёнка памерла, — адказаў Алехна.

— Памянём душу новапрастаўленай рабы божай, — узняўся са свайго месца, перахрысціўся Іван. Тое ж самае зрабілі ўсе прысутныя.

Але галоўны тут быў, як пачаў здагадвацца Вель, Іванаў сын Алехна. Ен выйшаў на сярэдзіну пакоя, зняў з шыі срэбны дробнакаваны ланцужок, на якім нешта вісела. «Божы абразок», — падумаў Вель.

— Паклянёмся нашай святыняй, паклянёмся жалезнымі жалудамі, якія ўсе мы носім на грудзях разам з хрысціянскім крыжам, што, сабраўшыся сёння тут, будзем думаць толькі пра Новагародак і Новагародскую зямлю, — урачыста сказаў Алехна.

Усе ўзнялі ўгору жалезныя жалуды.

— Мяне вярнуў з дарогі ваш ганец. Дзякую, што ў такі час вы не забыліся пра мяне.

Алехна тройчы пакланіўся:

— Наша Нёманскае сто, наша купецкае і залатарскае браталюбства ведаюць далёка адсюль. Быў я ў Брэмене, даходзіў са сваім таварам аж да Генуі і Венецыі, дзе стварылі купцы свае дзяржавы, і мяне, новагараджаніна, сустракалі і прымалі там, як роўню. У тых далёкіх краях мужоў цэняць перш за ўсё за купецкі спрыт і за грошы, якія яны маюць. Перад купцамі там адчынены дзверы самых багатых палацаў, князі і правіцелі садзяць іх побач з сабою на залаты трон.

Усе прысутныя адабральна загулі. «Кубло гадзючае», — са злосцю падумаў Вель, бо быў цвёрда перакананы, што сапраўдны муж, уладар зямлі той, хто з малалецтва носіць на поясе меч. А ўсе гэтыя смерды, кавалі, купцы — зямны тлен-пыл пад нагамі ў вояў.

— Браталюбы, — узвысіў голас Алехна, — надышоў час вялікага выбару. Усё цяжэй узнімаюцца ветразі нашых караблёў на Варажскім моры. Вы ведаеце чаму. Лівонскія і тэўтонскія рыцары перагарадзілі нам дарогу. І хоць лівонскі магістр у Рызе Андрэй Стырланд клянецца, што вельмі любіць новагародскіх купцоў, гэтак жа, як полацкіх і смаленскіх, мала яму ад нас веры.

— Мала, — гучна сказаў сваім грамавітым голасам Алхім.

— У нас ёсць грошы, вялікія грошы, але гэта сёння не ўсё. Патрэбна, каб у нас быў свой меч, — казаў далей Алехна.

«Ды ты, карузлік, той меч вышэй кален не падымеш», — з'едліва падумаў Вель. Ен раптам зразумеў, чаму сядзіць тут, у гэтым павуцінным закутку, можа, нават рызыкуючы ўласнай галавою — ён ненавідзіць Алехну, ненавідзіць даўно, з таго самага дня, калі даведаўся, што ў Лукеры маецца дужа ўдалы, дужа разумны брат.

— Есць у Новагародку меч — князь Ізяслаў Васількавіч. Але няма ў ім ужо ранейшага гарту і моцы.

— Ступіўся меч, — зноў уставіў сваё слова Алхім, і некаторыя з купцоў засмяяліся. Вель аж здрыгануўся ад злосці.

— Меч у Ізяслава ступіўся, — згодна кіўнуў галавой Алехна, — а значыць, нам, вятшым людзям Новагародка, купцам і баярству, трэба шукаць меч, які б абараніў нашу зямлю і далучыў да яе новыя багатыя землі. З баяр да нас прыйшоў сёння тысяцкі Раданег. Скажы, браталюб Раданег, дзе б нам знайсці такі меч?

Павісла маўчанне. Вель сцяўся ў клубок, баючыся дыхнуць.

— Такі меч ёсць, — глухім голасам адказаў Раданег.

— Можаш ты яго назваць?

— Магу. Гэта — літоўскі кунігас Міндоўг.

Усе адразу зашумелі, пачуліся абураныя галасы:

— Аддаць хрысціянскі горад паганцу?

— Ды ён у храме Барыса і Глеба паставіць свайго драўлянага балвана!

Але ўсіх перакрыў уладны голас Алехны. «У гэтага ў глотцы мазалёў не бывае — гаворыць, што рэпу грызе», — падумаў Вель.

— Міндоўга ўжо і так узяў з дружынаю князь Ізяслаў на сваю службу, — рашуча і цвёрда сказаў Алехна. — У яго жонка хрысціянка і сын хрысціянін. Абраўшы яго сваім князем, мы запатрабуем, каб ён прыняў нашу веру, і ён прыме яе.

— Мы забыліся пра княжыча Далібора, — напомніў усім маўклівы Панкрат.

— З княжыча Глеба Ізяславіча будзе нядрэнны князь. Але заўтра, не сёння, — адказаў Алехна. — А пакуль што ён можа служыць падручным князем у Міндоўга. Можна аддаць яму на кармленне Ваўкавыйск, а князю Ізяславу — Свіслач.

Вель у сваім сховішчы аж захлынуўся ад гневу, аж за руку сябе кусануў. Як у іх усё гладка і спорна атрымліваецца. А чаму б княжычу Далібору і сапраўды не стаць князем Новагародка, а ён, Вель, пры ім з божай дапамогаю мог бы быць ваяводам. Гэтыя ж хочуць загнаць княжыча ў Ваўкавыйск.

— Браталюбы, усе вы ведаеце, што вялікім мужам, якія служаць або могуць паслужыць Новагародку, мы таемна пасылаем праз сваіх людзей жалезны жолуд, — зноў загаварыў Алехна. — Міндоўгу мы паслалі такім жолуд, і ён, як стала вядома, не адмовіўся ад яго. І княжычу Далібору паслалі. Няхай з гэтых жалудоў вырастуць жалезныя дубы, няхай сякеры чужынцаў скрышацца аб іх. Веру я, што так і будзе, браталюбы. А Міндоўга не трэба баяцца. Не мы першыя запрашаем князя збоку. Успомніце, як Ноўгарад запрасіў Рурыка з братамі. Успомніце, як балгарскі хан Крум, прыйшоўшы са стэпаў, захапіў сталіцу славян-паўднёўцаў, захапіў іхнюю дзяржаву, але неўзабаве і сам зрабіўся славянінам, і ўсе яго людзі, хоць дзяржава называецца Балгарыяй. Пераварылі яго славяне, перакавалі. А хіба вывеліся добрыя кавалі ў Новагародку?

Далей Вель ужо не слухаў. Як бясшумная ласіца, што, ў хлявах у смердаў доіць начамі кароў, праслізнуў ён са сваёй схованкі, злез на зямлю па сукаватым бервяне, што чакала яго каля сцяны, пабег на дзядзінец шукаць княжыча Далібора.

— Перадаў бранзалет? — першае, што спытаў у яго Далібор, не даўшы яму і рот раскрыць.

— Перадаў. Дужа дзякавала літоўская князёўна. Казала, што вызваліў ты яе ад Даўспрунка, што яна кахае цябе і заўтра ўвечары чакае каля сядзібы баярына Сарокі,— адным дыхам схлусіў Вель.

Далібор, як і кожны б маладзён на ягоным месцы, вельмі ўзрадаваўся такой навіне. Значыць, Рамуне думае пра яго, хоча пабачыць, сохне па ім. Адразу здалося вышэйшым цёмнае неба.

Але тут Вель расказаў пра ўсё тое, што чуў і бачыў на сядзібе залатара Івана.

— Завяліся, княжыч, у Наваградку нейкія браталюбы, што ўсім дастаслаўным мужам жалезныя жалуды шлюць, — скончыў ён свой расказ. — Завадатар у іх купец Алехна, Іванаў сын. Хочуць яны Міндоўга паставіць наваградскім князем, а твайго бацьку, князя Ізяслава Васількавіча, і цябе прымучыць42 яму і выгнаць вас абодвух з дзядзінца.

Не хацелася Далібору даваць веру ўсяму гэтаму, ды ўспомніў пра два жалезныя жалуды, што падкідвала невядомая рука. Значыць, нешта ёсць, ёсць сіла ў Новагародку, якая хоча нанесці раптоўны ўдар. Але што рабіць?

— Няхай не ўстаўляюць нагу ў чужое стрэмя, — толькі і сказаў княжыч.

У вялікім одуме стаяў ён пасярод дзядзінца. Муралі будавалі вежу, спяшаліся і будавалі нават пры святле паходняў. Новагародак распраўляў плечы, рыхтаваўся да новых паходаў і новых аблогаў. Далібор вырас на гэтым дзядзінцы, пад гэтым небам, і было нясцерпна крыўдна думаць, што нехта хоча выкінуць яго адсюль, як непатрэбнага цюцьку. Гневам налівалася душа. І ўсё-такі ён, добра ўсё абдумаўшы, рашыў нічога пакуль не расказваць бацьку. У новагародскага князя ў кожным куточку горада павінны быць свае вочы і вушы, і быць не можа, каб бацька нічога не ведаў пра браталюбаў. А вось з літоўскім княжычам Войшалкам Далібору вельмі захацелася сустрэцца. Ен нават хацеў напроціў ночы ісці да яго, але перадумаў.