154426.fb2 Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 23

Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 23

Назаўтра вецер ляпіў у вокны мокрым снегам і апошнім размяклым лісцем з навакольных лясоў. Паміж белых снегавых хмар бачыліся халодныя сінія яміны неба. Потым падмарозіла. Далібор загадаў набіць свайму каню на падковы ледаходныя шыпы. Сам дапамагаў кавалям: глядзеў, як спалохана міргае конь вялікімі цёмнымі вачамі. Потым паехаў з дзядзінца да Войшалка, нікога не ўзяўшы з сабой. Акасцянела стаяў вакол горада прарэджаны ветрам і марозам лес. Яшчэ не хутка ляжа трывалы жорсткі снег і пачнецца сапраўднае зімовае глыбакаснежжа, але зіма ёсць зіма. Далібор павольна ехаў на кані і адчуваў, як мярцвее і ледзянее зямля і неба.

Войшалк сустрэў новагародскага княжыча прыветліва, але вочы былі сумныя, без роспытаў сеў на свайго каня, паехаў побач з Даліборам. Хрупаў пад конскімі капытамі снег.

Слова ў слова расказаў Далібор Войшалку ўсё, што пачуў учора ад Веля. Зірнуў літоўскаму княжычу проста ў вочы.

— Твой бацька сустракаўся з гэтымі браталюбамі?

— Не, — абыякава адказаў Войшалк. — Я гэта заўважыў бы, а калі б і не заўважыў, верныя людзі мне б перадалі.

І раптам дадаў:

— Я ў манастыр хачу ісці.

— Княжыч, Міндоўгаў сын, і хочаш ісці ў манастыр? — здзівіўся Далібор.

— Вось таму, што Міндоўгаў сын, і хачу ісці,— адказаў Войшалк і замоўк.

Яны ехалі па нечым санным следзе. Вецер шумеў у пустым зацярушаным снегам кустоўі. Са шкадаваннем думаў Далібор, што ягоны сябра (а Войшалка ён яшчэ з Варуты пачаў лічыць сваім сябрам) збіраецца пастрыгчыся ў манахі, поснікі і маўчальнікі. Шум ветру тым часам узмацняўся, перайшоў у свіст. Здавалася, нехта нябачны і велізарны дзьме што ёсць моцы ў пусты арэх-свішчык. «Няхай асвецяць цябе божыя прамяні,— з жалем, з любоўю думаў пра Войшалка Далібор, — але не спяшайся, не спяшайся ў манастыр. Ты ж яшчэ такі малады».

— Кунігас хоча ўзяць новую жонку, — як бы самому сабе сказаў Войшалк, яшчэ раз дужа здзівіўшы Далібора.

— А Ганна-Паята, твая маці, куды ж дзенецца? — спытаў Далібор.

— Ен надумаў узяць маладую жонку. Есць у Нальшанскай зямлі Марта, сястра жонкі мясцовага кунігаса Доўманта. Да яе кунігас патаемна паслаў сватоў-выведнікаў. А Ганну-Паяту ён верне назад у Цвер.

— Няўжо вашы баяры, вашы ваяводы не могуць заступіцца за княгіню Ганну-Паяту? Яна ж нікому крыўды не чыніла, — сказаў Далібор.

Войшалк строга паглядзеў на яго.

— Той, хто надумаецца такое рабіць, будзе карміць вараннё сваімі вачамі.

Зноў наступіла маўчанне. Шумеў, свістаў вецер.

— Давай даедзем да самага Нёмана, — раптам прапанаваў Далібор. — Мы з Някрасам, маім братам, і з ляхам Косткам два разы так ездзілі. Заспрачаемся, хто ад Новагародка да Нёмана і назад хутчэй прыедзе — і ў дарогу.

— Паехалі,— згадзіўся Войшалк.

Яму, як зразумеў Далібор, было зараз усё роўна, што рабіць і куды ехаць.

Усю астатнюю дарогу маўчалі. Коні знясіліліся ўшчэнт. Даводзілася, каб даць ім перадых, злазіць з сёдлаў, ісці пешшу. Трохі ратаваў санны след, за які яны ўчапіліся, як тапелец чапляецца за вяроўку. Пэўна, купец з дзесяткам саней памчаў перад імі за Нёман і яшчэ далей, у Лівонію. Але гэта надзвычай цяжкая дарога дала сваю відавочную карысць — Войшалк ажыў, пажвавеў, чырванню запалалі шчокі. Ен з удзячнасцю пазіраў на Далібора. Новагародскаму княжычу падабалася, што сябра павесялеў і хоць на нейкі час забыўся пра свае клопаты-згрызоты.

— Нёман, — выдыхнуў нарэшце Далібор, і яны спынілі коней над маўклівай ракою.

Яна была не дужа шырокая і глыбокая, а зараз, пад ільдом і снегам, і зусім выдавала шчуплай, сціплай, але яна была калыскай двух народаў, і пакуль жывуць гэтыя народы, у іхніх песнях будзе жыць і яна. З вялікім хваляваннем глядзелі Далібор і Войшалк наўкол, быццам нечага чакалі, быццам жывы магутны голас вось-вось павінен быў прагучаць, пракаціцца ў маўклівай снежнай прасторы.

— У цябе ёсць жалезны жолуд? — раптам спытаў Далібор.

— Есць, — адказаў Войшалк.

— Давай абмяняемся імі і нацельнымі крыжамі, каб на ўсё жыццё стаць братанічамі.

Вочы ў Войшалка заблішчалі. Ен усё зразумеў і з радасцю згадзіўся. Княжычы злезлі з коней, абмяняліся жалудамі і крыжамі, тройчы пацалаваліся і пайшлі на Нёман. Там, на самай сярэдзіне, яны апусціліся на калені, рукамі пачалі разграбаць снег, пакуль не заззяў чысцюткі лёд. Мячамі яны прасеклі, прадзяўблі ў лёдзе палонку, зачэрпнулі Даліборавым шлемам і зрабілі па глытку марозлівай, аж трашчалі зубы, вады. Да самага свайго канання яны не забудуць гэты дзень. І як бы не давялося ім памерці — на руках у сваіх родных або ў сядле ў час бітвы, за хмельным сталом або ў катавальні — святая нёманская вада ніколі і нідзе не дасць ім зрабіцца сляпымі і глухімі, забыць сваю зямлю.

Стомлены зімовы дзень схіляў ледзяное крыло, пачыналіся прыцемкі. Княжычы не адважыліся супраць ночы рабіць трыццаць вёрст назад да Новагародка. Насеклі лапніку, хмызу. Потым Далібор дастаў з дарожных торбаў-сакваў звярыную шкуру. Пад густымі маладымі елкамі ўтапталі снег, наклалі лапнік, зверху паслалі шкуру. Далібор чэкнуў крэсівам, выбіў іскру, і неўзабаве засвяцілася ў цемры невялікае цяпельца. Яны працягнулі да яго рукі, пальцы сутыкнуліся над агнём, і гэта было як бы яшчэ адным знакам, што душы іхнія парадніліся.

Не ўпершыню начавалі княжычы, новагародскі і літоўскі, у лесе, у полі, але заўсёды між свайго войска, у гушчыні людзей, сёння ж яны засталіся сам-насам з маўклівасцю дрэў і маўклівасцю неба. Пэўна, іх ужо даўно шукалі ў Новагародку і ў Міндоўгавым стане. Яны ж нібы закалыханыя зімовым лесам, сядзелі твар у твар, і здавалася, што не будзе канца гэтай незвычайнай ночы. Яны бачылі, як збіраліся на начлег цецерукі — з усяго лёту ныралі ў гурбы і клаліся спаць пад снегам. Потым, ужо на зломе ночы, непадалёку пачуўся прарэзлівы, нібы дзіцячы крык. Гэта заяц, упаўшы на спіну, усімі чатырма лапамі адбіваўся ад нейкай буйной белай птушкі.

Далібор глядзеў праз полымя на Войшалка, усё часцей замест літоўскага княжыча бачылася яму Рамуне. Яны, брат і сястра, былі падобныя тварам, толькі Войшалк меў цямнейшы волас. Далібор цёр кулакамі вочы, срэбныя бліскаўкі скакалі наўкол, здавалася, кружыўся лес, агонь. Галава ўпала на калені, і ён заснуў.

Раніцай княжычаў пабудзіла галёканне, крыкі. Вершнікі прабіваліся да іх скрозь снег. У пярэднім Войшалк з вялікім здзіўленнем і незадавальненнем пазнаў Казлейку.

— І тут — ён! — да болю сціснуў Войшалк рукаяць мяча.

Міндоўгаў шапатнік злез-скульнуўся з каня, адвесіў княжычам вельмі глыбокі паклон, стаў з непакрытай галавой перад Войшалкам.

— Па слядах знайшоў? — жорстка спытаў у яго Войшалк.

— Па слядах, — сказаў Казлейка. — Бяда вялікая, княжыч, напаткала ўсіх нас.

— Якая? — схапіў яго загрудкі Войшалк. — Гавары! З кунігасам бяда?

— Няма больш на свеце светлай княгіні літоўскай, а тваёй маці мудрасардэчнай Ганны-Паяты.

— Маці няма?

Войшалк пабялеў, глядзеў на Казлейку, як на самае страшнае, самае агіднае стварэнне, што прыпаўзло праз ноч, праз снег дзеля таго, каб і тут, у гэтым ціхім схоўным лесе, зрабіць яму, Войшалку, балюча.

— Што з маці? — апалым голасам спытаў княжыч.

— Конь капытом ударыў княгіні проста ў скронь, і княгіня памерла на руках у кунігаса.

— Конь? Які конь? — з непаразуменнем і слязьмі ў вачах пазіраў Войшалк то на Казлейку, то на Далібора.

— Конь дружынніка Гінтаса. Каня ўжо забілі разам з яго мярзотным гаспадаром.

«Зязюля, — адразу ўспомніў Гінтаса Далібор. — Як ён баяўся тады, у лесе, што яго пакарае кунігас».

— Конь… Гінтас, — казаў між тым пабялелы Войшалк і раптам ярасна кінуўся на Казлейку.

— Навошта ты прыехаў сюды, павук душы?!

Казлейка пакорліва схіліў галаву. Войшалк спыніўся ўпрытык з ім, сціснуў рукамі свой лоб, у пакуце заплюшчыў вочы.

— А можа, капытом ударыла Марта? — сказаў ён раптам, і вочы заблішчалі.— Ты ведаеш, павук, Марту? Бачыў яе? Яна, вядома ж, маладая, маладзейшая за тваю нябожчыцу княгіню.

Ен упаў каленьмі ў снег.

— Божа, пакарай усіх, хто хоць адным пальцам крануў яе. Разбі іх сваім гневам, як у пракаветны час разбівалі млекасосцаў аб каменне. Зрабі, каб іхнюю чорную кроў спілі п'яўкі. Няхай яны сваімі галовамі б'юцца аб кожны пень у лесе. Божа, няхай іх сажрэ гліна і гразь.