154426.fb2
— Забіце Жэрнаса! — крычаў Войшалк. — Натапчыце яму чэрава жалезнымі жалудамі, каб ён лопнуў! Ты — Жэрнас! — павярнуўся ён раптам да Казлейкі.— Які ў цябе агідны лыч!
Далібор з дапамогаю літоўцаў зноў ссадзіў княжыча з каня. Войшалка паклалі на звярыную шкуру, і Далібор браў жменямі снег, студзіў яму лоб. Неўзабаве Войшалк заціх, заснуў. Так яго і павезлі ў Новагародак, соннага, прывязаўшы шкуру між двух коней.
У глыбокім смутку ехаў следам за сваім сябрам Далібор. Дужа баяўся ён, каб гарачка-агнявіца не ўзяла Войшалкаў розум, але на паўдарозе літоўскі княжыч прачнуўся, сеў у сваёй шкуры-калысцы, загадаў:
— Каня мне!
І як толькі падвялі каня, лёгка ўскочыў у сядло, моўчкі паехаў паперадзе ўсіх. Нават Далібору не сказаў ні слова.
І Міндоўгаў стан, і ўвесь Новагародак былі ў вялікай жалобе. Княгіню Ганну-Паяту, як прыроджаную хрысціянку, адпявалі па хрысціянскаму абраду. Іерэй Анісім, ва ўсім чорным, разам з усім сваім клірам спяваў святыя псалмы, хадзіў вакол дубовай труны-корсты, махаючы кадзілам. Але казалі на дзядзінцы і ў вакольным горадзе, што ўначы прыбягалі з пушчы, з глухога буралому нейкія людзі, ці то мужчыны, ці жанчыны, у кашлатай поўсці, у рознакаляровых пер'ях, і спрабавалі танцаваць вакол нябожчыцы. Ды святы пах воску і ладану не дужа напалохаў іх. Адагнаў жа іх ад труны іерэй Анісім. Ен адважна ўзняў залаты крыж і тройчы сказаў:
— Адыдзі, згінь, сатана!
Праўда гэта ці небыліца, ніхто так і не даведаўся. Сам іерэй глыбакадумна маўчаў, кашчавай загарэлай рукою гладзіў сваю пушыстую бараду.
Далібору ніяк не выпадала вока на вока сысціся з Войшалкам. Ды ён і не спрабаваў гэта рабіць, бачачы тое лютае гора, што абрынулася на сябра, бо людзі паміраюць часта, а маці памірае толькі раз.
Ганна-Паята ляжала прыгожая, нікому ўжо, акрамя бога, недасяжная.
— Свечку жыцця паляць з двух канцоў,— ціхім голасам чытаў над ёй з жоўтага старога пергамена Анісім.
Галава ў нябожчыцы княгіні была абвязана прыгожай візантыйскай кімкай — сінія птушкі на белым полі.
— Развяжыце ёй галаву! — раптам крыкнуў Войшалк. Але княжыча клапатліва адвялі ад труны, далі папіць настою з лугавой і лясной травы. Ен, прыхіліўшыся да Рамуне, плакаў. Сястра таксама плакала. Над густой сцяной літоўскага і новагародскага баярства, якое прыйшло развітацца з княгіняй, шалясцела рыданне. Міндоўг стаяў, як змрочная скала. Чорна-зялёныя вочы здаваліся падмарожанымі.
Толькі аднойчы позірк Войшалка сутыкнуўся з позіркам Далібора. Літоўскі княжыч памкнуўся наперад, нібы хацеў падбегчы да Далібора, стаць побач, але патухла раптоўная іскра, скамянеў твар, і Войшалк сказаў глухім голасам праз натоўп:
— Яшчэ не сатлелі сляды маёй маці. Там, дзе я даведаўся пра яе смерць, там, дзе мы пілі з табой нёманскую ваду, я пастаўлю некалі манастыр.
Пахавалі Ганну-Паяту, і князь Ізяслаў Васількавіч разам з усімі сваімі думцамі зноў падступіўся да Міндоўга, бо даўно ўжо прайшлі тры дні, узятыя кунігасам на роздум. Запрасілі кунігаса, запытаў іерэй Анісім ад імя новагародскага князя, новагародскага баярства і купецтва:
— Ці згодзен ты, слаўны кунігас літоўскі Міндоўг Рынгольтавіч, паслужыць сваім непераможным мячом Новагародку? Ці згодзен ты са сваёй дружынай, сваімі баярамі стаць верным саюзнікам Новагародскай зямлі? Ці згодзен ты прыняць святую праваслаўную веру? Калі ты згодзен, калі згодныя твае баяры і дружына, Новагародак прымае цябе, тваіх сямейцаў, тваю дружыну і чэлядзь на поўнае сваё кармленне, плаціць за харобрасць тваю срэбрам, хлебам, мёдам і аўсом для коней. Калі ты згодзен, усе тыя землі і народы, якія ты паваюеш сваім мячом і дружынаю, зробяцца тваім і тваіх дзяцей здабыткам. Калі ты згодзен, Новагародак і князь Ізяслаў Васількавіч урачыста вітаюць цябе, як адзінага ўладара Літвы, і абяцаюць табе дапамогу і падтрымку ў мілай богу справе па збіранню ў моцную дзяржаву ўсіх земляў тваёй бацькаўшчыны.
На ўсе пытанні Міндоўг цвёрда адказаў згодаю, акрамя змены сваёй веры. Тут ён настойваў, каб яго не сілавалі, не змушалі, бо пасля смерці любімай жонкі княгіні Ганны-Паяты душа ягоная павінна развітвацца з ёй цэлы сонцаварот. Для такога развітання павінен быць запас спакою ў душы, а змена дзедаўскай веры — гэта заўсёды душаломства. «Мінецца сонцаварот — і я са сваімі баярамі прыму вашу праваслаўную веру», — паабяцаў кунігас.
Усе новагараджане з радасцю згадзіліся, акрамя іерэя Анісіма і баярына Тугажыла. Гэтыя двое з усёй рашучасцю і цвёрдасцю пачалі патрабаваць, каб Міндоўг неадкладна стаў праваслаўным, бо як можна трымаць у руках хрысціянскі меч, калі ў цябе душа паганца.
— Вычэкваеш, хітруеш, — пачаў выгаворваць кунігасу Анісім. — Патушы свае мярзотныя вогнішчы. Аддавай плоць нябожчыкаў зямлі, а не агню. Помні, што праз пакуты ўсе мы ідзём па жыцці.
— Чаго ты хочаш? — спакойна сказаў Міндоўг. — З дапамогай Хрыста і Пяркунаса мы сумесна заб'ём тэўтонскую свінню, якая хоча пажэрці нашы жалуды. Хіба гэта не галоўнае?
— Хрысціянская вера вучыць людзей жыць і вучыць паміраць, — з гневам гаварыў яму Анісім. — Адчуеш перад смерцю смагу духоўную і прыйдзеш у царкву, як конь да камягі43, але ўжо будзе позна.
— Душалом! — крыкнуў Міндоўг і разам са сваімі баярамі пакінуў княскую святліцу, паехаў у свой стан.
— Не тыя кветкі абразаеш, святы ойча, — сказаў Анісіму незадаволены князь Ізяслаў.— Абразай калючкі, абразай гніль, але не тое, што расце і пладаносіць.
— Богаў сад адзіны, — цвёрда выгукнуў Анісім. — І адно над гэтым вечным садам сонца — Хрыстос.
Прамовіўшы такія словы, пакрыўджаны іерэй пайшоў у царкву, стаў на калені, маліўся і пранікліва глядзеў на выявы князёў-пакутнікаў Барыса і Глеба, што былі выкладзены каляровай смальтай на сцяне. З вялікім узрушэннем душы і светлай слязой на вачах думалася іерэю, што хуткацечны час не патушыць фарбу фрэсак.
Калі пачаўся такі закалот44 з Міндоўгам, кінуўся князю Ізяславу Васількавічу ў ногі дружыннік Вель і расказаў, што ёсць між купцоў і некаторых баяр людзі-браталюбы, якія хочуць кунігаса Міндоўга зрабіць адзіным уладаром усёй Новагародскай зямлі і Літвы.
— А мяне куды? — адваліў ад абурэння ніжнюю губу Ізяслаў.
— Цябе, князь-бацюхна, у Свіслач, — простасардэчна адказаў Вель.
А потым пайшло-закруцілася, як і заўсёды бывае ў такіх выпадках. Даносчыку быў першы бізун. Вель пляваўся крывавай слінай, крычаў, што да скону верны князю Ізяславу. Тысяцкага Раданегу знайшлі ў цёплым ложку ў абдымках прыгожай чалядніцы. Як быку, прасвідравалі яму ў носе дзірку, прасадзілі ў яе жалезнае кольца і павялі на ланцугу, падганяючы бізунамі, у церам. Браталюбаў не ўсіх удалося схапіць. У купцоў ногі лёгкія, жвавыя, і шмат хто паспеў уцячы Ў Галіч, Рыгу або ў Нальшаны да кунігаса Доўманта. Алхім надумаў схавацца дома. Залез у вялізную стовядзёрную дзежку, у якой былі зроблены два днішчы. Зверху наліта вада, і, забі, не здагадаешся, што пад гэтай вадою, між двума днішчамі, сядзіць, скруціўшыся ў клубок, Алхім. Але чмыхнуў купец У сваёй хітрай схованцы, бо пыл у нос трапіў. Рассеклі, разбілі дзежку і ўзялі Алхіма за каршэнь. Алехну, галоўнага звадыяша і крыкуна, таксама схапілі. Біць яго бізуном або прыпякаць агнём Ізяслаў забараніў.
Алехну проста не давалі спаць. Ноччу і днём бясконца дапытваюць, выведваюць, пагражаюць, сядзіць Алехна ўжо, як у тумане, вочы самі зліпаюцца, хоць ты іх абцугамі раздзірай, а толькі задрэмле, звесіць галаву на грудзі, як княжы чалавек дубовай лёгкай палачкай клюк яму па носе, і — адляцеў сон. На трэція ці чацвёртыя суткі такога гвалтоўнага бяссоння ў купца пачаліся відзежы. Бачыліся яму чырвоныя мухі на тварах у дапытнікаў, шматгаловыя чорныя павукі на сценах. Дзіка закрычаў Алехна і страціў прытомнасць. Агнём яго пячы — не міргне вокам.
— Хай паспіць, — сказаў князь Ізяслаў Васількавіч і сам таксама пайшоў спаць.
А назаўтра раніцай яны зноў сустрэліся.
— Дык што хацелі зрабіць са мной і маёй сям'ёй ты і твае браталюбы? — лагодна спытаў новагародскі князь. — Адказвай, купец. Адказвай, пакуль не позна, сам, бо хутка за цябе загаворыць і закрычыць бізун. Тысяцкі Раданег, нашто ўжо здаравіла, а пішчаў у катавальні, як парася.
— А я і не думаю маўчаць, князь, — сказаў, трохі бляднеючы, Алехна. — Бываў я на Гоцкім беразе, у Рызе, у Марыенбурзе, у Мемелі45. Купецкая доля такая — заўжды ў дарозе, заўжды на людзях. Вялікую сілу бачыў я там і чуў адно: Vae maledictis et infidelibus!»46 І самае страшнае, князь, тое, што праклятымі і нявернымі там лічаць не толькі паганцаў ліваў, эстаў, жамойтаў, літоўцаў, а і нас, новагараджан, палачан, пінян і ўсіх жывых русінаў, якім яшчэ ў пракаветны час прынёс хрысціянскі крыж апостал Андрэй. Два чорныя крылы драпежнага каршуна бачыў я там. Адно крыло — Лівонскі ордэн. Другое крыло — ордэн Тэўтонскі. Рымскі папа іх ужо з'яднаў у адно цэлае, але з'ядноўваюць землі ў адну дзяржаву мячом, а не словам. І вось ідуць крыжакі на Мемель з двух бакоў, каб узвесці сцяну між намі і астатнім хрысціянскім светам. Усе нашы сілы нам трэба сабраць у адзіны кулак, іначай — загінем…
— І ты, нікчэмны купец, думаеш, што такі кулак можа сабраць толькі Міндоўг? — пранізліва паглядзеў на Алехну Ізяслаў.
— Не гневайся, князь, але так думаю не толькі я, — зноў пабляднеўшы, сказаў Алехна. — Пасля Крутагор'я на Міндоўга народ глядзіць як на збаўцу ад татарскага рабства. Народ перакананы, што першародныя князі літоўскія, гэтак жа сама, як князі полацкія, новагародскія або кіеўскія, нашчадкі святога князя Уладзіміра. Нездарма ж Міндоўг быў жанаты на цверскай праваслаўнай князёўне.
Ізяслаў уважліва слухаў купца.
— Я веру, — гаварыў Алехна, — што вялікая моцная дзяржава Новагародка і Літвы створыцца, народзіцца не крывавымі набегамі, а мірным радам, згодай, дагаворам, шлюбамі літоўскіх і нашых княжат, а калі і будзе цячы кроў, то кроў адступнікаў, пярэваратняў. Такая дзяржава створыцца цярпімасцю да чужых багоў, да Пяркунаса і Хрыста, бо мы не жыдавіны, гэты рассыпаны ў свеце народ, які кажа, што яго бог самы лепшы і самы мудрэйшы за іншых.
Алехна раптам упаў перад Ізяславам на калені.
— Князь, аддай уладу Міндоўгу.
Ізяслаў з нянавісцю глядзеў на купца. Потым устаў, сурова сказаў:
— Пакуль я новагародскі князь, датуль ты будзеш сядзець у цямніцы. Цябе не будуць катаваць, як іншых. Разумных людзей я не катую. Ты будзеш сядзець у цямніцы сонцаварот, другі, трэці, і надыдзе міг, калі ты сам пачнеш катаваць самога сябе. Я шкадую цябе, купец, як чалавек, як хрысціянін, але як новагародскі князь, як нашчадак Глебавічаў і Усяславічаў я закоўваю цябе ў вечныя жалезы.
Ад Веля Ізяслаў даведаўся, што княжыч Далібор таксама чуў пра браталюбаў. Адразу ж княжыча паставілі перад светлымі бацькавымі вачыма.
— Мой гнюсны раб Вель клянецца на крыжы, што табе, сын, было вядома імя хрыстапрадаўцы Алехны. Так ці не? — ва ўпор гледзячы на Далібора, спытаў князь.
— Так, — адказаў Далібор.
— Вель клянецца, што табе было вядома не толькі імя Алехны, але і што ты ведаў пра чорныя справы псоў, якія назвалі сябе браталюбамі. Так ці не?
Пасля гэтага пытання Далібор на нейкі міг разгубіўся.
— Так ці не? — насядаў князь-бацька. Вочы гарэлі нядобрым агнём.