154426.fb2
— Чаму ж ты адразу не прыбег да мяне, свайго бацькі? Чаму адразу разам са мной не пачаў віць вяроўку, каб звязаць ворагаў маіх і тваіх, ворагаў Новагародка? Адказвай, глядзі мне ў вочы.
Князь Ізяслаў падскочыў да сына, стаў твар у твар — не адвернешся. Позірк быў страшны, халодны, нібы смерць, пра якую кажуць, што яна пройдзе праз усё войска, але возьме таго, каго захоча.
— Глядзі мне ў вочы, — зноў загадаў Ізяслаў.
— Я не паверыў Велю. Мала што набрэша які пустадомак.
— Іншае ў цябе на душы, іншае, — амаль шэптам сказаў Ізяслаў, і вочы свяціліся. — Бачу цябе наскрозь. Хочаш бацьку з княжага стальца скінуць. Сам хочаш князем стаць. Кажы, хочаш?
Далібор зацята маўчаў.
— У смердаў песня ёсць, — усё больш узбуджаўся, наліваўся ярасцю князь, — і ў той песні, ведаеш, як спяваецца? «Прыйшлі ў маю хатку ды б'юць майго татку». А ты роднага татку не пашкадуеш. Ты сам будзеш яго біць, па галаве, па руках, па чым патрапіш.
Ізяслаў замахаў кулакамі, быццам некага біў.
— Няма ў мяне такога ў думках, — цвёрда сказаў Далібор. Ен успомніў, што часам на бацьку находзіць нікому не падуладны страх, нават жах. Варухнецца ў лесе куст, затрапеча ў пакоі тканіна — князь адразу хапае меч. Аднойчы забіў дворнага пса, які з вялікай радасцю кінуўся да яго, неасцярожна выскачыўшы з-за адчыненай створкі брамы.
— А ці не забыўся ты, княжыч, сын мой, што тваіх сватоў чакаюць у Ваўкавыйску? — раптам спытаў Ізяслаў.
Далібор уздрыгнуў. Князь заўважыў гэта.
— Слухай жа волю маю, бацькоўскую і княжую. Тры дні табе на зборы, і каб разам з ляхам Косткам ехаў у Ваўкавыйск. Там цябе ўжо чакае твой будучы цесць, а мой падручны князь Усеваладка. Хоча на цябе Усеваладка паглядзець, на твой твар і твой розум падзівіцца. Час ужо надышоў сваё мужчынскае семя кінуць у жаночую баразну.
Далібор слухаў бацьку, а перад вачамі стаяла Рамуне.
— Ідзі,— сказаў сыну князь Ізяслаў.— Як ты меншы быў, я цябе больш любіў, калупайчыкам сваім называў, а вырас ты, і як дубоваю карою сэрца тваё абрасло — не дагукацца да сэрца.
Здарылася тое, што павінна было здарыцца пры ўсіх гэтых варунках — Ізяслаў узненавідзеў Міндоўга. Ен гатоў быў узяць рад з Галічам, з Конрадам Мазавецкім, з яцвяжскімі старэйшынамі, але толькі не з варуцкім кунігасам. Ворага адчуў і ўбачыў у ім Ізяслаў. Але камень, які ляжаў на вяршыні гары і які скранулі, зрушылі з месца, не можа ўтрымаць нават самае магутнейшае плячо. Міндоўг, люта пасварыўшыся з новагародскімі думцамі і перш за ўсё з іерэем Анісімам, хацеў адзін узяць назад Літву. Ды не атрымалася, не хапіла сілы. І ён вярнуўся ў Новагародак, згадзіўся зрабіць усё, што запатрабуюць ад яго новагараджане. Вядома ж, першым патрабаваннем было ягонае і ягоных баяр хрышчэнне ў праваслаўную веру, адмаўленне ад балвахвалства47. І калі ў лютым месяцы, у самым канчатку, прыгрэла сонца і папаўзлі з елак і соснаў снегавыя шапкі, усе новагараджане абодвага цела48 сабраліся каля гары, што ўсходней вакольнага горада. Міндоўг з найбліжнімі баярамі стаяў на гары, і святы айцец Анісім з урачыстым бляскам у вачах асяняў іх крыжам. Вецер даносіў ягоныя ўсхваляваныя словы: «Кажа Хрыстос: «Падай руку тваю і глядзі прабіццё рэбр маіх і вер, што я сам тут».
Клір крычаў:
— Слава табе, Ісусе, сын божы!
— Слава табе, святая Багародзіца! А іерэй Анісім натхнёна выводзіў:
— Кажа паганская царква Хрысту, як абручніца яго: «Зранена я каханнем тваім, жанісе нябесны».
Міндоўг рабіў усё, што загадваў Анісім: цалаваў крыж, станавіўся на калені і схіляў галаву, калі панамар Іларыён крапіў яго святой вадою. Потым было мірапамазанне. Анісім, творачы малітву, змачыў Міндоўгу духмяным маслам-мірам лоб, грудзі, вочы, ноздры і вусны, а таксама рукі і ногі.
Праз чатыры або пяць сонцаваротаў на гэтай жа самай гары Міндоўг, адрынуўшы праваслаўе, будзе хрысціцца па каталіцкаму абраду, каб атрымаць ад рымскага папы каралеўскую карону. А яшчэ праз дванаццаць сонцаваротаў, зноў вярнуўшыся да дзедаўскай веры, да паганства, ён будзе засечаны ў сваім шатры разам са сваімі сынамі. Ягоны труп прывязуць сюды ж, аддадуць ахвярнаму агню, і народ назаве гэту гару Міндоўгавай гарой. Але не дадзена людзям бачыць свой лёс. Удыхаеш, бярэш у грудзі паветра і не ведаеш, ці выдыхнеш яго, бо страла смерці кожны міг можа ўпіцца ў выю.
Пасля хрышчэння Міндоўга і ягоных баяр абышлі з крыжамі, харугвамі і абразамі царкву Барыса і Глеба, і на яе парозе князь Ізяслаў Новагародскі тройчы пацалаваўся з кунігасам. Глядзелі на ўрачыстае цалаванне баяры і купцы, рукадзельныя людзі і смерды з вакольных весяў і ўсе разумелі, што гэта Літва цалуецца з Новагародкам.
— Слава! — крычаў народ.
Ізяслаў нібы атруту глытаў, калі цалаваўся з Міндоўгам. Але змушаў сябе ўсміхацца, радавацца. Ен адчуваў, што паступова робіцца для новагараджан нелюбімым князем, асабліва пасля таго, як жорстка пакараў браталюбаў. Новагародак у большай меры, чым Менск і нават Полацк, гандлёвы купецкі горад, і тут небяспечна быць ворагам купцоў.
Назаўтра ж ва ўсе канцы Новагародскай зямлі памчаліся вершнікі, павезлі вусны заклік і бяросты, у якіх аб'яўляўся паход на Літву, дзе пакуль што ўладырылі Таўцівіл з Эдзівідам. Іхні ж бацька Даўспрунк ужо збег у Жамойць да свайго пляменніка кунігаса Трайната.
Праз сядміцу, як было ўмоўлена ў бяростах, падышлі раці з Услоніма, Здзітава, Турыйска, Гародні, Ваўкавыйска, каля Новагародка задыміліся вогнішчы, заржалі коні, раскінуліся сотні белых і чырвоных шатроў. Воі-пешцы і конныя дружыннікі разам са збройнікамі вастрылі дзіды, мячы, сякеры, нашывалі тоўстыя слаі бычынай і туравай скуры на шчыты, змазвалі барсуковым тлушчам кальчугі, звязвалі сырамятнымі рамянямі нагрудныя бляхі-сустугі. Рыхтаваліся да паходу не з паспехам, а ўсё ўзважваючы, абдумваючы. У навакольных пушчах насеклі лясін, і з іх цесляры-сякернікі рабілі доўгія гнуткія лесвіцы, якія можна будзе класці пад ногі пешцам у літоўскіх балотах. Вязалі з галля і чароту вялізныя поршні-макраступы. Абуўшы іх, пройдзеш любую твань. Наладжвалі парокі і камнямёты, каб у час штурму біць сцены Варуты. У навакольных палях і лугах збіралі горы каменняў-галышоў.
На час паходу Ізяслаў дазволіў Далібору не ехаць у Ваўкавыйск, а ісці на Літву з новагародскім апалчэннем, тым больш што Усеваладка Ваўкавыйскі сам заявіўся ў Новагародак. Яны сустрэліся. Усеваладка быў чарнавокі, кругленькі, вясёлы, з кароткімі нагамі. «Няўжо і ваўкавыйская князёўна такая?» — паныла падумаў Далібор. Але Усеваладка вельмі хутка развесяліў яго. Ваўкавыйскі князь аказаўся на дзіва гаваркім выхвалякам-самахвалам.
— Вока ў мяне зоркае, — пчалу адразу ў твар пазнаю, з якой яна борці,— адразу сказаў Усеваладка Далібору.
— Пчалу? — здзівіўся Далібор.
— А ты што думаў? Каня кожны ўбачыць, а вось пчалу…
І Усеваладка хвацка падкруціў цёмны вус.
— Чалавек я набожны, — хваліўся ён. — Калі вечарам забудуся памаліцца і перахрысціць падушку, бачу дрэнныя сны.
— Як жа можна забыцца пра малітву? — падсміхнуўся над ім Далібор. — Малітва як голад — абавязкова пра сябе напомніць.
— Праўду кажаш, княжыч, — згадзіўся Усеваладка і зноў паджучыў-падахвоціў сам сябе да пахвальбы. — Дачка ў мяне, князёўна Еўдакія, чыстае золата. Разумніца, якіх свет не бачыў, рукадзельніца. Сама з дзеўкамі-чалядніцамі тчэ, вышывае, кухарыць. Ды і сыны ў мяне дужа галавістыя.
Але не пашанцавала балаку-гаваруну Усеваладку. У першай жа сутычцы з дружынаю Таўцівіла конь панёс яго проста ў самую гушчу ворагаў, і на вачах у ваўкавыйскіх вояў тыя пасеклі яго на шматкі. Так першы і апошні раз сустрэўся Далібор са сваім магчымым цесцем.
Смерць Усеваладкі патаемна ўзрадавала князя Ізяслава. Разам з усімі праліў ён слязу над нябожчыкам, што прыняў пакутніцкую смерць ад рукі паганцаў, а сыну адразу ж пасля гэтага сказаў:
— Як возьмем Варуту, паедзеш з дружынай і ваяводам Хвалам не ў Новагародак, а ў Ваўкавыйск. Там сталец пусты. З божай і з маёй дапамогаю станеш князем Глебам Ваўкавыйскім.
Чым глыбей Міндоўг з Ізяславам уваходзілі ў Літву, тым з большай ярасцю нападалі на іх яе абаронцы. Давялося, каб аблегчыць хаду войску, кінуць цяжкія катлы і парокі. Перад кожным боем Міндоўгавы дружыннікі спешваліся з коней, абкружалі крыніцу і жменямі або шлемамі пілі з яе ваду. Хрысціяне з Новагародскай зямлі ў гэты самы час высока ўзнімалі выявы Хрыста, білі аб шчыты мячамі, спявалі «Багародзіцу». Ідучы ж у бой, воі Новагародка, Услоніма, Ваўкавыйска, Здзітава і Турыйска крычалі: «Слава!» І толькі гародзенцы крычалі: «Нёман!» Назва гэтай слаўнай ракі азначае на пракаветнай крывіцка-дрыгавіцкай мове «край», «канец», бо яшчэ за памяццю дзядоў іхнія дзяды, паміраючы, казалі: «Нёман майго жыцця прыйшоў».
Войскі ішлі на Варуту, а наўкол у самай сваёй сіле бушавала вясна. Крот, адчуваючы цяпло і сонца, капаў бліжэй да зямной паверхні, і ўсе лужкі, усе паляны былі ў светла-жоўтых бугарках. Ратуючыся ад паводкі, беглі на травяністыя выспы і пясчаныя выдмы пацукі, мышы, зайцы, лісы. Вечарам у лясах мацней за ўсіх птушак крычаў дрозд-рабіннік.
Далібор, едучы паперадзе малодшай новагародскай дружыны, неадступна думаў аб Рамуне. Яна з малымі Руклюсам і Рупінасам сядзіць зараз у Новагародку, чакае войска з паходу. Як хацелася яму хоць краем вока зірнуць на літоўскую князёўну. Ці помніць яна пра яго? Чаму так заведзена ў жыцці, што жаніцца ў большасці выпадкаў трэба не па сваёй волі і жаніцца на нелюбімых? А каханкі, за якіх бы сэрца аддаў, душу не пашкадаваў, ідуць у чужыя палаты, у чужыя ложкі, у чужыя рукі.
Захоплены такімі думкамі, Далібор і не заўважыў, як ад'ехаўся ад сваёй дружыны і ўбіўся ў строй новагародскіх пешцаў. Тут ішло апалчэнне кавалёў, броннікаў, сырамятнікаў, муралёў і рознага іншага рукадзельнага люду. Каня схапілі за аброць, і вясёлы голас крыкнуў, здалося, пад самым вухам:
— Княжыч!
Далібор аж уздрыгнуў. Перад ім стаяў меднік Бачыла, у меднай (сам выкаваў!) шапцы, у доўгай, дзіравай на спіне кальчузе, з доўгім вастрадзюбым кап'ём у руцэ.
— А я гляджу і думаю: ці не княжыч гэта? — смеючыся, казаў Бачыла і крочыў, трымаючыся за Даліборава стрэмя. — А брат твой дзе?
— Някрас таксама сеў на каня, — узрадаваўся знаёмцу Далібор. — Ен разам з Косткам у Міндоўгавай дружыне.
— Вялікая сіла люду ідзе, — прыцмокнуў языком меднік.
— І кроў вялікая будзе, — сказаў Далібор.
— Кроў?
— А як жа? Вайны без крыві не бывае. Не толькі Таўцівіл з Эдзівідам супраць нас. Татарскі хан Кульпа вядзе конніцу на Менск. Калі не ўстаяць мяняне, можа ўдарыць па Новагародку.