154426.fb2 Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 26

Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 26

Пры такіх словах княжыча Бачыла глыбей насунуў на галаву сваю медную шапку, ускінуў на плячо кап'ё.

Ішлі раць на раць, меч на меч. Слупы чорнага дыму ўставалі над зямлёй. Трашчалі над пушчамі і балотамі навальніцы. Святло маланак, здаецца, сцёбала па вачах. Шумела, раўла, ручаямі ляцела з неба навальнічная вада. Стомлены вой здымаў з галавы шлем, набіраў вады з краямі, піў і не мог напіцца. Аднойчы вечарам заззялі ў небе над зямлёй два велізарныя вогненна-чырвоныя крыжы, якія раслі з аднаго кораня. «Гэта Новагародак і Літва, — казалі, хрысцячыся, бывалыя людзі.— Яны павінны злучыцца. Бачыце — у іх адзін корань». «Але ж Літва паганская, — не згаджаліся няверы. — Мала што Міндоўг з купкаю баяр хрысціўся». «Яна будзе хрысціянскай», — адказвалі ім.

Ішоў у сечу Далібор, думаючы пра Новагародак, светлакосую Рамуне. У глухой цямніцы сядзеў Алехна, успамінаў браталюбаў, мёртвых і жывых, спрабаваў рукамі гнуць халодныя краты і ўсё часцей чуў ува сне звонкі незвычайны голас, які абвяшчаў яму і ўсяму свету: «Чалавек павінен жыць не законам галоднага ваўка, а законам жытнёвага поля». Міндоўг з вялікай лютасцю выганяў з Літвы сваіх ворагаў, нават калі гэта былі ягоныя пляменнікі. Войшалк марыў збудаваць манастыр над Нёманам, каб ішло адтуль святло вучонасці, святло біблейскай мудрасці. Жэрнас, пахудзеўшы за вясну, няўтрымна бегаў па пушчах, уздымаў, гуртаваў балотную раць, каб потым па крыві сваіх аднародцаў зноў ісці пад свяшчэнны дуб і жэрці жалуды. На прасторах Заходняй Еўропы грымела крывавая бязлітасная вайна паміж германскімі імператарамі Гогенштаўфенамі і папствам.

І было ўсё гэта ў лета 6754-е49 ад стварэння свету.

Частка другая

I

На прасторах Заходняй Еўропы грымела ў гэты час крывавая бязлітасная вайна паміж германскімі імператарамі Гогенштаўфенамі і папствам. Папы, ратуючыся ад сваіх ворагаў, хаваліся ў горадзе Ліёне, і іх можна было лічыць і рымскімі і ліёнскімі. А пачалося ўсё вельмі даўно, пачалося з таго, што ў канцы ліпеня 1167 года войска германскага імператара Фрыдрыха І Барбаросы пад началам двух епіскапаў у рыцарскіх даспехах пасля жорсткай васьмідзённай аблогі ўварвалася ў Рым. Тысячы трупаў немцаў і рымлян валяліся на вуліцах. Папа Аляксандр III уцёк з Рыма. Імператар Фрыдрых Рудабароды хадзіў па захопленай папскай сталіцы, піў віно са сваімі воінамі, абдымаўся і цалаваўся з імі. Ен, пэўна ж, адчуваў сябе новым Цэзарам. Ды здарылася нечаканае і страшнае. Тое, што не маглі зрабіць адборныя папскія рыцары, зрабіў за два-тры дні нейкі нікчэмнейшы мікроб — у Рыме пачалася эпідэмія. Немцы паміралі адзін за адным, быццам іх валіла з ног нябачная вострая каса. Сінія твары, мутныя вочы, уздутыя жываты, слізь і смурод — вось што заставалася ад вясёлых пышнацелых здаравякоў. Акрамя простых воінаў сканалі ў нечуваных пакутах імперскі канцлер, кёльнскі архіепіскап Райнхальд, сямёра палкаводцаў Барбаросы.

І горды Фрыдрых, пераможца Мілана і Рыма, праз некалькі дзён бясслаўна ўцёк, абматаўшы твар змочанай у чырвоным віне кашуляй.

Рымскія папы, вядома ж, адразу аб'явілі, што за іх заступіўся сам Хрыстос, наслаўшы мор на бязбожнікаў. Але радасць, як вельмі часта здараецца, была нядоўгая. Зноў пачалася вайна, яшчэ больш упартая і бясконцая. У чэрвені 1244 года новы папа Інакенцій IV, ён жа генуэзскі граф Сінібальда Фіеска, апрануўшы ці то манаскае, ці то жаночае адзенне, цудам выслізнуў з Рыма, які штурмам брала войска Фрыдрыха II Гогенштаўфена, унука таго самага Фрыдрыха І Барбаросы. Куды было бегчы Інакенцію IV? Вядома ж, у Ліён. Там, у Ліёне, у 1249 годзе, сумуючы па апостальскім горадзе Рыме, папа сабраў XIII Усяленскі царкоўны сабор. На саборы гаварылі аб крыжовым паходзе ў Палесціну і вызваленні Іерусаліма, які захапілі туркі, аб лёсе Лацінскай імперыі і Канстанцінопаля, пад сценамі якога стаялі грэка-візантыйскія атрады на чале з

імператарам Нікейскай імперыі Іаанам Ватацам. Ратавацца ад манголаў вырашылі такім чынам: на ўсіх сцежках і дарогах, што вялі ў Еўропу, сабор прапанаваў паставіць варту, выкапаць ямы, збудаваць сцены і вежы.

I ўсё ж сама больш гаварылі, як і чакалася, пра імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі і адначасова сіцылійскага караля Фрыдрыха II Гогенштаўфена. Яго зноў, у які ўжо раз, адлучылі ад царквы. Самыя ўсходнія епархіі рымскай каталіцкай царквы былі ў Прыбалтыцы — у Лівоніі і Прусіі. І вось туды, у Прусію, а затым, магчыма, і ў Літву вясною 1249 года ехала з Ліёна пасольства ад папы Інакенція IV на чале з легатам Якавам. Гэты Якаў, чалавек, як можна меркаваць, рашучы і разумны, неўзабаве стане папам Урбанам IV, а пакуль што ён ехаў у далёкую Прусію, у адваяваны ў прусаў горад Кірсбург, які наўзабаве будзе называцца Хрыстбургам, каб імем папы прымірыць тэўтонскіх рыцараў з тубыльцамі. У гэтым жа пасольстве ехаў негаваркі задумлівы чалавечак, буйнатвары і з плоскімі ступнямі, манах-дамініканец Сіверт. Усяго год назад Сіверт жыў у Неапалі, у палацы самога Фрыдрыха II Гогенштаўфена і лічыўся ягоным задушэўным сябрам. Часта за мармуровым абедзенным столікам на дваіх, застаўленым цудоўнымі вінамі, вазамі з вінаградам, персікамі і арэхамі, яны, імператар і манах, вялі ўсхваляваныя шчырыя гутаркі пра старадаўніх філосафаў, пра Рым не сённяшні, а той, вечны, нятленны, дзе жылі Цэзар і Брут. Якраз перад гэтым каля імператарскага палаца садоўнікі, перасаджваючы дрэва, наткнуліся ў зямлі на цудоўны беласнежны саркафаг, у якім ляжала, як жывая, забальзаміраваная гадоў шаснаццаці дзяўчына незвычайнай прыгажосці. Збегліся ўсе прыдворныя, усе слугі. Прыйшлі да саркафага і Фрыдрых з Сівертам. «Якая прыгажосць, — шэптам сказаў Фрыдрых. — А гэтай жа дзяўчыне ўжо болей тысячы гадоў». Прамовіўшы такое, імператар пабляднеў і закрыў рукой вочы. Затым загадаў у дальнім канцы саду тайна закапаць цудоўную мумію, якую народ назваў фанчулаю.

Сіверт, калі шчыра прызнацца, любіў імператара. Нічога не было ў ім ад дзікага нямецкага звера, якім прылюдна называў яго папа. Фрыдрых адкрыў у Неапалі універсітэт, дзе выкладалі арабы і яўрэі, пабудаваў моцны флот, у якім служылі мусульмане. Але ўдача ўсё часцей адварочвалася ад імператара, усё часцей яго пракліналі ўсе і ўсюды, і Сіверт, як чалавек асцярожны і прадбачлівы, рашыў пераехаць з Неапаля ў Ліён. Фрыдрыху ён сказаў, што хутка вернецца, толькі пашукае новыя саркафагі ў ваколіцах Рыма. Але вяртацца не збіраўся, бо своечасова зразумеў, што на сённяшні дзень папа мацней за імператара. «Няма бядней бяды, чым смутак», — любіў паўтараць ён. Застацца ж у Неапалі з Фрыдрыхам азначала смуткаваць да самай смерці, і не ў сваёй хатняй або манастырскай малітоўні, а ў папскай турме.

У Ліёне Сіверта сустрэлі ласкава. Ен расказаў усім, як цяжка жыць, нават цяжка дыхаць побач з Фрыдрыхам, як часта ён хацеў на простым рыбацкім чоўне вырвацца адтуль. А сам успамінаў фантан-вадамёт, што ў паўдзённую спёку струменіўся ў пакоі ў Фрыдрыха, і біў то падфарбаванай халоднай вадой, то салодкім віном. Жывучы ў Ліёне, ён часта бачыў апошні ўздых людзей на гэтым свеце, а калі ўвайшоў у давер да кліра і папы, то на вуха паміраючым стаўшы на калені, чытаў адыходную. Амаль заўсёды між апошніх слоў тых, што адплывалі ў лепшы свет, ён чуў слова «Рым». Усе яны страсна хацелі разам з папам вярнуцца ў апостальскую сталіцу. У Ліёне ён убачыў цёмныя задворкі чалавечай душы. У папскім палацы, нібы ў гарэме мусульманскіх эміраў, ён сустракаў еўнухаў. Некаторыя з іх яшчэ захавалі палавы інстынкт і, не могучы савакупіцца з жанчынамі, білі іх, кусалі, драпалі да крыві.

Неўзабаве Сіверт заўважыў, што адносіны да яго перамяніліся. «Фрыдрыхаў прыхвасцень», — не раз чуў ён за сваёй спіной. Нянавісць да Гогенштаўфенаў была такая вялікая, што ўсе, хто хоць аднойчы перакінуўся з імі добразычлівым словам, аб'яўляліся асабістымі ворагамі папы. Дамініканец рашыў ехаць з Ліёна, але не знікнуць назаўсёды, а, пабыўшы там, дзе ў бітвах з паганствам і схізмай гартаваўся меч ісціннай веры, са славай вярнуцца назад. Так ён прыбіўся да пасольства легата Якава. Яно накіроўвалася (вось цуд!) у адну з апошніх у Еўропе краіну паганцаў — Прусію.

Легат Якаў з Люціха ехаў паперадзе ў чырвонага дрэва брычцы на лёгкіх рэсорах. Брычку цягнула чацвёрка коней, пакрытых белымі апонамі, на якіх чарнелі святыя крыжы. Побач з брычкай, але ні на крок не апярэджваючы яго, на гнядым танканогім жарабку капыціў пыльныя дарогі Еўропы юны герольд у чырвоным плашчы, са срэбным рогам у руках. На перакрыжаваннях гандлёвых шляхоў і ў вялікіх хрысціянскіх гарадах ён трубіў у рог і звонкім голасам абвяшчаў: «Дарогу папскаму легату Якаву!»

Вернікі адразу падалі на калені, хрысціліся. Некаторыя з жанчын цалавалі сляды колаў ад вазка, у якім ехаў Якаў, потым выкопвалі гэту зямлю, насыпалі яе ў гаршкі і садзілі там кусты пунсовых руж, бо ружа — гэта святая Багародзіца, якая часова ператварылася ў кветку.

Сіверт, апрануўшы чорны дарожны плашч з капюшонам, ехаў за Якавам і за герольдам на муле. Не адстаючы ад манаха, кіраваў вялізнай фурай, запрэжанай караткахвостым біцюгом, ягоны служка Гуга. Эскортам у легата Якава былі пяцьдзесят папскіх конных капейшчыкаў. Аднаго з іх, чарнавусага прыгажуна Морыца, Сіверт вылучыў між іншых і прыблізіў да сябе. Ен распытваў яго пра бацькоў, пра дзяўчыну-каханку, і Морыц, задаволены той увагай, якая аказвалася яму, расказваў пра ўсё, быццам на споведзі. Сіверт любіў такіх прыгожых маладых людзей. Каб ён не быў манахам і не даў зарок бясшлюбнасці, такі пяшчотнашчокі прыгажун, як Морыц, мог бы быць ягоным сынам.

— Святы ойча, — спытаў аднойчы Морыц, — што вязе ў фуры твой слуга Гуга?

Сіверт мог не адказваць на такое пытанне, бо яно было нясціплым і несвоечасовым. Але расчулілася душа.

— Сын мой, — узнёсла сказаў Сіверт, — мы едзем у край бязбожнікаў і веразабойцаў. Там усё будзе не такое, як у нас, нават зямля, цвердзь, створаная Богам, будзе там не такой. Там жывуць паганцы, якіх рэдка асвятляў прамень ісціннай веры. Яны даўно ўжо прайгралі бітву Хрыстоваму воінству, але замест таго каб скарыцца, прыняць святыя таінствы, яны суцяшаюць самі сябе, гаворачы: «Пераможаны ўчора можа перамагчы заўтра». Не буду хаваць ад цябе, сын мой, што ў свой час жыў я пры двары імператара Фрыдрыха II Гогенштаўфена. Гэты імператар, неаднойчы пракляты папам, і сапраўды — параджэнне пекла. Ен раскопваў старыя магілы і збіраў чалавечыя чарапы. Ен жа надумаўся адбіраць у няшчасных мацярок іхніх дзяцей-немаўлят і трымаць іх у пячоры. Ад самога нараджэння, ад першага мігу, калі дзіця ўбачыла зямное святло, і да дзесяці год трымалі яго ў глухой пячоры. Іх, такіх дзяцей, кармілі, паілі, апраналі, але служкам, якія даглядалі іх, імператар пад страхам самай лютай кары забараніў казаць хоць слоўца. Усё рабілася моўчкі, нібы і служкі і дзеці нарадзіліся ў краіне нямых. Там былі дзеці чарнаскурыя і са скурай белай, быццам снег. Былі і хлопчыкі і дзяўчынкі. Імператар хацеў даведацца, на якой мове загавораць яны, ад нараджэння не чуўшы ніводнага чалавечага слова. У гэтай фуры мой слуга Гуга вязе васьмігадовага хлопчыка, якога я называю Ніхто. Мне яго падараваў сам імператар. Я ўпэўнены, што Ніхто праз два гады загаворыць на мове багоў, на святой латыні.

— Але ж ён чуе гукі жыцця? — спытаў узрушаны Морыц.

— У пячоры каля Неапаля ён не мог нічога чуць, а ў фуры Гуга кожны дзень залеплівае яму вушы воскам.

Ноччу, калі клаліся спаць пад адкрытым небам, калі ззяў Арктур, самая яркая зорка паўночных нябёс, манаху нешта цяжкае і цёмнае гняло душу. Ен ліхаманкава хрысціўся, шаптаў, абліваючыся халодным потам: «Божа ўсявышні, выратуй мяне ад успамінаў». Побач у фуры гугніў ува сне Ніхто. Сіверт прыслухоўваўся — можа, прарэжацца ў гэтым гугненні чалавечае слова. Але чулася нейкая бязглуздзіца.

Ішла па зямлі вясна. Загараліся іскры жыцця пад шкарлупінаю птушыных яек. Дзюбатыя хітрыя вароны ў паўзмроку лавілі каля белых бярэзнікаў майскіх жукоў-хрушчоў.

Чатыры гады назад амаль гэтай дарогай ехаў у мангольскія стэпы папскі пасол Іаан Плана-Карпіні. Ен хацеў падгаварыць манголаў вызваліць ад туркаў труну гасподнюю ў Іерусаліме. Нічога, як ведае Сіверт, у Іаана не атрымалася. Цікава, што атрымаецца ў легата Якава і ў яго, Сіверта?

Праехалі Чэхію, дзе ўладарыў ваяўнічы і рашучы кароль Пшэмысл II Атакар. Гэты Пшэмысл дамогся назалежнасці Чэхіі і марыў з дапамогаю папы давесці межы сваёй дзяржавы да цёплага Адрыятычнага мора.

Шмат пабачыў Сіверт на немалым вяку зямных уладароў і добра помніў словы мудраца: «Правіцель падобен чоўну, а народ — хвалі. Вада нясе човен, але можа і перакуліць яго». Жыццё навучыла манаха своечасова перасаджвацца з чоўна на човен. Быў ён цыстэрцыянцам, але, калі аказалася, што папа любіць дамініканцаў, перайшоў у ордэн святога Дамініка.

У Галічы папскае пасольства вельмі ўрачыста сустрэлі браты-князі Даніла і Васілька Раманавічы. Яны былі вясёлыя, бо тры гады назад у жорсткай бітве пад горадам Яраславам ушчэнт разграмілі войскі ляхаў, уграў і дружыну чарнігаўскага князя Расціслава Міхайлавіча. Уцёк толькі Расціслаў, а ляшскага ваяводу Фларыяна і ўгорскага ваяводу Фільнія ў ланцугах прыгналі ў Галіч. Але заўважыў Сіверт і хмурынку ў вачах у гасцінных князёў. Гаспадары то яны гаспадары на сваёй зямлі, а па ярлык, які дае права на гаспадаранне, трэба ехаць у стаўку татарскага хана, кланяючыся па дарозе татарскім баскакам.

Ад Данілы і Васількі ўпершыню пачуў манах пра Новагародак і Літву. Раней ён быў цвёрда перакананы, што за Галіцка-Валынскім княствам аж да самага мора жывуць прусы або эсціі, як пра іх пісалі даўнейшыя падарожнікі. А Даніла Раманавіч, высокі, шыракаплечы, з хвалістымі цёмнымі валасамі, што спадалі амаль да самых плячэй, сказаў:

— На поўнач ад нас, за Пінескам, ляжыць моцная маладая дзяржава літоўцаў і новагараджан. Князь Міхаіл Пінскі, які зусім нядаўна ў нашай прысутнасці баяўся вочы ўзняць, цяпер з усёй сваёй сілай перакінуўся на іхні бок. Нам ужо робіцца цесна ад такога суседства. Думаю, недалёкі той час, калі галіцкі тур сутыкнецца з літоўскім зубрам.

Манаху Сіверту адразу ж захацелася сваімі вачамі пабачыць яшчэ не вядомую ў Еўропе дзяржаву. Ен быў чалавекам дзеяння і пакляўся сам сабе, што пасля Прусіі абавязкова патрапіць у Новагародак.

Прыехалі ў Кракаў. Дарога з Ліёна да Кракава заняла сем тыдняў. А Сіверту ўсё ўспаміналіся валынскія князі. Іхняга бацьку, князя Рамана, калісьці спакушаў прыняць каталіцтва папа Інакенцій III і за гэта абяцаў аддаць пад яго ўладу ўсю Русь. Вельмі насядалі папскія паслы на Рамана. Тады ён выняў меч і сказаў: «Ці такі меч святога Пятра ў папы? Калі ён мае такі, то можа даваць гарады і землі, але я пакуль што нашу гэты каля бядра і не маю звычкі браць гарады іначай, чым толькі крывёю — па прыкладу бацькоў і дзядоў нашых».

У Кракаве Якаву і Сіверту даў аўдыенцыю герцаг сандамірскі і кракаўскі Баляслаў V Сарамлівы. Былі ў палацы князь мазавецкі і куяўскі Конрад з сынам Баляславам і кракаўскі епіскап Ян Прандота. Гаварылі пра жорсткасці татар, якія за восем гадоў да гэтага разбілі рыцарскае войска ўсёй Еўропы ў крывавай бітве каля Лігніцы, і пра паўстанне ў Прусіі.

— Божы біч пакараў нашу зямлю, — уздыхаў Ян Прандота.

— Ен пакарае вас, ляхаў, яшчэ больш, калі вы не ўтаймуеце князя Святаполка Паморскага, — рэзка сказаў папскі легат. — Ен дапамагае прускім паганцам, разам з бунтаўшчыкамі рэжа хрысціянскіх рыцараў.

Якаў, як заўважыў Сіверт, гаварыў нячаста, але словы білі ў цэль амаль без промаху, нібы арбалетныя стрэлы. Легат быў хударлявы і гарбаносы, з металёвым бляскам цёмных вачэй.

— Святы айцец, едзь да Святаполка, — прапанаваў Баляслаў Сарамлівы. — Я дам табе атрад маіх рыцараў. Перадай Святаполку — калі ён яшчэ раз возьме ў рукі меч, мы прыйдзем з Вялікай і Малой Польшчы і выкінем яго разам з мячом у мора.

Легату спадабаліся такія словы. Ен усміхнуўся куточкамі вуснаў, пачціва нахіліў галаву, сказаў:

— Так і перадам паморскаму князю. Падмацаваныя ляшскім атрадам, рушылі ў Прусію.

«Зямля, залітая крывёй», — не раз чуў пра яе ад сваіх спадарожнікаў Сіверт.

— Няўжо яны, прусы, не жадаюць ускласці на сябе прыемнае ярмо гасподняе? — здзіўлена спытаў прыгажун Морыц.

Адказаў яму сам легат.

— Тут загінулі святыя прапаведнікі Хрыстовага вучэння Войцех-Адальберт і Брунон. Калі Войцех-Адальберт упершыню ступіў на зямлю прусаў, яны сказалі яму: «З-за такіх людзей, як ты, наша поле не будзе прыносіць ураджай, дрэвы не дадуць пладоў, не народзяцца новыя істоты. Убірайся з нашай зямлі».

А потым іхні жрэц і пракляты разбойнік Сіка нанёс першыя раны прапаведніку. Брунона ж разам з васемнаццаццю таварышамі спачатку пяклі агнём, каб яны адмовіліся ад сваёй веры. Тут, у Прусіі, сын мой, засяваў апостальскім зернем сляпыя душы епіскап Хрысціян. Але яму менш пашанцавала на Вісле, чым Альберту, епіскапу Лівоніі, на Дзвіне. Епіскап нават трапіў у палон да паганцаў і цэлыя пяць гадоў быў іхнім нікчэмным рабом.

Якаў заплюшчыў вочы, і ўсе нібы адчулі той боль, які спапяляў душу легата.

— Прускае паўстанне ўжо цягнецца сем гадоў. Сем гадоў крыві і пакут! Разам з праклятым Святаполкам Паморскім прусы каля Рэйзенскага возера нашчэнт разграмілі браццяў-рыцараў. Загінуў ландмаршал Берлівін. Загінула святыня Рыцараў — ордэнскі сцяг. Які-небудзь паганец разадраў яго на спадніцу для сваёй бруднай жонкі.

— У чым жа сіла прусаў, святы айцец? — пачціва спытаў у легата Сіверт.

Якаў укалоў яго суровым позіркам, але адказаў, як і заўсёды, мякка, не ўзвышаючы голас:

— Пра гэта, сын мой, добра гаварыў епіскап Хрысціян, калі яму нарэшце пашанцавала выйсці з прускай цямніцы. Ен кляўся свяцейшаму папу, што тэўтонскі Ордэн наўмысна чыніў усялякія перашкоды хрышчэнню прусаў, баючыся, каб уладары паганцаў не зрабіліся мацнейшыя за хрысціянскіх уладароў. І яшчэ, думаецца мне, прусы трымаюцца сваёй старыны таму, што бяруць прыклад з жамойтаў і літоўцаў. Асабліва з літоўцаў, якія разам з русінамі Новагародка здолелі за кароткі час аб'яднацца пад уладай свайго караля Міндоўга. Але не Міндоўг страшны мне, а яго сын схізматык Войшалк, што абапіраецца на праваслаўную Новагародскую зямлю. Даносяць верныя людзі аб незвычайнай пераменлівасці яго душы. Ен можа быць то жорсткі, як дзікі звер, то мяккі і ціхі, як лугавая трава. Ен добраахвотна адмаўляецца ад улады, ад трона, уцякае ў манастыры, а потым зноў вяртаецца і з такой страсцю пачынае будаваць сваю дзяржаву, мацаваць сваё войска, што яго невыпадкова параўноўваюць нават з Карлам Вялікім.

— У гэтай глушы — і Карл Вялікі? — хмыкнуў Сіверт.

— Пад кожнай палоскай неба, сын мой, могуць нараджацца палкаводцы і паэты, — строга сказаў архіепіскап Якаў.

Легату з ягонай жалезнай настойлівасцю і мудрай абачлівасцю ўдалося адкалоць ад паўстаўшых прусаў князя Святаполка Паморскага. Святаполк спалохаўся анафемы і крыжовага паходу, якім яму прыгразілі германскія і польскія князі. Старэйшыны прусаў, і ў першую чаргу старэйшыны заходніх абласцей, Памезаніі, Варміі і Натангіі, якія адчувалі пастаянныя цяжкія ўдары Ордэна, вымушаны былі падпісаць у Кірсбургу мірны дагавор.