154426.fb2
Сіверт з найвялікшай стараннасцю рабіў сваю справу, але хутка стамляўся. Пачыналі балець вочы, дрыжала рука. Тады ён з дазволу легата піў віно, клаўся спаць і наогул паводзіў сябе з людзьмі ніжэйшымі, невысакароднымі дзёрзка, бо doctoribus atgue poetis omania licent50. Калі ж нехта з ніжэйшых хоць позіркам, хоць жэстам выказваў незадавальненне, Сіверт прачула казаў:
— Даруй ім, бо не ведаюць, што твораць.
Дагавор, які з асалодаю амаль штодня пісаў Сіверт, пачынаўся так: «Усім, хто будзе глядзець гэтыя лісты, Якаў, архіепіскап з Люціха, капелан пана папы і выканаўца службы ягонага намесніка ў Польшчы, Прусіі і Памераніі шле прывітанне ў імя тварца. Усе вы павінны ведаць, што паміж неафітамі Прусіі з аднаго боку і святлейшымі мужамі, магістрам і браццямі Тэўтонскага ордэна ў Прусіі — з другога адбыліся жорсткія рознагалоссі. І вось мы, згодна апостальскаму мандату, прыбыўшы ў гэтыя часткі Прусіі, прывялі з Божай дапамогай да адзінства, згоды».
Шмат давялося папрацаваць Сіверту, пакуль роўнымі прыгожымі шнуркамі леглі на бялейшы пергамен словы, якім жыць у вяках. З радасцю пераконваўся манах, яшчэ і яшчэ раз перачытваючы дагавор, што галоўны і самы жорсткі ўдар, удар, ад якога не ўзнімаюцца на ногі, атрымлівалі паганскія багі і іхнія мярзотныя служкі. «Ідалу, якога раз у год, сабраўшы ўраджай, яны звычайна выдумваюць і лічаць за Бога, імя якому яны далі Курхе і іншым Багам, якія не стварылі ні неба, ні зямлі, яны ў далейшым не будуць рабіць вазліянняў, але цвёрда і нязменна застануцца ў веры ў госпада Ісуса Хрыста і каталіцкую царкву і будуць аказваць паслушэнства і пакорнасць рымскай царкве. Паабяцалі таксама, што не будуць мець у сваім асяроддзі тулісонаў і лігашонаў, ілжывых прытворшчыкаў, якія лічацца ў іх за родавых жрацоў, прысутнічаюць на пахаваннях і заслугоўваюць пякельных пакут за тое, што зло называюць дабром і хваляць мёртвых за зладзействы і рабункі, за бруд іхняга жыцця».
Духоўную чысціню несла рымская царква ў гэты дзікі для хрысціянскага вока і душы свет. «Жонак не прадаваць і не купляць. А то бацька купляў сабе жонку, і пасля смерці бацькі яна, як рэч, пераходзіла да ягонага сына. Не прысвойваць сабе мачаху ў якасці жонкі. І братаву жонку не браць. Наследнікі — толькі законныя дзеці. Абяцалі таксама, калі народзіцца ў іх дзіця, на працягу не больш васьмі дзён яны даставяць яго ў царкву, каб свяшчэннік ахрысціў, а калі дзіцяці пагражае небяспека смерці, то няхай які-небудзь хрысціянін ахрысціць яго, тройчы акунуўшы ў ваду са словамі: «Дзіця, я хрышчу цябе ў імя айца, і сына, і святога духа».
Падпісалі гэты найсправядлівейшы дагавор і змацавалі сваімі пячаткамі, у адсутнасць магістра Ордэна правялебнага брата Дзітрыха фон Грунінгена, віцэ-магістр Генрых фон Ганштэйн, прускі маршалак Генрык Ботэль і легат папы Інакенція IV архіепіскап Якаў з Люціха. Складзены ж гэты дагавор, які запісаў Сіверт з вялікім душэўным трапятаннем, у 1249 годзе пасля нараджэння Хрыстова, у сёмы дзень лютаўскіх ід.
Галоўным прычынцам такіх дастаслаўных поспехаў святой царквы на паганскай ніве Сіверт лічыў легата Якава. І ён з усёй страснасцю і замілаванасцю сказаў яму пра гэта. І яшчэ сказаў, што прусы некалі з чыстага золата адальюць статую легата і паставяць яе на самым высокім месцы сваёй зямлі, бо ён, архіепіскап Якаў з Люціха, увёў іх у сям'ю хрысціянскіх народаў. Невядома было, ці спадабалася Якаву такая пахвальба. Ен толькі сціпла апусціў вочы, прамовіў:
— Род чалавечы як божы луг, дзе ўсе кветкі адной зямлёй ускормлены і ўспоены.
А праз некалькі дзён, прагульваючыся разам з прыгажуном Морыцам каля гарадской сцяны, Сіверт пачуў з надваротнай каменнай вежы дзікі крык.
— Што гэта? — уздрыгнуў манах і бліжэй падаўся да Морыца.
— Не ведаю, святы айцец, — прыцішыў голас Морыц, — кажуць, што тут, у Прусіі, брацці-рыцары сваіх палонных, а палонныя ў іх паганцы, ператвараюць у балванаў. І ў гэтых балванаў, трэніруючы руку і вока, капейшчыкі кідаюць дроцікі, а лучнікі пускаюць стрэлы. А яшчэ кажуць, — Морыц нават азірнуўся і зашаптаў,— што яны трымаюць псоў-ваўкадаваў. І кормяць гэтых псоў мясам сваіх палонных.
— Ці ў сваім ты розуме, сын мой?! — усклікнуў абураны Сіверт. — Гэта ж хрысціянскае войска, а не банда людаедаў.
Морыц упаў перад ім на калені, пачаў умольваць, каб ніхто не даведаўся пра ягоныя вар'яцкія словы.
— Супакойся, — лёгкай рукой пагладзіў цёмныя прыгожыя кучары свайго ўлюбёнца манах. — Я нямы, як рыба пад ільдом.
У першага сустрэчнага ландскнехта Сіверт спытаў:
— Ці не можаш ты адказаць, сын мой, што за голас вылятае вунь з той вежы?
Ландскнехт спалохана перахрысціўся.
— Там сядзіць рыцар Бенедыкт. Ен ужо нямала дзён сядзіць на жалезным ланцугу, бо звар'яцеў і аб'явіў усім, што ён Хрыстос.
— Я — Хрыстос! — данёсся дзікі крык з вежы.
— Спачатку брацці-рыцары хацелі адрэзаць яму язык, потым маршалак Генрых Ботэль загадаў, каб няшчаснаму затыкалі чым-небудзь рот, але ён выпіхвае языком кляп і зноў крычыць. Чакаюць імператарскага лекара. Ен неўзабаве павінен прыехаць з абозам.
— Хрысціянскі рыцар у хрысціянскай краіне сядзіць на ланцугу, як смярдзючы пёс? — страшэнна абурыўся Сіверт. З вялікай крыўдаю пайшоў ён адразу да легата Якава і маршалка Ботэля. Тыя дазволілі пагаварыць з Бенедыктам, але маршалак параіў у час размовы трымацца далей ад вар'ята, бо можа ўкусіць.
Па вінтавой лесвіцы ўзняўся Сіверт на самы верх вежы, праціснуўся ў вельмі вузкія жалезныя дзверцы. Трохі пахаладзела спіна, калі ўбачыў перад сабой белы, як фландрскае палатно, твар. Бенедыкт быў альбіносам, з тых, што не вытрымліваюць чужога позірку ва ўпор. Толькі на міг Сіверт убачыў белыя снежныя кропкі вачэй, і адразу хворы рыцар схаваў іх. Якраз перад гэтым Бенедыкту прыносіў ежу і ваду нейкі прыслужнік. Манаху, калі яшчэ ўзнімаўся па лесвіцы, ляцелі ў вушы пагрозлівыя словы гэтага прыслужніка.
— Еш, еш, кажу табе! А зноў разальеш ваду, сам у мяне жыўцом у зямлю палезеш!
Зараз прыслужнік, зразумеўшы, што манах чуў усё, што ён сказаў, вінавата і спалохана стаяў каля каменнай, аброслай зялёным мохам, сцяны. Рыцар Бенедыкт сядзеў на ложку, засланым аўсянай саломай. Жалезнае кольца ахоплівала ягоную левую шчыкалатку, рукі былі скаваны лёгкім ланцугом, які, аднак, ні разбіць, ні перацерці.
— Ен сабе рот рукамі разрываў,— растлумачыў прыслужнік, — і брацці-рыцары вырашылі скаваць яго.
— Чаму ж не знайшлі для рыцара лепшага месца? — здзівіўся Сіверт, азіраючы дужа бедную і даволі брудную каморку.
— Наш капелан Марцін сказаў, што трэба ратаваць яго душу, а плоць няхай пакутуе, бо толькі праз пакуты плоці прыйдзем усе мы да вечнага нябеснага жыцця.
Бенедыкт раптам узняў галаву, няўцямна зірнуў на манаха і свайго прыслужніка і закрычаў:
— Я — Хрыстос!
— Вось зноў,— са скрухаю ўздыхнуў прыслужнік. — Маўчыць, маўчыць, а потым нячысцік, што пасяліўся ў галаве яго, тузае за язык. Ты не думай, святы айцец, што я б'ю яго або дрэнна даглядаю. Не. Я ж быў яго збраяносцам, калі рыцар, наклаўшы на сябе святы крыж, у Палесціне з сарацынамі біўся. Але яму зараз строгае слова патрэбна. Ен сам крычыць, а чалавечага крыку, калі хто іншы крыкне, дужа баіцца.
— Чаму ж бог адабраў у яго розум? — спытаў Сіверт.
— Усё пачалося, як мы сюды, у Прусію, перабраліся, — пачаў ахвотна тлумачыць прыслужнік. — Быў ён рыцар як рыцар. Адважны, справядлівы. Кухталёў мне ад яго, святы айцец, мала перападала, а вядома ж, што ў нямецкіх рыцараў кулак цяжкі. Як замак Пестэліна ў прусаў узялі, упершыню закрычаў рыцар Бенедыкт, быццам ён, — тут прыслужнік аж пабялеў ад перапуду, — Хрыстос.
— Чаму ж пасля Пестэліна такое здарылася? — не адступаў Сіверт.
— Не ведаю, — сумеўся прыслужнік. — Там шмат прускіх дзяцей пагарэла.
— Дзяцей?
— Так. Нам яшчэ ў тым замку па чорных абсмаленых дзіцячых костачках давялося прайсці. Ідзём, а яны хруп-хруп пад нагамі… Але той раз рыцар яшчэ мала крычаў. Ужо пасля таго як жалезнарукага Макса пабачыў, на галаву яго мут накінуўся.
— Я нешта чуў пра жалезнарукага Макса, — сказаў Сіверт. — Кажуць, што ён храбрэц незвычайны.
— Праўда, — згадзіўся прыслужнік. — Яму прусы руку адсеклі, правую руку.
— Я — Хрыстос! — зноў закрычаў Бенедыкт.
— У кожнага вала ёсць свой авадзень, які яго кусае, і ў кожнага чалавека ёсць свой смутак, — глыбакадумна сказаў Сіверт.
— Ісцінна так, святы айцец, — падхапіў прыслужнік. — Дык гэты Макс, які ўзрушыў і разбурыў душу рыцара Бенедыкта, на куксу сваёй рукі надумаўся надзяваць доўгі жалезны прут. Прыкручваў яго да куксы, напальваў на агні і вішчаў ад болю, бо жалеза аж чырванела. Потым да Макса падводзілі палонных прусаў, асабліва ён любіў палонных з прускіх старэйшын, ставілі на калені, і вось гэтым прутом Макс выпальваў на лбе святы крыж. Брацці-рыцары далі яму імя Макс Жалезнарукі. Навошта было яму, — прыслужнік кіўнуў на прыціхлага Бенедыкта, — бачыць такое? Але ж убачыў, нават у крэпасць Бальгу з'ездзіў, каб паглядзець, і ў наступную ж ноч закрычаў. І крычыць з таго часу без спыну.
— Мяккае сэрца ў твайго рыцара, — прамовіў, адыходзячы з вежы, манах.
— У людзей ва ўсіх сэрца мяккае. Камень у грудзях ні ў кога не знаходзілі,— пакланіўся на развітанне прыслужнік.
Сіверт, чым болей жыў у Прусіі, тым усё глыбей пераконваўся, што вера, прынятая пад пагрозай сілы або сілком увагнаная ў душу, недаўгавечная. Чалавек не дужа шануе і беражэ такую веру. Гэта тое самае, што прымусіць дрэва расцвісці зімою, у самы люты мароз.
«А навошта ж тады наша царква і наш папа аб'яўляюць святыя крыжовыя паходы? — пакутліва думаў ён. — Можа, яны памыляюцца? Не, я заўсёды верыў, веру і буду верыць ім. Крыжаносцы хочуць вызваліць труну гасподнюю ад няверных. А свой крыж, дакладней, свой паўмесяц, першымі панеслі іншым народам сарацыны, пасаджаныя на баявога каня Магаметам. І свой зялёны сцяг свяшчэннай вайны яны першыя панеслі. Дарэчы, чаму іхні сцяг зялёны? Пэўна, усё пайшло ад першай вясновай травы між пякельных пяскоў пустыні. Дужа ўзрадаваўся чалавек, убачыўшы кволыя зялёныя сцяблінкі, якія давалі яго каню, а значыць, і яму жыццё».
Так думаў дамініканскі манах Сіверт, закінуты лёсам у суровыя прасторы Прусіі, дзе то ўсчыналася вайна, то наступаў крохкі мір, дзе згаралі адны гарады і з неймавернай хуткасцю будаваліся другія, дзе папскі легат архіепіскап Якаў з Люціха ў час аднаго вельмі жорсткага нападу паганцаў, калі жыццё браццяў-рыцараў вісела на павуцінцы, загадаў зламаць усе помнікі на хрысціянскім могільніку і ўмацаваць імі крапасную сцяну. Барацьба вялася найлюцейшая. Ордэн, губляючы лепшых сваіх рыцараў, захапіў прускія крэпасці Рогаў, Пестэлін, Бальгу, знішчыў іхнія гарнізоны. На захопленай зямлі рыцары ўзвялі замкі Кульн, Торн, Марыенвердэр. Усе разумелі, што мір, падпісаны ў Кірсбургу (гэты горад неўзабаве ўрачыста назвалі Хрыстбургам), часовы, што прусы ўзялі перадышку. Праўда, Сіверту паказалі прускага старэйшыну Матэ, які разам са сваімі сямейцамі і дружынай, з усім сваім дабром перабег у Хрыстбург. Яму хрыстбургскі комтур уручыў за гэта даравальную грамату, дзе было напісана, што Матэ за бязмежную вернасць хрысціянству атрымлівае навечна ад Ордэна дваццаць гакенаў51 зямлі і дзесяць сялянскіх сем'яў. Былі і яшчэ такія перабежчыкі. Яны вызваляліся ад абавязку хадзіць за сахой, але павінны былі несці Ордэну неабмежаваную ваенную службу. «Ці не ўдараць такія саюзнікі ў час бітвы рыцарам у спіну, як зрабілі гэта земгалы пад Шаўляем?» — думаў Сіверт.
Ен працаваў пісцом хрыстбургскага комтура і адчуваў сябе анахарэтам52 у гэтым шумным і крывавым свеце. У 1250 годзе прыйшла вестка пра смерць ягонага былога сябра і апекуна імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрыха II Гогенштаўфена. Усе наўкол, даведаўшыся пра такое, аж захлынуліся ад радасці, бо былі, як і папа, лютымі ворагамі нябожчыка. Сіверт адчуў халадок на сэрцы, лёгкае трымценне ў пальцах, пайшоў да сябе і амаль цэлы дзень ляжаў, не распранаючыся, на ложку. Трэба было тэрмінова пісаць чарговую даравальную грамату, у дзверы да Сіверта разы са два спалохана зазіраў Морыц, які стаў ягоным памочнікам, але манах ляжаў нібы камень. «Ці не памёр ён?» — думаў Морыц.
Ды сіплае дыханне манаха паказвала, што душа ягоная яшчэ на гэтым свеце.
«Я здрадзіў Фрыдрыху, — як на вуголлях успамінаў, курчыўся Сіверт, — і хоць кажуць, што старое на сем замкоў замкнута, ад гэтага не лягчэй. Хіба я хрысціянін, калі змог стаць Іудам?» З вострай нянавісцю ён адчуваў сваё цела, цяжкое, атлусцелае, хоць ён і стараўся сушыць яго пастом. Якія лятункі можа мець душа ў такім целе? Гэта турма для душы, і сцены ў ёй запоўнены тлушчам. У міг найбольшай духоўнай пакуты ў яго ўзнікала неадольнае адчуванне, што душа хоча стрэсці, скінуць з сябе цялесную абалону, вызваліцца з яе, як вызваляецца нявіннае птушанё са шкарлупіны яйка. Манах аж курчыўся на ложку.