154426.fb2
Легат пасядзеў, паглядзеў на апушчаныя долу вочы манаха і, падумаўшы, што ў таго няма сіл, каб іх падняць, устаў. На адыходзе сказаў:
— Няхай скрышацца колы калясніц нашых ворагаў.
Але зацягнуліся духоўныя раны ў манаха, як на прускіх соснах зацягваюцца, заліваюцца цвёрдай жоўта-залацістай смалою рассечыны ад сякеры. Узняўшыся з ложка, першым чынам падышоў ён да сваёй запаветнай фуры, якую пільна ахоўваў Морыц, прыпаў да яе вухам. Гугнеў, соп носам і чвякаў губамі Ніхто, пэўна, спаў. Гэта супакоіла Сіверта. Ен даўно ўжо адчуваў, што звязаны з Ніхто моцным вузельчыкам. Жыве Ніхто, значыць, жыве і Сіверт. Хутка, вельмі хутка наступіць той час, ужо засталося менш года да таго дня, калі Ніхто будзе паказаны святарам і багасловам і загаворыць на боскай латыні.
Працуючы пісцом, Сіверт кожны дзень сустракаўся з самымі рознымі людзьмі: рыцарамі, свяшчэннікамі, манахамі, купцамі, рамеснікамі, якія ехалі ў Прусію і Лівонію з усёй Еўропы. Ен гутарыў з немцамі і датчанамі, палякамі і французамі, прусамі і самбамі, літоўцамі і яцвягамі. Часта бываў ён у крэпасцях і замках, у марскіх портах і на рысталішчах, у сядзібах багатых тубыльцаў, якія прысягнулі Ордэну, у турмах і катавальнях, дзе аднародцы гэтых самых тубыльцаў абліваліся крывёю і слязамі. Аднаго разу ў ордэнскай турме Сіверт сустрэўся з чалавекам, які назваўся новагараджанінам, і імя ў якога было Панкрат. Гэты Панкрат ужо канаў. Так як нідзе не было праваслаўнага святара, прадсмяротную споведзь прымаў у яго Сіверт. З глухіх слоў новагараджаніна манах даведаўся, што ён былы купец з вельмі багатага горада Новагародка, што былы правіцель горада князь Ізяслаў жорстка пакараў яго і ягоных аднамыснікаў, якія называлі сябе браталюбамі. Панкрату ўдалося ўцячы, шмат блукаў ён па свеце, начаваў у попеле вогнішчаў. Спачатку распальваў вялікае вогнішча, а потым, калі яно астывала, з галавою закопваўся ў мяккі, яшчэ гарачы попел.
— Хіба ты не мог змайстраваць сабе будан? — здзівіўся Сіверт.
— Каб я начаваў у будане, я даўно б памёр, і ты, святы ойча, не спавядаў бы мяне, — з дзіцячай непасрэднасцю сказаў Панкрат. — У будане мяне даўно б злавілі.
— А хто цяпер правіцель Новагародка? — спытаў манах.
— Чуў я, што новагародскае баярства, выгнаўшы Ізяслава, запрасіла на свой сталец літоўскага князя Міндоўга. Жывуць яны, як і жылі, па свайму прадзедаўскаму пакону. Міндоўг ім сказаў: «Мы старыны не рухаем, а навіны не ўводзім». Разам з гэтым князем баяры ў паходы на суседнія землі ходзяць.
Панкрат пачаў задыхацца.
— Я ў лесе з латрункуламі сустрэўся… Шмат мы нямецкіх рыцараў на той свет адправілі… А потым нас акружылі, злавілі…
Сіверт ужо чуў пра латрункулаў. Гэта былі дробныя атрады літоўцаў, жамойтаў і русінаў па дзесяць — дваццаць чалавек, якія, хаваючыся ў лясах, пранікалі ажно да сцен Хрыстбурга і нападалі, дзе толькі маглі, на браццяў-рыцараў. Яны былі вёрткія і хітрыя, як лісы.
— Новагародак больш не ўбачу, — шаптаў Панкрат, і слёзы стаялі ў вачах.
Потым пачалося трызненне. Ен зноў гаварыў пра браталюбаў, пра нейкага Алехну, пра нейкія жалезныя жалуды.
— Жалезныя дубы вырастуць, сцяной устануць, — хрыпеў ён, і смяротны пот заліваў шчокі. Панкрат ужо не бачыў Сіверта. Апошняе, што губляе чалавек пры смерці, гэта слых. Ен яшчэ чуе жыццё, але ўжо не бачыць яго.
Манах, як і належыць у такіх выпадках, з усім стараннем тварыў святую малітву, падрыхтоўваў душу нябожчыка да вечнага жыцця ў нябеснай дзяржаве. Шкада яму было гэту душу, бо не пастукаецца яна ў дзверы раю. Той, хто ў зямным жыцці ўзняў руку на Хрыстовага абранніка крыжаносца, будзе гарэць у смале і ў серы. Але шкадаваць усё роўна патрэбна ўсіх.
Пры апошнім уздыханні, ужо цалуючы крыж, які паднёс да вуснаў манах, Панкрат аслабелай рукою рвануў у сябе на шыі нейкі шнурок, у жмені працягнуў Сіверту цёмны круглячок.
— Жалезны жолуд… Вазьмі…
І амаль адразу спусціў дух.
Панкрата і яшчэ трох латрункулаў аддалі зямлі там, дзе закопваюць забітых у сечах рыцарскіх коней. Толькі сухая жоўтая трава будзе шумець над імі. Сіверт жа, вярнуўшыся да сябе, доўга пры святле свечкі круціў, разглядваў жалезны жолуд. Вядома ж, гэта быў, як ён адразу падумаў, нейкі талісман, нейкі абярог. Пэўна, такія талісманы насілі і носяць браталюбы, пра якіх казаў на споведзі новагародскі купец. Што тычыцца браталюбаў, манах падумаў, што гэта нейкая новая ерась, новая секта, якіх так шмат у грэшным свеце, пачынаючы яшчэ ад фарысеяў і садукеяў і канчаючы альбігойцамі. Жолуд ён паклаў у сваю паходную замкнёную на тры замкі, каробачку, дзе захоўваў свой малочны зуб, пасму сваіх дзіцячых валасоў, жменьку зямлі з матчынай магілы, далучыўшы, такім чынам, да сваіх святыняў. Ен адразу падумаў, што гэты перадсмяротны дарунак новагародскага купца прынясе яму шчасце.
З цікавасцю прыглядаўся манах да тутэйшых людзей. У нечым яны былі наіўныя, як дзеці. Богам лічылі не Хрыста, а зямлю і нябесныя целы — сонца, месяц, зоркі; мелі свяшчэнныя лясы, свяшчэнныя рэкі і азёры, вельмі шанавалі агонь. У сваіх адносінах да агню яны, на думку Сіверта, раўняліся з Праметэем і Гераклітам, бо лічылі яго пачаткам пачаткаў. У гэтым не было б нічога благога, каб над усім ззяў Хрыстос. Але да хрысціянскага бога яны адносіліся з недаверам ці, што яшчэ страшней, слухалі пра яго пазяхаючы, хіхікаючы.
Духоўнасць і хрысціянскасць народаў Сіверт вымяраў адносінамі да жанчыны. Яшчэ ў Ліёне казалі яму, што прусы маюць шмат жонак, што жонак там купляюць і прадаюць, нібы жывёлу. Ды са здзіўленнем заўважыў ён адваротнае. І ў князя, і ў селяніна было па адной жонцы. Скасаваць шлюб мог толькі мужчына, але ён гарантаваў сваю вернасць жонцы, аддаючы яе бацькам трэцюю частку маёмасці. Замужняя жанчына не траціла сувязі з родным домам. Яна была пад двайной аховаю — і мужа, і бацькоў.
«Гэты народ саспеў для хрысціянства, — бяссоннымі начамі думаў Сіверт. — Яго трэба толькі злёгку падштурхнуць. Пад апекай святога Пятра дзікі лясны край неўзабаве зробіцца квітнеючым садам».
Галоўнай задачай ордэнаў, і Тэўтонскага, і Лівонскага, як адразу зразумеў назіральны манах, было знішчэнне жамойцкага кліна. Прусы не сёння, дык заўтра стануць даннікамі і прымуць хрысціянства або загінуць. Заставалася Жамойць. Яна перашкаджала зліцца ў адно цэлае ўладанням Рыгі і Марыенбурга. Гэта бачылі і немцы, і самі жамойты. Купцы, якія прыйшлі вялікім абозам з Дзвіны, расказалі Сіверту дужа цікавую гісторыю. На свае вочы бачылі яны, як у адным жамойцкім паселішчы звар'яцелы стары жрэц бегаў па вуліцах, па дварах, у полі і лесе і ўсюды збіраў птушынае пер'е. «Навошта табе яно?» — дзівіліся людзі. Але жрэц маўчаў і ўпарта рабіў сваё. Ен назбіраў цэлую гару рознакаляровага пер'я, абклеіў ім усе хаты, усіх сваіх бліжніх, а таксама найбольш адважных воінаў. «Нашаму народу не пашанцавала, — нарэшце загаварыў ён. — Прадзеды і дзяды нашы пасяліліся там, дзе сёння кладуцца дарогі рыцарскіх коней. Мала сілы ў нас, не справіцца нам з чужынцамі, бо з Цюрынгіі, Саксоніі, з Польшчы і Чэхіі ідзе да іх няспынная падмога. А наш саюзнік і брат літоўскі кунігас Міндоўг гуляе з намі, як з мышшу. То аддасць у кіпцюры нямецкай кошцы, то выхапіць з кіпцюроў. Але я выратую вас. Багі навучылі мяне. Спакойна кладзіцеся спаць, а я ўсю ноч буду паліць святы агонь, маліцца за ўсіх вас і за нашу зямлю. Калі ж устане сонца, усе мы разам з роднай зямлёй пераляцім далёка адсюль, пераляцім у такое месца, дзе няма праклятых рыцараў». Шмат хто смяяўся з яго, жанчыны плакалі, дзеці спрачаліся, у каго пер'е прыгажэйшае. Цэлую ноч, як шалёны, бегаў жрэц вакол вогнішча, нават скакаў у яго, аж чырвонае вуголле пырскала ва ўсе бакі. Увесь час махаў ён рукамі, нібы крыламі. Нарэшце выпіў пітво, настоенае на сямі лясных і лугавых травах, упаў на зямлю і заснуў як забіты. Калі ж прачнуўся, спытаў, не расплюшчваючы вачэй: «Дзе мы? Над воблакамі?» — «У Жамойці», — горка адказалі яму. Тады з дзікім крыкам пабег ён з паселішча і з самай высокай стромы кульнуўся ў раку.
Сіверта ўразіла гэта гісторыя. «Чаму нас так баяцца? — думаў ён. — Ніхто, вядома, не хоча аддаваць сваю веру і волю. Кожнаму чалавеку здаецца, што яго вера самая правільная. І браталюбы з Новагародка так думаюць, і жамойты, і прусы. Але ж сонца — адно. І неба — адно. І некалі трэба зразумець, што гэта непазбежна — адкінуць убок свайго бажка і пайсці ўслед за Хрыстом, бо толькі ён павядзе чалавека праз сінюю бездань часу».
Халоднай мокрай восенню, калі зашумела над усёй Прусіяй жоўтая лістота, што валілася з дрэў, Сіверт паехаў у Рыгу. Па загаду самога папы Інакенція IV ён павінен быў сустрэцца з рыжскім епіскапам Мікалаем і аб'явіць яму волю рымскага апостальскага прастола, што з гэтага часу і назаўсёды манахі-дамініканцы будуць апекаваць Лівонію, а не цыстэрцыянцы. Усе іхнія манастыры, усе малельні і святыя сасуды павінны быць аддадзены дамініканцам. Сіверта спачатку напалохаў такі загад. Ен лічыў сябе занадта дробнай птушкай, каб лётаць у высокіх сферах. Але архіепіскап Якаў паручыўся за яго перад Рымам, бо манах спадабаўся яму за час нялёгкага падарожжа ад Ліёна да Прусіі.
Разам з Сівертам паехалі ў Рыгу Морыц і Ніхто, а таксама эскорт з сотні конных капейшчыкаў.
— Калі ўдасца жывымі праскочыць Жамойць, то лічыце, святы айцец, што мы прайшлі па шаўковай нітцы, якая нацягнута над бяздонным калодзежам, — нявесела пажартаваў прыгажун Морыц.
Але Сіверт, як прыроджаны немец, быў чалавек рашучы. Галоўнае для яго было зараз — выканаць загад, і ён бадзёра накіраваўся ў дарогу.
— Мы жывём пад аховай нябёс, — сказаў ён Морыцу. — Я веру, што нам пашанцуе, сын мой, што нас напаткае ўдача, як вецер пад крыло.
Дажджавела неба, шумелі мокрыя лясы, пад коламі фур сыпкі пясок перамолваўся ў густую ліпкую гразь. У некаторых месцах даводзілася дапамагаць коням, бо ў бедных усе жылы трашчалі. Сам Сіверт выходзіў пад дождж, слабым плечуком штурхаў у халодную скураную абшыўку. Перад дарогаю манах купіў сабе вялікага пярэстага сабаку з разумнымі вачамі, якога назваў Сарацынам. Сабака сядзеў, паклаўшы галаву яму на калені, а на прывалах, калі капейшчыкі кідалі абгрызеныя косткі, хапаў іх, закопваў у зямлю.
Спачатку награбаў пясок лапамі, а потым ужо раўняў усёй мордаю. «Сваю салодкую костачку трэба заўсёды з сабой насіць, — думаў Сіверт, назіраючы за сабакам. — Хоць вочы ў цябе і разумныя, але ты дурань з дурняў. Вось зараз паедзем — і прапала твая костачка».
Як заўсёды ў дарозе, знаходзіліся людзі, што любілі і ўмелі апавядаць страшныя гісторыі. Такім аказаўся капейшчык Ганс. Быў ён, як птушынае яйка, увесь абсыпаны бледнымі вяснушкамі.
— Аднойчы прыехаў у заезны дом, што побач з нашай вёскаю, багаты купец, — расказваў Ганс. — Быў у яго цэлы мяшок срэбных дынарыяў, ну, можа, крыху менш. І ва ўсе кішэні дынарыі панасыпаны. Ходзіць купец па двары і ўвесь звініць. Гаспадар з гаспадыняю як убачылі гэта, як пачулі, адразу рашылі забіць багацея. Выкапалі ў садзе глыбокую ямку, каб там яго, забіўшы, закапаць. Ну, вядома, перад сном пояць яго самым п'яным віном, нясуць на стол смажаных курапатак і вараную заечыну. Адным словам, сам імператар не адмовіўся б ад такой вячэры. Ложак заслалі ўсім белым, усім самым чыстым, як быццам шлюбная ноч купца чакае. Выпіў купец, закусіў, але глядзіць на два вокі і на два вухі чуе. Лёг ён спаць і пад белай прасціною намацаў звярыную шкуру. «Для чаго б гэта?» — думае купец. І як быццам нехта шапнуў яму з цемры: «Гэта ж забіваць цябе будуць. А гаспадыня шкадуе бялізну і хоча ўсю тваю кроў на шкуру спусціць». Хуценька схапіў купец сваё адзенне, свой мяшок са срэбрам і пабег з гэтага заезнага двара, нават пра каня забыўся. А гаспадарская дачка Крысціна (я нават з ёю два разы танцаваў) вярнулася дадому позна, бачыць ложак свежазасланы, і лягла ў яго спаць. Ноччу яе бацька разуўся, каб ніякага рыпу не было, падкраўся да ложка і з усяго маху гопнуў па галаве бязменам. І мёртвае цела ў шкуры адразу ў яму пацягнулі. Засыпалі пяском, ляглі спаць, рашыўшы купцовы дынарыі заўтра раніцай пералічыць. «Добры будзе Крысціне пасаг», — радуецца гаспадыня. Ледзьве сонца на неба ўскацілася, пабеглі ў сад, каб кроў, дзе нацякла, усю да кропелькі затаптаць. Глядзяць — а з ямы сіні доччын каснічок тырчыць.
Да Рыгі даехалі без асаблівых прыгод. Толькі аднойчы, спыніўшыся начаваць на беразе невядомай ракі, раніцою ўбачылі ў абшыўцы фуры, у якой сядзеў Сіверт, жалезны дроцік. Пэўна, магутная рука кідала яго, бо так упіўся, што насілу выцягнулі. Ды яшчэ захварэў Ніхто. Пачаў кашляць і дзіка скрыгатаць зубамі. Манах адагнаў ад фуры капейшчыкаў і разам з Морыцам, які ведаў таямніцу Ніхто, уліваў яму ў рот гарачы адвар з высушаных траў і карэнняў. Ніхто, які неўзабаве павінен быў здзівіць усіх чысцейшай латынню, супакоіўся, заціх.
Сіверт быў расчулены, што выздаравеў Ніхто, што варожы дроцік, пушчаны д'ябальскай рукою, патрапіў толькі ў абшыўку, а мог упіцца яму, хрысціяніну Сіверту, у скронь. Ен доўга і горача маліўся, дзякаваў усявышняму і, перад тым як зноў крануцца ў дарогу, выступіў з казанню перад капейшчыкамі і Морыцам. Казань ён закончыў так:
— Хрысціянства — другое жыццё пасля смерці. Рай для добрых, пекла для злых.
Рыгу Сіверт бачыў упершыню, і гэта цвярдыня апостальскай веры на яшчэ ўчора дзікім паганскім беразе ашаламіла яго сваёй веліччу і прыгажосцю. Горда ўзнімаліся пад воблакі хрысціянскія храмы, ад аднаго выгляду якіх соладка замірала сэрца і ўдзячная сляза накочвалася на вочы. Безліч ветразяў — чырвоных, сініх, пярэстых — надзімаў свежы вецер. Як было не ўспомніць епіскапа Альберта фон Буксвагена? Гэта ягонай воляй і цярпеннем, ягоным розумам і гартам былі створаны Рыга і Лівонія. Ды даўно спіць у мармуровай труне неўтаймоўнік-епіскап, а ў доме, які пабудавалі па яго чарцяжу муляры з Готланда, жыве новы рыжскі епіскап Мікалай. Гэты, як даносілі Сіверту дасведчаныя людзі, толькі слабая цень Альберта. «Шуму ад мяне будзе не болей, чым ад мышы», — быццам бы сказаў ён бліжэйшым сваім сябрам, уздымаючы разам з імі кубак з віном. Адзіная ў яго мара — стаць з цягам часу архіепіскапам, атрымаць ад рымскага папы паліум, як сімвал поўнага свяшчэнства. Кажуць, што Мікалай спіць і нават ува сне бачыць паліум — белы ваўняны каўнер, які ўпрыгожваецца шасцю чорнымі крыжамі і надзяецца на святарскую рызу толькі ў час асабліва ўрачыстай царкоўнай службы і толькі ў сваёй епархіі. Робяць яго з воўны свяшчэннай авечкі. Паліум асвячае і ўручае сам папа як знак узвядзення ў высокі сан архіепіскапаў.
Мікалай сустрэў Сіверта з прыязнай усмешкай і з халоднымі вачамі. Але гэта не збянтэжыла манаха. За яго спіною як бы нябачна прысутнічаў папа
Інакенцій IV, што ўжо ўрачыста пераехаў з Ліёна ў Рым. Усе свяціцелі былі за Сіверта, і ён рэзкім голасам абвясціў волю апостальскага прастола. З гэтага часу на першы план у Лівоніі выходзілі дамініканцы. У Мікалая быў кіслы твар.
— Ваша каталіцкая правялебнасць епіскап рыжскі, што мне перадаць святой рымскай курыі? — строга і рашуча, як і належыць пасланцу вышэйшай улады, спытаў Сіверт.
— Мы ў Рызе выканаем волю курыі,— збялеў епіскап. — Ды славіцца гасподзь наш Ісус Хрыстос і прасвятая дзева Марыя.
Трэба было не мець вачэй, каб не ўбачыць варожасці паміж епіскапам Мікалаем і рыжскім ратам53 і магістрам Лівонскага ордэна Андрэем Стырландам. Яны ніяк не маглі падзяліць захопленую і яшчэ не захопленую зямлю, прыбыткі з гэтай зямлі. Вялікае і нікчэмнае сплялося тут, як заўважыў Сіверт, у адзін вузел.
Замест таго каб сакрушаць паганцаў жалезным бічом, хрысціяне грызлі адзін аднаму горла.
Пра ўсё гэта ў прысутнасці мясцовых клірыкаў і ратманаў Сіверт сказаў епіскапу Мікалаю. А потым паехаў з Рыгі ў Вэндэн, сталіцу лівонскіх рыцараў, і тое ж самае паўтарыў магістру Андрэю Стырланду. У магістра ён сустрэў чалавека, якога тры дні назад бачыў у пакоях епіскапа.
— Хто гэта? — пацікавіўся манах.
— Нальшанскі кунігас Суксе, — адказаў Стырланд. — Просіць нашай апекі. Кунігас Міндоўг адабраў у яго замак, зямлю, а самога з сямейцамі выгнаў у чыстае поле.
Стырланд быў высокага росту, з цёмнымі густымі валасамі і маленькім ротам-шчылінай.
— Шмат кунігасаў і баяр бягуць з Літвы, — ахвотна тлумачыў магістр. — Да твайго прыезду, святы айцец, былі ў мяне тры браты-баярыны: Тушэ, Мілгерын і Гінгейка. Іхні старэйшы брат Лінгевін, падвучаны тым жа Міндоўгам, таксама выгнаў іх. І не проста выгнаў, а падбіў мясцовую абшчыну, і тая праз свой копны суд вырашыла правесці гон па следу. Есць у літоўцаў такі звычай. Як за ваўкамі гналіся за баярамі.
— Няўжо Міндоўг такі ўсясільны? — спытаў Сіверт.