154426.fb2 Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 30

Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 30

— Паганская зямля адбірае мову ў дзяцей! — раз'юшана закрычаў манах і пачаў з найвялікшай лютасцю таптаць зямлю, на якой стаяў. Рыцары і збраяносцы таксама следам за капеланам білі гэту зямлю нагамі, плявалі на яе.

Потым, калі рыцары са сваімі збраяносцамі разышліся, нейкае здранцвенне скавала рукі і ногі Сіверту. Ен не мог паварушыць ні пальцам, сядзеў каменем, і горкія думкі адна цяжэй другой не давалі ўздыхнуць. Было жахлівае адчуванне, што нехта прабіў яму чэрап і хоча распаленай на агні лыжкай вычарпаць мозг. Манах палахліва абмацаў потнымі далонямі галаву. Гэта ўжо суседнічала з вар'яцтвам. «Прыснадзева Марыя, не дай мне страціць розум», — страсна маліў ён. Апошнім часам дрэнна паварочваліся справы ў Сіверта. Ягонага апекуна легата Якава адклікалі ў Рым, і хадзілі ўпартыя чуткі, што папа вельмі незадаволены легатам. Замест Якава прыехаў Альберт Суербер, які праславіўся ў Ірландыі і Францыі. Для Суербера дамініканскі манах Сіверт быў звычайнай варонай, што выпадкова заляцела на седала для паўлінаў. Такіх манахаў тысячы і тысячы, а папскі легат Альберт Суербер адзін. Магістр Лівоніі Стырланд таксама страціў цікавасць да Сіверта і не ўзяў яго ў паход з сабою, а падсунуў гарлапану Марціну Голіну. А зараз яшчэ вось гэта няўдача з Ніхто.

Манах сядзеў, абшчаперыўшы галаву рукамі. Раптам да яго данесліся нейкія ціхія ўсхліпванні. Ен абышоў фуру і наткнуўся на Морыца. Чорнавалосы прыгажун узняў заплаканы твар, і ў кожным воку манах убачыў па буйной слязе.

— Што здарылася, Морыц? — трапятліва спытаў Сіверт, адразу забыўшыся пра ўсе свае згрызоты.

— Мне цябе шкада, святы айцец, — сказаў Морыц. — Ты так стараўся, чакаў… А гэты Ніхто, гэты ўблюдак… Я заб'ю яго! — раптам крыкнуў Морыц.

Сіверт абедзвюма рукамі моцна націснуў яму на плечы, утрымаў каля сябе.

— Навошта праліваць нявінную кроў? Значыць, так трэба Хрысту, каб Ніхто маўчаў. Бацька, чада сваё любячы, б'е яго і зноў горне да сябе. Вось што я надумаў, Морыц. Як усе палягуць спаць, бяры Ніхто і адвязі яго ў Дзінамюндскі манастыр, што каля Рыгі. Я напішу абату, і ён прыме яго. І не забудзься воск у яго дастаць з вушэй. Ды я зараз сам дастану.

Манах у нейкай ліхаманцы паспешліва адшмаргнуў скураны полаг, схапіў спалоханага Ніхто за галаву, пачаў выкалупваць з бледных вушных ракавін воск. І ўсё паўтараў:

— Слухай. Слухай, як лес шуміць, як рака цячэ. Не трэба мне ад цябе латыні. Хоць пеўнем закукарэкай, абы не маўчаў. Я праклінаю той дзень, калі д'ябал падвучыў мяне пасадзіць цябе ў пячору, а потым у фуру. Гэта ўсё Фрыдрых, гэта ўсё ён, ганарлівы Гогенштаўфен. Вышэй Бога хацеў быць. А вышэй быць нельга, бо вышэй — пустата, смерць…

Сіверт раптам пачаў цалаваць рукі Ніхто. Гэта дужа абурыла Морыца.

— Што ты робіш, святы айцец! — усклікнуў ён. — За два-тры дні я завязу гэтага мурзаля ў манастыр, вярнуся назад, і паедзем мы разам заваёўваць Літву. А мурзаль, — ён лёгка пстрыкнуў Ніхто па носе, — няхай хоць на мурашынай, хоць на пчалінай мове гаворыць.

— На чалавечай мове няхай гаворыць, — строга сказаў манах.

Атрад Марціна Голіна — пяцьдзесят рыцараў, сто збраяносцаў, чатырыста ландскнехтаў і тры сотні хрышчаных земгалаў — марудна, але няўхільна прасоўваўся ў глыб Аўкштайты. Вёрст дзесяць — пятнаццаць лявей атрада Голіна ішлі рыцары Андрэя Стырланда. На небасхіле бачыліся слупы чорнага дыму.

— Магістр абганяе нас, — хваляваўся Голін. — Ен першы будзе каля сцен Новагародка. Ударым мацней, брацці!

Але вайна ёсць вайна, і паганцы, як хутка пераканаўся Сіверт, умеюць біцца не горш за хрысціян. Амаль на кожным кроку дарогу перагароджвалі засекі з наваленых дрэў, земляныя валы. Вельмі шмат сустракалася пількальнісаў, невялікіх крэпасцей, кожная з якіх мела ўмацаваны замак і прыгарад. Усё гэта было абнесена моцнымі частаколамі. А земгальскія пількальнісы Ранеце, Сідрабе, Цервеце ў дадатак да ўсяго абкружаў глыбокі роў з пад'ёмным мостам і брамаю. Па ўсім небасхіле, як акінуць вокам, ярка гарэлі сігнальныя кастры — паганскія крэпасці паведамлялі адна адной аб набліжэнні ворагаў. Асабліва гэта ўражвала ў прыцемках. Здавалася, шматвокі грозны д'ябал сочыць з усіх бакоў за рыцарамі.

— Адкуль у іх бярэцца сіла? — ужо не раз раздражнёна казаў Марцін Голін.

І сапраўды, вёсачкі ўсюды былі дробныя — па пяць — восем двароў. Жыхары некалькіх такіх суседніх вёсак мелі дзе-небудзь у пушчы адно абшчыннае сховішча і ўцякалі туды з жонкамі і дзецьмі. Коней жа і кароў заганялі ў непраходны гушчар або нават у лясныя азёры, дзе з вады тырчалі толькі грывы і рогі.

Зброю жамойты і літоўцы мелі, на здзіў рыцарам, вельмі добрую. У княскіх дружыннікаў былі мячы, шаломы, панцыры. Апалчэнцы-сяляне біліся коп'ямі і сякерамі. Саюзнікі жамойтаў і літоўцаў земгалы ўмелі карыстацца самастрэламі. Пры асабліва ярасных атаках рыцараў паганцы радамі садзіліся на зямлю, шчыльна ставілі шчыты, хаваючыся за імі. Гэтакім жа самым чынам у час бою яны хаваліся за счэпленыя цяжка нагружаныя фурманкі. Рыцарская конніца дарэмна білася аб такую сцяну, адно конскія грудзі чырванелі крывёй. Даводзілася браццям-рыцарам злазіць з сёдлаў на зямлю і разам з ландскнехтамі і збраяносцамі сякерамі і мячамі праломваць сабе дарогу.

Хутка ўсе заўважылі, што не любяць паганцы біцца на адкрытай мясцовасці, у чыстым полі, а, як вужы, уцякаюць у балоты і лясы.

— Хрысціянская сіла ў шырокім прасторы, — растлумачыў рыцарам у час месы Сіверт, — бо святым божым прамяням патрэбен размах, каб плаўна і вольна ліцца па ўсёй зямлі, а паганец, крывадушны чалавек, залазіць пад корч, у дупло, точыцца ў мох.

У дыме і звоне мячоў, у крыві і ранах нястрымна ляцеў час. Некаторых з паплечнікаў Марціна Голіна ўжо не было на гэтым свеце. Хто сканаў ад паганскай сякеры ці дубіны, а многія зламалі сабе шыю, разам з коньмі праваліўшыся ў лоўчыя, засыпаныя зверху травой і лісцем, ямы. Грозны рыцар Голін скрыгатаў ад гневу зубамі. Аднойчы данеслі, што непадалёку хаваецца княскі табун — ажно пяцьсот галоў коней. Прывялі ў лагер і чатырох каняводаў.

— Ну, дзікуны, дзе трымаеце коней для свайго Міндоўга? — спытаў у іх Марцін Голін, і вочы радасна заззялі. Каняводаў, звязаўшы рукі, паставілі на калені.

— Здаецца, вы любіце агонь, лічыце яго святым, — усміхнуўся Голін. — Зараз я праверу вашу любоў.

І загадаў збраяносцам:

— Раскладзіце чатыры вогнішчы!

Хутка на лясной паляне запалалі вогнішчы. Каняводы глядзелі на полымя, яшчэ не разумеючы, што іх чакае.

Марцін Голін, упёршы рукі ў бокі, стаў перад каняводамі, холадна сказаў:

— Пачынаю правяраць, як вы любіце святы агонь і як ён вас любіць. Ты! — паказаў ён пальцам на крайняга злева светлабародага паганца. — Гавары, дзе табун. Маўчыш? Падсмаліце малойчыку пяткі над агнём.

Збраяносцы схапілі паганца, узнялі, прывязаўшы да пік, над вогнішчам. Ен закрычаў ад болю.

— Гавары, дзе табун, і я адпушчу цябе, і дам лепшага каня, — падышоў да паганца Голін. — Ты паедзеш дадому на кані.

Канявод крычаў, курчыўся ад болю, але не казаў ні слова.

— Гэтага святы агонь не любіць, — засмяяўся Голін. — Бачыце, як ён нагамі дрыгае. Давайце сюды наступнага.

Яшчэ адзін паганец заенчыў над агнём. Так, па чарзе, абсмалілі, абпяклі ўсіх чатырох. Але трымаліся яны мужна. Адзін, самы старэйшы на выгляд, нават смяяўся з рыцараў, ганьбіў іх абразлівымі словамі. Голін зразумеў, што ён стараецца ў гэту цяжкую смяротную часіну падтрымаць сваіх маладзейшых і, пэўна, слабейшых аднародцаў. Гаваруну заткнулі рот, натаптаўшы ў яго ляснога моху. З яшчэ большай лютасцю ўзяліся за астатніх. Адчайнымі крыкамі і хрыплымі стогнамі напоўнілася лясная паляна. Сіверт не мог стрываць гэтага. Пайшоў у глыб лесу, каб не чуць чалавечага енку, пачаў тварыць святую малітву.

— Я вас зламлю! — скрыгатаў зубамі Марцін Голін. — Такія, як вы, раздзіралі цвікамі Хрыстову плоць. За яго раны вы абмыецеся ў мяне крывавымі слязьмі.

Катаванні ўзмацніліся. Кожны з рыцараў, хто жадаў, прымаў у іх удзел: хвастаў паганцаў дрэўкам пікі, сыпаў на голыя грудзі гарачае вуголле, церусіў соль над ранамі. Ужо нават забыліся, дзеля чаго ўсё гэта пачалося, ужо не за схаваных коней цягнулі з няшчасных жылы, а за тое, што ў іх іншы бог, іншая мова.

— Спыніцеся! — крыкнуў нарэшце Сіверт Голіну, бо не мог пазіраць на жахлівае чырвонае месіва, у якое ператваралася чалавечая плоць. — Хрыстос дараваў сваім ворагам, даруйце ж і вы, яго рабы і дзеці. Гэтыя людзі паганцы, і мы, хрысціяне, абавязаны вызваліць іх з дзікага рабства дзікай веры. Але, каб зняць з шыі ярмо, не абавязкова адсякаць галаву. Не бічы і не жалезы, а слова патрэбна, святое слова. Дайце мне пагаварыць з імі.

Голін, стаміўшыся і знерваваўшыся, дазволіў манаху пагутарыць з палоннымі. Сіверт напаіў кожнага вадой, адагнаў прагных да крыві мух і камароў. Потым ласкавымі словамі суцешыў усіх, пачаў навучаць, угаворваць і пераконваць, як навучаюць клапатлівыя маці малых дзяцей. Паганцы, хоць на нейкі міг пазбегшы пакут, уважліва слухалі яго. У некаторых у вачах іскрыліся слёзы. Манах бачыў гэта, і яшчэ больш разгараўся ягоны імпэт, хацелася, каб ад спагадных усёдаравальных слоў заплакалі не толькі знявечаныя паганцы, але і рыцары, дрэвы, птушкі на дрэвах. «Слова перамагае ўсё, — расчулена думаў Сіверт. — Яно як бальзам і як меч».

Але самы старэйшы з палонных, часта міргаючы разбітым вокам, якое заплывала крывёй, сказаў:

— Ты скончыш гаварыць, і яны зноў пачнуць лупіць скуру з мяне і маіх таварышаў. Ты добра гаворыш, і бог твой, калі верыць табе, добры. Але наш бог лепшы. Чуеш? Наш бог лепшы, бо гэта бог нашых дзядоў і нашага народа. Чаму твой бог, калі ён такі чалавекалюбівы і ўсёмагутны, не зробіць, каб вось гэты звер, — паганец зірнуў на Голіна, што стаяў побач з Сівертам, — ператварыўся ў камень або струхлелы корч?

Тлумач з ландскнехтаў пераклаў словы паганца Марціну Голіну. Рыцар пачырванеў ад гневу, паклаў цяжкую руку на плячо Сіверту, злосна выдыхнуў:

— Хопіць, святы айцец. Ты ж вучыш нас, што ёсць рай, чысцец і пекла. Так? Дык вось я для іх не на тым, а на гэтым свеце, у гэтым лесе, на гэтай паляне, устрою пекла. Адыдзі ўбок, святы айцец.

Немагчыма перадаць словамі тое, што пачало рабіцца. Чалавечае цела распырсквалася чырвонымі шматкамі. Выццё і крык стаялі над зямлёй. На галаву старэйшаму з паганцаў рыцары надзелі карону — вянок з галля і падпалілі галлё. Вогненнагаловы паганец паўтараў адно:

— Наш бог лепшы.

Пэўна, такія словы нейкім чынам змяншалі боль.

«Божа, прыляпі мой язык да гартані маёй, — ліхаманкава думаў Сіверт, адышоўшы як мага далей ад страшнай паляны. — Не дай мне зараз не тое сказаць і не тое крыкнуць». Ен затыкаў вушы рукамі, шыўся галавой у густы зялёны хмыз.

Праляцела ноч. Марцін Голін не скрануў атрад з месца, бо рашыў чаго б ні каштавала вырваць у паганцаў прызнанне. Зноў успыхнулі вогнішчы, пачуліся стогны і крыкі.

Недзе пасля абеду Голін, які ўласнаручна катаваў палонных, заўважыў, што адзін з іх, самы маўклівы і самы буйнацелы, усё цяжэй пераносіць пакуты. Слёзы градам цяклі ў яго з вачэй. Голін даў знак рыцарам, і ўсе пачалі катаваць толькі буйнацелага, наляглі з такой ярасцю, што аж косці ў бедалагі трашчалі. Паганец не вытрымаў, закрычаў:

— Не магу болей!

— Цярпі,— прахрыпеў яму скрываўленымі губамі самы старэйшы з палонных. — Цярпі, Гірстаўме. Хутка ўсяму канец. На тым свеце мы апусцімся ў прахалодную раку, паплывём па ёй, і Лаўма, распусціўшы свой пояс, усміхнецца нам.

— Не магу… Скажу, — прашаптаў у нейкай гарачцы-ліхаманцы Гірстаўме, і вочы былі туманныя ад болю. — Даруйце мне, калі можаце… Скажу, дзе стаяць нашы коні…