154426.fb2
— Не магу, — апусціў галаву на грудзі Гірстаўме і заплакаў.
Тады астатнія трое паганцаў пачалі пляваць на яго, праклінаць самымі лютымі словамі. А ён паўтараў толькі адно:
— Не магу…
— Глядзіце, багі, глядзіце, продкі, на адступніка, — сабраўшы рэшткі сіл, прыўзняўшыся на локцях, сказаў старэйшы з паганцаў.— Ен пашкадаваў сваё нікчэмнае жыццё. Але няхай усё чуюць нябёсы: з гэтага часу на нашай зямлі няма Гірстаўме, няма і ніколі не было.
— Няма і ніколі не было, — як рэха, паўтарылі два астатнія палонныя, адсоўваючыся ад Гірстаўме.
Марцін Голін загадаў забіць усіх, падараваўшы жыццё аднаму Гірстаўме, які ляжаў на прыціхлай паляне і плакаў. Неўзабаве рыцары прыгналі вялізны табун коней і купку жанчын з дзецьмі. Коней вырашылі прадаць рыжскім купцам, жанчын і дзяцей Голін адпусціў. Жонка Гірстаўме падбегла да мужа, пачала змываць з яго кроў. Дзеці, трое белагаловых хлопчыкаў, стаялі непадалёку, спалохана пазіралі на бацьку. Гірстаўме нешта сказаў жонцы, і яна разам з сынамі хуценька пашыбавала ў лес, пэўна, у сваю вёску, каб прыгнаць фурманку і забраць напаўжывога мужа. Якраз хлынуў лівень, загрукатаў гром. Сінія бізуны маланак узвіліся над зямлёй. Рыцары і Сіверт разам з імі пахаваліся ў паходныя шатры. Адзін Гірстаўме застаўся ляжаць пад дажджом, падставіўшы знявечаны твар грымотнаму небу. Сіверт бачыў, як паганец шырока разяўляе рот, нібы выкінутая на бераг рыбіна, і прагна глытае нябесную ваду.
Калі ж супакоілася неба і ўсе вышлі з шатроў, Гірстаўме ўжо не было на паляне.
— Дзе ён дзеўся? — спытаў Сіверт у Морыца.
— Жонка забрала і павезла дадому, — упэўнена адказаў той. — Хоць і пакалечаны, а ўсё ж будзе жывая душа пад бокам.
Так усе і забыліся пра Гірстаўме, але неўзабаве прыехала на фурманцы жонка, з вялікім плачам пачала яго шукаць. Сіверт пахадзіў каля вогнішчаў, уважліва прыглядваючыся да падпаленай травы, і ў адным месцы заўважыў як бы баразёнку, што вяла ў лес. Манах здагадаўся, што гэта поўз Гірстаўме. Разам з ягонай жонкаю ён пайшоў па гэтым кволым, дзе-нідзе заплямленым крывёю следзе. Відно было, з якой страшэннай напругаю поўз паганец, падмінаючы сваім цяжкім непаслухмяным целам траву, ломячы мокрае кустоўе. Ен узадраў, нібы ралам, шэры пясок на невысокай выдме, што навісала над лясным азерцам. Баразёнка прывяла да чорнай, як дзёгаць, вады, на якой нерухома ляжалі першыя жоўтыя лісты з бяроз і асін. Чалавечыя белыя ногі тырчалі з вады.
— Гірстаўме! — закрычала жанчына.
Манах стаяў і глядзеў, як яна, укленчыўшы, поўзае каля тапельца, як хоча выцягнуць яго на бераг. Але таго, хто добраахвотна аддаўся ёй, не вяртае назад вада.
Смерць паганца ўразіла манаха. Так паміралі калісьці высакародныя грэкі і рымляне. Пад прымусам або па слабасці страціўшы свой гонар, яны абрывалі нітку ўласнага жыцця. «Цяжкі крыж душы чалавечай», — думаў Сіверт, гледзячы, як жанчына з малымі дзецьмі выцягвала з вады цела свайго мужа, а потым клала яго на фурманку. Пазногці на пальцах ног пасінелі, з іх зрываліся кроплі вады.
Атрад Марціна Голіна ішоў насустрач жамойцкім войскам кунігаса Выканта. Яшчэ тры-чатыры дні, і яны з'яднаюцца, і тады наступіць пагібель Міндоўга. Ен будзе адрэзаны ад Літвы і Новагародка. Справу завершаць галічане і лівонцы, якія ўдараць з поўдня і з поўначы.
Голін у сваім прыгожым прасторным шатры сабраў ваенны савет, каб параіцца, як найлепей закончыць такі ўдалы паход. Сам ён сядзеў на захопленым у адным літоўскім замку высокім дубовым крэсле з падлакотнікамі ў выглядзе зубатых рыбін. Насупраць Голіна на лёгкіх перасоўных лавачках сядзелі тры комтуры, граф Энгельберг з Майнца, польскі граф Збышка Сулімчык, пяць англійскіх рыцараў, імён якіх ніхто не ведаў, бо яны толькі што дагналі атрад, каб скрыжаваць свае мячы з паганцамі. Сіверт разам з рыцарскім пісарам Імануілам сціпла месціўся ля самага ўвахода. У шатры было невялікае акенца, адмыслова зробленае са шкляных шарыкаў у лёгкім свінцовым пераплёце. Гарэлі свечкі. Толькі што адгрымела навальніца, і знадворку чуўся густы шум устрывожанага лесу.
— Слава Ісусу Хрысту! — усклікнуў Голін.
— Ва векі вякоў! — дружна адказалі ўсе.
Па скронях у Голіна каціўся пот, бо пасля навальніцы ў шатры ўсё роўна была жорсткая задуха. Вочы ж у суровага рыцара блішчалі па-маладому. Усе бачылі гэта і радаваліся — хутка, вельмі хутка хрысціянскае воінства атрымае яшчэ адну слаўную перамогу. Бадай, адзін Сіверт быў не ў гуморы. Нешта церабіла яго, гняло. Успаміналіся стогны паганцаў на лясной паляне, крывавая баразёнка, што вяла да чорнай вады.
Манах сядзеў спіною да ўвахода і бачыў, як і ўсе, натхнёны твар Голіна. Прадвадзіцель атрада дзякаваў прысутным за вялікую мужнасць і цярпенне, абяцаў шчодра ўзнагародзіць кожнага пасля таго, як закончыцца паход. Асабліва хваліў ён англійскіх рыцараў, што, як зразумеў Сіверт, не падабалася ўсім астатнім. Англічане ж яшчэ ні разу па-сапраўднаму не выцягвалі мячы з похваў.
Раптам здарылася такое, што да скону, да апошніх дзён жыцця будзе помніцца Сіверту. Манах убачыў, як нечакана пабялеў твар у Марціна Голіна, дыбком узняліся на галаве кароткія сівыя валасы, вочы, здаецца, вылезлі з вачніц ад жаху і здзіўлення, а правая рука, якая толькі што ўпэўнена і ўладна ляжала на падлакотніку крэсла, пацягнулася да мяча ды так і здранцвела на паўдарозе. Ніколі б не паверыў Сіверт, што такім спалоханым можа быць славуты рыцар, які ў мностве паходаў прывык да смерці, да жалезнай кашулі, цяжкай ад салёнага поту, які адным ударам мяча развальваў бязбожнікаў ад ключыцы да сцягна. Марцін Голін хацеў узняцца, устаць, але невядомая сіла нібы прыляпіла яго да крэсла, а вочы глядзелі толькі ў адным кірунку — на ўваход у шацёр.
Сіверт, яшчэ нічога не разумеючы, азірнуўся і замёр. Ен убачыў невераемнае. Побач з ім, за нейкі сажань ад правага пляча, бясшумна плыў жаўтавата-белы клубок або шар велічынёй з добры мужчынскі кулак. Дробненькія тонкія іскры, як іголкі, вырываліся з яго, і чуліся лёгкі трэск і шыпенне. Гэты клубок, гэты шар, пэўна ж, уляцеў у шацёр знадворку. Ен плыў між рыцарамі, і валасы ў іх на галовах злёгку варушыліся, хоць можна было паклясціся на крыжы, што ў шатры не было ні кроплі ветру. Усе як змярцвелі, перасталі нават дыхаць. Толькі кожны стрыг вачамі, цікаваў, куды паверне жахлівы ў сваёй нечаканасці і невядомасці госць. А ён нетаропка плыў ад увахода проста да крэсла з падлакотнікамі ў выглядзе зубатых рыб, на якім сядзеў Марцін Голін. Ен быццам ведаў, куды яму патрэбна плысці. Хто кіраваў ім? Д'ябал? Хрыстос?
Сіверт адчуў агіднае трымценне ў каленях, абшчапіў іх рукамі, угнуў галаву. Ен, як святар, ужо зразумеў, што чужы вогненны шар прыляцеў па нечую душу. Цішыня ў шатры была незвычайная. Было нават чутна, як за сценкамі шатра, сажняў за дзесяць ад яго, б'ецца рачная хваля ў травяністы бераг — шалесь, шалесь…
Рыцары сядзелі як прыкутыя. Шар набліжаўся да Марціна Голіна, часам злёгку пагойдваючыся ў паветры. Так плыве па вясновай рацэ змытае паводкай круглае птушынае гняздо.
— Д'ябал! — раптам на ўсю моц грудзей крыкнуў Марцін Голін, выхапіў з похваў цяжкі меч, але не паспеў узмахнуць ім. Вогненны шар, быццам раззлаваны гэтым крыкам, рэзка ўзвіўся пад самую столь шатра, мільгануў адтуль уніз, як каршун, і стукнуўся проста ў лоб суроваму рыцару. Грымнуў выбух, паваліўшы ўсіх на зямлю. Сіверт яшчэ падумаў, што так лопаецца, выбухае, ударыўшыся аб палубу варожага карабля, гліняны гаршчок з грэчаскім агнём. Страшная сіла зрэзала слуп, на якім трымаўся шацёр. Гэтым слупом Сіверту балюча стукнула па спіне. «Магіла — апошні наш спрат», — крутнулася ў галаве манаха думка, і ён страціў прытомнасць.
Яго, як і ўсіх астатніх, выцягнулі з-пад абгарэлых ашмоццяў шатра ландскнехты. Морыц прывалок манаха на рачны бераг, паіў халодным кіпенем ракі.
— Што гэта? — млява спытаў у прыслужніка Сіверт.
— Нябесны агонь, — як заўсёды ўпэўнена адказаў Морыц. — Шатра няма. Усе рыцары жывыя, акрамя Марціна Голіна. У Голіна твар зрабіўся чорны, як у эфіопа, ад носа і вушэй следу не засталося.
Нечаканая жудасная смерць Голіна страшэнна перапалохала рыцараў, не кажучы ўжо пра ландскнехтаў і збраяносцаў. Польскі граф Збышка Сулімчык адразу ад'ехаў са сваімі людзьмі ў Кракаў, бо ўбачыў у пагібелі кіраўніка атрада пагрозны знак нябёс. Следам за ім зніклі тры англійскія рыцары. Ландскнехты разбягаліся натоўпамі. Атрад узначаліў граф Энгельберт з Майнца. Ен сурова расправіўся з палахліўцамі і загадаў павесіць двух збраяносцаў. Але не ягоная жорсткасць выратавала атрад, а тое, што з усіх бакоў хрысціян акружалі тысячы і тысячы ўзброеных паганцаў. Казалі, што яны ўсіх, каго бяруць у палон, спальваюць на ахвярных вогнішчах.
— Лепш быць пахаваным па хрысціянскаму звычаю ў роднай зямлі, чым развеяцца попелам у богапраціўнай Літве, — гаварыў тым, хто аслабеў духам, Сіверт.
— Як жа дабрацца да роднай хрысціянскай зямлі? — пыталі ў яго.
— Трэба вось гэту зямлю зрабіць хрысціянскай, — рашуча тупаў нагамі па тым месцы, дзе стаяў, манах. Але ён заўважыў, што, хоць усе згодна ківалі галовамі, далёка не ўсе ў душы згаджаліся з ім. Страх аслабляў людзей.
Комтур Дзітрых сказаў аднойчы Сіверту, калі нікога не было побач:
— Усе мы падобны зараз на мудраца Сакрата.
— Чым жа? — здзівіўся манах.
— Сакрат у цямніцы трыццаць дзён чакаў смяротнага пакарання. Ен ведаў, што абавязкова памрэ, але памрэ толькі тады, калі, па звычаю Афін, вернецца з Дэласа свяшчэнны карабель. Мы таксама тут памром. Ведаць бы толькі, калі прыйдзе наш карабель.
— Сын мой, — уважліва паглядзеў на комтура Сіверт, — дужа змрочныя ў цябе думкі. Маліся, і Хрыстос азорыць душу тваю святлом спакою і радасці.
А праз два дні хмурнаватым вятрыстым ранкам на вузкай лясной дарозе тысячы і тысячы паганцаў з двух бакоў напалі на атрад Энгельберта. Хоць і пазбягалі рыцары лясоў, дзе немагчыма было развярнуцца іхнім коням, але амаль увесь гэты край быў лясны, і хочаш не хочаш вельмі часта даводзілася ісці лесам. Кароткія коп'і-суліцы і дроцікі густым дажджом паляцелі ў хрысціян. З цяжкім крэктам рухнулі на дарогу, перагарадзіўшы яе, старыя высозныя елкі. Ад яраснага крыку здрыгануўся лес. У звярыных шкурах, абвіўшы галовы, каб быць непрыкметнымі паміж зеляніны, дзеразой і тонкім бярозавым голлем, ашчацініўшыся коп'ямі і рогвіцамі, рынуліся паганцы на рыцараў. Бой разгарэўся надзвычай жорсткі. З прыдарожных дрэў ляцелі на атрад Энгельберта гарачыя галавешкі, тоўстыя бярвенні, камяні. Некалькі дзесяткаў рыцараў са сваімі цяжкімі коньмі праваліліся ў лоўчую яму. Адтуль даносіліся праклёны і перадсмяротны конскі хрып.
Сіверт разам з неразлучным Морыцам прыбіўся да ландскнехтаў. Тыя, апусціўшыся на левае калена, няспынна стралялі з арбалетаў. Іхняя страляніна была такой удалай і трапнай, што цэлая гара мёртвых і параненых паганцаў ляжала неўзабаве на дарозе. Разгарачаны Сіверт, які добра намахаўся мячом, на нейкі міг прысланіўся спіной да бярозы, зняў з галавы шлем — няхай цела вецер пачуе. Побач калаціўся ад страху Морыц.
— Што з намі будзе, святы айцец?
— Усё ў волі божай, — удумна прамовіў манах. — Бог паслаў супроць нас свой меч, хоць меч гэты і ў паганскіх руках.
У гэты час між паганцаў пачуліся крыкі:
— Дайце дарогу новагародскім лучнікам!
— Няхай яны паб'юць псагалоўцаў!
Пярэднія рады тых, што нападалі, расступіліся, і выйшла больш як пяцьдзесят лучнікаў. Былі яны ў востраканечных шлемах, у доўгіх, кляпаных з жалезнага дроту, кальчугах.
— Русіны з Новагародка, — апалым голасам сказаў Сіверт. Ен зразумеў, што на гэтым свеце засталося жыць лічаныя імгненні.
— Яны ж хрысціяне! — закрычаў, бялеючы ад жаху, Морыц, бо ўбачыў за плячамі ў новагародскіх лучнікаў паўнюткія тулы з гартаванымі стрэламі.— Чаму граф Энгельберт не спускае свой сцяг? Хіба грэх нам, хрысціянам, здацца ў палон хрысціянскаму войску?
Сіверт, слухаючы брыдкае выццё Морыца, напружана ўглядаўся туды, дзе стаяў сцяг Энгельберта — на белым полі залаты іерусалімскі крыж у чорным тэўтонскім крыжы. Манаху і самому хацелася, каб нешта спыніла палёт новагародскіх стрэл. І чаму марудзіць гэты тугадум? Паганцаў жа ў тры разы больш, чым хрысціян, і ўсе дарогі да адступлення адрэзаны.
— Кладзіся, святы айцец! — крыкнуў Морыц, тузануўшы Сіверта за рукаў.
Яны ўпалі ў гразь, у бруд, і ўпалі вельмі своечасова, бо над галовамі тонка свіснулі дзесяткі стрэл. Пранізаныя імі, валіліся на зямлю ландскнехты.