154426.fb2 Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 32

Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 32

— Што робіць граф Энгельберт? — аж вішчаў Морыц. — Не здаецца і нас не абараняе! Пераб'юць жа ўсіх, як курапатак.

— А ты помніш, што казаў Марцін Голін? — спытаў у прыслужніка манах. — Не здавайцеся ў палон паганцам, бо на вогнішчах жыўцом спаляць.

Такія словы ўшчэнт даканалі беднага Морыца. Ен абхапіў галаву рукамі.

— Будзь пракляты той дзень, калі я паслухаўся бязносага Франца і прыехаў у Лівонію. Я так добра жыў у Вестфаліі. У мяне быў свой дамок, былі гусі.

Але вельмі мала часу заставалася на ўспаміны, бо стрэлы ляцелі ўсё гусцей, а баявы кліч ворагаў грымеў, здавалася, над самым вухам.

— Дык жа нам можна здацца новагараджанам, хрысціянам. Святы айцец, новагараджане ж людзей не паляць? — заенчыў Морыц. — Мы не рыцары. Мы божыя служкі. Нас яны павінны адпусціць у Рыгу або Вендэн.

— А я думаў, Морыц, што ты адважны воін, Рычард Ільвінае Сэрца, — знайшоў у сабе сілы для жарту манах.

— У мяне маё сэрца, і яно адно, — пакрыўдзіўся Морыц і раптам радасна закрычаў: — Бог пачуў нашы малітвы! Энгельберт спусціў сцяг!

Ен стаў на калені, замілавана сашчапіўшы рукі, сказаў:

— Дзякуй табе, нябесны ўладыка. Вярнуся ў Вестфалію і ў святым храме ў той жа дзень пастаўлю пудовую свечку за шчаслівае збавенне ад смерці.

Няшмат засталося ў жывых людзей Энгельберта. Рыцараў уцалела ўсяго чацвёра з пяцідзесяці. Сам Энгельберт, цяжка паранены, стагнаў, прыдушаны ўласным канём.

Да Сіверта з Морыцам і купкі ландскнехтаў прымчаўся на рыжым порсткім жарабку, прыкрытым скураной лічынай, чорнавалосы шыракаплечы асілак у надзіва багатым убранні. На ім быў кажух з грэчаскага алавіра, абшыты шырокімі залатымі карункамі, боты з зялёнай скуры, таксама шытыя золатам. Высокі жалезны шалом з наноснікам, з кальчужнай сеткай-барміцай, якая ахоўвала шыю і плечы, ззяў у яго на галаве. Ен асадзіў жарабка і зычным голасам праз тлумача сказаў:

— Я князь Далібор-Глеб Ваўкавыйскі. Вы мае палонныя.

— Мы твае, твае, хрысціянскі князь, — паспешліва залепятаў Морыц, бо ўбачыў, што рыцараў і іхніх збраяносцаў зганяюць у асобную кучу нейкія суровыя з выгляду воіны ў звярыных шкурах.

Іх пагналі на поўдзень, у глыб Літвы.

— Глядзі, Бачыла, нямецкі поп! — весела крыкнуў русабароды вой-ахоўнік свайму напарніку і тыцнуў пальцам у Сіверта.

— Поп? — здзівіўся зеленавокі вой, якога назвалі Бачылам. Ен паправіў на галаве медную шапку, сціскаючы ў руцэ кап'ё, падышоў да Сіверта.

— Ты поп?

Манах няўцямна пазіраў на новагараджаніна і не разумеў, чаго хоча ад яго гэты схізматык. Павісла маўчанне.

— Скажы яму хоць што-небудзь, святы айцец, — гарачліва шаптаў побач Морыц. — Кап'ё ў яго доўгае. Можа нас дваіх на кап'ё насадзіць.

Ен пачаў прыніжана ўсміхацца Бачылу, прыкладваючы рукі да грудзей і кланяючыся.

— Не круціся, як ліса пад бараной, — загадаў Морыцу Бачыла і зноў, ужо больш строга, спытаў у Сіверта: — Ты поп?

Манах зняў з сябе нашыйны крыж, высока ўзняў над галавой, заспяваў святы псалм.

— Так бы адразу і сказаў,— прамовіў Бачыла і крыкнуў: — Князь! Князь Глеб Ізяславіч! Мы нямецкага папа злавілі!

Пад'ехаў Далібор, уважліва глянуў на Сіверта. Пэўна, яму нешта спадабалася ў манаху, бо загадаў:

— Пасадзіце яго ў фурманку. Паедзе са мной у Ваўкавыйск.

Сіверта вывелі з гурту палонных. І тут следам кінуўся Морыц, заверашчаў, быццам з нажом падступілі да горла.

— Без мяне святы айцец прападзе!

— Чаго гэта ён? — здзівіўся Далібор.

— Гэта мой прыслужнік, — сказаў Сіверт. — Дазволь, кароль ваўкавыйскі, узяць яго з сабой.

«Хутка нямчыны да нявольніцтва свайго прывыкаюць», — у думках адзначыў сам сабе Далібор. — Наш чалавек, бывае, памрэ, а чужому няміламу небу так і не ўсміхнецца».

— Бяры з сабой свайго халопа, — дазволіў святару. Усё паварочвалася даволі ўдала. Сіверт з Морыцам маглі ўжо карміць магільных чарвей або, што яшчэ горш, гарэць на паганскім вогнішчы. Яны ж ехалі ў зручнай няцеснай фурманцы ў горад Ваўкавыйск, дзе ўладарыў князь Далібор-Глеб. Не бяда, што толькі зараз Сіверт упершыню пачуў пра гэты горад. Галоўнае — там жывуць хрысціяне, хоць і падначальваюцца яны не папу рымскаму, а канстанцінопальскаму патрыярху.

«Усё ў нашым жыцці падзелена на святло і цемру, — ціхамірна і журботна думаў Сіверт, едучы па дагэтуль невядомай краіне. — Як стаяць у Магдэбургскім саборы статуі пяці мудрых і пяці неразумных дзеў, так ёсць на зямлі і ў небе жыццё і смерць, цвіценне і тлен. Я — раб схізматыкаў і паганцаў, але ж мая душа належыць толькі Хрысту».

У сталіцы магутнай дзяржавы літоўцаў і русінаў Новагародку лёс палоннага манаха рэзка змяніўся. Князь Глеб Ваўкавыйскі заехаў адабедаць да свайго даўняга сябра князя Войшалка, які ад імя бацькі, кунігаса Міндоўга, правіў Новагародкам. Сам жа Міндоўг упадабаў Варуту і Кернаве і не любіў выязджаць з гэтых гарадоў. Але вайна прымусіла кунігаса надоўга сесці ў сядло і вельмі часта начаваць пад покрывам нябёс, а не ў сваім любімым нумасе. Ворагі ішлі з усіх бакоў. Спачатку кунігас нават смяяўся над валынска-нямецка-жамойцкім саюзам. «Сышліся мядзведзь, свіння і асёл», — казаў сваім бліжнім Міндоўг. Але гэтыя такія непадобныя жывёлы балюча кусаліся. А поруч з імі яшчэ стаялі яцвягі і пінскія князі. Праўда, піняне ішлі на Новагародак не па сваёй волі — гнаў Даніла Раманавіч, якому яны перад гэтым скарыліся. Хмурна было на душы ў Міндоўга. Надумаў ён сабраць у Новагародку раду з усіх падручных князёў і кунігасаў, з новагародскіх і літоўскіх баяр. Завярнуў перад радаю да сына, Войшалка, і ў яго сустрэў Глеба Ваўкавыйскага разам з дзіўным чалавекам, які нешта лапатаў па-нямецку.

— Хто гэта? — кісла зморшчыўшыся, спытаў Міндоўг.

— Дамініканскі манах Сіверт, — адказаў Далібор. — Узяты маімі воямі ў палон. Вялікай вучонасці святар і чалавек.

— Вялікай вучонасці? — засмяяўся Міндоўг. — А па-новагародску ці па-літоўску ён умее гаварыць?

Тлумач пераклаў Сіверту сказанае кунігасам. Дамініканскі манах сціпла ўталопіў у зямлю вочы, пакланіўся.

— Я навучуся, вялікі кароль. Я вельмі хутка навучуся вашым цудоўным мовам, бо ад нараджэння закладзена ў мяне Хрыстом незвычайная здольнасць да навучання.

Сіверт не спадабаўся Міндоўгу.

— Немца аддасі мне, — сказаў кунігас Далібору. — Дужа ў яго хітрыя вочы і слізкі язык.

І строга спытаў:

— А чаму твой бацька, князь Ізяслаў Свіслацкі, не прыехаў у Новагародак на раду?

— Князь Ізяслаў сядзіць у Свіслачы, я ж — у Ваўкавыйску, — нахмурыў бровы і прыкусіў губу Далібор.

— Даносяць мне верныя людзі, што ён з тэўтонцамі і ляхамі перанюхваецца, — пачаў закіпваць гневам Міндоўг, Ваўкавыйскі князь як анямеў, не сказаў на гэта ні слова.

Так трапіў дамініканскі манах Сіверт са сваім прыслужнікам Морыцам у лясны горад Варуту да кунігаса Міндоўга, а дакладней, да ягонай новай жонкі чарнавокай прыгажуні Марты.

III

Варуту, пасля таго як яе спаліў Даўспрунк з сынамі, зноў адбудавалі на чорным прысаку. Яшчэ больш магутнымі сталі сцены і надбрамная вежа. Княскі церам пабагацеў, раздаўся ўшыркі, заблішчала ў ім новае срэбра і золата, але не было ўжо там зацемненай патаемнай малітоўні, у якой былая літоўская княгіня Ганна-Паята і сын яе Войшалк любілі размаўляць з Хрыстом. Марта, прыехаўшы з Нальшанскай зямлі ў якасці ўладаркі церама і кунігасавага сэрца, адразу ж загадала зламаць малітоўню, выкінуўшы з яе ўсё начынне, акрамя, вядома, святых абразоў. Гэтыя абразы павезлі ў Новагародак, у храм Барыса і Глеба.

З малалецтва жывучы ў невядомасці і сціплай крыўдлівай беднасці, бо бацька быў звычайным мала-маёмным баярынам, у якога адно багацце — кажух ды меч, прыгажуня Марта марыла аб раскошы і славе, аб усеагульным пакланенні. А што мог ёй даць бацька? «З гэтага баярына вошы дажджом сыплюцца», — выпадкова пачула яна аднойчы, як, смеючыся, казалі пра яго праезджыя рыжскія купцы. Усю ноч яна праплакала, кусаючы душную пярыну. І вось, нібы сонца ў небе, з'явіўся Міндоўг, ваяўнічы і ўдачлівы кунігас, мужчына-зубр з чорна-зялёнымі ўпартымі вачамі. Усё спачатку здавалася Марце сном: і ягонае сватанне, і багатыя дарункі, што аж сляпілі яе, і пераезд у Варуту, у кунігасаў церам. Яна вельмі добра разумела, што ў жаночай прыгажосці дужа кароткае жыццё. Не паспееш азірнуцца, адляціць прыгажосць разам з маладосцю, як адлятае з восеньскіх дрэў крылатае жоўтае лісце.

У цераме новая княгіня завяла надзвычай строгія парадкі. Прыслужніц, маладзенькіх дзяўчат, пакінула тых самых, што хадзілі яшчэ за Ганнай-Паятай. Але кожны міг і на кожным кроку з вялікай асалодай помсціла ім за неіснуючыя іхнія грахі, за тое, што папярэднюю сваю ўладарку яны, як здавалася ёй, больш любілі і шанавалі. За самую нязначную правіннасць, за не вельмі ласкавы або сумнаваты позірк біла іх па шчоках, разрывала сукенкі, цягала за валасы, загадвала хвастаць крапівой або лазой. Калі Сіверт упершыню наведаў церам, сваім пільным дамініканскім вокам ён убачыў мноства прыгожых прыслужніц, якія стаялі на каленях на рассыпанай солі і грэчцы. Некаторыя з іх былі дагала пастрыжаны, замест сукенак на іх былі надзеты грубыя мяшкі з прарэзінамі для галавы і для рук. Надзвычайнай прыгажосці сінявочка стаяла ў куце святліцы на адной назе, праўда, трымаючыся рукой за сцяну. Такое пакаранне перапала ёй за нязграбную, на княгінін погляд, вядома, паходку. Ужо ў час самой аўдыенцыі разгневаная чымсьці Марта раптам пляснула ў ладкі, і адразу ж, выскачыўшы з суседняга пакоя, бухнулася перад ёй на калені светлакосая прыслужніца, сказала, як праспявала:

— Што загадае ўсясіліца наша?