154426.fb2
Тая, не дыхаючы ад страху, прынесла і трымала перад ёй, стоячы на каленях, прыгожае люстэрка ў залатой аправе. Марта доўга і старанна пазірала на сябе, потым вусны злосна скрывіліся.
— Як ты мяне прычасала сёння, лянівая жывёліна?! Вось тут валасок тырчыць і вось тут!
Нагою, абутай у пазалочаны туфлік, княгіня ўдарыла прыслужніцу ў твар і, паклікаўшы надворных халопаў, загадала тут жа спаласаваць яе нагаямі.
Суразмоўніцай княгіня Марта аказалася вельмі цікавай. «У яе мужчынскі розум», — пачціва думаў манах, калі яна выпытвала пра Ліён і Рым, пра народы, якія жывуць там, дзе заходзіць сонца, пра іх звычаі, адзенне, веру.
Манаху адразу адштукавалі ўтульную хатнюю капэлу, у якой ён мог славіць Хрыста. Разам з ім тут горача маліўся Морыц, які за гэты час пакруглеў, згубіў жмут чорных валасоў на цемені. Усё часцей зазірала ў капэлу княгіня, уважліва слухала малітвы. Астатні ж горад заставаўся паганскі. Паганцам быў, як зразумеў манах, і сам кунігас, хоць і прыняў у Новагародку праваслаўную веру.
Вялікая радасць, якую ён пакуль што старанна хаваў, жыла ў душы ў Сіверта. Надзейныя людзі, а надзейных людзей манах умеў знаходзіць усюды, пад сакрэтам данеслі, што хоча Міндоўг разам з бліжэйшымі сваімі баярамі хрысціцца ў каталіцкую веру. Вось чаму і яго, нікчэмнага манаха, адразу прыкмеціў між палонных і наблізіў да сябе. Цяжкасці вайны, паражэнні, шматлікія варожыя раці, што ішлі на Літву і Новагародак, прымушалі кунігаса ўсё часцей паварочваць позірк у бок апостальскага рымскага прастола. «Слава вам, Бог наш і прасвятая дзева Марыя», — расчулена паўтараў у сваёй капэле Сіверт, з нецярпеннем чакаючы той светлы дзень.
Яшчэ адзін надзвычай цікавы чалавек сустрэўся манаху ў варуцкім цераме. Гэта быў Астафій Канстанцінавіч, разанскі баярын, які ўцёк калісьці ад свайго князя і ад татараў, што знішчылі Разань. Высокі, цёмнавалосы, з доўгім храшчаватым носам, ён меў нейкі свой патаемны ключык да кунігасавай душы. Не такі, якім валодаў Казлейка, а свой. Казлейку Сіверт адразу запаважаў, бо адчуў у ім сілу, якой трэба толькі падпарадкоўвацца. Калі ж пойдзеш напроціў гэтай сілы, абавязкова страціш галаву. Да Астафія Канстанцінавіча ў манаха былі дваістыя адносіны. Гэта таксама быў, калі верыць ягоным словам, пакутнік, чалавек без радні і без радзімы. Сіверт паважаў такіх людзей, бо сам жыў іхнім жыццём. Але ён адчуваў варожасць да былога разанскага баярына як да праваслаўнага схізматыка, што ў любы міг можа падставіць нагу ў няспыннай штодзённай пагоні за кунігасавай душой. Ды Астафій пакуль што памоўчваў, загадкава ўсміхаўся і прыглядваўся да манаха.
Міндоўг тым часам на поўны голас пачаў пагаворваць аб хрышчэнні ў каталіцкую веру. Праваслаўе, прыніжанае ў Кіеве, Разані і Маскве татарамі, было пакуль што бяссільнае, кланялася кожнаму ханскаму баскаку, а кунігас любіў і паважаў сілу. За ўласнае хрышчэнне і за прывод пад апякунскую руку Рыма ўсяго свайго народа Міндоўг разлічваў атрымаць ад папы Інакенція IV каралеўскую карону. Калі ён зробіцца каралём, такім, як і ўсе хрысціянскія ўладары Еўропы, ворагі схаваюць свае мячы, бо нельга, каб хрысціянін ваяваў супроць хрысціяніна.
Войшалк з большасцю новагародскага праваслаўнага баярства і, вядома ж, святар Анісім з храма Барыса і Глеба і слухаць не хацелі пра каталіцтва. Міндоўг не дужа здзівіўся, што русіны не хочуць пакланіцца Рыму. Спрадвеку божае святло ішло да іх з Канстанцінопаля і Кіева. Але сын, родны сын супраць! Ен выклікаў Войшалка з Новагародка ў Варуту, і той паслухмяна прыехаў.
— Чаму супраць мяне, вялікага кунігаса і бацькі свайго, Новагародак бухторыш? — злосна спытаў у Войшалка.
— Таму што нельга мяняць веру, — адважна адказаў сын. — Ты — праваслаўны, як нябожчыца жонка твая Ганна-Паята, як я.
— Нельга мяняць? — пагрозна засоп Міндоўг. — А быць рабом у нікчэмнага Выканта можна? А страціць набытак дзядоў-прадзедаў можна?
Ен раптам ірвануў на сабе зялёную адамашкавую кашулю. Паказаліся бугорыстыя, зарослыя кучаравым цёмным воласам грудзі.
— Маці мая, мяне нарадзіўшы, скуру мне дала. Глядзі на голую скуру маю. Гэта — першая вера мая, адвечная вера прадзедаў. Потым летняе адзенне я апрануў. Гэта руская вера. Апрану зімовы кажух. Гэта будзе рымская вера. А перад смерцю скіну з сябе ўсе чужыя адзежы і зноў вярнуся голы ў лона агню свайго і веры сваёй. Зразумеў?
Міндоўг упрытык падышоў да сына, паклаў яму рукі на плечы, усхваляванымі бліскучымі вачамі, здавалася, працінаў наскрозь. Войшалк зацята маўчаў.
— Прашу цябе, не перашкаджай мне, — глуха выдыхнуў Міндоўг. — Вяртайся ў Новагародак і супакой русінаў. Іхняй дзедаўскай веры я не парушу. І ты заставайся ў праваслаўі. А мне, каб захаваць дзяржаву, трэба позірк свой скіраваць на Рым.
Так і не паразумеліся, не сталкаваліся бацька з сынам. Войшалк паехаў у Новагародак, Міндоўг застаўся ў Варуце. Адразу ж кунігас паклікаў Сіверта, пасадзіў побач з сабою, спытаў:
— Ці дапаможаш мне ў вялікай справе?
— Дапамагу. Загадвай, кунігас, — узрадавана адказаў манах, бо адчуў, што светлы святы дзень, аб якім ён столькі марыў, набліжаецца.
— Хачу я разам з блізкімі баярамі прыняць каталіцтва, — прыцішыў голас і чамусьці нават азірнуўся Міндоўг. — Парай, як гэта хутка і беспамылкова зрабіць.
— Вялікі кунігас, — расчулена стаў перад Міндоўгам на калені Сіверт, — чужыя народы будуць зайздросціць твайму народу, бо ім кіруеш ты. Хрыстос чакае цябе, а там, дзе Хрыстос, і слава, і сіла.
— Устань, — нецярпліва выгукнуў кунігас. — Як думаеш, мне адразу да папы паслоў слаць?
Сіверт борзда ўзняўся з каленцаў. Вось ён, светлы доўгачаканы дзень! Сказана ж было ў святым пісанні: «І прыпаўзуць пад руку тваю валасатыя і касматыя, сляпыя і бессардэчныя, і кожнага з іх ты ўзнагародзіш, як посахам, божым прамянём».
— Трэба пачынаць з Вендэна, з магістра Андрэя фон Стырланда, — цвёрда прамовіў манах.
— А чаму не з Рыгі, не з епіскапа Мікалая? — упарта нахіліў галаву Міндоўг.
— У Мікалая няма войска, а значыць, няма і сілы, — як дзіцяці, растлумачыў яму манах.
Кунігас згодна кіўнуў галавой: так, сіла патрэбна, без сілы, без зброі кожны ўладар не ўладар. Сіверт, увайшоўшы ў ролю навучыцеля, хацеў быў пачаць гаворку пра кандыцыі56, на якіх Літва прыме хрышчэнне ад Рыма, але Міндоўг так глянуў на яго, што манах раптоўна абмяк і замоўк.
— Не лезь, уюн, не ў свой венцер, — строга ўсміхаючыся, сказаў Міндоўг, і дамініканец зноў адчуў сябе нікчэмным дажджавым чарвяком, які на кароткі толькі міг высунуўся са сваёй норкі. Давялося, каб не распаліць непатрэбнага гневу ў кунігаса, зноў бухнуцца на калені.
Міндоўг, хто б ні сустракаўся яму ў той дзень, у кожнага выпытваў, строга гледзячы ў вочы, як адносіцца той да хрышчэння ў каталіцкую веру. Нават размаўляў з княгінінымі прыслужніцамі, што, пакараныя ў чарговы раз, пераціралі белымі прыгожымі каленкамі гарох і грэчку. Адчуваўся ў кунігасе глыбокі душэўны страх. Ен быў упэўнены, што Крыве-Крывейта, дачуўшыся пра такое, пракляне яго, а пракляцце першасвяшчэнніка — як цяжкі камень, пушчаны ў скронь. Разам з Казлейкам таемна з'ездзіў кунігас у свяшчэнную алку, у трывожным одуме хадзіў між маўклівых дубоў, часам прыпадаў да іх, гладзячы шурпатую суровую кару. Казлейку збоку здавалася, нібы Міндоўг слухае, што кажуць яму дубы.
Ужо вечарам, калі, стомленыя, вярнуліся з алкі і кунігас быў надта невясёлы, сустрэўся Астафій Канстанцінавіч, або, як пачалі ўсе яго зваць, Астафій Разанец. І ў яго спытаў Міндоўг пра пераход у каталіцтва.
— Вера як шчыт, — адказаў Астафій Канстанцінавіч. — Калі адчуваеш, што стары шчыт знасіўся, што ён у дзірках, заказвай бронніку новы.
Кунігасу спадабаліся такія словы. Ен падумаў, што, калі ўдасца адбіцца ад ворагаў, калі вернецца спакой у Літву, патрэбна будзе прыблізіць да сябе галавістага Разанца.
З вялікай урачыстасцю паехала пасольства з Варуты да лівонскага магістра Стырланда. Узначальваў яго Міндоўгаў любімчык Парнус, які ведаў нямецкую мову і латынь і ўжо не раз бываў у суседніх дзяржавах. З Парнусам ехаў Лінгевін. З дазволу кунігаса хацеў ён угаварыць магістра выдаць назад у Літву трох сваіх братоў, што ўцяклі ад яго, Лінгевіна, і ўсе землі і багацці надумалі завяшчаць Ордэну.
— Набытак нашага бацькі, усяго нашага роду яны хочуць аддаць немцам, — не знаходзіў сабе месца Лінгевін. — Не ўдасца ўгаварыць Стырланда — кожны з іх атрымае ад мяне нож у спіну.
Міндоўгу так і не ўдалося сабраць у Новагародку баярскую раду. Войшалк, ягоны союзнік Глеб Ваўкавыйскі, іерэй Анісім і большасць баяр не сабраліся ў назначаны дзень на дзядзінцы. Кунігас скрозь пальцы паглядзеў на такое непаслушэнства. Вядома, каб не падпірала вайна, каб не гарэлі па ўсім небасхіле пажары, ён бы на вяроўках іх прыцягнуў туды, куды яму хацелася. Але зараз ён адчуваў сваю слабасць і рашыў не дражніць праваслаўнае новагародскае баярства. Ускладзе яму на галаву папа каралеўскую карону, вось тады і будзе час для размоў з імі. Галоўным жа на сённяшні дзень заставалася прабіць дзірку ў варожай сцяне — вывесці з вайны Лівонскі ордэн. Ды гэта аказалася не так проста. Андрэй Стырланд пасольства прыняў, але даў зразумець Парнусу, што вельмі пажаданы візіт у Вендэн самога кунігаса і з больш багацейшымі дарамі. Як вымачаны ў халоднай вадзе шчанюк, вярнуўся ў Варуту Парнус, баяўся глядзець у вочы Міндоўгу. Ды той сустрэў яго ласкава, шчодра ўзнагародзіў, з нейкай загадкавасцю ў голасе сказаў:
— Хвалі лёд, калі па ім пройдзеш.
І, доўга не збіраючыся, паехаў сам, узяўшы з сабой Казлейку, Лінгевіна, малалетніх сыноў і Парнуса, загадаўшы нагрузіць поўны воз срэбных і залатых сасудаў. Следам гналі табун выгадаваных у пушчы хутканогіх коней, везлі мёд і воск, футры, новагародскія лукі і літоўскія мячы. Не шкадаваў багацця кунігас, бо ведаў: аддасі сёння — возьмеш заўтра.
Лівонскі магістр сустрэў гасцей надзвычай урачыста. Сцяной стаялі абапал дарогі рыцары ў багата прыбраных даспехах, віталі радаснымі крыкамі грознага Міндоўга. Яшчэ ўчора кожны з іх меў бы за шчасце прывалачы яго на вяроўцы ў Вендэн, і калі не атрымалася такое, то рыцары вінавацілі не сябе, не свой баявы спрыт, а літоўскіх лясных раган57, што ахоўваюць кунігаса.
— Брат мой, вось мы і сустрэліся, — усхвалявана сказаў Стырланд Міндоўгу і моцна яго абняў. Дугастыя жаўтлявыя бровы ў магістра ўздрыгвалі. Сам ён быў цёмны воласам, і гэта нечаканая жаўтлявасць у бровах навяла кунігаса на нядобрую думку. «Пэўна, знішчаючы нашы замкі і вёскі, бровы абпаліў», — падумаў Міндоўг. Успыхнула агіда і нянавісць да магістра. Але тое, што прывяло кунігаса ў Вендэн, перасіліла, і ён, шырока ўсміхаючыся, абняў і пацалаваў Стырланда.
— Пад ахову твайго крыжа хачу аддаць усю сваю дзяржаву, — узнёсла прамовіў Міндоўг.
— Святы крыж у руках гасподніх, а я, як і ўсе брацці-рыцары, толькі нікчэмны раб Хрыста, — сціпла адказаў магістр. У вачах быў радасны яркі бляск.
— З малалецтва жыў я там, дзе жывуць вецер і лес, — пранікнёна загаварыў кунігас. — Як і мой народ, жыў я пад аховай граманосных нябёс. Вера дзядоў-прадзедаў давала нам сілу.
— Паганская вера як бясплодная смакоўніца, — рэзка перарваў яго Стырланд.
Рэдка хто асмельваўся ставіць сваё слова поперак Міндоўгаваму слову. Кунігас нібы спатыкнуўся, нібы ўдарыўся нагой на поўнай хадзе аб цвёрды дубовы корань. Нейкі час ашаломлена глядзеў на магістра. З глыбіні чорна-зялёных вачэй выплывалі вострыя белыя зорачкі гневу. Здавалася, зараз Міндоўг крыкне лютым голасам, тупне нагой. Лівонскі магістр, светла ўсміхаючыся, стаяў насупраць.
— Так, яна бясплодная, — глуха сказаў кунігас. — І вось таму я прыйшоў да цябе і прашу, каб ты дазволіў мне зрабіцца тваім хрышчонікам.
Ен схіліў галаву.
— Хрыстос усё бачыць з нябёс — выгукнуў Стырланд, — і яшчэ ў гэтым жыцці ён шчодра ўзнагародзіць цябе, вялікі кароль. А зараз пойдзем у трапезную, каб разам пакаштаваць хлеба, што паслала неба, разам апусціць руку ў сольніцу.
Назаўтра на рысталішчы ў гонар кунігаса вендэнскія рыцары правялі турнір. Каб уразіць літоўцаў, біліся баявой зброяй да першай крыві. Рэзка звінела жалеза, храплі коні. Светлавалосы юнак-гарольд натхнёна трубіў у срэбны рог.
Міндоўг любіў добрую зброю, любіў хвацкае рукапашша і не адрываючыся назіраў за паядынкам. У асабліва гарачых момантах ён сціскаў кулакі, стукаў адзін аб адзін, кусаў губы. Нарэшце не вытрымаў, усхвалявана сказаў Стырланду: