154426.fb2
— Як вялікі кароль пажадае, — пачціва ўсміхнуўся магістр і махнуў пальчаткай, каб рыцары спынілі коней і апусцілі мячы.
Міндоўг, узбуджана дыхаючы, азірнуўся наўкол. Праваруч ад яго сядзеў Казлейка, шчуплы і белатвары. Усе ўбачылі, як раптоўна чырвань пакрыла Казлейкавы шчокі, быццам нехта неасцярожна разліў віно. Міндоўг сярдзіта хмыкнуў, тыцнуў пальцам у грудзі Лінгевіну, што, не міргаючы, пазіраў на кунігаса:
— Ты!
Вернападданы Лінгевін адразу ж апрануў баявыя даспехі, узяў шчыт, кап'ё і сякеру, ускочыў на каня, што падвялі ордэнскія пахолкі58. Звонка затрубіў гарольдаў рог, і перапынены турнір усчаўся з новай сілай. Біліся групамі — тройка рыцараў на тройку. Міндоўг, ды і ўсе астатнія, глядзелі толькі на Лінгевіна. Як пакажа сябе гэты пушчанскі мядзведзь у сутычцы з праслаўленымі еўрапейскімі рыцарамі? Магістр Андрэй Стырланд, седзячы побач з кунігасам, суха ўсміхаўся. Ен быў упэўнены, што любы баец з Літвы і Самагіціі59 доўга не ўтрымаецца ў сядле, сустрэўшыся на рысталішчы лоб у лоб з лівонскім байцом. Літоўцы і жамойты перамагаюць таму, што нападаюць велізарнымі масамі і што апошнім часам у саюзе з імі выступаюць новагараджане, услонімцы і ваўкавыйсцы, вядомыя цвёрдасцю сваёй пяхоты і сваімі цудоўнымі лучнікамі.
— Андрых, я выб'ю літоўца з сядла, як курапатку! — падняўшы забрала, крыкнуў магістру ягоны любімчык граф Інгрыд. Нядаўна графа былі захапілі ў палон жамойты і добра-ткі падсмажылі на вогнішчы, пакуль ўдалося яго адбіць. Паміж сабою рыцары і асабліва ландскнехты завуць графа Інгрыда Печаная Шчака. Магістр весела ўсміхнуўся Інгрыду, перахрысціў яго.
Міндоўг бачыў перад сабой толькі Лінгевіна. Здавалася, уся Літва з Новагародкам, уся Яцвягія і Жамойць сабраліся зараз у чалавеку, імя якога было Лінгевін. «Стань тысячарукім і тысячавокім!» — крычала ўсё ў душы ў кунігаса.
Андрэй Стырланд вельмі тонка адчуваў хваляванне кунігаса. «Гэты чалавек народжаны так, што любіць ставіць на карту ўсё да апошняй ніткі,— думаў магістр. Яму ўспомнілася, як незадоўга перад гэтым днём прыязджалі Міндоўгавы паслы з надзвычай каштоўнымі дарункамі. Тады ж перадалі яны вусна просьбу кунігаса: «Калі заб'еш або выганіш з усіх вакольных земляў Таўцівіла, атрымаеш яшчэ больш».
Між тым Лінгевін біўся зусім няблага. Можна было падумаць, што гэта лівонскі рыцар — так умела закрываўся ён шчытом, так спрытна манеўраваў канём, то паслабляючы, то нацягваючы повад. Нарэшце, на здзіўленне ўсіх лівонцаў і ў першую чаргу магістра, граф Інгрыд атрымаў магутнейшы ўдар сякерай, захістаўся ў сядле і ўпаў на свежаўскапаны пясок рысталішча. «Бедны Інгрыд, — аж скалатнуўся магістр. — Гэты варвар, пэўна ж, раструшчыў яму галаву, як арэх». Усе гледачы як знямелі. Пахолкі хуценька выбеглі на арэну, за рукі і ногі панеслі Інгрыда. Печаная Шчака цяжка стагнаў.
— Лінгевін! — закрычаў, радасна залямантаваў Міндоўг, у адзін скок апынуўся перад сваім баярынам, ссадзіў яго з каня і прылюдна пачаў цалаваць.
Некаторым рыцарам гэта страшэнна не спадабалася. Яны скрыпелі зубамі, выхоплівалі мячы. Адусюль толькі і чулася:
— Паршывыя паганцы!
— Змыем з пяску рыцарскую кроў іхняй крывёю!
— Магістр, дазволь!
Але Андрэй Стырланд узняўся на ўвесь свой высачэзны рост, рэзкім уладарным голасам прыпыніў шум, абвясціў:
— Перамог рыцар Лінгевін з Варуты!
І тут Лінгевін, пэўна, падвучаны Міндоўгам, падбег да Стырланда, пляснуўся перад ім на калені, сказаў:
— Вялікі магістр, я чэсна біўся супраць твайго рыцара і, як бачыш, адолеў яго. З тваіх рук я павінен атрымаць прыз. Мне не трэба ні срэбра, ні золата, ні баявы конь і ні заморскі меч. Аддай мне маіх братоў, нікчэмных здраднікаў Тушэ, Мілгерына і Гінгейку. Я ведаю, што вы, немцы, — магутны і высакародны народ, і вы таксама плюяце на здраднікаў і ненавідзіце іх. Аддай маіх братоў, і я, як самы старэйшы ў родзе, вырашу, што з імі трэба зрабіць. Вунь яны сядзяць.
Лінгевін рукой, якая моцна сціскала сякеру, тыцнуў у той бок, дзе, схаваўшыся за спінамі лівонцаў, перасталі дыхаць, калаціліся ад страху ягоныя браты.
— Аддай, магістр, перабежчыкаў,— папрасіў і Міндоўг. — Калі хто з тваіх людзей здрадзіць табе і будзе шукаць прытулак у маіх землях, я адразу прышлю яго назад. Аддай.
Над рысталішчам цяжкім каменем навісла цішыня. Зрушыць гэты камень адным сваім словам мог толькі лівонскі магістр. Ен разумеў усю адказнасць і доўга маўчаў. Нарэшце вымавіў, як сыгнэтам60 прыпячатаў:
— Жывых людзей я не аддаю за прыз. Прынясіце яму рыцарскі даспех, які зрабілі саксонскія кавалі.
На змярканні таго ж дня Андрэй Стырланд, застаўшыся з кунігасам вока на вока ў трапезнай, сказаў цвёрдым голасам:
— Пакуль не прымеш агульную веру хрысціянскую, не з Канстанцінопаля веру, а з Рыма, пакуль не пашлеш рымскаму папе паднашэнні і не выкажаш паслушэнства, з намі міру ніколі не будзеш мець і не будзеш мець пасмяротнага выратавання. Асвяці хрышчэннем тое золата, якім ты асляпіў вочы Ордэну і мне, і нашы мячы адразу стануць саюзнікамі.
— Я зразумеў цябе, магістр, — пільна глянуў на яго Міндоўг. — Заўтра ж пасол мой Парнус едзе ў Рым.
На тым і дамовіліся. Узрадаваны Стырланд падараваў кунігасу пакрыты прыгожым узорам рыцарскі даспех. Такія ж даспехі, толькі маленькія, дзіцячыя, урачыста ўручылі малалетнім Руклюсу і Рупінасу. Нават маленькія жалезныя мячы начапілі кунігасавым сынам на пояс. Гэта вельмі ўсцешыла Міндоўга. Ен кранаў пальцам лязо мячоў, прыцмокваў языком. І ў вялікім узрушэнні пакінуў Стырланду ўвесь свой харчовы абоз. А былі ў тым абозе бочкі з прэсным мёдам, мяса некалькі дзесяткаў полцей61, сала, сыры, масла ў трох кадоўбцах, дзве бочкі маку, мноства вянкоў цыбулі і часнаку.
Радасна вяртаўся кунігас дадому па лясной глушэчы. Ад свежага ветру, што бушаваў у наваколлі, ад адчування сваёй удачы было чыста і лёгка на душы. Магістр Андрэй Стырланд, а следам за ім і рыжскі епіскап Мікалай з лютых ворагаў зробяцца вернымі саюзнікамі. Хіба гэтага мала для шчасця? Рухне сцяна, што акружала дзяржаву. З яцвягамі ён справіцца, а галіцкага князя Данілу можна ўлесціць, уціхамірыць, аддаўшы за ягонага сына Шварна Рамуне.
— Дайну! — закрычаў Міндоўг. — Запявайце дайну!
І калі загучала дайна, калі ўзляцела пад самыя воблакі, сказаў з зіхоткім бляскам у чорна-зялёных вачах:
— У злых людзей няма песень.
Ен надзеў падарунак Стырланда, прыгожы даспех, горда ехаў на кані. Промні сонца аж гарэлі на бліскучых наборных пласцінах. І раптам зашыпела страла, сярдзіта клюнула ў спіну. Кунігас потырч носам кульнуўся на зямлю. Гразёю з-пад конскіх капытоў пырснула ў твар. Ен варухнуў плячыма і, калі пераканаўся, што смертаноснае жалеза не ўпілося ў ягоную плоць, цёплым полымем шуганула ўнутры, затапіла сэрца радасць: «Я жывы. Лівонскі панцыр выратаваў мяне». І адразу ж Міндоўг ускочыў на ногі, выхапіў меч, рэзка развярнуўся, крыкнуў страшным голасам:
— Хто?!
Казлейка паказаў на драбнацелага светлавалосага юнака, пэўна, фурмана, што стаяў ля бліжняй фурманкі, разгублена-спустошана ўсміхаючыся, апусціўшы лук. Яго ўжо вязалі вяроўкамі, ломячы рукі.
— Ты?! — падбег да юнака Міндоўг. — За што?! За што хацеў забіць мяне, забіць свайго кунігаса?!
— За парушаную веру, — ціха адказаў той, і густы смяротны пот заліў твар. Здавалася, вечаровая раса легла на чалавека.
Міндоўг страшнымі ўдарамі разваліў яго на крывавае ашмоцце, пачаў таптаць, ледзьве супакоіўся. Цяжка дыхаючы, сеў проста на зямлю, абхапіў лоб рукамі і як акамянеў. Потым, калі зноў паехалі, калі змрок апусціў чорнае крылле на зямлю, плакаў нікому не бачнымі суровымі слязамі. Казлейка ж загадаў сваім людзям узяць галаву засечанага фурмана. На яе надзелі высушаную авечую морду-лічыну і павезлі ў Варуту. Там па гэтай мёртвай галаве няўтомны Казлейка вылавіць усіх блізкіх і далёкіх родзічаў таго, хто асмеліўся ўзняць дзясніцу на кунігаса.
Самая вялікая нечаканасць напаткала Міндоўга ў Новагародку. Войшалк разам з мясцовымі баярамі і купцамі зачыніў перад кунігасам браму. Калі Міндоўгу сказалі пра такое, ён спачатку не паверыў.
— Новагараджане не хочуць пускаць мяне ў горад? — разгублена спытаў у Казлейкі.
Потым ускочыў на каня, пад'ехаў да акутай жалезам брамы, уладна і грозна крыкнуў:
— Я — Міндоўг! Дзе князь Войшалк Новагародскі? Ніхто не адказаў. Чуліся глухія ўдары аб камень, скрыгат і ляск — новагараджане будавалі абарончую вежу. Рабілі хутка, спешна, быццам апошні дзень у бога бралі.
У кунігаса раптоўным болем набракла левая рука. Ен, зморшчыўшыся, пацёр яе, загадаў трубіць у трубы. Ды зверху крыкнулі рашуча і злосна:
— Трасцу табе!
І адразу ж паляцелі стрэлы. Кунігас аж задыхнуўся ад гневу. У шаленстве накіраваў каня проста на браму, але перад конскімі капытамі гопнуўся, плёхнуўся ў гразь пудовы камень. Давялося паварочваць назад.
«І гэта мой сын, — з пякучай нянавісцю думаў Міндоўг пра Войшалка, — мая кроў. Я, кунігас, цёвас62, нібы апошні жабрак, стаю каля брамы, і ў мяне шпурляюць каменнем».
Ен, як смяротна паранены, азірнуўся, быццам шукаючы апірышча. Хмарыста ляжаў навокал небасхіл. Вецер бег у лясы. Побач Казлейка сумленна моршчыў лоб і аддана глядзеў на кунігаса. «Вось хто не здрадзіць і не прадасць», — з палёгкай падумалася Міндоўгу.
— У Варуту! — крыкнуў ён і з усяе сілы шлегануў каня.
Ужо ў сваім нумасе, супакоіўшыся, Міндоўг задумаўся над тым, як пакараць Войшалка і новагараджан. І чым больш ён думаў, тым усё глыбей пераконваўся, што немагчыма нічога зрабіць. Сілаю не возьмеш, бо Новагародак як тая скала — і сцены ў яго магутныя, і воі шматлікія, у крывавых сечах загартаваныя, і баярства з купецтвам маюць вялікае срэбра. Зноў жа, смерды-русіны спрадвеку працавітыя, і зямля ў іх родзіць шчодра. Адным словам, ёсць у Новагародку жалеза, ёсць срэбра і ёсць хлеб. Хто-хто, а новагараджане памятаюць, што пусцілі калісьці ў свой горад кунігаса з дружынай, калі яго выгналі з Літвы, як ваяводу-прыхадня, узяўшы клятву вернасці. Набраў з таго часу Міндоўг вялікую моц, але мацней Новагародка ўсё роўна не зрабіўся. І вось цяпер, дазнаўшыся, што кунігас перакідваецца ў каталіцтва, Новагародак зачыніў перад ягоным носам браму. Гэта ўсё Войшалк са сваёй праваслаўнай вераю! Дала ўсё-ткі плод патаемная малітоўня ў Варуце, і не салодкі плод, а горкі. Хутчэй бы ён ужо прыняў габіт чарнечы63. Перадаюць жа віжы-выведнікі, што на Войшалка, якога Новагародак узяў сабе за князя, находзіць часамі нейкі сум, нейкі стогн слёзны, і збіраецца князь, як просты паломнік, пайсці ў Афон на Святую гару. Гэтага Міндоўг ніяк не мог зразумець. Кінуць князёўства-гаспадарства, каб зрабіцца манахам? Аддаць у чужыя рукі прыдбанае сваёй крывёю?
Вырашыў кунігас параіцца аб усім гэтым з Сівертам. Святар пакланіўся Міндоўгу, вычакальна паглядзеў на яго.
— Ці не крыўдзяць цябе ў Варуце? — спытаў Міндоўг.
— Я жыву ў тваім горадзе, вялікі кароль, як у божым садзе, — адказаў манах.