154426.fb2 Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 36

Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 36

— Князь Войшалк, сын Міндоўга, — смела адказаў Сіверт, — прыйшоў я з Варуты ад твайго бацькі, вялікага кунігаса, каб пацвердзіць, што ўзяў ён са сваімі баярамі хрысціянскую веру з Рыма, з рук папы Інакенція IV. Ужо вязуць людзі папы каралеўскую карону ў Літву.

— Ну й што? — нахмурыў бровы Войшалк.

— У вялікім гневе быў кунігас, што зачыніў ты перад ім вароты Новагародка, не пусціў нават рук абагрэць. Хацеў загадаць скапаць твой вал, але злітаваўся. І паслаў мяне да цябе. Я — манах ордэна святога Дамініка Сіверт.

— Навошта ж паслаў цябе кунігас? — яшчэ больш нахмурыўся Войшалк.

— Вялікі кунігас перадае табе словы міру і бацькавай ласкі.

Пачуўшы такое, новагародскія баяры скінулі з твараў суровасць, зашумелі, загаманілі. Паяснелі вочы і ў Войшалка з Даліборам. Яны пераглянуліся між сабою, і Сіверт зразумеў, што новагародскі і ваўкавыйскі князі не адзін пуд солі з'елі разам і, пэўна ж, сябруюць па сённяшні дзень. Гэту акалічнасць варта запомніць на будучае.

— Міндоўг зрабіўся саюзнікам Лівонскаму ордэну, — казаў далей манах, — і магістр Андрэй Стырланд прыслаў на дапамогу Варуце рыцарскі атрад.

— Лівонцы ў Варуце? — пабляднеў Войшалк.

— Так, — лагодна ўсміхнуўся дамініканец. — Калі я ехаў да цябе, граф Уда прымаў хлеб-соль ад жыхароў Варуты.

Ен раптам прыкусіў язык, бо адчуў, што сказаў не тое, што чакалі, і не так.

— Жэрнасы ідуць па нашай зямлі! — крыкнуў князь Глеб Ваўкавыйскі. Вочы блішчалі вялікім гневам. Ен усхапіўся са свайго месца, падбег да Сіверта, быццам хацеў ударыць яго. Баяры і князь Войшалк таксама былі вельмі незадаволеныя.

«Чым я ўгнявіў іх? — разгублена думаў манах. — На гэтай зямлі, між гэтых людзей заўсёды трэба быць вельмі абачлівым. Адно і тое ж слова мае тут падчас зусім іншае значэнне і вагу. Але зараз неабходна маўчаць, бо могуць зняць галаву, калі толькі паспрабуеш уткнуць свой голас. Агідныя дваяверцы! Прынялі хрысціянства, а ў зацішных кутках моляцца Перуну».

— Каб ты катніх рук не мінуў! — крычаў між тым Сіверту дужа раззлаваны рудабароды баярын маленькага росту.

Ен упрытык падышоў да манаха, з нянавісцю пазіраў на яго знізу ўверх.

Але большасць баяр было ў міралюбным настроі. Не выпадала ім сварыцца з лівонцамі, бо ішлі пад сцены Новагародка ворагі, і можа, у гэты самы час ужо гарэлі, руйнаваліся іхнія вотчыны і дзедзіны.

— Кожны чорт на сваё кола ваду цягне, — сказаў баярын Белакур, землі і сядзіба ў якога былі над ракой Шчараю. — Трэба нам, князь Войшалк, узнімаць дружыну, узнімаць апалчэнне мужоў, новагараджан, слаць ганцоў да кунігаса Міндоўга і разам з ім бараніць дзяржаву.

І ўсё ж Сіверта кінулі ў цямніцу. Як ні адбіваўся манах, не дапамагло. Схапілі за каршэнь і пацягнулі ў падзямелле. Пракляў ён той дзень, калі надумаў ехаць з Рыма ў Прусію і Лівонію, а адтуль напрасіўся ў атрад Марціна Голіна. Ззаду енчыў, бегучы за сваім гаспадаром, Морыц. Яго адганялі, лупцавалі дрэўкамі коп'яў. «Прападзе без мяне, дурань, — падумаў Сіверт, — але што зробіш? Для пераможаных няма сонца».

— Морыц! — крыкнуў ён. — Ідзі да караля Войшалка і скажы, каб цябе адвезлі ў Варуту!

— Святы ойча, я хачу з табой у цямніцу! — верашчаў, нібы яго рэзалі, Морыц.

— У цямніцы яшчэ паспееш насядзецца, — лагодна сказаў новагародскі дружыннік, а калі Морыц зноў заверашчаў, даў яму поўху.

Сіверт бачыў усё гэта і, як чалавек набожны і мудры, адразу змоўк. Яму ўспомнілася, што пры двары візантыйскіх парфіраносных імператараў звычайна катуюць, дапытваюць вінаватых і невінаватых еўнухі. Імператар сядзіць сабе на троне, а ля падножжа трона раздзіраюць аголеную чалавечую плоць бізуны, у канцы якіх уплецены кавалкі свінцу. Аж сапуць лютыя еўнухі, пырскае на золата і на мармур кроў, але той, каго катуюць, маўчыць — нельга гаварыць, тым больш крычаць у прысутнасці імператара.

Думаючы пра ўсё гэта, дамініканец апынуўся ў цёмным падземным пограбе, сцены якога былі выкладзены халоднымі шурпатымі камянямі. Заскрыгатаў ключ у замку, нешта сказаў ахоўнік ахоўніку, яны засмяяліся і, гучна тупаючы, пайшлі туды, дзе сінела неба і ззяла сонца. Сіверт застаўся адзін.

— Устаў я перад табой, Хрыстос, як свечка перад іконай, — панылым голасам сказаў манах. — Выратуй мяне. Не дай, каб макрыцы і павукі пасяліліся на маёй галаве.

Ен пашукаў вачамі, дзе б прымасціцца ў гэтай чортавай кішэні, і раптам убачыў, што не адзін у падзямеллі. Каля супрацьлеглай сцяны на падлозе сядзеў ці ляжаў нейкі чалавек. Было вельмі цёмна, толькі праз шчыліну над дзвярыма прабіваўся кволы пучок святла, і нельга было разглядзець твар суседа па няшчасцю. А можа, незнаёмец спаў, схаваўшы галаву, як робіць гэта лясная птушка, уточваючы галаву пад крыло.

— Хто там? — ціха спытаў Сіверт.

Ні гуку не было ў адказ. Ці той каля сцяны не чуў, ці не хацеў гаварыць. Дамініканец раптам падумаў, што і не можа быць адказу, 5о пытанне само сабою вырвалася ў яго на нямецкай мове. Тады ён запытаў па-русінску.

— Чалавек, — прагучала ў паўзмроку. І столькі спустошанасці і бяссілля было ў гэтым адзіным слове, што Сіверт уздрыгнуў. Няўжо і ён праз нейкі час будзе такі? «Усё ва ўладзе божай, — адразу ж падумаў ён. — Я, калі паразважаць, яшчэ шчаслівец. Людзей аскапляюць, асляпляюць, садзяць на ланцуг па шыю ў ледзяной вадзе».

Манах укленчыў каля таго, хто назваў сябе чалавекам, бо толькі тручы дрэва аб дрэва можна здабыць агонь, бо толькі ідучы да жывога чалавека можна захаваць пачуцці і розум у бязмоўі цямніцы. Нельга было вызначыць з першага позірку, якога ўзросту нявольнік. Ды Сіверт і не раздумваў пра гэта.

— Хто ты? — спытаў ён.

— Алехна, сын Іванаў. Новагародскі купец, — адказаў таварыш па бядзе, цяжка варочаючы языком. Пэўна, у магільнай цішыні адвык ад жывой мовы. Быў ён змарнелы, худы, празрысты з твару, бо якое ж аб'едства ў цямніцы.

— Я чуў пра цябе, — паклаў яму руку на плячо Сіверт. Плячо было лёгкае, бязважкае, як птушынае пёрка.

Вочы ў Алехны здзіўлена ўспыхнулі і адразу абвялі.

— Мы не сустракаліся з табой на крыжавых дарогах, — холадна прамовіў ён. Пэўна, адразу ж падумаў, што Сіверта падсадзілі сюды, каб яшчэ нешта выведаць. Але даўно ўсё ўжо сказана, выцягнута з душы і цела распаленымі абцугамі.

Дамініканец адвярнуў крысо плашча, дастаў з патаемнай кішэні сваю запаветную скрыначку, а з яе — жалезны жолуд. Паклаўшы жолуд на далонь, паднёс яго амаль да самых купцовых вачэй. Спытаў:

— Есць у цябе такі?

Алехна не скеміў спачатку, што гэта такое. А калі ўгледзеў, калі зразумеў, адхіснуўся ад Сіверта, а потым зірнуў на яго з агідай і нянавісцю. Тут немагата жыць, ліпець на белым свеце, а нейкі прыхадзень, толькі падсуседзіўшыся, пачынае сыпаць соль на раны.

— Што табе трэба ад мяне? — глуха прамовіў Алехна. — Калі ты выведнік, калі за дзвярыма цямніцы цябе чакаюць мае мучыцелі, то скажы ім, што я хачу памерці. Сам накласці на сябе рукі я баюся і не ўмею, але я дужа хачу, каб яны прыйшлі, хоць зараз, і накінулі чорны мяшок на галаву. Скажы ім, каб хутчэй забілі мяне.

Сіверт лагодным голасам пачаў расказваць купцу пра сябе, пра тое, як сустрэў у Лівоніі браталюба Панкрата, як той перад самым кананнем адкрыў яму таямніцу жалезных жалудоў і аддаў свой жолуд, бо не браць жа яго з сабой у магілу. Здалося, што Алехна паверыў. Сплыла з вачэй нянавісць.

— Гаварыў мне Панкрат, — казаў далей Сіверт, — што ты быў самы мудры між усіх, самы справядлівы.

— Будзь сціплы, — перапыніў манаха Алехна. — Вока не бачыць само сябе.

— Але гэта і сапраўды так, бо Панкрат не мог хлусіць на парозе смерці. Толькі вось што дужа мяне здзіўляе, купец. Ты і твае аднамыснікі хацелі, каб у Новагародку пачаў княжыць Міндоўг. Прыйшоў у Новагародак Міндоўг, зараз на стальцы сядзіць сын яго Войшалк, а ты як гніў у падзямеллі пры Ізяславе, так і сёння гніеш.

— Не хлусіш, нямчын? — Алехна аж ускочыў на ногі.

— Клянуся Хрыстом, — пранікнёна пазіраючы яму ў вочы, прамовіў Сіверт.

З глухім стогнам браталюб рухнуў на падлогу.

— Міндоўг і Войшалк забыліся пра мяне! Яны ў Новагародку, а я — у падзямеллі!

У вялікім адчаі ён укусіў сябе за руку.

— А мы ж для іх узаралі першую баразну. Мы ўсё рабілі для таго, каб іхняе зерне ўзышло на новагародскай зямлі. І вось якая плата.

Алехна, угнуўшы галаву ў плечы, пачаў біць па каменнай сцяне кулакамі. Рукі разбіваліся ў кроў, а ён не адчуваў болю. Ледзь здолеў Сіверт утаймаваць браталюба. Часам дамініканцу здавалася, што той звар'яцеў.

— Не трэба было мне гаварыць табе пра такое, — гарачліва ўпікнуў сябе Сіверт, калі Алехна, стаміўшыся, лёг каля сцяны, нібы куль саломы. — Але ж я думаў, што ты ўсё ведаеш. Клянуся табе — як толькі выйду з цямніцы, выйдзеш і ты, бо князь Войшалк будзе ведаць аб усім. Сядзець жа мне тут два-тры дні, не болей. Астыне князь і адразу загадае выпусціць мяне. Пачынаецца вайна, і як Войшалк ні дзярэ нос, не абысціся яму без Міндоўга, а я Міндоўгаў пасол.

Усё адбылося так, як меркаваў манах. Праз дзень яго выпусцілі з падзямелля. Войшалк і Глеб Ваўкавыйскі, седзячы на войскіх конях, чакалі Сіверта каля ўвахода ў цямніцу. Калі ён выйшаў нарэшце на сонечнае святло і стаў, заплюшчыўшы вочы, новагародскі і ваўкавыйскі князі борзда саскочылі з шытых золатам чырвоных сёдлаў, падхапілі яго пад рукі. Гэта быў нечуваны гонар для простага манаха. Але спрактыкаваны ў жыццёвых бурах калугер67 выдатна разумеў, што не яго так прывячаюць-велічаюць гордыя князі. «Значыць, Даніла і Васілька Раманавічы недалёка ад Новагародка», — адразу падумаў ён і ўсклікнуў з найвялікшым хваляваннем: