154426.fb2
Вельмі розныя, непадобныя былі яны знешне, але той, каму б удалося хоць на міг пранікнуць у іхнія думкі, здзівіўся б, бо думалі яны пра адно і тое ж — пра жанчыну, вядома, кожны пра сваю. Бачыла ўспамінаў жонку, якая з дзецьмі засталася ў Новагародку. «Птушаняткі вы мае шэранькія», — звычайна казаў ён жонцы і дзецям. Далібор пакутліва думаў пра Рамуне. З таго самага часу, калі жаніўся ён на ваўкавыйскай князёўне, калі нарадзіла яна яму сына, не аднойчы спрабаваў Далібор забыць светлавалосую літоўку, дзікаватыя чорна-зялёныя вочы, гнуткую звабную паставу, ды нічога не атрымлівалася. Як прырасла яна да душы. Ен разумеў, што грэх яму, сямейніку, нават у думках трымаць чыстую, не аблагоджаную мужчынам дзяўчыну, але зноў і зноў трызнілася Рамуне. Нездарма гавораць людзі: «Каюся, ды за тое ж хапаюся». Курыла Валун, незварушна седзячы на кані, прыгадваў дужа прыгожую незнаёмку, якую напаткаў учора на дзядзінцы Новагародка. У яе былі вельмі сумныя вочы і заплаканы аж сіняваты твар. Поруч з ёю ішоў княжы дружыннік, таксама надзіва прыгожы, час ад часу нахіляўся да вузкага дзявочага пляча, нешта шаптаў, прыжмурваючы бліскучыя прагныя вочы, у маленькае ружовае ад халоднага ветру вушка. Курыла Валун, сам не разумеючы чаму, адразу ж неўзлюбіў дружынніка. Захацелася неяк зачапіць яго, паджучыць, раззлаваць, каб потым можна было ляснуць цераз увесь лоб жалезным кіем. Ды ўсмешлівы дружыннік нават не зірнуў на Курылу Валуна.
— Хто гэта? — спытаў, уколаты такой няўвагаю, Курыла ў захутанай ва ўсё чорнае бабулькі, адной з тых бабулек, якія ведаюць і помняць усё.
— Вель, княжы дружыннік, — прашамкала тая пустым сухім ротам. — А з ім залатарова дачка Лукера.
— А чаму Лукера такая невясёлая?
— Сам у яе спытай, — з нечаканай злосцю адказала старая, але адразу памякчэла, згледзеўшы разгубленасць і пакору на твары ў маладога асілка. — Брата яе ў княжай вязніцы71 трымаюць.
І, пэўна, знайшоўшы свежыя вушы, якія маглі цярпліва і бясконца слухаць, расказала Курылу Валуну пра залатара Івана, пра Алехну і браталюбаў, пра пакуты, што цярпелі і церпяць яны з-за нечай чорнай здрады. Курыла ўважліва лавіў кожнае слова. Як вогненныя зярняты, падалі словы ў душу і прарасталі вялікай шкадобай да прыгажуні-дзяўчыны, для якой лепшыя сокі лепшых пладоў горкія, бо ўжо не першы сонцаварот не бачыць у цямніцы сонца родны брат.
— Я дапамагу ёй! — узрушана выгукнуў Курыла Валун.
— У яе ўжо ёсць памагаты, — унікліва сказала старая, цыўкнуўшы вачамі на дружынніка Веля.
Успомніўшы гэтыя словы, Курыла Валун цяжка ўздыхнуў і крутнуўся ў сядле.
— Што з табою? — адразу ж запытаў Бачыла.
Ен ужо ўсіх і самога сябе прызвычаіў да думкі, што з'яўляецца апекуном маладога асілка. Варта было Курылу кашлянуць, ад'ехаць трохі ўбок ад княжай раці, як Бачыла, нібы трохвокі змей, быў побач, пільна пазіраў у твар. Такая залішняя клапатлівасць пачала раздражняць, і Курыла Валун суха адказаў:
— Са мной усё добра, катляр.
Ен наўмысна назваў Бачылу не меднікам, а катляром, хоць ведаў, што таму не падабаецца такі назоў. Не раз разгарачаны Бачыла тлумачыў усім жадаючым: «Я — меднік. І бацька мой, і дзед з прадзедам адвеку былі меднікі. Я не толькі катлы ўмею кляпаць, я магу самую дробную птушачку нябесную з медзі выкаваць».
Пачуўшы слова «катляр», Бачыла пакрыўджана адкапыліў губу і ўжо да самай Варуты ехаў моўчкі. Гэта каштавала яму вялікай крыві. Так ужо быў зачаты ён бацькам і мацеркай — хоць выкінь з рота язык, не мог доўга маўчаць.
Варута шумела, як устрывожаная борць. Кунігасы і баяры з Летувы, а таксама з Дзялтувы, Дайнавы, Нальшы збегліся разам са сваімі людзьмі пад ахову яе сцен. Кажухі і сярмягі запоўнілі ўвесь горад. Людзей было так шмат, што толькі кунігасы і самыя мнагаімныя баяры начавалі ў цёплых будовах. Астатнія клаліся спаць на вуліцы пад адкрытым небам. Вазы стаялі ўпрытык адзін да аднаго.
Міндоўг з вялікай радасцю сустрэў Далібора і ваяводу Хвала з дружынай. У знак асаблівай прыязнасці ваўкавыйскаму князю паслалі спаць у кунігасавым нумасе. Цьмяна гарэла свечка. Начныя мятлушкі бязладна мітусіліся над полымем. Далібор, падклаўшы рукі пад галаву, ляжаў на звярыных шкурах, а ў вачах быў пярэсты кругабег чалавечых твараў. Колькі людзей убачыў ён сёння! Зрушаныя з месца бядой, з усіх канцоў новай дзяржавы прыйшлі, прыехалі, прыбеглі яны ў Варуту, каб стаць пад Міндоўгаў сцяг. Можа, ужо заўтра ўдараць у катлы і ў сурмы, абвяшчаючы бой, і пальецца кроў на халодную зямлю. І ён, Далібор, і ягоныя дружыннікі, і Курыла Валун з меднікам Бачылам, і ваявода Хвал з новагараджанамі падставяць грудзі пад варожае смяротнае жалеза. У гэтае чалавечае мора ўліліся ўсе яны шырокай бурлівай ракой. «Хто ж мы? — узіраючыся ў густую цемру, думаў Далібор. — Новагараджане? Русіны? Русічы? Руснакі? Ліцвіны? Хто мы? Які назоў дадуць нам нашчадкі? Наша зямля не стойбішча здзічэлых вятроў і не прытулак восеньскіх нудотных хмар. Наша зямля — гарады і весі над Нёмнам, Ясельдай і Шчарай. Для чаго нарадзіліся мы і народзяцца нашы ўнукі? Сваёй жывой крывёй харчаваць іншыя народы ці, шануючы плуг і меч, жыць па прадзедаўскіх законах на прадзедаўскай зямлі?»
Такія думкі не ўпершыню прыходзілі да ваўкавыйскага князя. Усё часцей неадчэпна ўспамінаўся яму вяшчун Валасач, хітры і надзвычай разумны калека. Дзе ён зараз? Ляжыць чорным прысакам у зямлі або сядзіць, як і сядзеў, пад святым дубам? Даўно хочацца з'едзіць да яго, ды ніяк не выпадае ў гэтай штодзённай мітульзе. Пякуча ўрэзаліся ў памяць вешчуновы словы: «Памятай, што жыццё — пастаянная здрада. Вечар здраджвае раніцы, стары чалавек здраджвае самому сабе, таму, які калісьці быў маленькім». Жыццё — пастаянная здрада… Есць праўда ў гэтых словах, хоць спачатку і цяжка змірыцца з ёю. Але ці здрадзіў ён, Далібор, сваёй зямлі, калі разам з дружынай, разам з новагародскім і ваўкавыйскім баярствам падтрымаў варуцкага кунігаса Міндоўга, а потым аддаў веліка-княскі трон яму і ягонаму сыну Войшалку? Ці здрадзіў ён сваёй зямлі, калі змоўчаў, калі не крануў мяча, бачачы, як роднага бацьку выпраўляюць з Новагародка ўдзельным князем у глухую Свіслач? Ці здрадзіў ён сваёй зямлі, калі сам, хоць некаторыя і падбухторвалі, не ўсчаў крывавую грызню за новагародскі трон? Нялёгкія, балючыя думкі…
Важна тое, што сёння ён — ваўкавыйскі князь, правая рука князя Войшалка. Вельмі важна тое, што з Нёмна, прадзедаўскай ракі, не напіўся вады татарскі конь, абпырсканы крывёю растаптаных і пасечаных кіеўскіх вояў. Новагародак і Літва, моцна ўзяўшыся за рукі, спынілі дзікага каня. На Галіцка-Валынскай Русі па загаду напышлівых татарскіх баскакаў пачынаюць ужо сваімі рукамі бурыць у сваіх гарадах брамы і скопваць абарончыя валы. Валы ж Новагародка, Ваўкавыйска і іншых прынёманскіх гарадоў стаяць непарушна.
Не спалася. Далібор выйшаў з нумаса пад халоднае начное неба. Дзьмуў парывісты вецер. З густой цемры ляпіла махрыстым белым снегам. Варута, не зважаючы на глыбокую ноч, не патушыла вогнішчаў. Каля аднаго з іх ваўкавыйскі князь між іншых галасоў пачуў галасы сваіх людзей. Гэта былі Курыла Валун і Бачыла.
— Люблю Нёман, — весела казаў Бачыла, — красоцце, а не рака…
— Нават болей жонкі любіш? — спыталі ў яго.
— Ну і язык у цябе, чалавеча, — засмяяўся меднік. — Як памяло… Але, слухай не слухай, люблю Нёман. Прыгожая рака, багатая. Рыбу шапкай чэрпай.
Прамовіўшы гэта і крыху памаўчаўшы, няўседны меднік сказаў:
— Эх, Курыла, Курыла, вялікая сіла, мне б тваё здароўе. Бач, які ты спраўны, які гладкі ды тоўсты.
— Пакуль тоўсты ссохне, дык худы здохне, — бадзёра адказаў Курыла Валун, і ўсе засмяяліся.
Гэта спакойная вясёлая размова людзей, якія заўтра ў час сечы могуць загінуць, усцешыла ваўкавыйскага князя. Бяліў зямлю і будовы снег, шастаў вецер, а вогнішчы ў Варуце і між іх найгалоўнае, найдаражэйшае — святы Зніч — не тухлі. Не адрываючыся глядзеў Далібор на гудлівае полымя, і ў звівах жоўтых і чырвоных пасмаў, у залатым лёце іскраў бачыліся яму таямніча-суровыя твары людзей, якія ўжо даўно пакінулі гэту зямлю і якія яшчэ прыйдуць на яе.
Раптам нечая лёгкая рука легла Далібору на плячо. Ен уздрыгнуў. Літоўская вайдэлотка ва ўсім белым стаяла перад ім. Цяжка было з першага зірку вызначыць, колькі ёй сонцаваротаў.
— Ідзі за мной, ваўкавыйскі князь, — ціха сказала вайдэлотка.
Далібор, ні аб чым не распытваючы, пакрочыў за ёю — след у след. Яму думалася, што нездарма ён не спаў, нездарма выйшаў з цёплага нумаса пад халоднае начное неба. Зараз павінна адбыцца тое, чаго ўсе апошнія дні нецярпліва прагла душа. Але што адбудзецца і як адбудзецца, ён не ведаў.
Вайдэлотка прывяла Далібора да капішча Пяркунаса. У свой час, як амаль і ўсю Варуту, капішча знішчыў пажар. Міндоўг, зноў сеўшы на варуцкі сталец і прыняўшы каталіцтва, не толькі нанова адбудаваў святое месца Пяркунаса і Зніча, але і пастараўся, як адразу заўважыў ваўкавыйскі князь, каб было яно прастарнейшае і прыгажэйшае, чым раней. Гэтым хацеў ён улагодзіць літоўскіх паганцаў.
Капішча было даўжынёй каля дваццаці сажняў, шырынёй — каля дзесяці. Глухія сцены амаль у тры чалавечыя росты з заходняга боку прарэзваліся вузкімі дзвярыма. Даху не было. У самай сярэдзіне капішча пад камлюкаватым дубам высіўся балван Пяркунаса. Леваруч ад яго стаяў дубовы Атрымрас у выглядзе змея з чалавечай галавой, праваруч — Поклюс, бог мора, вады і пекла. Каля сцяны ў крытай галерэі знаходзіўся каменны алтар-ахвярнік. Да алтара вяло дванаццаць прыступак. На кожнай прыступцы была выбіта адпаведная фаза маладзіка. Нязгасны Зніч гарэў у глыбокай нішы, якую высеклі ў сцяне. Ні вецер, ні снег і дождж не маглі заляцець у сховішча агню. Насупраць увахода ў капішча каля ўсходняй сцяны мелася капліца, у якой захоўваліся святыя сасуды, адзенне жраца і вайдэлотак, трут, крэсіва і кадоўбцы са смалой. Пад капліцаю ў неглыбокім пограбе жылі чорныя вужы, якія славяцца даўгавечнасцю і мудрасцю. Побач з домам Пяркунаса стаяў дамок жраца і ягонага прыслужніка, а таксама каменна-драўляная невысокая вежа, з якой жрэц аб'яўляў волю багоў людзям.
Маўклівая вайдэлотка прывяла Далібора ў капішча і спынілася на парозе, а потым і зусім некуды знікла. Ваўкавыйскі князь застаўся адзін. У густой начной цішыні чуўся толькі адзін жывы гук — няўтомнае і няспыннае трапятанне Зніча. Здавалася, зусім побач цячэ, бурліць рака. І яшчэ здавалася Далібору, што гэта ўздыхае і варушыцца ў сваім гняздзе несмяротная светлапёрая птушка фенікс.
Ен узняў вочы, глянуў на алтар. Мільготкае святло ад Зніча бегала па верхніх прыступках каменнай лесвіцы. Усё астатняе капішча было змрочнае і страшнаватае гэтай сваёй змрочнасцю.
Раптам там, дзе сутыкаліся цемра і святло, Далібор заўважыў танклявую дзявочую постаць. Горача ўздрыгнула сэрца. Гэта была Рамуне.
Яна павольна ішла да яго зверху, ад Зніча, і цёплыя плямы святла ляжалі на вузкіх плячах. Здавалася, крылы вырастаюць у юнай князёўны-вайдэлоткі за спіною.
«Яна паклікала мяне… Яна памятала пра мяне…» — усхвалявана думаў Далібор.
— Я ведала, князь Далібор, што ты прыйдзеш. Дзякуй табе, — сказала Рамуне, спыніўшыся насупраць яго.
Салодкім шчаслівым сумам напоўнілася сэрца. Далібор глядзеў на бледны спакутаваны твар той, якую кахаў, аб якой думаў заўсёды ў бліжняй і дальняй дарозе, і яшчэ больш вабнаю і жаданаю была яна. Не Глебам, а Даліборам назвала яго Рамуне, ведаючы, што дужа любіць і шануе ён сваё пракаветнае імя. І гэта таксама надзвычай расчульвала ваўкавыйскага князя.
Юная прыгожая літоўка была не ў паўсядзённай апратцы вайдэлотак, сціплай і строгай, а ў сваім самым багатым святочным уборы. Сляпіла вочы ярка-белая льняная кашуля з высокім каўняром і доўгімі рукавамі. Падол зялёнай ваўнянай спадніцы быў густа абвешаны бронзавымі бляшкамі. Яны ж налазілі адна на адну і здаваліся бліскучай рыбінай луской. Спадніцу падпяразваў шырокі тканы пас, да якога была прычэплена круглая бронзавая падвеска, пакрытая ліставым срэбрам і ўпрыгожаная пяццю вочкамі з цёмна-сіняга шкла. Зверху кашулі Рамуне накінула наплечнае пакрывала, літоўцы называюць яго скяпята. На галаве ў князёўны была скураная шапачка з дробнымі бронзавымі кольцамі і вялікай зіхоткай бурштынінай.
Далібор моцна абняў Рамуне. Яна падатна прыгарнулася да яго. Сваімі вуснамі ён сустрэў яе вусны, цвёрдыя і халаднаватыя. Зверху шумеў Зніч і глядзела цёмнае хмарыстае неба. Колькі часу стаялі яны так, нібы зліўшыся ў адну істоту, літоўская князёўна і ваўкавыйскі князь.
— Піва без хмелю, алей без солі, конь без хваста, жанчына без дабрачыннасці аднолькавы кошт маюць, — сказала раптам Рамуне, вызваліўшыся з Даліборавых абдымкаў.
Вялікі сум быў у голасе.
— Ты аб чым, Рамуне? — спытаў Далібор і зноў моцна пацалаваў яе, пальцамі асцярожна пачаў гладзіць ёй шчокі і бровы.
Рамуне ўся як бы ўспыхнула знутры. Вочы зрабіліся вільготна-мяккія, іскрыстыя. Агонь і ранішняя раса, бляск месяца і срэбра азёрнай хвалі — усё было ў гэтых дзіўных вачах.
Далібор адчуў, як часта забілася, затрапятала ў яе сэрца. З болем і адчаем яна пачала цалаваць яго, і цёплыя слёзы каціліся па шчоках.
— Не плач, галубка, — шаптаў Далібор.
Ішла з-пад ног зямля, збівалася, перахоплівалася дыханне, праз адзежу і праз холад восеньскай ночы пёк агонь яе маладой дзявочай скуры.
— Хадзем за мной, — прашалясцелі, як у гарачым тумане, словы Рамуне.
У цёмным дамку жраца на вузкай дубовай лаве яны аддаліся адно аднаму, зліліся ў каханні, як зліваюцца звонкія вясновыя ручаі. Гэта быў паднябесны ўзлёт сэрцаў, згода рук, вачэй і вуснаў…