154426.fb2
— Але ж мы ваюем супраць галічан! — горача ўсклікнуў Далібор. — Я адаб'ю цябе ў дарозе. Я нападу на абоз. Я ж ведаю, што ты не хочаш за Шварна.
Ен ускочыў, нахіліўся над ёй.
— Ты ж не хочаш за галічаніна, за Свараміра. Рамуне ласкава і адначасна ўладна закрыла яму рот цёплай маленькай далонню.
— Хачу, — ціха сказала пасля маўчання. — Ты ж таксама жаніўся на ваўкавыйскай князёўне.
Яна ўстала, пачала апранацца. Нават не зірнуўшы на сваё багатае ўбранне, у якім выйшла насустрач Далібору, нацягвала грубую каляную кашулю вайдэлоткі. Рухі былі вялыя, бязвольныя.
— Я ж ведаю, што ты не хочаш, — апалым голасам яшчэ раз прамовіў Далібор.
— Дзяржаве патрэбен мір, — суха сказала Рамуне. — Так гаворыць бацька, а я заўсёды веру яму. Калі я пайду за Шварна, спыніцца вайна, перастануць паміраць у сечах воі. І ты таксама будзеш жывы.
Яна пагладзіла Даліборавы валасы.
— А яшчэ я гатова хоць у балота бегчы, абы не бачыць гэту поскудзь Марту, мачаху. Не магу глядзець на яе, не магу дыхаць побач з ёю. О, каб была жывая мая маці!
Далібор зноў пачаў цалаваць яе.
— Ведаеш, чаму цябе паклікала, чаму цноту дзявочую табе аддала? — мякка адхілілася ад ваўкавыйскага князя Рамуне. — Таму што кахала і кахаю цябе, і там, у чужой старане, заўсёды буду помніць нашу сустрэчу. Скажы, ты таксама будзеш памятаць мяне?
Яна пільна-пільна зазірнула ў вочы Далібору. Усхваляваны князь толькі моўчкі хітнуў галавой, а потым сказаў, глытаючы даўкі камяк у горле:
— Буду. Клянуся табе. Ты для мяне, Рамуне, як святая пакутніца Ірына.
— Раскажы пра Ірыну, — адразу папрасіла Рамуне, паклаўшы яму галаву на плячо. — Я ведаю, што ты любіш чытаць старыя пергамены. Раскажы.
— Слухай, — прытуліў яе да сябе Далібор. — У паганскага караля, што ўладарыў у градзе Мегідскім, нарадзілася прыгажуня-дачка Пеленопія. Кароль загадаў сваім муралям збудаваць багаты высокі стоўп і пасяліў у ім дачку да таго самага часу, пакуль яна зможа ўступіць у шлюб. Толькі птушак бачыла каралеўна. Але аднойчы была ёй дзівосная відзежа, і нябесны голас абвясціў, каб прыняла яна хрышчэнне, а залатакрылы анёл шапнуў ёй на вуха яе хроснае імя — Ірына. У той дзень, калі кароль знайшоў дачцы жаніха, яна разбіла паганскіх балванаў і адмовілася прынесці ім ахвяру. Разгневаны Лікіній загадаў раздушыць родную дачку калясніцай. Але конь вырваўся са збруі, адгрыз каралю руку, і той памёр. Потым конь загаварыў чалавечай моваю, пачаў славіць Ірыну. Яна ўваскрасіла бацьку. Лікіній прыняў хрышчэнне і выракся каралеўства. Ды прыйшла бяда — на іхнюю зямлю напаў кароль Седзекій. Ен кінуў Ірыну ў яму з гадзюкамі, але тыя не прычынілі пакутніцы шкоды, і тады Седзекій загадаў люта катаваць яе.
Далібор адчуў, як уздрыгнула Рамуне, мацней абняў дзявочыя плечы.
— Ды піла, якой павінны былі перапілаваць Ірыну, зламалася, вада пацякла міма кола, да якога яе прывязалі. Людзі закідалі Седзекія каменнямі, і ён памёр. Дзесяць тысяч яго вояў загінула ад мяча анёла. Тады пачаў помсціць Ірыне Саваах, сын Седзекія. Але агонь не схацеў датыкацца да цела пакутніцы, а распалены медны сасуд у выглядзе быка, куды хацелі запіхнуць Ірыну, ператварыўся ў быка жывога. Саваах звар'яцеў і загадаў епарху, каб той забіў яго. А Ірына папрасіла людзей занесці яе ў поле і пакласці ў мармуровую труну. Калі ж праз тры дні зноў прыйшлі на тое месца, труна была пустая — бог пераклаў Ірыну ў рай.
Далібор змоўк. Не дыхала Рамуне. Вецер нёсся над начным капішчам, і былі чутны цяжкія ўдары аб сцены. Пырскі дажджу і камячкі снегу лупцавалі ў малюсенькае акенца.
— А Зніч гарыць, — прашаптала раптам Рамуне, і вочы былі шчаслівыя. — Ведаеш, чаму не збаялася я на святым месцы аддацца нашаму каханню? Таму, што Пяркунас ахоўвае каханне. «Дрэннае семя ўзыходзіць і без сяўбы», — вучыў наш мудрэц Ішмінтас. А мы з табою, князь Далібор, добрае семя хацелі пасеяць. Праўда?
— Праўда, — замілавана гледзячы на яе, адказаў Далібор, а потым з болем у вачах пачаў прасіць: — Не едзь да Шварна. Як падумаю, што ты ляжаш з ім на шлюбны одр…
Ен скрыгнуў зубамі.
— Не едзь. Я сёння ж украду цябе. Я кіну ўсё, каб быць з табой.
Рамуне строга пазірала на яго, маўчала. Пачуліся лёгкія асцярожныя крокі — ішла вайдэлотка.
— Я ненавіджу твайго бацьку! — закрычаў Далібор. — Ен ненаедны звер. Дзеля ўлады ён праглыне родных дзяцей.
Рамуне маўчала.
— Я ненавіджу і Войшалка, твайго брата, — шалёна звузіўшы вочы, ужо не крычаў, а шаптаў Далібор. — Святара, які нават ува сне бачыць сябе каралём Новагародка, Літвы і Жамойці.
Рамуне маўчала. Увайшла вайдэлотка. Твар быў мокры ад дажджу і снегу.
Меч ярасці, які прынеслі Міндоўгавы ворагі пад сцены Варуты, ужо не мог скрышыць новую дзяржаву славян і літоўцаў, што нарадзілася ў вялікіх пакутах, у агні і крыві. Нішто ў гісторыі не бывае выпадковым. Так як ручаі і рэкі цякуць са сваіх узвышшаў у свае моры, так і народы, памыляючыся, прыносячы шматлікія ахвяры, знаходзяць той шлях, магчыма, той адзіны шлях, па якім неабходна ісці, бо правільна сказаў калісьці мудрэц: «Жыццё сваё здзяйсняць мы павінны самі». Гэта тычыцца і кожнага чалавека і кожнага народа, малога або вялікага.
Пярун, магутны ўладар нябесны, якому Бялбог уручыў нябесны молат, каб весці вечную барацьбу супраць Чарнабога і ягонай д'ябальскай раці, аб'яднаўся з Пяркунасам. Гэта калі гаварыць моваю міфаў і святароў. А ў зямным рэальным жыцці вайсковая сіла літоўскіх князёў (у першую чаргу Міндоўга і Войшалка), пад рукой у якіх была цудоўная, вельмі моцная на той час конніца і апалчэнні сялян-пешцаў, злілася з сілай і магутнасцю Белай Русі, значна больш развітай у эканамічных і прававых адносінах. Тут, у Новагародскай і Полацкай землях, былі непрыступныя крэпасці, багатыя гарады, ураджайныя нівы, спрактыкаваныя рамеснікі і энергічныя купцы, вельмі моцны клас баяр-феадалаў. Тут спрадвеку пісаліся і перапісваліся кнігі, працавалі славутыя дойліды, збіралі пад сваё крыло не толькі фанатыкаў і аскетаў, але і дапытлівых разумных мужоў цэрквы і манастыры. Фанатыкі і аскеты нішчылі сваю плоць, свой дух у глухіх скляпеннях, камянелі і звярэлі, называючы нават вошай з клапамі «жэмчугам божым». Тыя ж, хто меў чэпкі розум, узіраліся з цесных келляў у будучыню сваёй зямлі і свайго народа. Для таго каб не трапіць пад татарскага каня, каб не скарыцца тэўтонскаму мячу, быў адзіны шлях — з'яднаць свае сілы з суседняй Літвой. Вось чаму і адбылося такое з'яднанне.
На гэты раз Варута не скарылася. Хоць у Міндоўга і кінулася ад хвалявання носам кроў, калі жамойты, яцвягі, галічане і полаўцы з аглушальным крыкам пайшлі на прыступ, горад удалося адстаяць. Ударылі са сцен літоўцы і новагараджане з услонімцамі і ваўкавыйсцамі. Лівонцы няшчадна білі з арбалетаў.
Наступіла цішыня. Толькі параненыя енчылі каля вала.
Другога штурму наогул не было. Выехалі на лугавіну з паўсотні полаўцаў і яцвягаў, узброеных суліцамі, і столькі ж абаронцаў Варуты разам з Курылам Валуном і графам Удам і правялі турнір. Стэпавікі пусцілі стрэлы, яцвягі кінулі суліцы і рогціцы, але шкоды нікому не прычынілі — засланіліся варутчане шчытамі. Потым усе сталі паўкругам, а на сярэдзіну выбіліся яцвяжскі князь Борут і Курыла Валун. Борут быў у яцвягаў кобнікам, у шуме ветру і лесу чуў голас багоў. Калі іхнія разгарачаныя коні наблізіліся, Борут пагрозна закруціў вялізнымі чорнымі вачамі, нібы хацеў пракалоць імі Курылу, і дзіка адчайна закрычаў, аж вушы заклала ўсім ад такога нечаканага крыку. Але Курылу Валуна кобнік не змог напалохаць. Малады асілак, калі і баяўся каго, дык толькі бога. У час жа гэтага двубою ён справядліва лічыў, што бог будзе на ягоным баку, бо не ён, Курыла, першы напаў на яцвяжскую зямлю, не з-за яго пачала ліцца кроў.
Больш за ўсіх хваляваўся меднік Бачыла. Нават прысеў на кукішкі і трымцеў увесь, як восеньская павуціна пад ветрам.
— Давай, Курыла, — шаптаў ён. — Давай, мацачок.
І кожнаму, хто быў побач, хто падварочваўся пад руку, расказваў:
— Ен жа такі здаровы, такі магутны. Як ехалі з Ваўкавыйска да Новагародка, масты пад ім правальваліся ў рэкі.
Нялёгка даводзілася Курылу Валуну. Борут увесь час то выкрыкваў, то шаптаў нейкія нікому не зразумелыя словы. І амаль заўсёды Курылаў конь пачынаў палахліва ржаць, а колькі разоў нават спатыкнуўся на роўным месцы. Хоць ты ў лоб трэсні гэтаму каню.
— Давай, хлапчыска, — паўтараў між тым Бачыла, замілавана гледзячы на свайго малодшага сябра.
— Ах ты, кляча, — раззлаваўся нарэшце на каня Курыла Валун. Ен зразумеў, што чары яцвяга-кобніка могуць, калі не адказваць хітрасцю на хітрасць, перамагчы ягоную, Курылаву, сілу. І тады Валун рэзка развярнуў свайго каня, паставіў яго так, каб сонца свяціла ў вочы. Сонца было хоць і восеньскае, бляклае, але конь адразу адчуў сябе весялей, бо на нейкі міг злавесны вастраносы твар кобніка растварыўся ў жаўтлявых промнях.
Курыла Валун, весела гігікнуўшы, ірвануўся да Борута і адным ударам свайго магутнага жалезнага кія раструшчыў чэрап. Кобнік толькі паспеў аслабела саўгануць суліцай і злёгку ўспароў Курылу скуру на левым прадплеччы.
— Кобнікава сіла не ўсясільная! Высунуў язык кобнік! — закрычаў меднік Бачыла і пачаў абдымаць і цалаваць Курылу Валуна.
Двубой скончыўся. Разам з ім скончылася вайна. Даніла і Васілька павялі свае раці ад Варуты. Яцвягі з вялікім плачам павезлі на чорных конях цела Борута ў наднараўскія пушчы, каб там аддаць яго агню па звычаях продкаў.
Вайна, зразумела, скончылася не з-за таго, што Борут спусціў дух, а Курыла Валун нанёс удалы ўдар, хоць Бачыла так і лічыў і ўсюды і ўсім расказваў пра гэта, не забываючы ў патрэбным месцы падхваліць самога сябе. Але ж на тое ён і Бачыла, красамовец. Так ужо спрадвеку павялося на зямлі: старцы-жабракі песні гудуць, а красамоўцы красамоўства вядуць. Знямога наступіла з абодвух бакоў, вось і патухла вайна. А яшчэ папа гразіў з Рыма адлучыць князёў Данілу і Міндоўга ад апостальскай апекі, бо ад яго ж, ад папы, каралеўскія кароны атрымалі, каталіцкімі вялікасцямі зрабіліся. А яшчэ вельмі добра памятаў Даніла Галіцкі, як ён, найславуты рускі князь, пакорліва прыехаў да хана Батыя, піў у ягоным шатры мярзотны кумыс, чорнае малако з-пад кабылы і, зашчаміўшы на самае дно душы гнеў і крыўду, стаяў на каленях. Татары, як лебяда і крапіва, незлічона пасеяліся з таго часу амаль на ўсёй рускай зямлі, і адно выратаванне ад іх на сённяшні дзень — баявы саюз Літвы і Белай Русі. Кунігасу ж Міндоўгу было яшчэ цяжэй. Зноў узнялі галаву ягоныя супляменнікі, гатовы хоць зараз адкалоцца. Вось-вось трэсне валуновы падмурак дзяржавы, і зноў — замятня, кроў, бясконцыя сечы… Не, толькі не гэта. Ен стаміўся ўжо ад злога віхурнага жыцця, калі спіш і не ведаеш, ці прачнешся. «Не плач па парасятах, калі свінню смаляць», — чуў ён аднойчы. Словы запалі ў памяць. Якраз падаспеў такі час, які не любіць слёз, які вымагае рашучага беспамылковага дзеяння.
Адразу ж аб'явіў кунігас, што аддае сваю дачку Рамуне за Шварна Данілавіча. Аб'явіў таксама, што Новагародкам і ўсімі прылеглымі землямі будзе валодаць з гэтага часу сын ягоны Войшалк, ён жа, Міндоўг, застанецца панаваць у карэннай Літве і ўсходняй Жамойці. Частку жамойтаў на рацэ Дубісе разам з іхнімі нівамі, жонкамі і дзецьмі адпісаў кунігас у якасці даннікаў і канакормцаў епіскапу Хрысціяну, што павінен быў прыехаць з Прусіі. Жамойты за вернасць архіепіскапу адказвалі, як было дамоўлена, рукой і шыяй. Архіепіскапу аддавалася права суда за разбой на дарогах.
Усё гэта вельмі не спадабалася жамойтам. «Не рашай за нас, — сказалі іхнія пасланцы Міндоўгу. — Калі твая галава такая разумная, ідзі ў лес і ўсунь яе ў пашчу свайму Жэрнасу. Ды навошта хадзіць у лес? Няхай Казлейка адгрызе табе галаву. Ен добра ўмее рабіць такое». А яшчэ назвалі жамойты кунігаса, пэўна, наслухаўшыся лацінскіх святароў, Ірадам Іерусалімскім і Неронам Рымскім. І хоць веяла ім у твары спусташальнае дыханне смерці, адважна сказалі ўсё гэта пасланцы.
Злы быў Міндоўг. Якраз у той час пасярод самай зімы дождж вялікі паліў, і страшэнная пасля каўзота надарылася. Чалавечыя трупы вытавалі са снегу ў навакольных лясах, смярдзелі. Шмат тады варуцкіх псоў сшалела, коней і людзей кусалі, пакуль самі не падохлі.
Жамойцкіх пасланцоў за іхнюю нечуваную дзёрзкасць забілі мачугамі, а кунігас моцна задумаўся. Пра Казлейку думаў ён, пра ягоную прапанову. Прыйшоў неяк у нумас Казлейка, як заўжды, ціхі, пакорлівы, звышадданы, і сказаў, што бяда смяротная пагражае дзяржаве. А каб не ўпілася ў сэрца зубамі тая бяда, патрэбна з кожных дванаццаці дзяцей мужчынскага полу аднаго прыносіць у ахвяру багам. «Але гэта — вяртанне ў дзікунства», — запярэчыў кунігас. «На дванаццаць мужчын абавязкова нараджаецца адзін здраднік, — цвёрда сказаў Казлейка. — Зірні, мой кунігас, і ўбачыш — здрада ў кожным кутку пляце свае сеці. Трэба быць жорсткімі, бо жыццё — жорсткая справа». — «Але хто ж вызначыць, які з немаўлят стане здраднікам?» — «Давер гэта мне. Я вызначу, — заззяў вачамі Казлейка. — Каго — у раку, каго — у кошык і на самы верх дрэва прывяжам. Птушкі або маланкі абавязкова знойдуць». — «А як з жанчынамі быць? — разгубіўшыся, запытаў Міндоўг. — Жанчына дзяржаве не здрадзіць. Яна, як хвост, ідзе за мужчынам».
Не згадзіўся тады Міндоўг («Я — не Ірад!»), але абяцаў падумаць. Калі верны Казлейка пайшоў, кунігас загадаў прынесці збан мёду і свой любімы чырвона-фіялетавы распісаны золатам кубак. З Візантыі прывезлі кубак. Раскрылены кіпцюрысты арол быў намаляваны на ім. Ашчаднымі маленькімі глыткамі піў кунігас мёд і думаў пра Казлейку. Гэты не здрадзіць. Яго, вядома, не любяць, але ён — самы найверны. Вернасць жа — сонца, якое дужа ярка свеціць. Не ўсім падабаецца залішняя яркасць.
А назаўтра Лінгевін з узброенай вартаю прывёў да Міндоўга Казлейку і манаха Сіверта, якія былі звязаны адной вяроўкай. У Казлейкі ў дадатак да ўсяго быў разбіты, расквашаны нос. Міндоўг не паверыў сваім вачам.