154426.fb2
— Ад мух не адцерабіцца, — нібы пажаліўся ён. — А ты, княжыч, не сярдуй. Кажу табе так, бо моцную душу ў табе бачу, крамянёвую, жалезную. Вялікі лёс табе наканаваны. Праз усё ты пройдзеш, усяго паспытаеш. І радасць напаткаеш, і боль, і здраду. Памятай, што жыццё — пастаянная здрада. Вечар здраджвае раніцы, стары чалавек здраджвае самому сабе, які калісьці быў маленькім. Такую мудрасць я ад Крыва-Крывейты пачуў. І ты яе запомні.
— Бог забраў у яго розум, — сцішэлым голасам сказаў Някрас Далібору. Але Далібор прагна слухаў словы вешчуна.
— Скажы, а што мне наканавана? — спытаў ён, пранізліва гледзячы на Валасача.
— Галаву тваю ў княжай шапцы бачу, — цвёрда адказаў вяшчун. — Наваградак у вялікай сіле і ў вялікай славе бачу. Дзяржаву магутную бачу, якую з попелу і крыві ўзнімеш, выпестуеш ты і твае аднадушнікі.
Вочы ў вешчуна натхнёна заблішчалі, шчокі запунсавелі. Ен свідраваў княжычаў сваім позіркам, палохаў і адначасна прыцягваў да сябе, як бы накідваючы на іх нябачнае сіло.
У гэты час пачулася парыпванне колаў, і ўсе трое ўбачылі вазок з лубяным верхам. Невялікі, але моцнаногі конік, махаючы хвастом, жвава бег па зялёнай лугавіне. Мухі дапякалі коніку, сонца смаліла з вышыні. Возчык, пад'ехаўшы да княжычаў і Валасача, зняў з галавы сплеценую з чароту і сасновых карэньчыкаў круглую шапку, пакланіўся.
— А дзе Іван? — строга запытаў у яго Валасач.
— Іван загадаў перадаць, што хапае яму таўкоты і без цябе, — не міргнуўшы вокам, адказаў возчык, які аказаўся светлавалосым хлапчуком з вясёлымі вачамі.— Іван загадаў завезці цябе на Цёмную гару. Я дапамагу табе сесці.
Ен саскочыў з вазка.
— Памажы, памажы, — лагодна згадзіўся Валасач. Ужо седзячы на вазку, вяшчун прамовіў, пазіраючы на княжычаў:
— Рознымі дарогамі пойдзеце вы, браты. Гуляйце, баўцеся ў залатым малалецтве вашым, пакуль не развяло назаўсёды жыццё. Ці задумваліся вы, чаму рэкі цякуць у розныя моры? Чаму Нёман бяжыць да варагаў, а Дняпро да грэкаў? Не ведаеце? Так і яно. А ты, княжыч Далібор, прыйдзі да мяне на Цёмную гару. Слова хачу табе сказаць.
— Якое слова? — запытаў Далібор.
— Тое слова гаворыцца з вока на вока, пры святым агні, пад зялёным дубам. Толькі табе і небу можна пачуць яго.
— Вурдалачына стары, — не вытрымаў Някрас. — Не чакай, ніхто да цябе не пойдзе. Быў бы я новагародскім князем, ляжаць табе ў Нёмане з булыгай на шыі.
— Золата плавіцца агнём, а чалавек няшчасцем, — адказаў яму вяшчун. — Таму ты і не князь, а толькі княжыч. І заўсёды будзеш ім. Есць вялікія мужы, такія, як твой князь-бацька, міласнік Ізяслаў, а ёсць мышва, што круціцца, пішчыць у мужоў пад нагамі. Запомні гэта.
Валасач узяў у хлапчука-возчыка з рук хварасціну, шлегануў каня, і вазок, парыпваючы і пагрукваючы, пакаціўся па зялёнай лугавіне. Раз'ятраны Някрас ірвануўся быў следам, але Далібор прытрымаў яго за плячук. Новагародскія княжычы стаялі і глядзелі, як узбіваецца з-пад конскіх капытоў жоўты пылок, як падскоквае вазок, як падскокваюць разам з ім дзве спіны і дзве галавы. Адна спіна была вузкая, хлапчукоўская, пругкая, як малады зялёны парастак, другая, Валасачова, шырэйшая, але старая: сонцаварот-другі — і сагнецца ў крук.
На дзядзінцы княжычаў ужо чакаў лях Костка. Гэтага ляха вывеў з палонам з Мазавецкай зямлі Ізяслаў Новагародскі, калі разам з галічанамі і Міндоўгам хадзіў на мазавецкага князя Канрада. Добрым рыдзелем5 быў у сябе на радзіме Костка, у апошняй сваёй сечы з новагараджанамі паклаў чацвярых вояў, разваліўшы іх сякераю ад ключыцы да сцягна, але ляснулі булавою яму па галаве, разбілі жалезную шапку, і ўпаў харобры лях, каб ачомацца ўжо з дубовай калодкай на шыі. Да скону веку насіць яму на смуглым ілбе буйную сіняватую зорку, след таго страшнага ўдару. Князь Ізяслаў упадабаў палонніка, загадаў зняць з яго калодку, наблізіў да сябе і нават зрабіў настаўнікам сваіх сыноў. Пасля сямі гадоў няволі па хрысціянскаму звычаю хацеў адпусціць ляха ў Мазовію, але Костка адказаў, што нікога ў яго на белым свеце няма і да самай смерці сваёй будзе жыць ён у Новагародку. І яшчэ сказаў, што не сумна будзе яму ляжаць у гэтай зямлі, бо ў будучым завалодаюць ёю ляхі. Смяяліся новагараджане на такія словы, але Костка быў упарты, цвердзіў, што ў сне пачуў такое прароцтва ад свайго ляшскага бога.
Пад прыглядам Косткі княжычы скінулі з сябе кашулі, потым чаляднікі нацёрлі ім спіны і грудзі ваўчыным і барсуковым салам, каб цела было слізкае, каб меч не так чапляўся за яго. Костка даў ім невялікія круглыя шчыты, даў драўляныя мячы, для схову галавы загадаў надзець лёгкія, сплеценыя з жалезнага дроту, шапкі. Чаляднікі засыпалі круг дзесяць на дзесяць сажняў жоўтым рачным пяском, прывезеным з Нёмана. Наўкол гэтага рысталішча сабраліся княжыя баяры. Наперадзе ўсіх стаяў князь Ізяслаў.
Костка аб'явіў, што будзе біцца супраць княжычаў, таксама распрануўся да голага цела, узяў драўляны меч. Вырашылі біцца да чырвонага рубца, бо сінякі сапраўдны вой не павінен нават заўважаць. Трохі збоку чакалі свайго часу зялейнікі з прымочкамі, націраннямі і белымі ручнікамі ў руках.
Князь Ізяслаў пляснуў у ладкі, і бой пачаўся. Далібор з Някрасам, як галодныя ваўчаняты, рынуліся на ляха. Замільгалі мячы. Захрабусцеў пясок, і ўзвіўся пыл. Костка са спакойнай усмешкай на твары адбіў першы наскок-наступ княжычаў, вёртка ўхіліўся ад іхніх мячоў, сваім дастаў-такі, пекануў Някраса па плечуку. Той сашчаміў зубы, але нават не зморшчыўся, бо ўсе баяры і сам бацька глядзелі на яго, а яшчэ таму, што мужчына павінен вучыцца цярпець боль.
— Горкі корань у вучэння, ды салодкія плады, — паблажліва сказаў лях Някрасу і ледзь паспеў вывернуцца з-пад магутнага ўдару, які нанёс Далібор.
— Бі лацінніка! — выгукнуў нехта з зялейнікаў, што цярпліва чакалі свайго часу.
— У яго ўжо лыткі трасуцца, — здзекліва дадаў другі.
Князь Ізяслаў гнеўна зірнуў на зялейнікаў, і яны адразу ж прыкусілі языкі.
— Пакажыце, сыны, на што вы здатныя, — ціхім голасам прамовіў князь.
Княжычы пачулі бацьку і патроілі свой напор. Ды Костка быў дужа вёрткі. Цяжка было дастаць ягонае смуглае цела, на якім сінелі старыя рассечыны ад мячоў. Засланіўшыся шчытом і мячом, праходзіў, прасвідроўваўся ён, як яшчарка праз пясок, між княжычамі. Сам жа біць шкадаваў. Някрас, зразумеўшы гэта, закрычаў:
— Ты што нас гладзіш, лях?! Дай мне толькі дабрацца да цябе!
Занадта нецярплівым ва ўсіх сваіх справах і парываннях быў малодшы княжыч, і гэта не раз, як кажуць смерды, бокам яму вылазіла. «Часта будзе ў цябе, сын мой, чуб надзёрты», — гаварыў Някрасу князь-бацька, але і любіў за такую гарачку.
Сонца ў гэты самы міг прашыла промнямі лахманок хмаркі, што вісеў над Новагародкам. Мяккім жаўтавата-шэрым святлом заліўся пясок рысталішча, і Далібору падалося, быццам не на пяску б'юцца яны, а таўкуцца па самыя костачкі ног у густым мёдзе. Расказваў нядаўна бацька, як знайшлі ў пушчы смерда, што палез выдзіраць дупло і па самы пояс уваліўся ў пчаліны мёд. Карачун быў бы смерду, ды, на ягонае шчасце, надарыўся побач мядзведзь і за каршэнь выцягнуў недарэку з мёду. Хлусіў хітры смерд ці казаў праўду — невядома. Адно ісцінна — шмат, вельмі шмат мёду ў вакольных лясах, а дзе мёд, там і сіла.
Улучыўшы момант, з усяго маху ўдарыў Далібор Костку па драцяной шапцы і, здаецца, прыглушыў ляха. Потым ударыў яшчэ, яшчэ, з большай сілаю, з гарачай злосцю, якая нечакана ўспыхнула ў душы.
— Так яму! — заенчыў Някрас і сваім мячом дастаў настаўніка. Лях не на жарт раззлаваўся.
— Абоіх вас за пояс запхну, — прыжмурыўшы калючыя вочы, сурова сказаў ён Някрасу, але ў гэты час князь Ізяслаў махнуў рукой у скураной пальчатцы. Паядынак скончыўся. Усе зашумелі, пачалі віншаваць княжычаў.
— Ёмка я ляха мячом хапіў,— хваліўся Някрас. Далібор жа падышоў да Косткі, моўчкі глядзеў, як завіхаюцца каля яго зялейнікі.
— Ты хват, княжыч, — усміхаючыся, сказаў Далібору Костка. — А твой брат, прабач мне грэшнаму, ні пес, ні выдра6.
Гаворачы гэта, ён прыцішыў голас, каб не пачуў ніхто, акрамя Далібора.
Чаляднікі змылі з княжычаў і Косткі бруд і пот, насуха выцерлі іх калянымі ручнікамі. Потым прынеслі з пограба бярозавіку з мёдам у гліняных размалёваных брацінах. Добра пілося, добра адчуваўся порсткі дрогкі бег крыві па ўсім целе.
— Княжычаў Глеба і Нікадзіма князь Ізяслаў да сябе кліча, — абвясціў, нізка пакланіўшыся, надворны хлапчук-халоп.
Яны шпарка пайшлі да бацькі, бо не любіў новагародскі князь ні запрашаць, ні загадваць двойчы. Стомленыя, з яшчэ макраватымі валасамі, спыніліся яны на парозе княжай святліцы. Ізяслаў сядзеў, як грузная птушка на гняздзе, на дубовай лаве. На ім была толькі белая нацельная кашуля. Срэбны крыжык свяціўся ў паўзмроку на пукатых грудзях. Увайшоўшы з двара, дзе ззяла сонца, княжычы нейкі час не маглі разабрацца, лагодны ці злосны твар у бацькі. Цёмнымі плямамі бачыліся ягоныя вочы.
— Секліся з ляхам нядрэнна, — пахваліў сыноў Ізяслаў.— Не шкадуйце сіл, вучыцеся ў ляха, бо мячом князь моцны. Гніце свой малады хрыбетнік сёння, каб заўтра ўсе перад вамі гнуліся. Будзе ў вас усё: і срэбра, і дружына, і жонка, аддадзеная богам у вашы рукі, але будзе гэта ўсё, калі не хірлякамі станеце, а храбрымі воямі.
Ізяслаў узняўся з лавы, упрытык падышоў да сыноў. Яны ўбачылі, які ў яго стомлены, быццам падталы твар. А кроплю часу назад, на двары паміж баярамі і купцамі, бацька быў такі вясёлы, рухавы, глядзеўся такім зухам, аж вачэй нельга было адвесці. Значыць, расслабіўся перад сынамі, распусціў вузел на душы, каб трошкі вальней дыхнуць. Далібору зрабілася шкада бацьку, але гэту сваю шкадобу ён не выдаў ніводным рухам, ніводным словам. Князёў не шкадуюць. Гэта тое самае, што шкадаваць неба альбо маланку на небе.
Ізяслаў тройчы пляснуў у ладкі, і ў святліцу адразу ж увайшоў перапалоханы рудабароды чаляднік.
— Прынясі мапу7,— загадаў князь.
Чаляднік пакланіўся і як вокам міргнуць разам са сваім напарнікам прынёс у святліцу вялікую мапу, намаляваную яркімі фарбамі на шчыльнютка збітых белых дубовых дошках. Мапу паклалі на стол. Рэкі на ёй былі адзначаны бліскучым срэбным дротам, азёры і Варажскае мора выкладзены сінім шклом. Далібор з Някрасам уперылі прагныя позіркі на мапу, як галодныя на ежу. Рэдка, дужа рэдка паказваў каму-небудзь князь Ізяслаў Новагародскі сваю прыгажуню, змайстраваную купцамі і зал атарамі з вакольнага горада.
— Вось наш Новагародак! — захоплена ўсклікнуў Далібор. — А вось Нёман!
— Каб бог пажадаў зрабіць вас птушкамі, сыны мае, — паважна, усміхаючыся ў вусы, сказаў Ізяслаў,— і каб вы маглі ўзляцець над цвердзю зямною, з-пад воблакаў, зверху, вы б убачылі такое. Вось наша Новагародская зямля. Бачыце? Як круглы войскі шчыт, абпалены ў сечах, ляжыць яна між суседніх земляў і народаў. Вось Нальшанская зямля. Вось Дзятлава. А вось край жамойтаў — Каршува, Княтува…
Доўгім смуглым пальцам, на якім ззяў залаты пярсцёнак з густа-зялёным каменьчыкам-гарошынкай, ён паказаў сынам землі жамойтаў.
— А вось тут літва Міндоўгава сядзіць. Як клін, уразаецца яна між намі і Менскім княствам. Даўным-даўно, калі нашы прыснапамятныя прадзеды, крывічы з дрыгавічамі, прыйшлі сюды, каб закласці Новагародак, яны сустрэліся з літвою, пасуседзіліся з ёй, рассяліліся тут. Потым частка іх пайшла далей, на Рубон, які цяпер завецца Дзвіною, абцякаючы з усіх бакоў Літву. Так вясновая вада абцякае камень, абцякае востраў. Я сам не бачыў, але ваявода Хвал расказваў мне, што, калі ён з нашым пасольствам ездзіў да ўладзіміра-суздальскіх князёў, сустрэўся ім народ голядзь, што такім самым востравам ці клінам сядзіць на рацэ Паротве, якая ўпадае ў Маскву-раку. Голядзь і літва з аднаго кораня выраслі.
Князь Ізяслаў уважліва паглядзеў на сыноў. Яны слухалі не дыхаючы.
— А на захад сонца ад Новагародка ляжаць нашы гарады: Услонім, Ваўкавыйск, Здзітаў… Далей за імі ў пушчах жывуць яцвягі, за яцвягамі — прусы, шматлікі і ваяўнічы народ. Прускія землі, Памязанія, Вармія, Самбія раскінуліся да Варажскага мора і да Віслы. Шмат у іх сваіх багоў. А адным з самых магутных багоў яны лічаць лес. Яны кажуць: «Лес — гэта калыска народа».