154426.fb2 Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 40

Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 40

— Што гэта? — накінуўся ён на Лінгевіна.

— Кунігас, — расцягваючы, смакуючы словы, спакойна адказаў той, — няхай гэтыя псы, — ён тыцнуў пальцам у Казлейку і Сіверта, што бездапаможна стаялі на каленях, — падзякуюць мне. Я выратаваў ім жыццё. Я вырваў іх з рук жрацоў і ўсяго народа.

Міндоўг няўцямна пазіраў то на Лінгевіна, то на Казлейку і манаха.

— Ноччу яны хацелі (страшна нават прамовіць!) патушыць святы Зніч, — сурова сказаў Лінгевін і ўдарыў нагой Казлейку. Той не зморшчыўся ад удару, матлянуў галавой.

— Патушыць Зніч? Ты, пэўна, звар'яцеў,— сціснуў кулакі Міндоўг. — Патушыць святы агонь, які запалілі нашы продкі, які павінен гарэць вечна. Ты звар'яцеў. Хіба можна нават падумаць пра такое?

— Казлейку можна, — з радасна-здзеклівым, як падалося кунігасу, бляскам у вачах сказаў Лінгевін. — Ды спытай у яго сам.

Міндоўг люта прыкусіў губу, звузіў чорна-зялёныя вочы, потым шалёна тупнуў нагой, закрычаў на людзей Лінгевіна:

— Вон адсюль!

Варту як бурай выдзьмула.

— Ці не сон гэта, мой верны Казлейка? — пацішэлым і, здавалася, лагодным голасам спытаў кунігас. Ен спыніўся насупраць Казлейкі, глядзеў на яго задумліва і выпрабавальна.

— Тое, што чалавек бачыў ува сне, нават самае жорсткае, самае такое, да чаго ніколі не дабярэшся розумам, абавязкова было або будзе з некім у зямным жыцці,— пакорліва адказаў Казлейка.

Кроў цякла з разбітага носа. Ен сёрбаў носам, але кроў не выціраў, і невялічкая бліскучая лужынка цёпла свяцілася на падлозе. «Вось якая ў яго кроў,— раптам падумаў Міндоўг. — Я ніколі не бачыў ягонай крыві. Густая, цёмная…»

— Выйдзі вон, — раптам загадаў ён Лінгевіну. Той разгублена лыпнуў вачамі, хацеў нешта сказаць, ды словы нібы прыліплі да гартані. Калі зачыніліся дзверы за Лінгевінам, кунігас прысеў на кукішкі побач з Казлейкам, пранізліва глянуў яму ў твар.

— Як ты даўмеўся да такога? Можа, ты і праўда звар'яцеў? Я паклічу зялейнікаў-лекараў.

Ен устаў, узяў у руку срэбны званец.

— Не трэба, вялікі кунігас, — цяжка ўздыхнуў Казлейка. — Мой розум, як чыстая незамутненая крыніца.

— Дык тады звар'яцеў я, — са злосцю сказаў Міндоўг, — бо нічога не магу зразумець. Навошта табе было гэта? Навошта ты пайшоў да святога Зніча з лацінянінам?

Ен закрычаў, аж пасінелі шчокі:

— Адказвай, пёс! Адказвай, бо зараз кат усе твае косці паставіць дыбарам!

— Для цябе рабіў усё, для тваёй моцы і славы, — ціха выдыхнуў Казлейка. — Мы сустрэліся з манахам Сівертам, духоўнікам княгіні Марты, і адначасова голас нябесны пачулі. І казаў гэты голас з нябёсаў, што смерць пагражае і дзяржаве, і табе, вялікі кунігас, і сынам тваім. А каб адолець немінучую смерць і разарэнне, трэба зрабіць такое, чаго яшчэ ніхто не рабіў. Трэба прынесці нечуваную на нашай зямлі ахвяру. «Якую? — пачалі думаць мы. — Спаліць чалавека або каня? Забіць раба ці рабыню? Ссекчы святое дрэва?» Рабілася ўжо ўсё гэта раней, бачылі такое багі і нябёсы.

— Але пры чым тут манах-нямчын? — рэзка перапыніў яго Міндоўг. — Ен жа не верыць Пяркунасу.

— Я веру Хрысту, як верыш яму і ты, вялікі кароль, — сціпла ўставіў сваё слова Сіверт. — Памятаеш, як хрысцілі цябе ў Новагародку? Сышлося столькі народу, што епіскап са сваім клірам вымушаны быў чыніць святое набажэнства за гарадскім валам, у чыстым полі.

Міндоўг люта пекануў па ім чорна-зялёнымі вачамі, але стрымаўся, загадаў Казлейку:

— Гавары.

— Я надумаў тады прынесці ў ахвяру сябе самога, — стоячы на каленях, зноў пачаў спавядацца Казлейка. — Але што маё нікчэмнае жыццё? Каму яно патрэбна? Багам? Ці я ўзыду на ахвярнае вогнішча, ці кінуць туды пазалеташнюю сухую сцяблінку — адно і тое ж. Калі б я ведаў, што мая смерць — яшчэ адзін дыямент у тваю карону, я з радасцю згараў бы кожны дзень.

Ен усхліпнуў. Светлай слязою залілося вока.

— Гавары, — не адрываў ад яго позірку Міндоўг.

— Думалі мы з манахам Сівертам і так, і гэтак. А вайна ўжо грукалася ў варуцкую браму. І хоць розум мой маленькі, з камарову лытку, усе ночы не спаў я і думаў, думаў… Ахвяра павінна была быць нечуванай і нечаканай. Самым святым, свяцейшым за жыццё, трэба было ахвяраваць. І нарэшце я надумаўся. Я адразу ж пайшоў да манаха, хоць вісела над Варутаю глухая ноч, і, баючыся, што кожнае імгненне можа ўдарыць у мой кашчунны рот нябеснай стралой Пяркунас, расказаў яму ўсё. Мы вырашылі на міг, толькі на кароткі міг прытушыць Зніч. Такое, як мне было вядома, яшчэ ніколі не рабілася на нашай зямлі. Пакуль святы агонь не гарэў, манах тройчы прачытаў малітву, прасіў хрысціянскага бога, каб ён даў табе поўную і канчатковую перамогу над ворагамі тваімі.

— Але я вымушаны ўзяць за такое нечуванае святатацтва жыццё ў цябе і ў нямчына, — сурова прамовіў Міндоўг.

— Бяры. Маё жыццё належыць табе, — хуценька сказаў Казлейка і дадаў: — Пяро сагнулася б ад жалю, каб хто мог апісаць тое, што мы нацярпеліся ў гэту ноч.

— А ты чаго маўчыш? — спытаў кунігас у Сіверта. — І навошта ты, чужаземец, улез у такое? Няўжо ў княгіні Марты было нясмачнае піва?

Манах з годнасцю паглядзеў на кунігаса, сказаў:

— Папа, беручы цябе і тваю дзяржаву пад сваю апеку, хацеў, каб ты і твой народ былі хрышчаныя і жылі вольна. Ен быў упэўнены, што каралеўская карона ўзвысіць Літву між суседзямі.

Такія непалахлівыя словы спадабаліся кунігасу. Але ён гнеўна зламаў цёмнае густое брыво, са злосцю выдыхнуў:

— Дык і мячы тэўтонцаў і лівонцаў, што п'юць нашу кроў, таксама, як і маю карону, асвяціў папа. Хіба думаюць людзі пра мурашак і чарвякоў, пра тое, як ім жывецца? Мы для Рыма — чарвякі і мурашкі.

— Не, — смела адказаў дамініканец.

У гэты час цэлая бура чалавечых галасоў пачулася знадворку. Нешта затрашчала і зазвінела. Спалоханы Лінгевін прачыніў дзверы.

— Што там? — злосна спытаў Міндоўг.

— Вайдэлоткі прывялі народ. Аднаго майго чалавека раздзёрлі на шматкі. Сам бачыў, як шпурнулі на зямлю руку… Яны патрабуюць, каб ты аддаў Казлейку і манаха.

— Зніч! — ляцела знадварку. — Зніч!

Казлейка пабялеў, з адчаем глядзеў на кунігаса.

Сіверт, заплюшчыўшы вочы, шаптаў малітву.

— Хацеў па лязе мяча прайсці, вось і пройдзеш, — суха сказаў Казлейку Міндоўг.

— За цябе гіну, вялікі кунігас, — аддана прамовіў той. Крыкі вакол нумаса ўзмацніліся. Здавалася, яшчэ трошкі — і рухнуць сцены. Міндоўг стаяў з апушчанай галавой, нібы нахіліў галаву насустрач ветру.

— Вялікі кунігас, дазволь вока на вока сказаць табе адно слова, — папрасіў Казлейка.

— Скажы.

Яны адышліся за велізарную цёмна-рыжую тураву шкуру, што звісала з-пад самай столі, хвалямі кладучыся на падлогу. На нейкі час дамініканец застаўся адзін. Ен напружана прыслухоўваўся да дзікіх крыкаў, якімі поўнілася ноч. На буйным, нібы конскім, твары беглі блуклівыя цені. Было такое ўражанне, што ён адначасна плача і смяецца. Частае сіплаватае дыханне вырывалася з ноздраў, парослых жорсткімі кусцістымі валасамі, прычым правая наздрына была большай за левую. Але правільна кажуць людзі: «Перад смерцю не надыхаешся». І таму Сіверт стараўся заспакоіць дыханне, заганяў яго ўглыб, а сам няспынна хрысціўся.

З-за полага выйшлі Міндоўг з Казлейкам. І адразу ж зноў прачыніў дзверы, уваткнуў у святліцу галаву Лінгевін, чакаючы слоў, якія скажа кунігас.

— Аб'яві ўсім, што заўтра Казлейка і нямчын памруць на ахвярным вогнішчы, — цвёрдым голасам прамовіў кунігас.

Лінгевін згодна кіўнуў галавой і не ўтрымаўся — радасць успыхнула ў вачах.