154426.fb2
Потым грымнуў дзвярыма і ўжо там, на вуліцы, нешта закрычаў раз'юшанаму натоўпу.
— Вось і ўсё, — ціха сказаў сам сабе Сіверт. — Я заўсёды помніў, што вяршыня — апошні крок перад спускам.
На ноч іх зачынілі ў халоднай каморы, дзе агідна пахла мышамі і павуціннем. Праз свіны пузыр, якім было зацягнута малюсенькае акенца, манах убачыў раптам поўню, нават не поўню, а тупое мёртвае святло ад яе. Падумалася, што зараз яна плыве і над Ліёнам і над Рымам, толькі больш яркая, больш вясёлая. Сіверт гаротна ўздыхнуў, абшчапіў далонямі лоб. Вельмі не хацелася паміраць. Ен, вядома ж, быў упэўнены, што адразу з дыму і пякучых іскраў паганскага вогнішча патрапіць у рай, але была нейкая незразумелая грахоўная шкадоба да свайго цела, якога ўжо заўтра не будзе. Нездарма апостал Павел сказаў: «Не ўсякая плоць такая ж плоць, але розная плоць у чалавекаў, розная ў скаціны».
Перад самым сном іх накармілі. Ахоўнік прынёс хлеба са смажаным мясам і па кубку халоднай, аж калола ў зубах, вады. Казлейка за ўвесь гэты час не вымавіў ні слова, не дакрануўся да ежы. Клубком ляжаў на падлозе каля сцяны і, здавалася, спаў. Сіверт жа паеў, папіў вады, сказаў пранікнёным голасам, падбадзёрваючы Казлейку:
— Мацуйся вераю, мой брат па смяротнай пакуце. Ен хацеў гаварыць далей, бо ласкавае слова і косць ломіць, але з цемры нечакана пачулася лёгкае храпенне. «Дзікун! Паганец! — аж узвілося ўсё ў душы ў манаха. — Перад самай смерцю спіць як дубовае палена!»
Халодныя слёзы накаціліся на вочы. Дрогкімі пальцамі пачаў гладзіць дамініканец шчокі, губы, лоб, развітваючыся са сваёй плоццю. І адразу ж даў сабе зарок, што, як бы цяжка і балюча ні было заўтра, будзе тварыць святую малітву, цярпець, трымаць слязу на сэрцы.
Раніцой сонца хлынула ў іхнюю змрочную цэлю. «Хрыстос памятае пра мяне!» — адразу акрыяў душой Сіверт. Забыўшыся на ўчарашнюю злосць, ён усміхнуўся Казлейку. Той быў зеленавата-сіні з твару, увесь час моршчыўся і ўздыхаў. Было відно, што вельмі баіцца ён вогнішча. Пот ручайкамі бег па скронях, рукі і вусны дрыжалі. Няўцямна пазіраў ён на каменныя, чорныя ад сырасці сцены каморы, на Сіверта і, не прамаўляючы ні слова, узбуджана соп носам. «Ды ён звар'яцеў ад жаху, — раптам здагадаўся манах. — Бог адабраў у яго мову».
Дамініканец пачаў асяняць няшчаснага Казлейку святым крыжам. На дне кубка засталося крышачку вады. Сіверт падаў кубак Казлейку. Той з прагнасцю выпіў усё і заплакаў.
Манах, як мог, суцяшаў вар'ята, аж пакуль за імі не прыйшлі. Радасны Лінгевін, што ўваліўся ў камору з дзесяткам вояў, схапіў Казлейку за каршэнь, з насалодай выкінуў за дзверы, каб весці на вогнішча. Казлейка заверашчаў, быццам яго рэзалі, і ўсе, апроч Сіверта, засмяяліся.
Каля велікакняскага церама было шумна і людна. Амаль уся Варута збеглася сюды, каб убачыць, як павядуць на смерць тых, хто надумаўся патушыць святы Зніч. Дзеці шпурлялі гразёю ў Казлейку і Сіверта, дарослыя, асабліва жанчыны, плявалі на іх.
«Навошта я згадзіўся ісці той ноччу на капішча, каб тушыць іхні агонь? — спустошана думаў дамініканец, крочачы поруч з Казлейкам. — Зацьменне найшло… Сядзеў бы зараз у пакоях каралевы Марты і чытаў ёй святое пісанне. Але, пэўна, так патрэбна Хрысту, бо ён, толькі ён, наш нябесны ойча, кіруе сваімі служкамі і мудра вучыць іх. Прыйдзе час, калі на ўсім божым свеце патухне апошняе паганскае вогнішча. Я веру, што мяне чакае нябесны вянец, бо я дапамагаў тушыць д'ябальскі агонь».
Падмацаваўшы душу такою развагаю, Сіверт павярнуў галаву, каб зірнуць на свайго суседа па смяротнай дарозе, і як абухом ударылі яго па цемені, як гарачай паходняй тыцнулі ў самыя вочы — ён раптам здагадаўся: чалавек, што ідзе побач з ім, не Казлейка! Манаху аж перахапіла дыханне і рубам паставіла ў роце язык ад гэтага нечаканага адкрыцця. Ен аж спыніўся, але ў плечы стукнулі дрэўкам кап'я, і ён зноў пайшоў. Гэта быў не Казлейка. Гэта быў, як дзве кроплі вады, падобны на яго двайнік, але нямы, можа, нават без'языкі. І твар, і вочы, і скуру, і паставу меў невядомец, як у Казлейкі. Але не было ледзь прыкметных дзвюх радзімак, што павінны сядзець ніжэй левага вуха. Гэтыя радзімкі дужа добра запомніў Сіверт, бо, упершыню ўбачыўшы іх, падумаў: «Няйначай, д'ябал ушчыкнуў паганца жалезнай дзюбаю». Радзімак не было.
«Што ж гэта такое? — захлынуўся вялікай роспаччу дамініканец. — Мяне цягнуць да вогнішча, а Казлейка, зачыншчык і падбухторшчык, адкруціўся ад смерці, падсунуўшы замест сябе нямога дурня. Ды, відаць, гэтаму нямку проста выдзерлі язык перад пакараннем, каб не пачаў верашчаць і, раскрыўшы таямніцу, не ўвёў у шаленства народ».
Адразу стала зразумелая Сіверту ўчарашняя перамова Казлейкі з Міндоўгам. Стала зразумелым і тое, што Казлейка не выпіў ні кроплі вады. Пэўна, у ваду ўсыпалі соннага зелля. Ен, Сіверт, выжлукціў увесь кубак і заснуў, а ў гэты час у камору прывялі ілжэ-Казлейку.
— Хачу бачыць Міндоўга! Паклічце вялікага кунігаса! — прарэзліва закрычаў Сіверт, адчуваючы, як залівае душу мярзотны халодны страх. А некалі ж ён казаў сваім вучням і ўсім, хто хацеў яго слухаць: «Трэба выгадаваць народ, які не баіцца смерці». І яшчэ ён казаў: «Мы на зямлі толькі госці. Лепш смутак, чым радасць, бо сэрца смуткуе і ў радасці». Усё гэта імгненна вылецела з памяці, бо за некалькі дзесяткаў крокаў ужо бачыліся сцірты дроў, дзе неўзабаве закіпяць, забушуюць іскрыстым гарачым полымем два вялікія вогнішчы — адно для ілжэ-Казлейкі, другое для яго, Сіверта.
— Паклічце сюды Міндоўга! — крычаў, умольваў манах, але ніхто яго не слухаў.
Радасныя варутчане гатовы былі танцаваць і спяваць, загадзя смакуючы тыя пакуты, якімі пакарае Пяркунас лютых ворагаў святога Зніча. Асабліва здзекаваліся над Казлейкам, над тым няшчасным, хто лічыўся Казлейкам.
— Табе ўкоціцца ў вуха гарачы вугольчык, — паказваючы яму языкі, смяяліся падшыванцы-малалеткі.
— Ты зашыпіш на агні, быццам рыбіна, — пагрозна сказала бяззубая старая. — Памятаеш, як плакаў пад рукамі тваіх катаў мой сын Пірагас?
Набліжаўся канец зямнога шляху. Іх паставілі каля ўкапаных у зямлю слупоў, прывязалі, па самы пояс пачалі старанна абкладваць дрывамі, шышкамі, мохам і сухой бяростай. Сіверт ужо змірыўся са смерцю.
— Падобна авечцы, што доўга па пустыні блукала і знайшла нарэшце сваю аўчарню, вяртаюся я, о непагаслы Хрыстосе, з грэшнай зямлі на тваё святое неба, — шаптаў манах.
Побач, за некалькі крокаў ад яго, нешта бубніў, біўся галавою аб слуп ілжэ-Казлейка.
— Язык ад страху адкусіў,— кпілі варутчане.
І тут Сіверт убачыў апошнюю сваю надзею на гэтым свеце — саксонскага графа Уда. Рудавалосая галава графа круглелася ў натоўпе між цёмнавалосых і белавалосых літоўскіх галоў, як сонца між хмар.
— Граф Уда! Хрысціяннейшы рыцар! — закрычаў манах. — На цябе — усё маё маленне! Вызвалі з д'ябальскіх рук! Папрасі кунігаса, каб дараваў мне маю неразумнасць! Як суайчынніка і як хрысціяніна імем чысцейшай дзевы Марыі заклінаю цябе!
Уда нешта крыкнуў у адказ, падняў руку ў пальчатцы. І ў гэты міг падпалілі сцірту дроў, якой быў абкладзены ілжэ-Казлейка. Бедалага завыў ад болю, затрашчалі ягоныя валасы. Гарачыня ад вогнішча была такая моцная, што пачало прыпякаць і Сіверту.
— Гэта — не Казлейка! — узвысіў голас манах. — Нявіннага губіце!
— Пачакай, зараз мы і цябе паказычам, — весела паабяцалі яму.
Дамініканец зразумеў, што яго лічаць за вар'ята, бо хто ж, апроч Казлейкі, ненавіснага ўсім, курчыцца на вогнішчы, а лацінянін крычыць, што гэта не Казлейка.
— Адпусці ім, божа, грахі іхнія, — прачула сказаў Сіверт, рыхтуючыся памерці.
Раптам непадалёку ад сябе ён убачыў Морыца. Той з жахам глядзеў на яго і плакаў. Гэта расчуліла манаха. Знайшлася ўсё-ткі ў паганскім вэрхале жывая душа, якая шчыра спачувае яму. Сіверт куточкамі сухіх вуснаў усміхнуўся свайму служку.
— Вялікі кунігас Міндоўг даруе жыццё лаціняніну! — калі ўжо ішлі да Сіверта з галавешкаю, раскаціўся над людскімі галовамі зычны голас Лінгевіна.
Амаль усе прысутныя сустрэлі такую навіну крыкамі абурэння і гневу.
«Няўжо я буду жыць?» — падумалася манаху, і ён страціў прытомнасць.
Варута, як і ўся Новагародска-Літоўская зямля, адбілася ад нападу. У сваю чаргу Міндоўг, сабраўшы вялікую сілу, разам з Войшалкам і Даліборам, разам з Ізяславам Свіслацкім, які прызнаў нарэшце верхавенства кунігаса, уварваўся ў Жамойту і асадзіў галоўны горад свайго ворага Выканта Цвірамець. Але з наскоку ўзяць горад не ўдалося. Акрамя народнага апалчэння жамойтаў Цвірамець баранілі палавецкія і прускія атрады, якія былі падручнымі ў князя Данілы Галіцкага. Полаўцы, што некалі трымалі ў страху Русь і лічыліся ўладарамі паўднёвага стэпу, уцяклі, як суркі і дрофы, ад грознай татарскай конніцы, развеяліся па свеце. Частка пайшла на паклон да ўгорскага караля Бэлы, частка прыбегла да князя Данілы.
Сядміцу стаяла войска Літвы і Новагародка пад сценамі Цвірамеця. Некалькі разоў, то ўдзень, то ўначы, хадзілі на прыступ, але агонь, камяні і кіпецень ляцелі на галовы. Пад Міндоўгам забіла каня буйным амаль пудовым каменем-галышом. Самога ж кунігаса дзеўбанула ў левую руку палавецкая страла. Выпаліўшы ўсё наваколле, сагнаўшы ў гурты палонных і жывёлу, адступілі ад Цвірамеця, хоць кунігас у найвялікшым гневе скрыгатаў зубамі.
Пад Цвірамецем, як, зрэшты, і пад Варутаю, асабліва вызначыўся Курыла Валун. У час першай сечы, калі вываліліся з брамы Цвірамеця густыя натоўпы жамойтаў-пешцаў, Курыла адважна ўрэзаўся ў іх і адразу праламаў, прабіў дарогу ў чалавечай сцяне. Затрашчалі, пакаціліся ва ўсе бакі жамойцкія павескі72. Пешцы, ратуючыся ад Курылавага молата і каня, пачалі скакаць у роў. Шмат хто захлынуўся ў смярдзючай гнілой вадзе.
Меднік Бачыла стараўся быць усюды побач з маладым асілкам. Паступова ён зрабіўся як бы Курылавым збраяносцам, але нядобразычліўцы смяяліся, што ў час бою палахлівы меднік проста хаваецца за ягонымі шырокімі плячамі. «Прыляпіўся да Курылы, як муха да вала», — кпілі яны, ды ганарысты Бачыла пускаў міма вушэй такія кпіны.
— Вось і скончылася вайна, — сказаў Бачыла Курылу Валуну, калі новагародска-літоўскія раці адыходзілі ад Цвірамеця. — Што цяпер будзеш рабіць, Курыла? Ты ж хваліўся, што ў законнікі73 хочаш падацца.
— Хваліўся, ды перахваліўся, — весела прамовіў Курыла. — Есць у Новагародку адна дужа прыгожая залатарова дачка. Хачу на яе глянуць і нешта ёй шапнуць на вушка.
— А як дзеткі запішчаць, што будзеш рабіць? — не адставаў Бачыла.
— Пасаджу ў рэшата і панясу на торжышча прадаваць.
Жарты жартамі, а Курыла Валун, якому амаль кожную ноч пачала сніцца Лукера, цвёрда вырашыў адшукаць яе, спадабацца ёй і, вядома ж, добра накухталяць княскаму дружынніку, каб не валачыўся, як хвост, за дзяўчынай. Аб усім гэтым Курыла чыстасардэчна расказаў медніку.
— Прыліпнеш ты, братка, да бабы і згубіш усю сваю сілу, — уздыхнуў Бачыла. — Але гэта — збожная справа. Калі пачалі дзеўкі сніцца, трэба лавіць і мацаць гэтых дзевак. Я, праўда, як маладзёнам быў, не бегаў за сваёй будучай жонкаю. Яна сама за мной бегала.
— Ды ну? — навастрыў вушы Курыла.
— Бегала. І нават след мой выкапала.
— След? А навошта?
— Каб укахаць мяне ў сябе. Падпільнавала, як ішоў я па дарозе пасля дажджу, і выкапала мой след. А потым след гэты — у гаршчок і кветкі там пасадзіла. Шмат кветак было. І сінія, і ружовыя, і чырвоныя… Кожны дзянёк палівала кветкі нёманскай вадою, пра мяне думала і святыя малітвы тварыла.
— Ну, і ўкахаўся ты ў яе? — аж кончык языка прыкусіў ад цікаўнасці Курыла Валун.