154426.fb2
— Пусці,— закрыла твар далонямі, папрасіла дзяўчына. Але голас быў радасны.
— Не пушчу. Табе белыя ножкі шанаваць трэба. Мацней трымайся за грыву.
І Курыла Валун ударыў каня.
— Куды ты?! — заверашчаў услед Бачыла. — Князь гневацца будзе!
Ды наравісты свавольнік, нават не зірнуўшы на разгубленага медніка, пад'ехаў да ваўкавыйскага князя, пакланіўся яму ў пояс, гучным голасам сказаў:
— Князь Глеб, дазволь адлучыцца. Спраўна служыў я табе і яшчэ служыць буду, але сёння ёсць у мяне адна задума.
Далібор у гэты час размаўляў з манахам Сівертам. Дамініканец падышоў сам, пачаў гаварыць пра мясцовых багоў і мясцовыя звычаі. Даводзілася толькі дзівіцца, як хутка нямчын навучыўся тутэйшай мове. І вось тут, як мядзведзь у чарот, уламаўся ў іхнюю гаворку Курыла Валун. Далібор сярдзіта хмыкнуў, пагрозна звёў бровы.
— Хто тут князь?
— Ты — князь, — яшчэ раз пакланіўся Курыла. — Але дазволь мне паехаць зараз у Новагародак. А праз ноч я ў Ваўкавыйску буду.
Далібор уважліва паглядзеў на Лукеру. Успомнілася, як ішла яна па дарозе з прыгожым вянком на галаве. Запытаў:
— І ты хочаш з ім ехаць?
— Хоча, — хуценька адказаў Курыла Валун. Сама Лукера маўчала. Вочы былі радасныя.
— Едзь. Ад цябе ўсё роўна не адцярэбішся, — дазволіў князь і павярнуўся да Сіверта, каб весці далей гаворку.
Яны паехалі з Цёмнай гары. Навокал шумеў лес, паважна стаялі густа налітыя здароўем і спакоем дубы.
— Адкуль у цябе на руцэ гэткі рубец? — асмялеўшы, спытала Лукера.
Курыла Валун весела засмяяўся.
— Дзік ікламі хапянуў. Дык я забіў таго дзіка, пас у яго са спіны выкраіў і перавязаў рану. Зажыла. У мяне ўсе раны хутка зажываюць.
— А шмат у цябе іх? — лёгка ўздрыгнула Лукера.
— Не лічыў.
Нябесная святлынь там, дзе сонца ўпала за лясы, яшчэ жыла, пералівалася ўсімі сакавітымі фарбамі, але паступова браў неба і зямлю ў сваю абладу халаднаваты змрок. Пудліва фыркаў конь, яго палохалі цені, што пачалі залягаць між дрэў. Лукера гладзіла конскую шыю. Курыла Валун маўчаў.
— Гэта да цябе ходзіць княжы дружыннік Вель? — раптам запытаў ён.
— Да мяне, — ціха прамовіла Лукера і дадала: — Хадзіў…
— А табе не казалі, што ён твайго брата купца Алехну разам з іншымі браталюбамі княжым людзям выдаў, рукі ў іхняй крыві замачыў?
— Я не ведала, — усхліпнула дзяўчына. — Далібог не ведала…
— Ен віжавое78 ў князя ўзяў,— злосна выдыхнуў Курыла Валун.
Далей ехалі моўчкі. Гэтых кароткіх нялёгкіх слоў хапіла на тое, каб Лукера ўся сцялася ў камяк і, быццам пудлівая вавёрыца, сядзела паперадзе Курылы. Сам жа Валун адчуваў незвычайную прыкрасць, гнеў на сябе, языкатага і дурнога. Навошта ён загаварыў пра Веля? Рэўнасць загаварыла? Але чаму тады не дастала розуму, каб наогул не чапляцца да гэтай Лукеры, не хадзіць да бярозы, з якой ужо нехта цадзіў сок? Салодкага захацелася, захацелася мёрзлага ў пятроўку? Моташна было на сэрцы, хоць за калена сябе ўкусі.
Шумны цёмны лес махаў незлічонымі тысячамі сваіх галін, нешта спяваў, нешта праклінаў, а над нечым смяяўся. Смала і мох, птушынае дупло і мядзведзеў бярлог, спарахнелы выварацень, які здаваўся чалавекам, чарот на чорных балотах, тлусты барсук у сухой пясчанай нары, ручаёк, што бліскучай срэбнай ніткай шыўся праз траву, — усё засынала пад гэты шум і спяванне.
Курыла Валун, левай рукой трымаючы повад, правай пяшчотна, але цвёрда ўзважыў у далоні Лукерыны грудзі. Потым пачаў цалаваць у шыю, у валасы, якія казытліва пахлі спелымі цёплымі суніцамі. Лукера павярнулася да яго тварам, і ён у густой лясной цемры ўбачыў на нейкі міг (а мо гэта толькі падалося?), як пырскнулі з вачэй у дзяўчыны залатыя дробныя іскрынкі. Вусны іхнія сустрэліся, зліліся. Так зліваецца нагрэтая сонцам хваля з мяккім азёрным берагам. Лукера ўсім сваім наструненым маладым целам падатна прыгарнулася да Курылы Валуна, і ён адчуў, як нясцерпна закіпвае кроў, як узлётвае, быццам зрабілася крылатым, сэрца.
Конь адразу ўлавіў, як памякчэла, а потым і зусім аслабела гаспадарова рука. Такое ўжо бывала, раз ці два, калі ў час двубою гаспадар атрымліваў цяжкую рану і, глуха войкнуўшы, выпускаў повад. Але зараз было не тое. Зараз разам з гаспадаром ехала жанчына, яны аб нечым гаварылі, потым шапталі, а потым уздрыгнула і бязвольна кінула повад цяжкая і бязлітасная ў сечы рука. Разумная жывёліна зрабіла яшчэ некалькі крокаў і спынілася. Шумеў лес. З блізкай цемры востра свяціліся яркія кроплі і кропачкі. Калі войскі конь быў зусім дурным і маленькім сысунком, ён, упершыню ўбачыўшы такое, заржаў і прыціснуўся да цёплага матчынага боку — падалося, што гэта злавесна блішчаць ваўчыныя вочы. Але зараз, пастарэўшы і памудрэўшы, ён пачаў спакойна скубці халодную траву, бо хіба можна баяцца трэсачак-гнілушак, якія некалі былі жывым дрэвам, а потым дрэва ўпала ад ветру ці ад старэчай немачы, спарахнела, рассыпалася на друз, і гэты нікчэмны друз чамусьці засвяціўся.
Гаспадар і жанчына, зрабіўшыся нібы адной істотаю, мякка саслізгнулі з сядла ў траву, у змрок. Зноў пачалі аб нечым шаптацца, потым заціхлі, і толькі чулася гарачае і частае дыханне.
Конь адышоўся ад іх на некалькі крокаў, стаў. Буйныя іскрыстыя зоркі гарэлі ў чорным небе. Мноства хмар бегла над лесам. Адна, белая і мяккая, была вельмі падобна на ягоную маці, кабылу Снягурку. Нават бачыўся доўгі віхурысты хвост, расчасаны нябесным ветрам. Конь узняў галаву, і святло зорак мільготна ўспыхнула ў цёмных сумных вачах. Конь слаба і жалобна заржаў, нібы паскардзіўся.
— Цішэй ты, — загадаў з цемры Курыла Валун, і конь адразу змоўк.
— Добры ў цябе конік, — лашчачыся да Курылы, зашаптала Лукера.
Яны зноў аддаліся каханню.
— Забі яго… Не даруй яму, — раптам страсна прамовіла дзяўчына.
— Каго забіць? — не зразумеў, не здагадаўся Курыла Валун.
— Забі Веля… Як удаў птушанём, так ён маёй душой валодаў…
Лукера пякучым доўгім пацалункам прыпала да ягоных цвёрдых вуснаў, а потым несуцешна заплакала.
Назаўтра ў Новагародку да Курылы Валуна прыбілася сотні тры-чатыры рукадзельных людзей, карабельшчыкаў з Нёмана, лайбы і плыты ў якіх пасеклі тэўтонцы ў Гіліі79, раздзетых і разутых вайной смердаў, нейкіх лютых на крык галодных валачаяў. Яны раз'ятрана ўварваліся з вакольнага горада на дзядзінец, пачалі крышыць і паліць усё, што траплялася пад руку. Слуг князя Войшалка, якія надумалі супраціўляцца, пабілі і, пабітых, павязаўшы за ногі, коньмі зацягнулі аж у Нёман.
— Князь Войшалк звар'яцеў! — крычалі яны. — Новагародак ён аддаў галічанам, а сам пабег на Афон, на Святую гару, каб там замуравацца ў пячоры! Хочам князем Глеба Ваўкавыйскага!
Пажары былі ў вакольным горадзе. Там можна было ўбачыць нязвычнае. Дзяўчаты і маладзіцы, ратуючы ад пажару жытло, галяком выскоквалі на двор, са збанам малака ў руках тройчы аббягалі свой дом, а потым лілі малако ў агонь. Гэткім чынам хацелі ўлагодзіць уладара агню Жыжаля. Але ці мала было малака, ці не захацеў прыняць Жыжаль ахвяру, а толькі выгарала, зеўрала велізарным чорным пісягом амаль палова ўсіх будынін.
З падземнай вязніцы вызваліў Курыла Валун браталюба Алехну, на ўласных плячах вынес пад няяркае зімовае сонца.
— Сняжок, — як дзіця, узрадаваўся Алехна, убачыўшы тонкі белы кілім, што засцілаў зямлю, дрэвы і дахі. Дрогкай, амаль празрыстай далонню ён нашкроб са сцяны жменьку сырога снегу, пачаў нюхаць яго, а потым прагна есці, нібыта быў гэта дзіва які смачны заморскі прысмак.
Прыбегла Лукера, пачала цалаваць брата. Прыклыпаў з вакольнага горада стары, ужо зусім сівы залатар Іван. Пабачыў прыніжэнне і горкую бядоту свайго любімага сына, былога прыгажуна і разумніка, бяссільна заплакаў і меў, калі пільна прыгледзецца, асалоду ад такіх слёз.
— Не плач, бацька, — усміхнуўся старому Алехна. — Бачыш, я жывы. І галаву маю не адгрызлі ў падзямеллі пацукі.
Ен, пахістваючыся, устаў на ногі, крыкнуў аслабелым голасам:
— Новагараджане! Людзі! Вось і зноў я бачу вас. Каб вы ведалі, якая гэта радасць для мяне.
Яму далі вялікі чарналакавы канфар80. Браталюб дробнымі глыткамі піў віно. Ружавелі шчокі. Іскрыліся вочы.
— Не ідзіце пад валынян і галічан, бо яны ўжо самі татарскія рабы, — гаварыў Алехна. — З Літвою будзьце. Толькі так захаваеце свой дом і сваю душу.