154426.fb2
— Есць Міндоўг.
— Есць князь Глеб Ваўкавыйскі,— рэзка перапыніў браталюба Курыла Валун і дадаў са шкадаваннем: — Дарэмна я цябе выпусціў на белы свет з-пад зямлі.
Ды Алехна не пачуў, а можа, зрабіў выгляд, што не пачуў Курылавых слоў. Воля, віно і белы снег, што сляпіў вочы, зрабілі немагчымае — браталюб уваскрэс проста на вачах. Побач былі сястра і бацька, побач і вакол яго быў Новагародак, спалены, пакалечаны, але, як заўсёды, нязломны, за плячамі засталіся агідныя мярзотныя сцены вязніцы, і Алехна, шырэючы ў плячах, нібы вырастаючы над натоўпам, натхнёна гаварыў:
— Магутную дзяржаву бачу. Сваімі шчытамі яна заслоніць вас і вашых дзяцей ад чужынцаў. Нібы чароўны кубак святой Ядвігі, дзяржава гэта ператворыць гнілую ваду паражэнняў у салодкае віно перамог. Веру, што не выведзецца наш корань і не загіне наш род. Новагараджане! Людзі! Дапамажыце мне сесці на каня, і ўсе, хто хоча, ідзіце за мной. Я пакажу вам тое, што вы павінны ўбачыць, калі жадаеце жыцця і працвітання Новагародку.
Курыла Валун у вялікім здзіўленні слухаў палкія словы браталюба. За што толькі душа ў целе трымаецца, а бач яго, як загаварыў.
Падвялі каня, пасадзілі Алехну, і, абточаны з усіх бакоў вялікім шумлівым натоўпам, ён накіраваўся з дзядзінца на вакольны горад. «Нібы князь едзе», — раздражнёна думаў Курыла Валун. Але, ловячы шчаслівы позірк Лукеры, адчуваючы ўсеагульнае ўзрушэнне народу, харобры асілак абачліва маўчаў, ехаў следам за браталюбам. Раптам у мільгатні людскіх твараў Курыла Валун прыкмеціў таго, каго менш за ўсё можна было чакаць у такім месцы — княскага дружынніка Веля. Той выторкваў галаву з натоўпу, прагна глядзеў на Лукеру.
— Стой! — закрычаў Курыла Валун. — Стой, выжаль заечы81!
Ад грамавітага поклічу ўздрыгнулі ўсе, хто быў непадалёку ад Курылы, і шмат каму падумалася, што так раве мядзведзь, паранены стралой у самае вока.
— Стой! — зноў крыкнуў Курыла.
Толькі адзін Вель здагадаўся, каму пасылае свае гнеўныя словы чалавек-вежа, і, вядома ж, не стаяў на месцы. Ен ірвануўся праз натоўп, локцямі і кулакамі прабіваючы сабе дарогу.
Курыла Валун зразумеў, што на кані не вельмі разгонішся ў такім цясноцці, саскочыў з сядла і пабег за Велем. Ногі ў Курылы былі даўжэйшыя, паветра ў грудзі ён набіраў больш. Але Веля ратаваў жах. «Дагоніць — у адзін міг косці разбярэ», — думаў дружыннік пра Курылу Валуна і бег, джгаў з усіх сіл. Ды вельмі хутка стаміўся. Якраз на дарозе ўстала толькі што пабудаваная каменная вежа. Высячыся з паўночнага боку дзядзінца, яна як бы збірала ў адзін кулак увесь новагародскі земляны вал. Доўга не раздумваючы, Вель сігануў у вежу, пабег па дубовых прыступках на верхні ярус. Чамусьці падалося, што Курыла Валун не захоча дзерціся следам і шукаць яго там. Усюды ляжалі падрыхтаваныя для адбіцця варожай аблогі кучы камянёў, агромністыя бярвенні-каткі, якія кідаюць на галовы непрыяцеляў у час штурму. Вель узляцеў на самы верх, затаіўся. Сэрца трапятала, білася ў грудзях, як злоўленая ў цянёты перапёлка. Знізу цяжка забухалі частыя рашучыя крокі — Курыла Валун бег следам. Вель у смяротнай тузе глянуў праз вузкую байніцу. Зямля, пабеленая снегам, была далёка — не скокнеш, быццам кот з дрэва. Тады Вель схапіў халодны камень-галыш, уплішчыўся ў няроўную шурпатую сцяну вежы, перастаў дыхаць. Калі расчырванелы і ўпараны Курыла Валун, здзьмухваючы з вусоў гарошынкі поту, вытыркнуўся на верхні ярус, Вель гопнуў яго каменем па галаве. Ен біў у скронь, уклаў ва ўдар усю сілу, але круглы слізкі галыш крутнуўся ў самы апошні міг у руцэ. Вось чаму Курыла Валун устояў на нагах, толькі заматаў галавой. Тоненькі цурок чырвонай крыві пырснуў на зледзянелыя дубовыя дошкі.
— Ах ты, аторва смярдзючая, — сказаў Курыла Валун, плюнуў і схапіў Веля за глотку.
Дружыннік малаціў яго кулакамі па галаве, драпаў шчокі, але не слабелі жалезныя абцугі пальцаў, і нарэшче Вель, млява кіхнуўшы, аддаў богу душу. Курыла Валун, цяжка дыхаючы, наскроб са сцен вежы снегу, вымыў рукі і твар. Потым падышоў да байніцы, зірнуў уніз. Чорная людская ручаіна цякла з дзядзінца.
Алехна прывёў натоўп у вакольны горад на бацькаву сядзібу. Жвава кульнуўся з каня, пайшоў па хрусткім снезе разам з Лукерай да паўзямлянкі, якая тулілася за домам. Такіх паўзямлянак з печамі-каменкамі нямала было ў вакольным горадзе.
— Кандрат, адчыняй, — гучна сказаў Алехна і грукнуў у нізкія цёмныя дзверы дубовай калатушкай, што вісела на вузкім рэмені.
— Які Кандрат? — захваляваўся, зашумеў натоўп. — Няўжо Алехнаў прадзед? Дык казалі ж, што ён даўным-даўно на Афон пайшоў.
Колькі часу ні гуку не даносілася з паўзямлянкі. Быццам там усе вымерлі ці наогул ніхто ніколі не жыў. Ужо некаторыя з натоўпу, кпліва пасміхваючыся, пачалі адыходзіць з залатаровай сядзібы.
— Зжыў Алехна розум у княскай вязніцы, — казалі амаль усе, прытым казалі тыя, хто шчыра любіў Алехну і браталюбаў.
Тады і Лукера грымнула ў дзверы калатушкай. На гэты раз у паўзямлянцы як бы нешта зашамацела, скрыгочучы, адчыніўся знутры засоў, і на парозе ўстаў высокі і шыракаплечы стары з белай і пушыстай, як снежны сумёт, барадой. На ім быў скураны дзе-нідзе прапалены фартух. Яркімі блакітнымі вачамі ён прыязна глядзеў на людзей.
— Куеш, дзед Кандрат? — спытаў Алехна, абняўшы старога.
— А як жа? Кую, — адказаў Кандрат.
Убачыўшы Лукеру, паяснеў тварам, радасна заўсміхаўся, пачаў гладзіць ёй валасы доўгімі цвёрдымі пальцамі. Тут толькі самыя мазгавітыя з новагараджан здагадаліся, што на сядзібе залатара Івана і ягонага сына Алехны ўвесь гэты час працавала патаемная коўніца, у якой стары Кандрат («Бяссмертны Кандрат!» — выгукнуў нехта з захапленнем) выштукоўваў жалезныя жалуды.
— Пакуль бог душу не возьме, буду рабіць святую справу, — паказваючы поўную жменю такіх жалудоў, бачачы, што ўсе дужа задаволены яго работаю, казаў стары. — У мяне быў памочнік, малалетак Грышка. Ды збег ад смуроду і агню. І зараз я адзін тут жыву. Крычнае жалеза рыхтую ў дымарцы, па каменных формачках яго разліваю, а потым даводжу на шпараку82 і тачыле.
А па сядзібе, па ўсёй вуліцы ўжо неслася:
— Бяссмертны Кандрат!
— Бяссмертны Кандрат!
Белабароды стары чуў гэтыя воклічы, усміхаўся, гаварыў, нібы сам сабе:
— Бог працу любіць, вось я і стараюся. Але ведайце, людзі,— як будучай вясною з зямлі малады колас выплыве, памру я. Цела ўжо не хоча насіць душу.
— Бяссмертны Кандрат! — насуперак яго словам крычалі новагараджане.
Усцешаны стары тройчы пакланіўся ім да самай зямлі. Лукера цалавала ягоныя рукі, на вачах ззялі слёзы.
Раптам з натоўпу выбег цёмнавалосы гіжлівы83 хлапчук, стаў побач з Лукерай.
— Грышка, дзе ты быў? — радасна здзівіўся Кандрат.
— За Нёман хадзіў,— звонкім голасам прамовіў хлапчук. — Не памірай, дзед Кандрат. Я табе зноў дапамагаць буду, вучыцца ў цябе буду.
— Добра, Грышка, добра… Не стану ўвесну паміраць, — усхвалявана казаў стары Кандрат, і ў сініх вачах нібы ўспыхнула па сонейку. — Разам будзем каваць жалезныя жалуды.
Ен узяў Грышку за руку, прытуліў да сябе. Так і стаялі яны, стары і хлапчук, а народ усё крычаў:
— Бяссмертны Кандрат!
І ніхто з новагараджан не ўспамінаў або стараўся не ўспамінаць пра забітых Войшалкавых служак, трупы якіх кінулі пад лёд на Нёмане. Яшчэ некалькі дзён назад за такі дзёрзкі ўчынак ракой магла б паліцца кроў і не адна галава развітацца з плячамі. Але Войшалка ўжо не было ў Новагародку. Зняўшы багаты княскі ўбор, апрануўшы грубы дарожны плашч, разам са жменькаю верных людзей пакіраваўся ён у Палонінскі манастыр да святога айца архімандрыта Грыгорыя. Па дарозе былога новагародскага князя перастрэў з дружынаю князь Глеб Ваўкавыйскі. Яны зайшлі ў паходны шацёр і ўсю ноч прагаварылі — вока на вока, душа на душу. Яны даўно былі братанічамі, яшчэ з той далёкай зімовай ночы, калі пакляліся адзін аднаму ў дружбе і вернасці крывёю і нёманскай вадой, і не было між імі ніякіх таямніцаў.
— Што ты надумаў, князь? — горача і ўсхвалявана запытаў Далібор. — Манахам хочаш стаць? Але навошта?
— Дзяржаву хачу ўратаваць, — строга адказаў Войшалк. — І ты, як сын русінскай зямлі, дапаможаш мне. Ты ж цвёрда верыш, што, толькі з'яднаўшыся ў адно, Новагародская зямля і Літва змогуць выжыць?
— Веру. Цвёрда веру.
— Я так і думаў. Дзякуй табе, князь. Войшалк паклаў Далібору на плячо руку.
— Але для таго, каб жыла і мацнела дзяржава, патрэбна, каб ззяў над ёй і над усімі яе сынамі адзіны бог. Пакуль жа Літва паганская, а Новагародак праваслаўны. Думаю я пашукаць у Палонінскім і Афонскім манастырах руплівых мудрых манахаў і перапісчыкаў пергаменаў, прывезці іх у наш край і на Нёмане між Новагародскай зямлёй і Літвой збудаваць святую абіцель. З яе пойдзе ва ўсе куткі дзяржавы святло хрысціянскай веры, бо будуць там дзённа і ношчна працаваць святары і летапісцы.
— Летапісцы? — узгарэўся Далібор.
— Так. Нельга народу жыць без сваіх летапісцаў. Гэта — што вясна без птушак і ручаёў.
Яны памаўчалі. Біўся ў тонкае палатно шатра вецер.
— Цяжкія часы давядзецца нам перажыць, — сказаў Далібор. — Купцы з поўдня прыходзяць і гавораць, што татарскі цемнік Бурундай збірае незлічоныя раці, каб ударыць па Літве і Новагародку. Татар у стэпах, як саранчы.
— Вось чаму і шукаю я саюзу з галіцкімі і валынскімі князямі, вось чаму і аддаю новагародскі сталец Раману Данілавічу, — у глыбокім роздуме прамовіў Войшалк, і сум чуўся ў ягоным голасе. — Народ крычыць, што я звар'яцеў. Калі-нікалі (павер мне, князь Далібор) лепш звар'яцець, чым быць разумным. Але, як ты бачыш, я не вар'ят. Дзеля нашай дзяржавы, дзеля яе адной працую і пакутую. Сёння нам трэба вывесці з гульні галічан, улагодзіць іх, мець іх за саюзнікаў супраць татар, каб заўтра зноў моцна стаць на ногі. Вось чаму сястра мая любімая Рамуне паехала жонкаю да Шварна Данілавіча ў Холм.
— Як яна там? — міжволі вырвалася ў Далібора. Войшалк уважліва зірнуў на яго, адказаў:
— Плача.