154426.fb2 Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 46

Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 46

— Навошта бязрукую сілу на нашай зямлі плодзіш? Навошта адцяў дзясніцу Курылу Валуну?

— Курыла — бязбожны таць, — адказаў Далібор. — Ен зваяваў, папляжыў лепшых людзей князя Войшалка.

— Гэтай рукі табе некалі не хопіць, — прамовіў Бяссмертны Кандрат і нахіліўся над сваім варштатам.

VIII

У лета 6768-е84 ад сатварэння свету брацці-рыцары вырашылі канчаткова расправіцца з непакорнай Жамойцкі, крывёй тубыльцаў патушыць пажар паўстання, які бушаваў там ужо некалькі гадоў. Жамойты, спадзяючыся на дапамогу Міндоўга, выбівалі рыцарскія гарнізоны з гарадоў і замкаў. Кожны рыцарскі замак яны называлі «гняздом ворана» і знішчалі яго дашчэнту, да голай зямлі. На вачах Ордэн траціў усё заваяванае. Як набыта махам, дык і пайшло прахам. З такім ходам падзей рыцары, вядома ж, не хацелі мірыцца. Неабходна было высока ўзняць сцяг тэўтонцаў, на якім у чорным крыжы горда ззяў залаты іерусалімскі крыж. Гэты залаты крыж быў салодкім напамінкам аб пераможных бітвах супраць сарацынаў у Палесціне і Сірыі. Перабраўшыся на ўзбярэжжа Балтыйскага мора, тэўтонцы не забывалі Усход, калыску свайго баявога юнацтва, і ўсе замкі ў Прусіі і Лівоніі ўпрыгожвалі арабскім арнаментам і нізкімі парталамі. Быў вельмі пашыраны «сум па Усходу». Пад шум халодных лясоў, пад рыпенне пяску ў мокрых ад бясконцых дажджоў дзюнах рыцары марылі пра чарнавокіх смуглых прыгажунь, пра серныя лазні і срэбныя кубкі з віном, пра турніры. Зямлю, залітую бязмежна шчодрым сонечным святлом, сустракалі яны ў сваіх снах. Гэта быў калі не рай, дык месца за некалькі крокаў ад раю. Але, прачнуўшыся, тэўтонцы бачылі вакол сябе непакорны светлавокі і светлавалосы народ, садзіліся ў сядло, і зноў пачыналася бітва, якая расцягнулася не на адно дзесяцігоддзе. Калі ж закончыцца гэта знясільваючая бітва? Калі можна будзе ўкласці меч у похвы і, адзеўшы на галаву вянок з духмяных каляровых кветак, паслухаць звонкагалосых вагантаў, што спяваюць пра каханне? Рыцары вырашылі нанесці апошні і самы сакрушальны ўдар. Перад гэтым на Нёмане яны збудавалі крэпасць Георгенбург, каб адсекчы Жамойць і Прусію ад Літвы. Якраз узбунтаваліся куршы. Рыцарскі атрад, які пайшоў на іх, быў разбіты. Гэта паражэнне ўскалыхнула земгалаў. Іхні старэйшына Шабіс пачаў з вялікай лютасцю бурыць рыцарскія замкі, вешаць комтураў. «Годзе!» — як агульны ўскрык, як стогн самой дзевы Марыі, прагучала між лівонцаў і тэўтонцаў. Яны з'ехаліся ў Кёнігсбергу і дамовіліся неадкладна трубіць паход. Лівонскіх рыцараў вёў магістр Бургхард фон Гарнгузен, прускіх крыжакоў — ордэнскі маршалак Генрых Ботэль, атрад датчан з Рэвеля — герцаг Карл. Гэта было ядро войска, няўтрымны камень, што, грозна грукочучы, каціўся па схіле гары. Як наліпае снег на камень, так наліплі на рыцарскае войска, прыбіліся да яго шматлікія дапаможныя атрады хрышчаных ліваў, эстаў і куршаў. Вось якая сіла прыйшла ў рух, і нішто ўжо не магло выратаваць Жамойць. Нават калі б усе яе мужчыны, ад млекасосцаў, што плачуць у калысках, да сляпых дзядоў, узялі ў рукі зброю, яе б усё роўна растаптаў жалезны чаравік.

У гэты самы час пасланец ад Крыве-Крывейты, загнаўшы двух коней, прымчаўся ў Варуту, упаў на калені перад Міндоўгам і выдыхнуў чорнымі патрэсканымі ад спёкі і цяжкай дарогі губамі:

— Ратуй, вялікі кунігас! Ратуй не мяне і не сябе — ратуй Радзіму!

Міндоўг не спаў перад гэтым дзве ці тры ночы, быў як у ліхаманцы. На левым воку агідна трымцела павека, як трымціць у голым лесе асінавы ліст. Чорныя цені ляжалі на запалых шчоках. Кунігас глуха кашляў, са злосцю глядзеў на пасланца. А той, не ўстаючы з каленяў, казаў адрывіста і адчайна:

— Клянуся Пяркунасам і крывёй сваёй мацеры: я лепш памру ў тваім нумасе, чым даведаюся, што ты не павядзеш войска на дапамогу братам-жамойтам.

Кунігас пагрозна маўчаў. І маўчаў увесь ягоны палац. Маўчала Варута. Тады пасланец раскрывяніў сабе вострай ракавінай кауры, якую выхапіў з-за пазухі, твар, упаў ніцма і заенчыў:

— Запаліце святое вогнішча! Кіньце мяне ў тое вогнішча! Я не хачу бачыць здрадніка!

Страшна было чуць такое. Упершыню тут, у варуцкім палацы, чалавечыя вусны асмеліліся назваць вялікага кунігаса здраднікам.

— Маўчы, бенкарт85! Маўчы, злога ложа сын! — грозна крыкнуў Міндоўг.

Але пасланец Крыве-Крывейты, пэўна, страціў ужо і развагу і розум. Ен густа размазаў па твары кроў, узняўся на ногі. Раз'юшаны і чырванатвары, пырскаючы слінай, ён казаў проста ў вочы кунігасу:

— Агідны пярэварацень, за карону, за бліскучую пазалочаную цацку, ты аддаў нашым ворагам Літву, аддаў прадзедаўскую веру. Бяжы хутчэй у Караляўчус86. Там ужо сабраліся твае сябры-крывасмокі, каб уволю пакупацца ў жамойцкай крыві.

Кунігас, глуха застагнаўшы, стукнуў яго кулаком у разяўлены рот, выбіў некалькі зубоў. Бясстрашны пасланец хацеў яшчэ нешта сказаць, яшчэ шамкаў скрываўленым ротам, але накінуўся ззаду Астафій Разанец, зваліў з ног. Яны валтузіліся, счапіўшыся ў клубок, як сабака з гадзюкай на сенажаці.

— Запаліце вогнішча! — загадаў Міндоўг.

Ярка ўспыхнулі сухія бярвенні. Агонь пачаў танцаваць непадуладны чалавечаму розуму танец. Пасланец Крыве-Крывейты абвяў. Астафій Разанец адразу выпусціў яго са сваіх чэпкіх рук, адхіснуўся ўбок, бо той, хто яшчэ будзе жыць, не павінен знаходзіцца побач з тым, над кім блізкая смерць уздымае чырвонае пякучае крыло.

Міндоўг у мёртвай звонкай цішыні павольна пайшоў у нумас. Усе атарапела глядзелі на ягоную спіну, не ведаючы, што рабіць. Пасланец ляжаў на зямлі. Праз нейкія мігі, якія здаліся занадта доўгімі і пакутнымі, кунігас вярнуўся да вогнішча, трымаючы ў руках вельмі прыгожую выштукаваную рыжскімі залатарамі каралеўскую карону. Абедзвюма рукамі ён высока ўзняў яе над галавой (усе думалі — зараз надзене на галаву), нешта прашаптаў і шпурнуў карону ў агонь. Гэта было так нечакана, што ў большасці з прысутных вырваўся з грудзей ці то стогн, ці то ўсхліп. Некаторыя нават (і між імі Астафій Разанец) кінуліся да вогнішча, каб голымі рукамі разгрэбці чырвоныя вугалі і галавешкі, выхапіць з іх карону. Але Міндоўг спыніў усіх гэтых людзей уладным узмахам рукі.

— Гавару табе, Пяркунас, што ты — бог майго народа і мой бог, — чыстым усхваляваным голасам выгукнуў Міндоўг. — Гавару табе, Пяркунас, што каталіцкую веру і каралеўскі вянец я толькі таму ўзяў у рымскага папы, што абклалі былі мяне з усіх бакоў ворагі, як абкладваюць тура на паляванні. Але сёння я адмаўляюся ад чужой веры і кароны, сёння я зноў вяртаюся пад тваю магутную руку. І яшчэ я гавару табе, што роўна праз тры дні іду з усім сваім войскам у землі куршаў і жамойтаў, каб выратаваць іх ад крыжацкага мяча.

Радасным ярасным крыкам сустрэлі варутчане словы кунігаса. Людзі цалаваліся, шмат хто плакаў. Дружыннікі ўзвівалі ўгору баявыя сякеры і мачугі.

— Вядзі нас! — грымела наўкол.

— Вядзі, вялікі кунігас!

— Мы хоць сёння гатовы ісці на лаціннікаў!

Але Міндоўг астудзіў гарачыя галовы. Сказаў строга і неаспрэчна:

— Хто паедзе або пойдзе раней усяго войска, таго — у ланцуг.

Тады мясцовы люд успомніў, што лаціннікаў не трэба далёка шукаць — маюцца ў Варуце. Шумлівым скопам рынуліся туды, дзе жылі рыцары і кнехты графа Уда. Пра яшчэ аднаго лацінніка, дамініканца Сіверта, напачатку забыліся, бо ўвесь час быў ён пры каралеве Марце. Але манах сам аб'явіўся, прыбег да Міндоўга.

Упаў у ногі кунігасу, часта дыхаючы, загаварыў-зашаптаў:

— Цябе хочуць забіць. Граф Уда крычаў перад рыцарамі, што ты здрадзіў, подла здрадзіў, крычаў ён, святой рымскай царкве і папу Аляксандру IV і табе трэба праткнуць сэрца стылетам87. Граф Уда вастрыў такі стылет. Асцерагайся.

— А ты што ж — за мяне? — уважліва паглядзеў на Сіверта Міндоўг.

— Я за бога, таму што бог — справядлівасць, — палка адказаў дамініканец, узнімаючыся з каленяў.— Сёння ж справядлівасць на тваім баку, вялікі кунігас.

— Але я хачу здрадзіць рымскай царкве. Я ўжо здрадзіў ёй.

— Царква яшчэ не бог, — пераканана прамовіў Сіверт. — Сёння рымская царква проста багаты, прыбраны золатам, але халодны і няўтульны дом. Сёння ў Рыме лічаць, што лепшым богам з'яўляецца той, у імя якога праліваецца болей крыві. Святыя айцы адразу пасля малітваў бягуць у лупанарыі88. Хіба такой павінна быць апостальская царква?

Міндоўг з непаразуменнем пазіраў на манаха. Дзіўныя словы гаворыць сын тэўтонскай зямлі, служка рымскай царквы. Ці гэта нейкія хітрыкі, ці вар'яцтва. Чалавек, якога ў апошні міг выбавілі ад смяротнага вогнішча, можа паехаць розумам зусім не ў той бок, як усе астатнія людзі.

— І даўно ты так думаеш? — пацікавіўся Міндоўг.

— Каб жа гэта я сам думаў! — усклікнуў Сіверт. — Хрыстос Усетрымацель засявае такімі думкамі маю галаву. Ен жа прыйшоў з нябёсаў на зямлю, як бог бедных, бог пастухоў і рыбакоў, каменячосаў і садоўнікаў. Тронам святога Пятра па божай задуме павінны былі валодаць бяссрэбранікі, мужы з галубінай душой. А што мы бачым у Рыме? Зборню прагных і ненасытных, як марская губка, фігляраў, рыначных блазнаў. Адзіная іхняя зброя — страх. Не святое божае слова, не мудрасць евангелістаў, а страх перад таямніцай, перад няўдачай, перад смерцю. А страх жа, як вядома, родны бацька жорсткасці.

— Годзе, — узняў руку Міндоўг. — Мне цябе не зразумець. Я не зайздрошчу тваім землякам-адзінаверцам, якія знаходзяцца сёння ў Варуце і ва ўсёй нашай дзяржаве, я не зайздрошчу графу Уда. Іхнюю кроў возьме Пяркунас. А табе я дарую жыццё і волю.

— У трэці раз даруеш, вялікі кунігас, — пабялеўшы, прашаптаў Сіверт. — Як узялі мяне ў палон, як узвялі на вогнішча і сёння…

На вачах у дамініканца ўспыхнулі слёзы.

— Я не люблю лічыць, — жорстка перарваў яго Міндоўг. — Зараз жа сядай на каня і едзь куды хочаш — у Рыгу, у Вендэн або да ляхаў. Да мяжы нашай дзяржавы з табой паедзе варта. І ведай, што сляды твайго каня і твае сляды мой народ засыпле соллю і выпаліць агнём, каб не ацалеў ніводны парастак рымскай веры. Занадта доўга мы цярпелі, занадта доўга маўчаў на нябёсах Пяркунас. Але ён ужо грыміць, ужо надзяе баявую кальчугу. Чуеш?

Міндоўг прыклаў палец да вуснаў, наструнена прыслухаўся. Разам з ім прыслухаўся і Сіверт. Сапраўды, у небе над Варутай, над пушчамі, балотамі і азёрамі перакочваўся малады гарачы гром.

Зноў, у які ўжо раз, паўстала супраць лівонцаў і тэўтонцаў усё, што яшчэ жыло і рухалася, усё, што магло паўстаць. Жамойць і Прусія, куршы і земгалы ўчынілі змову між сабой, і ўспыхнуў суровы нясцерпны агонь, каб яшчэ сёння моцных і жывакроўных зрабіць заўтра чорным горкім прысакам. У Жамойці гуртаваў сілы кунігас Трайнат. У Прусіі вялі атрады паўстанцаў на ордэнскія замкі, на вежы і сцены Геркус Мантас і Дзіване Мядзведзь. Войска Беларуска-Літоўскай дзяржавы было тым сталёвым жахлівым па моцы і нечаканасці молатам, які цяжка ўдарыў у самае сэрца Ордэну. Пад рукою ў Міндоўга пайшлі ў бой Літва і Аўкштайта, Нальша і Дзяволта, дружыны з Новагародка, Ваўкавыйска, Гародні і Услоніма. Далібор ехаў поруч з ваяводам Хвалам, сціскаў дзяржальна мяча.

13 ліпеня 1260-га года над возерам Дурбе цёк малочна-белы туман, а потым зыркае сонца ўваткнула ў звонкі нябесны блакіт вогненныя дзіды ранішніх промняў. Але пахаваліся стракозы і птушкі, нырнулі ў цёмную халодную глыбіню рыбы, замоўклі трава і чарот, бо дзве ярасныя людскія ракі, скрыгочучы жалезам, раздзіраючы раты крыкам, сутыкнуліся каля возера. Такіх лютых сечаў яшчэ не бачыла тутэйшая зямля. Паперадзе свайго войска Міндоўг трыма радамі паставіў лучнікаў і арбалетчыкаў. Тонка ўспорваючы густое ранішняе паветра, паляцелі стрэлы, зробленыя з яблыні, бярозы і чароту. На канцы кожнай стралы былі прымацаваны арліныя, глушцовыя і лебядзіныя пёры. Калі ландскнехты з рыцарамі наблізіліся на трыста — трыста пяцьдзесят крокаў, узяліся за справу арбалетчыкі. Арбалет новагараджане называлі самастрэлам, ляхі — кушаю. Ен біў доўгімі цяжкімі стрэламі з гранёным жалезным наканечнікам-балтом на вастрыі. Гэты смяротны болт праломваў, як яечнае шкарлупінне, самую гартаваную браню.

Магістр Бургхард фон Гарнгузен, не зважаючы на тое, што ягоныя людзі з енкам і хрыпам падалі на мокрую ад расы і крыві траву, паварочваў рыцарскую конніцу так, каб яе ўсёсакрушальны браніраваны востравугольнік ударыў якраз па цэнтры тубыльскай раці.

— Пераможам, і я загадаю кастрыраваць усіх палонных! — весела крыкнуў ён герцагу Карлу. — Няхай у Літве і на Русі жывуць не арлы, а каплуны89!

Затрубілі трубы. Узвіліся рыцарскія сцягі. Затрашчалі косці, і хлынула кроў. У кожнага ў жыцці бывае самы галоўны бой, калі і меч, і шчыт, і конь, і рука, што цяжка б'е і адбівае ўдары, і вока, што заліваецца потам і крывёю, робяцца адным цэлым, сплятаюцца ў адзін жалезны клубок, і адна толькі думка свідруе галаву: не заб'ю я, скінуць з сядла і заб'юць мяне.

Ах, як добра пачынаўся бой! Спявалі рыцарскія мячы, падразаючы, быццам балотную асаку, тубыльцаў, заганяючы іх па калена ў дрыгву, у сыпкі ўзбярэжны пясок. Але, калі сонца ўзабралася на зіхоткую вяршыню летняга неба, падскочыў да магістра Бургхарда фон Гарнгузена ззаду непрыкметны клышаногі старэйшына саюзных куршаў і з усяго пляча хвастануў магістра сякерай па шыі. «Здрада… Куршы здрадзілі», — паспеў падумаць магістр, грымнуўшыся з каня вобзем. І адразу яго растапталі цяжкія шалёныя коні.

Цяпер крыжакоў білі спераду і са спіны. Жах спусціўся з нябёсаў на зямлю. Учарашнія саюзнікі рэзалі рыцарам глоткі. Нянавісць, якая да гэтага дня заганялася на самае патаемнае дно душы, ударыла жалезным смяротным кіпцюром проста ў зрэнку і ў сэрца крыжацкаму арлу.

Загінулі магістр Бургхард фон Гарнгузен, маршалак Генрых Ботэль, герцаг Карл. Сто пяцьдзесят, калі не болей, самых адважнейшых рыцараў ляжалі пасечаныя, паколатыя, растаптаныя, кармілі сваім мясам лісіц і вараннё. Колькі ландскнехтаў аддало богу душу, немагчыма было нават злічыць. Высокі светлавалосы літовец зайшоў па мельчаку ў возера, каб адмыцца ад крыві, бруду і поту, а затым сеў на зялёным беразе і старанна выціраў свае вялікія расплясканыя бясконцымі паходамі ступакі рыцарскім сцягам. Паранены комтур, што ляжаў непадалёку, убачыўшы такое, падгроб аслабелымі рукамі пад сябе меч, паставіў яго рукаяццю на зямлю, глуха ўскрыкнуў і кінуўся, абрушыўся ўсім цяжкім целам на вастрыё.

Купкі ландскнехтаў, хаваючыся ўдзень у лясах і балотах, зорнымі начамі беглі ў напрамку Рыгі і Мемельбурга. Цяжкую вестку неслі яны ў гарады і замкі, канчалі жыццё самагубствам, ляжалі ў глухіх куп'істых багнах, зарослых парудзелай вострай асакой, і чорныя п'яўкі ўпаўзалі ў вачніцы.

У ранішнім ружовым тумане пяцёра ўшчэнт знясіленых уцекачоў убачылі вершніка, які ехаў на кані, кіруючыся ў бок Рыгі. Мяркуючы па адзежы, гэта быў манах ордэна святога Дамініка.