154426.fb2
— Сіверт, — лагодна адказаў вершнік. — Іду ад вялікага кунігаса Міндоўга. З Рыгі хачу дабрацца да Рыма і там на каленях буду маліць папу Аляксандра IV, каб не меч, а мір паслаў ён на гэтыя землі, каб не аб'яўляў крыжовага паходу, каб сядзелі дома рыцары Майнца, Брэмена, Кёльна і Трыра.
Пакуль манах прамаўляў такія прачулыя словы, ландскнехты разадралі на кавалачкі ягоныя дарожныя торбы-саквы, усхліпваючы і скуголячы, нібы звяры, прагна пажыралі хлеб і мяса, вырывалі яду адзін у аднаго з рук, біліся за яе. Але вось голад прытупеў, цеплыня пакацілася па жылах, і яны пачалі ўслухоўвацца ў тое, што гаварыў манах.
— Ен вар'ят! — крыкнуў адзін з іх.
— Пра які мір ты вярзеш, калі брацці-рыцары ляжаць на беразе Дурбе з перарэзанымі глоткамі? — хапянуў Сіверта за нагу другі.— Ды ўсіх гэтых дзікіх тубыльцаў трэба дзень і ноч варыць у гарачай смале, варыць жыўцом!
Але Сіверт глядзеў на іх прасветленым позіркам і вёў сваё:
— Я паеду да папы, я скажу яму, што ў Прусіі, Жамойці і Лівоніі мы пралілі рэкі, азёры нявіннай крыві, мы знішчаем цэлыя народы.
— Змоўкні, ублюдак! — выскаліўшы дуплаватыя жоўтыя зубы, аж завыў ландскнехт па імені Франц, якому ў бітве амаль па плячо адсеклі левую руку.
Ен усё стараўся падскочыць, каб тыцнуць у твар манаху сваёй скрываўленай куксай. Ды на манаха найшло-наехала святое натхненне. Здавалася, ён не бачыць і не чуе абдзёртых і злых, раздаўленых чорнай ганьбай паражэння ландскнехтаў, не бачыць лес і балота, пыл на шчоках і вуснах, не бачыць дробных, але з пранізлівым прагным гудам мух, што клубком уюцца над куксаю Франца, каб выпіць хоць кропельку крыві. Аб вечным міры, пазіраючы на ранішняе неба, казаў Сіверт, аб святой боскай справядлівасці, якая не мае межаў.
Тады самы здаравейшы з ландскнехтаў кінуў вачыма туды-сюды, убачыў надламаную таўставатую бярэзіну, выдраў яе з коранем з зямлі і, шырока размахнуўшыся, гваздануў, дзеўбануў гэтым рагатым цяжкім коранем дамініканцу проста па цемені. Пачуўся сухі рэзкі гук, быццам пад нечай нагой лопнуў арэх. Сіверт упаў з сядла.
Ландскнехты памаліліся і селі ў кружок. Мёртвы манах ляжаў непадалёку. Вусны былі напаўраскрытыя, нібы яшчэ выбівалася, вылузвалася з грудзей узрушанае, але ўжо нікому не чутнае слова.
— А ў яго добры конь, — сказаў раптам Франц. Усе павярнулі галовы, глянулі на каня, што спакойна скуб траву.
— Нас пяцёра, а конь адзін, — раздумліва сказаў Франц. — Да Рыгі ён нас не давязе. Дык давайце зарэжам каня і будзем варыць ягонае мяса.
Узрадаваныя ландскнехты адразу ўскочылі на ногі, трымаючы ў руках вяроўкі, нажы і камяні, пачалі асцярожна абкружаць каня з усіх бакоў.
Нібы ссечанае сякерай дрэва, рухнула магутнасць Ордэна, рухнула ў адзін дзень. Адразу паўсталі ўсе прускія землі: Самбія, Вармія, Натангія, Барція і Пагезанія. Куршы захапілі рыцарскія замкі Сінцелен, Бардах, Грабін, Грэзен, Лазен, Меркес… Ад Ордэна адпалі Земгалія, востраў Саарэмаа.
Гэта быў зорны час Міндоўга. Умелай і моцнай рукою накіроўваў, падштурхоўваў ён падзеі. У Полацку са згоды мясцовага веча ўжо сядзеў князь Таўцівіл. Схадзіўшы ў Чэхію разам з галіцка-валынскімі князямі, Таўцівіл вярнуўся дадому, абачліва памірыўся з Міндоўгам, прызнаўшы ягонае верхавенства. Цяпер, каб вытрымаць бітву з Ордэнам, з усёй рыцарскай Еўропай, неабходна было шукаць саюз і дружбу з магутным праслаўленым князем Уладзіміра-Суздальскай Русі Аляксандрам Неўскім. Параіўшыся з літоўскімі і новагародскімі баярамі і князямі, вялікі кунігас Міндоўг надумаў жаніць Таўцівілавага сына Канстанціна з дачкой Аляксандра Неўскага і адначасова заключыць дагавор аб сумесных баявых дзеяннях супраць Ордэна.
Гэта быў зорны час Міндоўга. Але гэта быў і пачатак ягонага падзення. Надыходзіць дзень, калі ў агромністым высозным дрэве, якое зялёнай кучаравай галавой падпірае аблокі, пасяляецца малюсенькі, нікчэмны сваёй непрыкметнасцю чарвячок. Шумі, красуйся, дрэва, калыхай птушыныя гнёзды, лаві завірухі і маланкі, думай, што ты вечнае, несмяротнае… Чарвячок ужо точыць цябе.
Пасля таго як Міндоўг зняў крыжы і загадаў усім хрысціянам пакінуць сваю дзяржаву, а некаторых забіў, ён зрабіўся для паганцаў-вогнепаклоннікаў ледзь не зямным богам. Крыве-Крывейта слаў яму вітанні і штодзень маліўся за яго. Ды ў Новагародскай зямлі, дзе княжыў Раман Данілавіч і дзе ў Лаўрышаўскім манастыры задумоўваў пісаць літапіс і пільна сачыў за ўсім, што адбывалася наўкол, Войшалк-Лаўрыш, такую навіну сустрэлі насцярожана, без радасці. Паганства тут было ўчарашнім днём. Ніхто не збіраўся зачыняць цэрквы і зноў прыклейваць залатыя вусы Перуну.
У Жамойці таксама не дужа славілі Міндоўга. Кунігас Трайнат з баярамі коса пазіраў на Варуту і на Кернове, дзе папераменна разам са сваім вялікім дваром жыў Міндоўг. Знешне Трайнат падпарадкоўваўся Міндоўгу і ў 1263 годзе з трыццацітысячным войскам напаў на Мазовію і Хельмінскую зямлю, забіў князя Земавіта Мазавецкага, а ягонага сына Конрада ўзяў у палон. Усё гэта рабілася па загаду Міндоўга, але жамойты прагна чакалі той дзень, калі можна будзе адпомсціць яму за крыўдлівыя пагардлівыя словы, якія ён сказаў Трайнату. А сказаў Міндоўг вось што: «Яшчэ ні разу кунігас з Жамойці не валодаў Літвой. Заўсёды ўсё было наадварот». — «Нічога, некалі і я наступлю яму на крывавы мазоль», — быццам бы прамовіў сваім баярам, пачуўшы такое, ганарлівы Трайнат. Як там ні было, між Літвою і Жамойцю прабегла першая трэшчына.
Вельмі складаныя адносіны былі ў Міндоўга з Войшалкам. Сын-хрысціянін некалі маліўся на свайго бацьку, палка любіў яго, але праляцела дзяцінства, юнацтва, упала сівізна на бараду, і надышоў час, калі толькі са скрыгатам зубоўным Войшалк мог чуць або вымаўляць імя Міндоўга. Сябе Войшалк называў няйначай як ліцвінам, падкрэсліваючы гэтым, што ў ім цячэ не толькі літоўская, але і славянская кроў, што ён не паганец, а хрысціянін і што да смертнага крыжа звязаў ён свой лёс з лёсам Новагародка. Пазіраючы на свайго гаспадара, пачалі звацца ліцвінамі многія баяры, купцы, рукадзельныя людзі і смерды як Літвы, так і Новагародка. Ужываў Войшалк толькі крывіцка-дрыгавіцкую гаворку, а ўжо калі стаў праваслаўным манахам, дык зусім адышоў ад Міндоўга, які перавярнуўся ў паганства.
Бацька таксама неўзлюбіў сына. Невыпадкова ж з надзвычайнай лёгкасцю згадзіўся, каб Войшалк сядзеў у Лаўрышаўскім манастыры, а Новагародскім стальцом завалодаў Раман Данілавіч. Галіцка-Валынскую Русь гэткім чынам ён хацеў зрабіць сваім шчытом супраць татараў. Але дужа крохкім і ненадзейным аказаўся шчыт.
Войшалк, маючы пастаянную сувязь з князем Глебам Ваўкавыйскім, з новагародскімі баярамі і святарамі, чакаў свайго часу, праз верных людзей сачыў за Раманам Данілавічам. Галіцкі князь сядзеў у Новагародку падобна таму, як бурнай шматводнай вясною на лапіку сухой зямлі велічынёй з цялячы лоб сядзіць смяртэльна перапалоханы зайчык. Наўкол бушуе мора вады, пранізліва трашчаць крыгі, вырываюцца з коранем, куляюцца ў халодных вірах дрэвы… Адчуваючы, што ў Новагародку яго амаль ніхто не прызнае за князя, Раман Данілавіч дужа прыахвоціўся да віна і кастарства90. Калі Войшалк і Далібор з дружыннікамі прыйшлі глухой ноччу на дзядзінец, каб закаваць князя-набрыдня ў ланцугі, ён з вялікай страсцю разам са сваім целаахоўнікам Алексам гуляў у косці. Абодва былі п'яненькія і вясёлыя.
Аднак, як толькі развітаўся не па сваёй волі з новагарадскім дзядзінцам Раман, з далёкіх Карпат пачулася рычанне льва — князь Даніла Галіцкі пакляўся выбавіць сына і адпомсціць за яго. Са сваімі палкамі, з яцвягамі і полаўцамі ён імкліва ўварваўся з поўдня ў Новагародскую зямлю. Пад Ваўкавыйскам адбылася жорсткая начная сеча. Данілу Галіцкаму пашанцавала — напружыўшы ўсе сілы, ён разбіў ваўкавыйскую дружыну з новагародскім апалчэннем і нават захапіў у палон параненага Глеба Ваўкавыйскага.
Далібора прывялі ў шацёр да галіцкага князя.
— Дзе мой сын? — адразу запытаў Даніла Раманавіч.
— Не ведаю. На зямлі шмат дарог, — адказаў Далібор.
— Дзе Войшалк? — насядаў Даніла Раманавіч.
— Гаварылі людзі, у Пінеск пабег.
Даніла Галіцкі загадаў везці палоннага ваўкавыйскага князя ў Холм, а з Холма ў Візантыю — там спрадвеку не бачылі белага свету ў манастырскіх келлях рускія князі, ад якіх адвярнулася ўдача.
Далібор быў нібыта ўва сне. Везлі яго ў звычайных дрогкіх калёсах, у якіх смерды возяць снапы і дровы. Ліў зверху дождж, гарэлі зоркі ці свяціла сонца, а коні ўсё беглі і беглі, матляючы доўгімі грывамі. «Бог, пэўна, таму насылае мноства няшчасцяў на людзей, каб яны не шкадавалі, не сумавалі аб часе, які незваротна знікае, — думаў палонны князь. — Каму хочацца ўспамінаць або шкадаваць сваё гора, што люта грызла душу? Толькі ўперад павінен скіроўваць свой позірк чалавек, толькі ў заўтрашні дзень, бо гэты дзень яшчэ не наступіў і можа быць добры. Але, вядома, толькі не для мяне. Даніла Галіцкі не даруе мне шматгадовую дружбу з Літвой. Заснуць бы, забыцца пра ўсё, ды розум мой як начны воран, што не можа спаць у развалінах-руінах».
Так прыехалі ў горад Холм. Збудаваў яго Даніла Галіцкі на прыгожым лясістым узвышшы пасярод роўнага поля. Збегліся туды ад татараў сядзельнікі, лучнікі, калчаншчыкі, кавалі па жалезе, медзі і срэбры, паставілі двары і сёлы вакол гарадской сцяны, напоўнілі новы горад чалавечым голасам і чалавечай працай.
Асабліва дзівоснаю была ў Холме царква святога Іаана. Падлогу ўнутры вылілі з медзі і чыстага волава, і яна ззяла, як венецыянскае люстэрка. Чатыры аркі па вуглах царквы стаялі кожная на чатырох каменных чалавечых галовах, зробленых з белага галіцкага і зялёнага холмскага каменю. Абразы і званы князь Даніла прынёс з Кіева, а іконы Спаса і прасвятой Багародзіцы дала яму сястра Феадора з Феадораўскага манастыра.
Пасярод горада ўзвялі высокую вежу з часанага белага дрэва і выкапалі каля яе калодзеж-студзянец глыбінёй у трыццаць пяць сажняў, дзе ў самую спёку была халодная, як лёд, вада. Вежу абкружылі цяністым прыгожым садам.
Але цудам з цудаў быў каменны слуп, што стаяў за попрышча ад Холма. На слупе горда растапырваў крылы вялікі каменны арол. Палоннага ваўкавыйскага князя падвезлі да арла, які лунаў над зямлёю на вышыні дванаццаці локцяў, прымусілі сысці з калёсаў, пастаяць ля падножжа манумента. Пэўна, жадалі, каб Далібор адчуў сваю нікчэмнасць і адначасова быў уражаны веліччу і сілай праціўнікаў. Потым паехалі ў княжы палац. Ен, як і ўвесь горад, быў у падпалінах, у чорнай сажы. Аказваецца, зусім нядаўна бушаваў у Холме пажар, ды такі жахлівы, што чырвоная медзь раставала ад агню, як смала. Віною пажару былі не татары, не угры ці ляхі, а нейкая дурная баба. У вялікі вецер выграбла яна з печы-каменкі гарачае вуголле, выйшла за парог і сыпнула, пляснула гэта вуголле ў сухія стружкі — муж габляваў дошку. Не паспела баба вокам міргнуць, як зароў па-звярынаму пажар.
Далібора трымалі ў холмскім палацы ў вялікім гонары, кармілі-паілі з княжага стала, цешылі песнямі, але заўсёды вісеў на дзвярах ягонай апачывальні цяжкі замок, стаяла каля дзвярэй варта. «Чаму ж не адпраўляюць мяне князі Даніла і Шварн у Візантыю? — бясконцымі начамі думаў Далібор. — Пэўна, хочуць Войшалка з Таўцівілам злавіць і ў Холм прывезці, каб потым разам засадзіць у манастыр. Але не ўдасца ім такое. Не іхні час наступае. Галіччына і Валынь пусцілі ўжо на вецер сваю былую сілу. Татарын робіцца гаспадаром у іхнім доме».
А неўзабаве ваўкавыйскаму князю ўдалося шчасліва выбавіцца з палону. І дапамагла яму ў гэтым княгіня Шварнава, зеленавокая Рамуне. У глухую поўнач, калі барабаніў па дахах і дрэвах дождж, калі бусыя91 хмары ціснуліся да самай зямлі, нейкі слабы шум пачуўся за дзвярыма Даліборавай апачывальні. Князь прахапіўся, стаў каля сцяны, збоку ад дзвярэй. Падумалася, што гэта ідуць за ягонай душою, ідуць забіваць. Аніякай зброі не было ў яго, і ён схапіў гліняную круглую лампаду, напалову запоўненую тлушчам, у якім калываўся кнот-паплавок. Ціхенька рыпнуўшы, адчыніліся дзверы. Далібор затаіў дыханне, узняў руку, каб абрушыць лампаду на галаву таму, хто першы пераступіць парог.
— Ваўкавыйскі князь, не бойся, — прашалясцела з цемры. — Ідзі за намі. Каля палаца цябе чакаюць коні. Толькі асцярожней ідзі, не спаткніся аб вартаўніка.
Напружваючы зрок, Далібор убачыў вялікае нерухомае, пэўна ж, мёртвае цела, што ляжала на каменнай падлозе і перагароджвала ўваход у апачывальню. Даверыўшыся богу і свайму шчасцю, ён пераступіў цераз вартаўніка, подбегам пайшоў за незнаёмцамі. Іх было трое — усе ў чорных доўгіх плашчах з капюшонамі, усе чамусьці басанож.
Вецер ледзь не зваліў з ног. Люта сек дождж. Прывязаная да дрэва, чакала парка коней пад мокрымі сёдламі.
— Едзь асцярожней. Дарогу дажджом падмачыла, — сказаў у самае вуха адзін з незнаёмцаў.
— Хто вы? — спытаў Далібор, узлётваючы ў сядло.
Замест адказу той жа незнаёмец адшукаў навобмацак ягоную руку, паклаў у яе невялікую металічную бляшку з галаўнога жаночага ўбора. Мяркуючы па ўсім, яна была залатая або срэбная. «Рамуне! — уздрыгнула ў імгненнай здагадцы Даліборава сэрца. — Каханая!»
— Беражы цябе бог, — ціха прамовілі з цемры. — Брама расчынена. Калі выедзеш за браму, азірніся, і на верхнім ярусе палаца ўбачыш святло ў крайнім левым акне. Там — княгіня.
Коні памчаліся ў дажджавую імглу. Зменны конь, прывязаны доўгім повадам да сядла, у якім сядзеў Далібор, бег ззаду.
Праскочыўшы браму, ваўкавыйскі князь азірнуўся. Кропля святла ззяла ў глухой і сляпой цемры. Шалеў вецер, бурболіў дождж, дрэвы гнуліся амаль да самай зямлі, а гэта кропля жыла, свяцілася, глядзела на яго, быццам пяшчотнае нязгаснае вока.
— Рамуне! — у вялікім узрушэнні, у адчаі крыкнуў Далібор. Тут, у чыстым полі, можна было не прыцішваць голас, бо ніхто не мог пачуць чалавечага крыку, апрача бурнахмарнага неба.
Даючы нядоўгі перадых коням, пазбягаючы людных купецкіх дарог, сплючы нейкія лічаныя хвіліны на лясной траве, на ахапках ссечанага мячом галля, а то і ў сядле, Далібор дзень і ноч імчаўся на поўнач, у Новагародскую зямлю. Ен не сумняваўся, што Шварн Данілавіч пашле следам пагоню, можа паслаць полаўцаў, а ў тых коні гарачыя, хуткія. Дзве думкі біліся, крылаціліся ў нібы наноў народжанай душы: «Я на волі!» і «Рамуне!»
У гэты самы час у Варуце ў страшэнных пакутах памірала княгіня Марта. Смяротная хвароба накінулася на яе знянацку. Так з-пад высокага воблака ў імгненне вока падае каршун на бесклапотную птушку. Яшчэ два-тры дні назад княгіня была вясёлая, ружовашчокая, ездзіла з Міндоўгам на возера глядзець, як коймінцы невадам выцягваюць рыбу. Вярнулася ў палац у добрым настроі, але сапсавала настрой служанка. Прычэсваючы княгіню перад сном, яна нязграбна павярнулася і разбіла любімую княгініну вазу з сіняга нямецкага шкла. Марта загадала служанцы стаць на калені, узяць у рот аскабалкі вазы. Прыйшлі з раменнымі плёткамі конюхі і схвасталі служанку да крыві. А праз дзень нясцерпным пякучым болем паласнула Марце жывот. Ад такога нечуванага болю княгіня крычала, качалася па свайму ложу, а потым і па засцеленай звярынымі шкурамі падлозе. Не мог даўмецца Міндоўг, адкуль падхапілася бяда. Паклікаў ён да хворай служкаў Крыве-Крывейты, потым, памеркаваўшы, паклікаў святара Анісіма з Новагародка. У душы, як стрэмка, неадкрутна пачало калоць адчуванне, што гэта хрысціянскі бог карае за адступніцтва ад ягонай веры. Але пад покрывам ночы праслізнуў у апачывальню вялікага кунігаса Астафій Разанец, каб расказаць сваю здагадку. Два дні назад выпадкова прыкмеціў ён, як адна з чалядзінак, у якой быў дужа заплаканы твар і нядобра блішчалі вочы, схаваўшыся ў густой крапіве каля плота, біла каменем аб камень і нешта шаптала. Астафій нячутна, быццам дзікі чаратовы кот, падкраўся ззаду і ўбачыў, што чалядзінка разбівае-расцірае на дробненькі друз, на пясок сіняе нямецкае шкло.
— Тоўчанага шкла падсыпалі ў пітво княгіні,— пераканана сказаў Астафій Разанец.
Разлютаваны Міндоўг загадаў тут жа схапіць і без літасці дапытаць усіх чалядзінак, што былі прыстаўлены да княгіні. Але калі смяртэльна перапужаных дзяўчат сагналі ў кучу, Астафій, як ні стараўся, не знайшоў між іх тую, што разбівала сіняе шкло ў крапіве. А потым адшукалі яе ў халоднай клеці — павесілася.