154426.fb2
— Аднаго цябе кахала… Сокал мой… Кунігас мой жалезнарукі… Хутка памру… Сёння ж пашлі ганцоў у Налынаны да кунігаса Доўманта… Няхай жонку сваю, сястру маю Марфу, адпусціць на маё пахаванне… Сёння ж ганцам загадай ехаць…
Яна заплюшчыла вочы, заціхла. Міндоўг цалаваў яе ў лоб.
— Няхай прыедзе Марфа, — зноў зашаптала княгіня. — Мы з ёй — блізняткі… Як дзве кроплі вады падобныя… Слухай, кунігас… Калі яна прыедзе, не адпускай яе назад… Княгіняй замест мяне зрабі… Я ведаю, што яна не любіць тоўстага Доўманта… Яна цябе кахае… Мы з ёй падобныя як дзве кроплі вады… Не адпускай яе… Будзеш на Марфу глядзець кожны дзень і мяне бачыць…
Ноччу Марта, спалохана крыкнуўшы, памерла. Міндоўг выгнаў усіх з апачывальні, сеў каля нябожчыцы, горка заплакаў.
Потым паслалі за Марфай, і яна адразу ж прыехала. Потым спалілі на ахвярным вогнішчы Марту і ўсе яе ўборы, і верацяно, і нітку з іголкай, і серп, і люстэрка, і ручную вавёрыцу, з якой так любіла гуляць княгіня. Адплакаўшы сваё, адсумаваўшы, Міндоўг старанна памыўся ў лазні, апрануўся па-княжаму, прыйшоў у святліцу, дзе сядзела Доўмантава жонка, нальшанская княгіня, моцна ўзяў яе за плечы, глянуў, як прапёк, чорна-зялёнымі вачамі і сказаў:
— Будзеш у мяне жыць…
Марфа пабялела, потым пачырванела, згодна кіўнула галавой.
Калі кунігасу Доўманту Нальшанскаму паведамілі пра такое, ён нажом з касцяной ручкай стругаў кіёчак малому сыну.
— Дакуль можна цярпець гэткага звера! — у шаленстве, у адчаі крыкнуў Доўмант і лязом нажа варсануў сабе ў далонь. Пырскнула цёплая кроў. Доўмант гарачлівым позіркам паглядзеў на якра-чырвоную пляму, глуха вымавіў:
— Сваёю крывёй клянуся, што адпомшчу.
Далібор хацеў схавацца на нейкі час у Лаўрышаўскім манастыры, але Бачыла, што з купкаю верных людзей прыбіўся да князя ў наднёманскіх лясах, адраіў.
— Не хадзі туды, — сказаў ён. — Даніла Галіцкі зноў цябе ў свае цянёты зловіць. Ды і пуста зараз у манастыры. Толькі дзве душы жывуць там — Курыла Валун з жонкаю Лукерай.
— Валун? — перапытаў Далібор, пранізліва глянуўшы на Бачылу.
— Ен. Пакляўся Курыла князю Войшалку, што, пакуль той збірае сілу ў Пінеску, зберажэ, захавае старыя кнігі і пергамены.
У Далібора пачалося вандроўнае, поўнае небяспекі жыццё. Вельмі хутка набраў ён немалую дружыну і разам з ёю бегаў па лясах і балотах між Ваўкавыйскам і Новагародкам аж да Нёмана. Здаралася, на некалькі дзён знаходзілі прытулак у якога-небудзь баярына, што, абгарадзіўшыся дубовым тынам, сядзеў у сваёй пракаветнай вотчыне. Здаралася, заходзілі ў Літву. Аднойчы прыпыніліся на Цёмнай гары, дзе самотна шумеў святы дуб, і Далібору ўвесь час думалася, што ходзяць яны па гарачым попеле Валасача. У тую ноч ён не спаў, успамінаў жонку і сына, што згарэлі ў час аблогі Ваўкавыйска, неадрыўна глядзеў на высокае, засеянае зоркамі неба. Яно было мудрае і чыстае, як матчына душа.
Неўзабаве са згоды Міндоўга і Рамана Данілавіча Далібор зноў сеў на княжанне ў Ваўкавыйску. Ды перахапілі галіцкія князі ганца, што патаемна ехаў з Пінеска ў Ваўкавыйск, везучы бяросту ад Войшалка. Хацеў спаліць ганец бяросту, але не паспеў. З той бяросты вынікала, што вось-вось прыйдзе Войшалк з вялікай сілаю, каб аднавіць сваё гаспадарства ў Новагародскай зямлі. Даніла Галіцкі зноў кінуў на Далібора галіцкія, валынскія і палавецкія дружыны…
Хаваючыся ад пагоні, з вернымі людзьмі прымчаўся ваўкавыйскі князь ажно пад Варуту ў свяшчэнную дуброву-алку. Якраз жолуд з дубоў падаў, цяжкі, крамяны. Разам з Бачылам пайшоў Далібор па алцы, слухаючы, як пад ветрам жалезна скрыгоча дубовая лістота. І раптам нечаканае відовішча ўбачылі яны. На спадзістым беразе балоцістай рачулкі стаялі чалавек і дзік. Чалавек быў дробны, мізэрны і несамавіты, а дзік — сапраўдны волат. Як жывая гара, высіўся ён побач з чалавекам, быў амаль аднолькавага з ім росту.
— Казлейка, — уражана прашаптаў Бачыла. — Дык яго ж, казалі, спаліў Міндоўг.
Ад здзіўлення меднік сеў на зямлю. Далібор, каб не выдаць сябе, прымасціўся побач з ім, напружыў слых. Вецер дзьмуў якраз у іхні бок, даносіў лагоднае сытае парохкванне Жэрнаса, ласкавыя словы Казлейкі. Былы Міндоўгаў улюбёнец чузаў дзіка за вухам, казаў:
— Жолуд з дубоў валіцца, зямлю засцілае. Пачынай зноў збіраць сваіх братоў, Жэрнас. Шмат важнецкай ежы чакае ў алцы.
Ен прымружыў вочы, усміхнуўся, здавалася, выгнуў спіну, як буркатлівы каток, ды раптам цень трывогі набег на твар, і ён рэзка азірнуўся, прыслухаўся. Далібор з Бачылам перасталі дыхаць.
— Чакаю цябе, Жэрнас, — пасвятлеўшы тварам, супакоіўся, зноў загаварыў Казлейка. — Мы з табой — шчаслівыя. Ты (адзіны!) еў жалуды пад святым дубам, я (адзіны між людзей!) патушыў святы Зніч. Каб ты ведаў, якое гэта шчасце. Але ты ведаеш, бо разумнейшы, чым які-небудзь чалавек. Мы з табой рабілі і будзем рабіць тое, што Пяркунас і ўсе багі забаранілі рабіць іншым пад страхам найсуровай кары. Якое гэта шчасце.
Ен, упіваючыся асалодаю, заплюшчыў вочы. А Далібора трэсла ад гневу і абурэння. Ваўкавыйскі князь да болю ў пальцах сціснуў кулакі, гідліва глядзеў на маленькага чалавечка і вялізнага дзіка. «Ад такіх жэрнасаў і ад такіх казлейкаў плодзіцца зло на свеце, — думаў ён. — Па крыві, па касцях братоў ідуць, лезуць яны да свайго карыта. Няхай гарыць пясок і трэскаецца на кавалачкі неба — ім трэба толькі адно: жэрці! Праклятыя ненаеды! Няхай вядуць на смерць роднага бацьку, няхай здзекуюцца над роднай зямлёй, няхай сляпым варожым плугам пераворваюць матчыну магілу — ім трэба толькі адно — жэрці. Дык не ж!»
Ен рыўком ускочыў на ногі, прыгінаючыся, пабег да сваіх дружыннікаў. Праз нейкі час вялікая грамада людзей рынулася з дубровы на Казлейку і Жэрнаса.
— Ату! — крычалі дружыннікі.
— Бі іх!
— Заганяй цемрукоў у балота!
Жэрнас ірвануўся быў на людскую сцяну, але сустрэлі дзідамі, сякерамі, дубінамі. З акрываўленым лычам, падціснуўшы хвост, ён адступіў задам да рачулкі. Маленькія, глыбока пасаджаныя вочы насцярожана сачылі за ўсім, што пагражала ці магло пагражаць яму.
У гэты час Казлейка, хлюпаючы па гнілой чорнай вадзе, перабягаў на супрацьлеглы бераг. Імкліва слізгалі, хаваліся хто-куды шматлапыя срэбна-шэрыя павукі, жукі-плывунцы. Атлусцелы вадзяны пацук не паспеў вывернуцца, піскнуў пад нагою. Страла дагнала Казлейку тады, калі ён ужо ўздзіраўся на грузкі, расквашаны дажджамі бераг.
Жэрнас краем вока ўбачыў, як спатыкнуўся, а потым апусціўся на калені і папоўз у хрусткі чарот ягоны сябрук, самы найлепшы, самы наймудрэйшы з людзей. Чорная злосць-ярасць, здаецца, разарвала галаву. Дзік ашалела кінуўся ўперад. Магутнае цела, як таран, ударыла ў натоўп, і людзі ў жаху расступіліся. Двух ці трох дружыннікаў дзік зваліў на зямлю, Далібору абадраў бок. Але зноў узвіліся і люта апусціліся на тлусты хіб і на чэрап дубіны з сякерамі. Жэрнас разявіў пашчу, і Бачыла, на якога ён ляцеў, паспеў укінуць, увапхнуць у гэту жахлівую пашчу скураную торбу. У торбе абачлівы меднік насіў хлеб, крэсіва, трут. Ляжалі ў ёй і жалезныя жалуды, якія падараваў у новагародскай коўніцы Бяссмертны Кандрат.
— Давіся! — крыкнуў Бачыла.
Агаломшаны Жэрнас павярнуўся, потым услед за Казлейкам рынуўся ў рачулку. Узнялася бурлівая хваля, калі ён, ужо няцвёрда, хістка, ішоў па вадзе.
— Не трэба даганяць, — сказаў Далібор.
Усе глядзелі, як гара мяса і сала выпаўзае на бераг, як марудна шыецца ў чараты, пакідаючы за сабой крывавы ручай. Праз два дні над балотам закружылася вараннё…
У гэты ж самы час дажываў свае апошнія дні Міндоўг. Яму здавалася, што мір і спакой наступілі нарэшце ў дзяржаве, што яго палюбілі ўсе: і сяляне, і купцы, і баяры, і ўдзельныя князі. Яму здавалася, што даўно высахла кроў ягоных праціўнікаў, ягоных родзічаў, усіх, каго ён забіў. Марфа дарыла ўначы вялікаму кунігасу сваю жаночую пяшчоту. Мякка свяціліся пад ранішнім сонцам жнівеньскія росы 1263 года…
Але падманным быў спакой. Усе, хто меў сілу, захопліваў і раздаваў налева і направа абшчынныя землі. Князі ненавідзелі адзін аднаго, а ўсе разам ненавідзелі Міндоўга. Рымская курыя дзень і ноч думала, як бы скрышыць, знішчыць апошнюю ў Еўропе паганскую дзяржаву. Упарты Войшалк зноў вярнуўся ў Новагародак і быў сустрэты ўсеагульным радасным крыкам народа. У Ваўкавыйску сеў на сталец князь Далібор-Глеб.
У кунігаса апошнімі днямі балела галава. «Боль — таксама жыццё», — сашчаміўшы зубы, думаў ён і аб'явіў паход супроць князя Рамана Бранскага. Усіх сваіх падручных князёў і баяр прымусіў кунігас ісці на ўсход, каб заваёўваць новыя землі. Сам разам з сынамі, разам з дваром ехаў трохі ззаду…
Раніцой 5 жніўня 1263 года загрымела навальніца. Гняўлівыя зломы чырвоных маланак перасеклі неба. Міндоўг з сынамі Руклюсам і Рупінасам спаў у паходным шатры. Густа білі па туга нацягнутым палатне дажджавыя кроплі.
Раптам каля ўвахода дзіка закрычаў і адразу ж захрыпеў баярын-ахоўнік. Міндоўг вылецеў з туравай шкуры, у якой спаў, згарнуўшыся клубком, вылецеў, быццам страла з лука. А на парозе ўжо стаяў кунігас Доўмант з мячом у руцэ. Чалавек дваццаць — трыццаць, узброеных, злых, тоўпіліся за ягонымі плячамі.
— Чаму ты вярнуўся? — раздражнёна спытаў Міндоўг.
Ні слова не кажучы, Доўмант ударыў з усяго пляча. Ягоныя саўмыснікі пачалі секчы яшчэ сонных Міндоўгавых сыноў. Да апошняга ўздыху Міндоўг маўчаў, толькі голымі рукамі лавіў, перахопліваў чырвоныя ад крыві лёзы мячоў, сваім целам закрываючы дзяцей.
Вялікім князем зрабіўся жамойцкі кунігас Трайнат. Ен паклікаў Таўцівіла, каб той прыехаў з Полацка дзяліць «зямлю і дабытак Міндоўгаў». Таўцівіл, надумаўшыся забіць Трайната, прыехаў, але першым смяротны ўдар нанёс Трайнат. Войшалк зноў уцёк, у Пінеск, Далібор — у пушчу. А праз нейкі час Міндоўгавы конюхі зарэзалі Трайната, калі той ішоў у лазню-мыйніцу. Трайнат паміраў пакутліва, доўга крычаў страшным голасам.
Узнялася, забурліла Новагародская зямля і Літва. Далібор з дружынаю выйшаў з пушчы. Тысячы людзей сталі пад ягоныя харугвы. Трэба было ратаваць дзяржаву, якая нарадзілася ў агні і крыві. Адразу ж Войшалк з пінянамі рушыў праз лясы і балоты ў бок Новагародка. Недзе каля Ясельды два войскі сустрэліся.
— Слава вялікаму князю! — крыкнуў Далібор і схіліў перад Войшалкам калена. Войшалк абняў ваўкавыйскага князя, пацалаваў. Далей яны пайшлі разам.
Неадступна і грозна рухалася шматтысячнае войска на поўнач. Недзе там, у пракаветных пушчах, у зеленатраўных лугах, іскрыўся пад сонцам, клікаў да сябе Нёман.
І ў гэты самы час у Лукеры і Курылы Валуна нарадзіўся сын, прыгожы і здаровы. Шчаслівы Курыла ўзняў першынца на сваёй вялізнай далоні, сказаў:
— Расці, сынок. Расці, ліцвінок. Добрым воем будзеш.
Лукера смяялася. Сын залівіста плакаў. Сонца пазірала ў акно.