154426.fb2 Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

На начлег ваявода Хвал прыпыніў дружыну ў негустым бярэзніку, які светлым акном пракінуўся між старых змрочных елак. Зашыпелі кволыя вогнішчы. Усё было мокрае, слізкае, як балотны вуж. У змроку ўбачылі, як грузна прайшоў непадалёку велізарнейшы зубр. Тры чалавекі маглі б умясціцца між ягоных рагоў. Ен соп, ламаў галлё, злаваў на людзей, што парушылі адзіноту, але падбегчы да вогнішчаў, раскідаць, растаптаць іх пабаяўся і знік за дрэвамі, як гара.

Найдзён дапамог Далібору распрануцца, пачаў сушыць над агнём адзенне, спачатку княжычава, потым сваё. Напялі пад густой елкай паходны скураны шацёр, заслалі зямлю веццем, лапнікам, а зверху паклалі ваўчыныя і мядзведжыя шкуры. Далібор, загарнуўшыся ў тоўстую ваўняную коўдру, чакаў, пакуль халоп прынясе смажаную тураву печань з малаком — любімую страву новагародскіх князёў. Потым разам з Косткам пачыталі вячэрнюю малітву, патушылі свечку, што, уторкнутая ў звярыны рог, цьмяна гарэла ля ўвахода ў шацёр. Лях пайшоў спаць у буданок, дзе павінен быў начлежыць і Найдзён. Далібор стомлена расцягнуўся на цёплых шкурах і раптам спіной адчуў нешта цвёрдае, круглае. Уздрыгнула сэрца. Ен хуценька ўсхапіўся, потым апусціўся на калені, пачаў у змроку абедзвюма растапыранымі далонямі асцярожна абмацваць сваё ложа. І адразу ж знайшоў тое, што шукаў. Яшчэ не бачачы рэч, якую трымаў у руцэ, княжыч ужо ведаў, што гэта жолуд. Зноў таемны жалезны жолуд! Спачатку хацеў паклікаць Найдзёна і загадаць, каб той запаліў свечку, але перадумаў. Бясшумна падкраўся да чырвоных вуголляў вогнішча, пачаў разглядваць знаходку. Гэты жолуд быў як брат таго, першага. Такі ж старанна адштукаваны, з прыгожай шапачкай-капялюшыкам. Цьмяна блішчаў ён у паўзмроку і, здавалася, халадзіў далонь. Хто ж падклаў яго? Найдзён? Костка? Навошта падклаў? Ва ўсім павінен быць сэнс. Дзеля чаго ж гэтыя загадкавыя жалуды ідуць следам за ім, Даліборам? Княжыч з раптоўнай яраснай злосцю размахнуўся, хацеў шпурнуць жолуд у цёмны начны лес, але ўжо на самым узлёце рукі нейкая сіла астудзіла, прытрымала. Ен уздыхнуў, пайшоў у роздуме да шатра, лёг. Гэты жолуд, вядома ж, абярог, ахоўнік чалавечы, нехта хоча ўратаваць яго, княжыча, ад злыбяды. На першы жолуд ён не звярнуў увагі, і вось з'явіўся другі. Выкіне гэты — падкладуць трэці… Абярогі трэба насіць на грудзях, ля сэрца, але Далібор не паганец, і на грудзях у яго хрысціянскі крыж. У цемры адшукаў княжыч сваю шырокую паходную дзягу, упрыгожаную наборнымі залатымі і срэбнымі бляшкамі, адшпіліў капшук для трута і крэсіва, запіхнуў жолуд туды.

Раніцай зноў рушылі ў дарогу. Праз нейкі час Найдзён паклікаў Далібора:

— Княжыч!

Далібор пад'ехаў на кані, убачыў, што халоп з прасветленым тварам, прыгнуўшыся, стаіць над вялізным мурашнікам.

— Што табе? — строга запытаў Далібор.

— Глядзі сюды, — прыцішыў голас Найдзён і яшчэ ніжэй схіліўся над жоўта-бурай гурбой мурахавіння. Дзіўнае з'явішча ўбачыў княжыч. Дзесяткі, сотні мурашак выпаўзалі з дзірачак-ходзікаў, і ва ўсіх на спіне былі крылы. Вось гэты светлакрылы рой пырхнуў з мурашніка, паляцеў.

— Раз на сонцаварот і мурашка бывае крылатая, — задаволена сказаў халоп, праводзячы позіркам бясшумны рой, потым растлумачыў Далібору: — Гэта мурашыныя князі і княгіні. Апусцяцца дзе-небудзь на зямлю, адгрызуць не патрэбныя болей крылы, выкапаюць ямкі і пакладуць туды першыя яйкі. Глядзіш, новы мурашнік, новы горад вырас. Раз на сонцаварот і мурашка бывае крылатая, — зноў з нейкай радасцю паўтарыў ён.

Далібор пільна паглядзеў на халопа і раптам уявіў, як няўклюдны, але крылаты Найдзён ляціць над лесам, над полем, над морам, ляціць, аддаляючыся ад яго, княжыча. «Паляцеў бы і нават не азірнуўся», — са злосцю падумаў княжыч і загадаў халопу:

— Едзь за мною і нікуды не сунь свой нос.

Скончыліся адгор'і Новагародскага ўзвышша, пайшла лясістая раўніна. Стаялі доўгія спякотныя дні. Прахалодныя ж ночы былі кароткія, на дзве салаўіныя песні. Вось-вось павінна была быць рака Рута. Недзе тут у сваім горадзе сядзеў Міндоўг. Далібору не цярпелася ўбачыць грознага літоўскага кунігаса.

— Хутчэй, — пачаў падганяць ён ваяводу Хвала.

— Не трэба бегчы паперадзе сваіх коней, — строга і цвёрда адказаў ваявода і кусануў жаўтлявы вус, што азначала вялікую незадаволенасць.

— Але Костка кажа, што нам трэба рухацца як мага хутчэй, бо можам не заспець Міндоўга ў Варуце.

— Костка? — перапытаў Хвал і, нядобра ўсміхнуўшыся, выдыхнуў: — Па чым распазнаюць ляха? На чэраве вісіць бляха.

Злы быў ваявода на Костку, бо бачыў, што вялікую ласку і міласць мае той ад князя Ізяслава Новагародскага. Далібор хацеў гнеўным словам асадзіць наравістага ваяводу, але ў гэты самы час некалькі вояў схапілі свае лукі і з крыкам «Зязюля!» навялі іх на густалапую вельмі высокую елку. Далібор яшчэ нічога не паспеў сцяміць, як з елкі, ломячы голле, гоцнуўся на зямлю дужы светлавалосы юнак. Ен адразу ж усхапіўся на ногі, хацеў ірвануць дубіну-мачугу, якая на скураной пятлі вісела за правым плечуком. Але яму заламалі рукі, адабралі мачугу, і ён толькі часта дыхаў. Вядома ж, гэта быў літовец. Мажны, шыракаплечы, з прамым тонкім носам, як амаль ва ўсіх ягоных аднародцаў. На ім была белая льняная кашуля з доўгімі рукавамі, якую літоўцы называюць маршкіняй. Кашулю падпяразваў вузкі скураны рэмень, акаваны бронзавымі бляшкамі. Пэўна, каб лаўчэй залезці на дрэва, літовец быў басанож, скураныя ж боты з высокімі халявамі перакінуў, звязаўшы вяроўчынай, цераз плячо.

— Каму служыш, «зязюля»? — запытаў у яго ваявода Хвал.

Ваявода, як і большасць бывалых мужоў-новагараджан, някепска ведаў літоўскую мову, ніколі не браў з сабой тлумача.

— Мой гаспадар кунігас Міндоўг, — адказаў светлавалосы юнак.

— Дым! — закрычалі раптам воі.

Усе ўзнялі галовы і ўбачылі, як з самай вяршыні елкі ўразаецца ў неба рог чорнага густога дыму.

— Ты запаліў? — запытаў ваявода.

— Я. Кунігас Міндоўг павінен ведаць, што да Варуты набліжаюцца чужыя людзі.

Далібор прагна ўслухоўваўся ў гаворку літоўца. Нейкія словы ён разумеў. Родным знаёмым святлом успыхвалі яны ў плыні чужой мовы. Так бывае ў вятрысты непагодлівы дзень, калі то выб'ецца на неба сонца, то зноў схаваецца за чарноцце хмар. Пэўна, праўду кажуць людзі, якія зведалі мудрасць старых пергаменаў, што многія вякі таму назад Літва, Новагародак і ўся руская славяншчына былі братамі па мове і па веры. Гэта было тады, калі аднолькавым голасам спяваў ім свае песні пракаветны лес, калі дзікія коні і дзікія каровы пасвіліся, непадуладныя чалавеку, у залітых сонцам сакаўных лугах. Гэта было тады, калі Пярун і Пяркунас сядзелі абняўшыся на высокай гары пад святым дубам, а ў паняволенай Рымам Іудзеі яшчэ не нарадзіўся Хрыстос.

— Мяне завуць Гінтасам. Я дружыннік кунігаса Міндоўга, а Міндоўг распачаў вялікую вайну супраць свайго брата кунігаса Даўспрунка, — гаварыў між тым ваяводу Хвалу засмучаны юнак. — Калі я вярнуся ў Варуту, кунігас жорстка пакарае мяне.

— За што? — пацікавіўся Хвал.

— Я трапіў у палон да чужынцаў.

— Мы не чужыя, — запярэчыў Хвал. — Мы воі новагародскага князя Ізяслава Васількавіча. Не з мячом, а з мёдам, хлебам і соллю ідзём мы ў Літву да кунігаса Міндоўга, каб стаць братанічамі з ім, каб агульным шчытом прыкрыцца ад татарскіх арканаў і тэўтонскіх арбалетаў. Я дам табе срэбра, Гінтас. Я скажу кунігасу, што ты быў харобры, як пушчанскі тур, і вастравокі, як ястраб.

— Не трэба срэбра, бо ўсё яно належыць нашаму кунігасу. Аддайце мне мачугу, — папрасіў Гінтас.

Яму аддалі баявую дубіну, і ён пацалаваў яе. Доўгія валасы, сціснутыя на лобе і на скронях скураным раменьчыкам, узвіхурыла ветрам. Ен рэзка трасянуў галавой, адкідваючы іх з твару, і ва ўпор глянуў на Далібора. Такіх сініх вачэй княжыч яшчэ не бачыў. У Лукеры з вакольнага горада (Далібор адразу ўспомніў пра яе) вочы таксама былі сінія, нават іскрыстыя. Але там была мяккая цёплая сініна. У Гінтаса ж у позірку быў сіні лёд, сіні мароз. «Не адну дзявочую душу карэжыў ён такім вокам, — падумаў княжыч. — Пэўна, шмат літовачак уздыхае па ім». У астатнім жа, як прыкмеціў Далібор, малады літовец амаль нічым не адрозніваўся ад новагараджан. Гэта не татарын з Алтын-Арды12, ад якога за дзесяць вёрст пахне стэпам. Апрані яго па-новагародску, дай у руку дзіду, пасадзі на каня, і будзе хвацкім дружыннікам у князя Ізяслава. «Мы падобныя, — узрадаваўся свайму адкрыццю Далібор, — з аднаго лесу мядзведзі».

Чорны дым ад вартоўнага кастра, што запаліў Гінтас, заўважылі ў Варуце. Дружыну ваяводы Хвала, як толькі яна пачала падыходзіць да горада, перастрэлі конныя літоўцы. Вершнікаў было сотні чатыры, калі не болей. Яны размахвалі мячамі, мачугамі і па сваёй старадаўняй завядзёнцы пачалі браць новагараджан у кола, аточваць з усіх бакоў.

— Сам Войшалк вывеў дружыну, — спалохана сказаў Гінтас, едучы поруч з Даліборам. — Значыць, кунігас Міндоўг вярнуўся ў Варуту. Без сям'і, без сваіх сыноў ён нікуды не ездзіць, бо ведае: трапяць сыны ў рукі Даўспрунку — і костачкі ад іх не застанецца.

У маладога літоўца голас перасеў ад страху. Далібор са здзіўленнем пазіраў на яго. Няўжо гэты асілак, гэты сціпруёліс, як кажуць літоўцы, так баіцца кунігаса? Але не трэба хадзіць са сваёй свечкай у чужы манастыр. Кожнаму небу свая зорка свеціць.

Ваявода Хвал тым часам загадаў трубіць у трубы, біць у бубны, спыніў дружыну і ў знак міру і згоды злез з каня, выняў з похваў меч, уваткнуў яго ў зямлю. Войшалк з некалькімі сваімі вершнікамі таксама спешыўся. Гэта быў, калі меркаваць з першага позірку, Далібораў аднагодак, высокі, цёмнавалосы, са строгім загарэлым тварам і нечаканай мяккасцю ў пільных рухомых вачах. На галаве ў літоўскага княжыча прыгожа сядзела ваўняная зялёная шапачка, увесь край у якой быў пераплецены бліскучым бронзавым дротам у выглядзе ромбаў і трохкутнікаў. Грудзі ахоўвала жалезная з кароткімі рукавамі кальчуга. Паверх яе княжыч апрануў чырвоны, падбіты лёгкай белай футравінай, плашч, які зашпільваўся фібуламі на правым плечуку. Фібулы былі багатыя, буйныя, з галоўкамі ў форме макавых каробачак.

Далібор глядзеў на ладную паставу і прыгожае ўбранне Войшалка, і ўсё ці амаль усё падабалася яму ў ім. Асабліва ж кінулася ў вочы шапачка, мірная, хатняя. Побач сцяной стаяць суровыя воі ў жалезных шлемах і кальчугах, а на галаве ў княжыча, іхняга вадаса13, шапачка, як лясная бесклапотная птушка.

— Адкуль вы і да каго? — звонкім голасам спытаў Войшалк у Хвала і Далібора, што ўжо стаяў поруч з ваяводам.

Хвал разгладзіў скураной пальчаткай вусы.

— Мы, як ты бачыш, княжыч, воі слаўнага Новагародка, слугі харобрага князя Ізяслава Васількавіча. Вось гэта, — ён паклаў руку на плячо Далібору, — новагародскі княжыч Глеб Ізяславіч.

Далібор злёгку схіліў галаву. Войшалк пакланіўся ў адказ.

— А ідзём мы ў слаўны горад Варуту, да слаўнага кунігаса Міндоўга, — працягваў ваявода. — Прымі, княжыч, дарункі ад Новагародскай зямлі.

Пры гэтых словах дзецкія з малодшай дружыны прынеслі куфэркі з каштоўнымі камянямі і срэбрам, кіпы футраў чорных і рудых лісіц, багата аздобленыя чары для мёду і віна, лоўчых сокалаў, у клетках з меднага дроту, з атласнымі каўпачкамі на галовах, прывялі двух войскіх коней пад чырвонымі гнутымі сёдламі і шытымі залатой ніткай апонамі. Потым ваявода Хвал на шырокім квяцістым ручніку паднёс Войшалку меч, сказаў:

— Прымі гэты меч, гэты кардас, гартаваны на трох агнях, купаны ў чорнай, сіняй і чырвонай крыві. Няхай сагнецца ён толькі тады, калі вайдэлоты запаляць памінальнае жоглішча, калі іскры паляцяць разам з душой у неба, а смяротнае цела ляжа разам з вугалем, прыскам, канём і непераможным мячом у зямлю.

У Войшалка радасна ўспыхнулі вочы. Ен пацалаваў меч, потым пацалаваў Хвала і Далібора, усклікнуў:

— Калі зазвоняць у звон ратны, устану я з гэтым мячом за Літву і Новагародак! Ідзіце ж да нас, нашы пабрацімове. Варута чакае вас.

І адразу ж, нібы пачуўшы словы Войшалка, за земляным валам і драўляным тынам Варуты ўдарылі калатушкамі па дубовых дошках, якія віселі на вяроўках, скручаных са звярыных жыл. Урачыста-трывожны голас біла паляцеў над ракой Рутай, над пушчамі і камяністымі выспамі. У кожнага з літоўцаў і новагараджан зрабілася трапятліва ў душы.

Міндоўгаў горад ужо чакаў іх. Пясчаная рака дарогі цякла да грознай дубовай брамы, што была ўрэзана ў вал. Брама шчацінілася даўжэзнымі ікламі дзікоў і ваўкоў. Як жалезныя цвікі, былі ўбіты яны ў пацямнелае ад дажджу і дыму дрэва. Выява Пяркунаса, выпілаваная з тоўстага дубовага камля, завершвала браму.

Бог-грамавік, сціскаючы ў руцэ вогненную нябесную стралу, пранізліва глядзеў на ўсіх, хто ўязджаў і ўваходзіў у ягоны і Міндоўгаў горад. З двух бакоў брамы гарэлі нязгасныя вогнішчы, удзень і ўночы рабілася тут чорным прыскам дубовае стволле. Над вогнішчамі былі змайстраваны паветкі, каб ні дождж, ні вецер не затапталі святое ачышчальнае полымя. Вайдэлоты і вайдэлоткі ў белых адзежах лілі ў касцёр смалу-жывіцу, кідалі ламачча. Зніч, вечны агонь, не мог патухнуць, знікнуць, як не патухае сонца, як не патухаюць сёстры ягоныя, нябесныя знічкі, над Новагародкам і Літвой. Згарыць адна, але глядзі — ляціць услед за ёй другая, распырскваючы залатое святло ў начным бяздонным небе. З цемры магіл бачыцца сынам наднёманскіх пушчаў гэта святло. Усходняе і заходняе неба азораны ім.

Непадалёку ад брамы стаяла дубовая бакшта14 вышынёю ў пяць коп'яў. На яе ў адказны і ўрачысты час уздымаўся галоўны святар (а святаром у Варуце быў кунігас Міндоўг), каб аб'явіць волю багоў народу. Акрамя Пяркунаса, бога войнаў, гаспадара маланак і верхніх вод, тут шанавалі Калвеліса і Мянуліса, а таксама бога буры і ветру Вейяса. Пакланяўся мясцовы люд і Лаўме. Гэта багіня яркай незвычайнай прыгажосці жыла на воблаках і пасля дажджу распускала свой пояс — нябесную каляровую вясёлку.

Побач з бакштаю рос дуб, адзінае дрэва, якому дазволілі ўвайсці ў горад. У лютую навальніцу Пяркунас кінуў з неба стралу і апаліў дубу галаву. Дуб, узгорак, маланка, агонь, меч, конь — вось што спрадвеку было тут святым.

Толькі дзве душы ў паганскай Варуце таемна маліліся Хрысту: Міндоўгава жонка кунігайкшціене Ганна-Паята, дачка цверскага князя, і яе сын Войшалк. Была ў іх свая каморка, дзе вісела ікона і гарэлі васковыя свечкі і пра якую ведаў толькі Міндоўг. Даведаецца пра гэта і Далібор, але пазней.