154426.fb2 Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

Жалезныя жалуды - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

Новагараджане злезлі з коней, прайшлі каля свяшчэнных вогнішчаў. Далібор чуў, як адзін з вайдэлотаў казаў, пазіраючы на полымя: «Хвала табе, Агонь, Сын неба, Бацька зямлі, разбуральнік цвёрдага, знішчальнік халоднага».

Варута стаяла на высокім рачным мысе, ад поля адгароджвалася валам, зробленым з дубовых і сасновых клетак-гародняў, якія былі з верхам набіты глінай і каменнем. Ля падножжа вала змяіўся глыбозны роў, напоўнены зеленаватай цёплай вадой. Там крумкалі жабы.

Вуліца, што вяла да двух'яруснага княжага церама, была высцелена шырокімі драўлянымі плахамі. Паабапал яе шчыльна мясціліся дамы баяр і старшых дружыннікаў, майстэрні рамеснікаў. Халупкі чэлядзі ляпіліся да княжага церама, як лепяцца малюскі-прысмочкі да карабельнага днішча. Тут жа была вялікая стайня для войскіх коней.

Далібор разам з ваяводам Хвалам і Косткам ішоў да Міндоўга. Неўзабаве ён павінен быў убачыць грознага кунігаса, глянуўшы ў вочы якому, многія, калі верыць чуткам, трацяць прытомнасць.

На вялікі здзіў, Міндоўг сустрэў новагараджан не ў сваім шыкоўным прасторным цераме, а ў звычайным нумасе, у якім спрадвеку жылі і жывуць тыя з яго аднародцаў, што ходзяць за сахой. Сціплы нумас, драўляны, з чатырохсхільнай саламянай страхой, стаяў, прытуліўшыся да сцяны багата аздобленага церама. Новагараджане пераглянуліся. Костка хмыкнуў У вус, шапнуў:

— Мядзведзь, як яго ні ваб, усё роўна прэцца ў сваю бярлогу.

«Незнаёмаму чалавеку глядзяць спачатку на вочы, потым на рот», — успомніў Далібор, калі апынуўся перад Міндоўгам. Вочы ў кунігаса былі рэдкага чорна-зялёнага колеру, крышку прыжмураныя і такія вострыя, такія пякучыя і неадчэпныя, аж рабілася вусцішна. Яны, як цвікі, даставалі да самага дна душы. Пра людзей з такім позіркам кажуць, што маці, нарадзіўшы, купалі іх у кіпетні. Губы кунігас меў чырвоныя, таўставатыя, адтатураныя, перабітыя зверху ўніз баразёнкамі-маршчынамі. Цёмная з рудой падпалінкай барада аблямоўвала смуглы твар. Калі ўвайшлі новагараджане, Міндоўг калыхаў у калысцы свайго самага меншага сына Руклюса, які жыў яшчэ толькі першае лета. Калыска была зроблена з двух лукаў, абцягнутых цёплай мяккай аўчынай, і падвешана да столі нумаса на срэбным круку. Руклюс якраз плакаў, тоненькім галаском выводзіў нешта сваё, дзіцячае. Адкуль было ведаць яму, немаўлёнку, што люляе яго, хоча, каб ён заціх, заснуў, самы суровы чалавек Літвы? Разгубленыя мамкі-карміцелькі безгалосай анямелай купкай стаялі за спіной у кунігаса. З якой радасцю кінуліся б яны супакойваць маленькага княжыча і супакоілі б, развесялілі, зацалавалі, але, як скала, узвышаўся між імі і калыскай Міндоўг. Яны былі ціхенька аб нечым зашапталіся, ды азірнуўся Міндоўг, і гаворка, як абрэзаная нажом, спынілася.

«Няўжо гэты чалавек мой бацька? — з хваляваннем, з нейкай пакутаю думаў Далібор, абмацваючы насцярожаным позіркам не дужа буйную паставу кунігаса. — Няўжо часцінка яго крыві цячэ ўва мне? Ен згінае людзей не цяжкай рукой, а пякучым вокам. Гэта пра яго казаў Гінтас: «Бліжэй да князя — бліжэй да смерці».

Міндоўг між тым, раззлаваўшыся, адпіхнуў ад сябе калыску, яна паплыла, паляцела, і з яе ляцеў плач малога Руклюса. Карміцелькі адразу ж, як спушчаныя са шворкі, рынуліся да калыскі.

Выйшлі з нумаса на двор, і там, стоячы на ганку церама, варуцкі кунігас прыняў дарункі Новагародскай зямлі. Было відно, што яны яму спадабаліся. Ен заўсміхаўся, чорна-зялёныя вочы пасвятлелі.

— Я таксама шчодра адару вас, новагараджане, — прамовіў Міндоўг і запытаў у Далібора:

— Як жыве мой брат князь Новагародка Ізяслаў?

— Князь Ізяслаў шле табе вітанне, харобры кунігас, — хвалюючыся, адказаў Далібор. — Ен загадаў перадаць табе, што Новагародак і Літва — два жолуды з аднаго святога дуба, што супроць злыбяды, супроць варожай сілы мы павінны стаяць разам.

Княжыч з вялікай прыкрасцю адчуў, што голас ягоны нечакана ўздрыгнуў, абсекся і на апошніх словах як бы вільнуў убок. Так ранняй вясною па адталым снезе плывуць у бок з наезджанай каляі цяжка гружаныя сані. «Няпраўда, што ён мой бацька, — раптам падумаў Далібор. — Гэта ўсё наплёў, выдумаў вяшчун. Вярнуся ў Новагародак і адкручу яму, як дурному пеўню, голаву. Я зусім не падобны на Міндоўга, ні кропелькі. Калі б ён быў маім бацькам, ён бы ведаў гэта, ён бы неяк глянуў на мяне, сказаў нешта асаблівае…»

— Добрыя словы перадаў ты мне, княжыч, — павольна вымавіў Міндоўг. — Ад Нёмана да Рубона грыміць слава Новагародка, усе баяцца мяча князя Ізяслава. Хадзіў я з тваім бацькам на Мазоўшу, ведаю сілу новагародскіх дружын. У маёй Літве сёння кроў цячэ, як балотная вада. Я, кунігас, у лесе, як мыш у скрыні, хаваюся ад сваіх ворагаў.

Ен скрыгнуў зубамі.

— Мой брат, гнайнавокі Даўспрунк, са сваімі неданоскамі-сынамі, Таўцівілам і Эдзівідам, хоча мяне, як лася, загнаць у лоўчую яму, хоча, каб я хрыпеў, віўся на вострых коллях, што праб'юць мне грудзіну. Разам з бязвухім Выкантам, а вуха Выканту конь зжаваў, калі ён, п'яны, як падла, валяўся на снезе, хоча Даўспрунк узяць Літву, усю Літву.

Міндоўг трасянуў кулакамі.

— Хутчэй Нёман пацячэ Назад, чым я скаруся ім. Добрыя словы прынёс ты мне, княжыч Глеб. Меч Новагародка і мой меч скрышаць усё. Дай я цябе пацалую за гэта.

Ён у міг вока скокнуў з ганка, абшчаперыў Далібора моцнымі чэпкімі рукамі. Княжыч як знямеў ад неспадзяванкі. Цвёрдыя вусны Міндоўга, ягоная жорсткая чорна-рудая барада каўзануліся па шчацэ. І тут Далібор убачыў такое, ад чаго забілася сэрца, а ў горла быццам сыпанулі гарачым пяском. На бугорыстай загарэлай шыі кунігаса на танюсенькім срэбным ланцужку вісеў жалезны жолуд, такі самы жолуд, што ляжаў у кашпуку ў Далібора. Яны былі падобныя, як дзве пчалы з адной борці. У княжыча закружылася ў галаве, і ён, каб не ўпасці, сеў на ганак церама. «Напалохаў літоўскі мядзведзь дзіцяня», — адразу ж падумаў Костка і, не дужа цырымонна адсланіўшы плечуком Міндоўга, кінуўся да княжыча. Але Далібор ужо авалодаў сабою, суха сказаў Костку:

— Стой на сваім належным месцы, калі размаўляюць кунігас Літвы і новагародскі княжыч.

IV

Міндоўг надумаў аб'яднаць пад кроквамі, пад дахам адной дзяржавы ўсіх тых, хто пакланяўся Крыва-Крывейце, звязаць у адзін сноп каласы, якія дасюль раслі паасобку. Літва, Жамойць, Яцвягія, Земгалія, Прусія са сваімі шматлюднымі землямі не давалі спакою кунігасу, які пакуль што сядзеў у маленькай драўлянай Варуце і ледзь паспяваў адбівацца ад суседзяў-аднародцаў. Яны лезлі з усіх бакоў, тапталі ягоныя нівы, забівалі або выводзілі з палонам ягоных людзей, палілі каймасы15. Ен быў раз'юшаны, як паранены зацкаваны дзік. Апошнім часам бясконцая барацьба зрабілася такой крывавай, што, калі ён засынаў, яму сніліся чырвоная трава, чырвоныя дрэвы, на якіх раслі чалавечыя чарапы.

Ці задумваўся ён над тым, якую дзяржаву хоча ўзгадаваць і як цяжка гэта будзе? Незадоўга да яго велізарную дзяржаву стварылі Чынгісхан і Батый, заліўшы крывёй Азію, растаптаўшы сваёй конніцай трэць Еўропы. Яна была як перакаці-поле, гэта Дзяржава, — кацілася з усходу на захад, падмінаючы пад сябе ўсё жывое, захопліваючы ў свой нястрымны рух шматлікія плямёны і народы. Вялікага чалавечага стогну і енку каштавала яна, і сам Чынгісхан, «патрасальнік Сусвету», як называлі яго, калі паміраў, загадаў, каб ягоную магілу не маглі адшукаць нашчадкі. «Патрасальніка» закапалі пасярод шырокага стэпу, а на тым месцы, дзе ён нарэшце супакоіўся, прапусцілі тысячныя табуны коней. Ні каменя, ні кургана не пакінуў пасля сябе хан. Дарэчы, амаль такім самым чынам схаваўся ад нашчадкаў пасля сваёй смерці заваёўнік Рыма Аларых. Перакрылі раку плацінаю, на дне выкапалі магілу, а потым зноў пусцілі ваду. Плюскоча рака, бягуць хвалі, і хто здагадаецца, што на ціхім дне, куды ніколі не кіне свой позірк сонца, вечным сном спіць той, хто з аднолькавай асалодай крышыў камень крапасных сцен і людскія косці.

З усіх бакоў астравок зямлі, на якім сядзеў Міндоўг, акружалі моцныя, ваяўнічыя суседзі — Полацк, Менск і Новагародак, Нальшанская зямля, дзе ўладарыў Доўмант. Гэта было першае, самае цеснае кола. Але варуцкі кунігас сваім вострым зрокам воя і дыпламата бачыў і другое кола, больш моцнае і шырокае. На поўдні, за Пінскімі балотамі, Галіцка-Валынскае княства, землі якога аб'яднаў сваёй дзяржаўнай рукою Даніла Галіцкі. На захадзе, за Жамойцю, дзе ў сваіх гарадах сядзелі шматлікія кунігасы і кунігасікі, стаў на жалезныя ногі Тэўтонскі ордэн. Не пашанцавала прусам, гэтым «блакітнавокім людзям з ружовымі шчокамі і доўгімі валасамі», як пісаў пра іх Адам Брэменскі. Уважлівы нямецкі храніст адзначыў, што прусы вельмі чалавекалюбівыя, ахвотна дапамагаюць тым, хто церпіць бедства на моры або падвяргаецца нападу піратаў. Яны ядуць конскае мяса, кабыліна ж малако і кроў ужываюць як хмельнае пітво. Срэбра і золата прусы шануюць не дужа. Зусім не шануюць незвычайна багатыя футры, якіх маюць незлічонае мноства, абменьваючы іх на адзенне з воўны. Не пашанцавала ж прусам у тым, што да іх падсуседзіўся Тэўтонскі ордэн і, як рысь упіваецца ў шыю ласю, упіўся ў прускія землі. Там зараз ідзе бясконцая вайна. Калі прусы не вытрымаюць, Ордэн выйдзе на Нёман, і Крыва-Крывейта твар у твар сутыкнецца з лацінскім Хрыстом. Ен ужо з ім сутыкнуўся, бо кінуў святы дуб у Ромаве і пабег у жамойцкія пушчы шукаць іншы.

З далёкага поўдня чуецца дыханне Залатой Арды.

Стэпавікі зламалі хрыбетнік Кіеву, садралі залатыя дахі і купалы з рускіх цэркваў. Кожны міг, як шалёная нястрымная вада, іхнія тумены могуць рынуцца з Дняпра на Нёман. Есць такая жахлівая смерць, такое пакаранне — чалавека расціскаюць дзвюма тоўстымі дубовымі дошкамі. Міндоўг заўсёды адчуваў сябе, сваю сям'ю і свой народ між гэтых няўмольных дошак Ордэна і Арды. Спыніць іх, зламаць іх можна, толькі сабраўшы вялікую супольную сілу. Але дзе ўзяцца той сіле, калі ў маленькай Літве, у гэтым чырвоным Міндоўгавым яблычку, у самай сярэдзіне завяліся ненаедныя лютыя чэрві. Яны грызуць яблык, сэрца кунігасава грызуць. Даўспрунк з Таўцівілам і Эдзівідам, Выкант, Рушкавічы, Булевічы… Праўда, Рушкавічаў Міндоўг знішчыў, хоць і ездзіў з імі ў Галіч на перамовы з рускімі князямі. Знішчыў з незвычайнай жорсткасцю. Перад смерцю загадаў у кожнага з мужчын дома Рушкавічаў выразаць з жывога цела па кавалку мяса. Мяса выразалі, падсмажылі, і было загадана, каб брат еў мяса брата. Баючыся новых, яшчэ больш жудасных пакут, Рушкавічы зрабілі такое і былі забіты мачугамі. Толькі багам і кунігасам дадзена высокім небам права дараваць людзям жыццё або смерць. Гэта Міндоўг ведаў цвёрда, гэтаму быў прывучаны змалку. Не выпадала быць добрым, добрым, як дзіця ў калысцы. Жыццё вучыла насцярозе і жорсткасці. Заставаўся пад сонцам дужэйшы або той, хто ўмеў вельмі хутка бегаць, уцякаць, не пакідаючы нават на зямлі слядоў. Міндоўг з агідаю думаў пра палахліўцаў. Ен любіў моцных душою людзей. Яны былі падобныя на агонь, што крушыць усё жывое на сваёй дарозе. Ен сам імкнуўся зрабіцца чалавекам-агнём, якога баяцца ворагі і слухаюцца сябры. Жорсткасць была разліта ў прыродзе. Маланка бязлітасна шчапала дубы. Воўк рэзаў авечку. Снег валіўся на цёплыя вясновыя кветкі. Пярэстая рысь, тыгр мясцовых лясоў, душыла казуль і ласіц. Трохгадоваму Міндоўгаваму брату Мантвілу певень, якога прывезлі ад індусаў, выдзеўбнуў зрэнку ў воку — падумаў, што гэта бліскучы каменьчык. Нельга было раскісаць, як сыраежка пад дажджом, чакаць, пакуль нехта прыйдзе і прыкончыць цябе самога і ўсіх тваіх сямейцаў. Варуцкі кунігас не аднойчы пасылаў сваім ваяўнічым суседзям борць пчол. У Літве, калі хочуць пасябраваць, заўсёды дораць пчол. Пэўна, таму, што пчала працавітая, багатая і ніколі не дасць сябе ў крыўду. Тыя пчол ахвотна бралі, але ўсё роўна плялі змовы, шкодзілі на кожным кроку. Апошнім разам накіраваў Міндоўг да Таўцівіла свайго лепшага ваяводу асілка Гедруса. Таўцівіл разам з Эдзівідам шчодра частавалі ваяводу мёдам і смажанай зверыной, да нябёс праслаўлялі Міндоўга, а потым Таўцівілаў чалавек (нават імя яго невядома) абняў захмялелага Гедруса, спытаў: «Дзе ў цябе сэрца?» — «Тут, — адказаў даверлівы асілак, нават ляпнуўшы рукою па сваёй левай грудзіне. І Таўцівілаў чалавек па самую рукаятку ўсадзіў доўгі нож дакладна ў тое самае месца. Нечаканая смерць ваяводы ўразіла Міндоўга. «Сам сябе праспаў», — такія былі першыя словы кунігаса, калі ён дачуўся, што Гедруса ўжо няма на гэтым свеце. Зноў полымя вайны пакацілася па Літве. Іскры ж ад яе ляцелі ў Дзяволтву, Дайнаву, Нальшу, усюды, дзе ляжала зямля Зялёных Дубоў і Чорных Вужоў. Міндоўг пачаў ліхаманкава ўмацоўваць Варуту і свае шматлікія гарадзішчы-пількальнісы, бо ўжо пабеглі па ўсіх сцежках варожыя людарэзы і людаловы. Да гэтага сцены сваіх умацаванняў літоўцы рабілі з дрэва, пяску і каменняў, але каменні сыпалі проста кучаю, бо не ведалі, як злучаць, звязваць у адно цэлае. Новагародак адкрыў ім сакрэт вапнавага раствору, цамянкі. Таўцівіл з Эдзівідам, апёкшыся каля такіх сцен, пачалі паліць навакольныя весі, браць у палон Міндоўгавых коймінцаў16. Варуцкі кунігас адказваў тым жа і бяссоннымі начамі думаў, шалеючы ад гневу: «Пачакайце, хутка так удару — чорныя іскры пасыплюцца ў вас з вачэй». Вось чаму з такой радасцю сустрэў ён дружыну, што прыйшла з Новагародка. Цяпер удача і ўлада не вылузнуцца з ягоных рук, бо моцнае плячо падстаўляў Ізяслаў Новагародскі.

Весела было ў Варуце наступнай ноччу. На вялізных вогнішчах смажыліся дзікі і ласі. Міндоўг з Войшалкам і сваімі ваяводамі, Далібор з Хвалам і Косткам сядзелі за багатымі сталамі пад адкрытым небам, пілі мёд, рамейскае віно і светлае літоўскае піва-алус. Міндоўг са смакам еў ласіныя губы ў воцаце, кідаў хуткія позіркі то на Далібора, то на Хвала, і ў чорна-зялёных вачах яго ўспыхвалі яркія бліскаўкі.

— Чаму сам князь Ізяслаў не прыехаў? — спытаў ён у Далібора, паклаўшы цяжкую руку яму на плячо.

— Да князя Данілы Раманавіча ў Галіч збіраецца, — адказаў Далібор.

Кунігасава рука сціснулася ў кулак, гэтым кулаком ён шкрабануў княжычу па хрыбетніку, быццам выпрабоўваў на моц. Потым ускочыў з-за стала, загадаў Войшалку:

— Кліч дружыннікаў! Хай новагараджане паслухаюць нашы дайны!

Прыйшло чалавек дзесяць — пятнаццаць, сталі паўколам, заспявалі. Пад начным небам, пад срэбнадымнымі воблакамі шырока паплыла песня:

Сёння п'ём мы піва,Ну, а заўтра выйдземНа рубеж угорскі.Вінныя там рэкі,Яблыкі на дрэвахЧыста залатыя.

Міндоўг падбег да спевакоў, ушчаміўся між імі, паклаўшы ім рукі на плечы, заспяваў-запытаў:

— Што ж рабіць мы будземНа зямлі угорскай?— Мы збудуем горадЗ камянёў каштоўных,З яркіх самацветаў,—

адказаў хор.

— А калі ж мы прыйдземЗ той зямлі угорскай? —

зноў запытаў кунігас.

— Калі ў сінім морыЗашапочуць дрэвы,Зацвітуць каменні,—

паляцела ў чорную ноч, паляцела да зорак. Расступіўся, раскалоўся змрок, і ў кожнага, хто слухаў песню, пранеслася ва ўспамінах, як вогненны шар маланкі, уласнае жыццё ад самага пачатку да вось гэтай песні, У якой абудзіліся ўсе выявы зямлі: таемны лес, глыбозная вада, крыкі-шэпты прыроды. Далібор убачыў расахатую бярозу над пясчанай туманнай дарогай, кроплі расы на кветках, дзявочую постаць ва ўсім белым. Туман цёк, наплываў на дзяўчыну, вось толькі тоненькая рука, як крыло птушкі, мільганула ў хвалях шэрага туману і знікла. Дзе гэта было? Хто гэта быў?

Зноў селі за багатыя сталы. Міндоўг быў дужа вясёлы, усмешлівы, шмат еў і піў. Чаляднікі падавалі смажаных качак і гусей, вэнджаных вугроў, халодныя цялячыя языкі.

— Есці ўжо няма куды, а вочы ядуць, — задаволена выгукнуў адзін з літоўскіх ваяводаў, і ўсе засмяяліся. Але Міндоўг раптам пацямнеў у твары, схапіў ваяводу за доўгія валасы, тыцнуў яго тварам у тлустыя кавалкі смажаніны, закрычаў:

— Распусціў чараво! Помніш, як мы галадалі над ракой Нявежай? Як кару грызлі? Як лівонцы кідалі нам цераз вал дохлых кошак?

Ен перакуліў стол, пайшоў у змрок, апусціўшы галаву. Нечаканая змена ў настроі кунігаса перапалохала чаляднікаў, здзівіла новагараджан. Толькі ваявода, быццам нічога не здарылася, спакойна сядзеў на кляновай лаве з перапэцканым тварам. Па шчоках цяклі бліскучыя ручайкі. І не слёзы гэта былі, а гусіны тлушч.

— Ідзі сюды, княжыч, — паклікаў Далібора Міндоўг. Калі Далібор падышоў, горача схапіў яго за плячук, загаварыў: — Я самы моцны і самы багаты ў Літве. У мяне ёсць рабы, у мяне ёсць зямля. Мае коймінцы аруць на валах, а не на худых конях, як у Даўспрунка. У мяне тысячы сярпоў і сох, а кавалі куюць лепшыя баявыя сякеры, лепшыя, чым у лівонцаў. Мае людзі вязуць за рубеж футравіну, якой дзівяцца Рым і Брэмен. Вы ў Новагародку моліцеся пры свечках, зробленых з майго воску. Ты верыш мне? — запытаў ён раптам.

— Веру, — адказаў Далібор.

— Літву хачу бачыць моцнаю, як святы дуб, пад якім сядзіць Крыве, — казаў далей варуцкі кунігас, і чорна-зялёныя вочы натхнёна свяціліся. — Усіх, хто пакланяецца Пяркунасу, хачу сабраць пад сваім сцягам. Ты верыш мне?

— Веру, — зноў адказаў новагародскі княжыч, бо што інакшае мог ён сказаць. Гэты чалавек быў як магніт, як бераг, да якога, хочуць яны ці не хочуць, але абавязкова павінны прыплыць некалі ўсе чоўны. Той жа, хто не прыплыве, ляжа мерцвяком на дно.

— У мяне шмат валоў, і я сам раблю, як вол. Хіба гэта дрэнна, княжыч? — спяшаючыся, гаварыў Міндоўг. — Калі я караю ворагаў, здраднікаў, адступнікаў, калі я на сваю зялёную зямлю лью іхнюю чорную кроў, я мацую Літву. Хіба гэта дрэнна?

«Ён размаўляе са мной, як размаўляў бы са сваім духоўнікам, калі б быў хрысціянінам, — здагадаўся Далібор. — Ен хоча аблегчыць душу, а тут, у Варуце, няма перад кім — яго або баяцца і, як рабы, поўзаюць каля ягоных ног, або не жадаюць зразумець, хоць прыкідваюцца, што згодныя з кожным кунігасавым словам. Ен — няшчасны». Новагародскі княжыч, зрабіўшы такое адкрыццё, паўжыцця аддаў бы, каб прасвятліць яшчэ адну пякучую таямніцу — даведацца, ці родная ў іх кроў. Але як разблытаць і вымудрыць такое? Не спытаеш (вочы ў вочы) у кунігаса. Міндоўг, як баявы сокал, пэўна, бачыў на сваім жыцці нямала светлых саколак. Але ж адна з гэтых саколак, калі верыць праклятаму ведзьмаку з Цёмнай гары, княгіня Новагародская. Як падступіцца да гэтай загадкі?

Калі паклаліся спаць, прысніўся Далібору нейкі заблытаны цьмяны сон. Убачылася яму дрымотная пушча — мох спаўзае сівымі вужакамі са старых дрэў, пахне кіслай цвіллю, на вільготнай зямлі пад яловымі лапамі ляжаць ірваныя плямы няяркага нежывога святла, чуецца густы і трывожны шум, але невядома, што шуміць, бо ні лісцік, ні іголачка, ні травінка наўкол не зварухнуцца. У гэтай пушчы Далібор як у бяздонным калодзежы. Крычы ні крычы, слабы голас вяртаецца назад, адбіўшыся ад стромкіх слізкіх ствалоў. Мноства пнёў, з'едзеных старасцю, аплеценых срэбна-шэрымі ніткамі моху, у гэтай пушчы. І ўсюды стаяць шкілеты велізарных зуброў, ласёў і дзікоў. Толькі жоўтыя косці стаяць, між якіх журботна свішча вецер. Чаму яны не рассыпаюцца, не падаюць? Якая сіла трымае іх? Страшна Далібору. І раптам аднекуль з'яўляецца жвавая птушка, сінякрылая сойка. Яна лётае над самай галавой і нібы кліча за сабою. Далібор, спатыкаючыся, бяжыць за сойкай, разумее, што толькі яна выратуе яго, выведзе з жахлівай бясконцай пушчы. І вось ужо святлее наўкол, ажывае душа, нібы кветка на сонцы. Птушка вылётвае на шырокую паляну, дзе ўсё заліта гарачымі промнямі, дзе на невысокім затравелым пагорку расце дуб незвычайнай велічыні і моцы. Далібор здагадваецца, нібы нехта шапнуў на вуха, што перад ім — князь дубоў. Сойка з усяго лёту б'ецца аб жалезную дубовую кару, чуецца трэск, успыхвае іскрысты ярка-белы клубок святла, і перад княжычам стаіць Міндоўг. «Бачыў звярыныя шкілеты ў пушчы?» — пытаецца кунігас. «Бачыў», — адказвае спалоханы княжыч. «Там ёсць і чалавечыя косці. Там ёсць косці Рушкавічаў». Міндоўг захліпіста смяецца, задраўшы ўгору цёмную з рудой падпалінкай бараду. Потым жылістай моцнай рукою згінае пругкі дубовы сук. І Далібор бачыць на тым суку жалезныя жалуды з меднымі лускаватымі шапачкамі-капялюшыкамі. Яны аж гараць на сонцы, слепяць вочы. Увесь дуб абсыпаны імі. «Вось мая сіла», — з вялікай лагодай у голасе кажа Міндоўг і гладзіць іх, як гладзяць маленькіх дзетак. Раптам у кунігасавым позірку ўспыхвае злавесная чорная маланка, твар перакошваецца, вочы, здаецца, вылузваюцца з вачніц. «Не хапае аднаго! — крычыць ён з найвялікшым гневам. — Кожны дзень я іх лічу. Не хапае аднаго жолуда! Ты сарваў!» Ен кідаецца на размяклага ад жаху Далібора і пачынае душыць яго. А над плячом у кунігаса пырхае сінякрылая сойка, задаволена смяецца і кажа чалавечым, дзіцячым, галаском: «Аддай мне яго галаву, я занясу яе ў сваё гняздо».

Далібор усхапіўся са звярыных шкур, на якіх спаў. Сэрца аж выломвалася з грудзей. Над Варутай плыло мяккае ранішняе сонца. Звонка білі ў жалезныя кавадлы кавалі.

Міндоўг з Войшалкам, засяроджаныя, маўклівыя, ужо чакалі новагародскага княжыча. Халоп Найдзён паліў яму са срэбнага рукамыя на рукі, паднёс белы льняны ручнік, і, нават не паснедаўшы, не кінуўшы крошкі хлеба на зуб, Далібор пайшоў глядзець, як літоўцы ўмацоўваюць сцены сваёй Варуты. Каб пачуваць сябе спакойным у час наездаў-нападаў Таўцівіла з Эдзівідам, Міндоўг загадаў павялічыць таўшчыню і вышыню сцен. Сотні коймінцаў пад наглядам кунігасавых дружыннікаў цягалі з лугоў і палёў велізарныя камяні, секлі дрэвы, капалі пясок і гліну. Яны працавалі амаль без перадыху. Толькі тады, калі дзённая спёка стане асабліва бязлітасная, іх ненадоўга адпусцяць у цянёк, дадуць па кавалку хлеба са скрыльком мяса і па кварце халоднай вады.

Убачыўшы кунігаса, коймінцы здзерлі з галоў ваўняныя шапкі і саламяныя капелюшы. Спіны былі мокрыя ад поту. Міндоўг строга паглядзеў на сваіх падуладнікаў, сказаў: