155503.fb2 Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 12

Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 12

— Я пастарэў?

Даўгерут выцягнуў з похваў шырокі літоўскі меч, сказаўшы Вячку «Ідзі за мною», выйшаў са святліцы. На двары каля дубовага тыну расла бярозка. Даўгерут сашчэрыў зубы, прыжмурыў цёмныя вочы і, глуха гахнуўшы, шырока махнуў мячом, адным ударам ссек бярозу пад корань.

— І ўсё роўна пастарэў ты, — сказаў Вячка. — Сэрцам пастарэў. Адвагай сваёй пастарэў.

Надвячоркам таго ж дня Вячка, не вяртаючыся ў Герцыке, праз лясы і балоты рушыў на Полацк. Трывожна ззялі пад святлом маладзіка шлемы і шчыты вояў. Глуха грукалі конскія капыты па каранях пракаветных дрэў. У струхлелых пнях звіваліся клубком гадзюкі. Таіліся ў дуплах совы і пугачы.

Раздзел другі

I

Хлопчык ганяўся за матыльком. Матылёк быў вялікі, дужа прыгожы, з шырокімі цёмна-чырвонымі крылцамі, на якіх бачыўся незвычайны малюнак — сінія і зялёныя рыскі спляталіся ў адзіны вузел, і нібы чалавечы воблік праступаў з гэтага хітра заплеценага вузла. За свае дзесяць сонцаваротаў хлопчык такога матылька сустрэў упершыню і таму вельмі хацеў спаймаць яго, хацеў несці яго ў руках, склаўшы далоні кубарыкам, пагуляць з ім, пацешыцца, а потым паказаць маці.

Яны мітусіліся на цёплым сонечным лужку, між травы і кветак. Матылёк як бы дражніў малога. То высока ўзвіваўся ўгору, нібы іскра з вогнішча, то, робячы шырокія плаўныя кругі, раптам садзіўся на якую-небудзь аблюбаваную кветку і сам рабіўся кветкай, і нялёгка было зноў убачыць яго.

Хлопчык то прыпадаў да самай зямлі, заміраў і чуў, як усхвалявана трапечацца разагрэтае вясёлым паляваннем сэрца, то кідаўся на кветку з матыльком, сціскаў галоўку кветкі ў далонях, але ў самы апошні міг, з-пад самага носа ў яго, матылёк вырываўся ў неба.

Горача свяціла сонца. Быў яркі летні поўдзень з мяккімі белымі воблачкамі ў сінім небе, з лёгкім ветрыкам. Мясціна, дзе гулялі хлопчык з матыльком, знаходзілася на невысокай травяністай выспе, у самым сутоку дзвюх рэк. Якраз тут залатая ад сонца Свіслач улівалася ў срэбную ад сонца Бярэзіну. Чуўся плёскат вады. Лётала мноства прыгожых стракоз. Але матылёк быў адзін, адзін на цэлым свеце, і толькі за ім цікавалі радасна-насцярожаныя карычневыя вочы хлопчыка.

Маці ішла непадалёку, несла ў белай кужэльнай посцілцы вялізнае бярэма лугавых і рачных кветак, духмянай сакаўной травы. Дома яна разбярэ ўсю гэту прыгажосць на тоненькія пучочкі, будзе сушыць да самых маразоў, і тады іхняя невялікая хатка напоўніцца такімі багатымі, такімі дзівоснымі пахамі, што аж бычыны пухір, якім зацягнута акно, разадзьме свае поўныя шчокі і нібы засмяецца.

Часам маці спынялася, здымала з плячэй клунак, нізка нахіліўшыся, нешта шукала ў траве. Потым узні-мала галаву, прыклаўшы ад сонца стрэшкай далонь да вачэй, гукала сына:

— Мірошка!

— Я тут, — ціха азываўся хлопчык, каб не спудзіць прыгажуна матылька, які зноў уладкоўваўся на залітую сонцам кветку.

Нарэшце Мірошку пашанцавала. Ён кінуўся грудзьмі ў траву, тварам упаў у гарачыя кветкі і схапіў, злавіў матылька. Радасць распірала грудзі. Ён перавярнуўся на спіну, убачыў над сабой сакавіты блакіт. Мірошка захлынуўся ад шчасця.

— Мама, паглядзі! — закрычаў ён. — Я злавіў!

Маці здзіўлена азірнулася, трымаючы ў руках зялёны пук травы. Срэбная гарошына поту кацілася па смуглым ілбе сына.

— Я злавіў! — крычаў Мірошка.

Сынаў голас, падалося ёй, разлятаўся над Свіслаччу і Бярэзінай, над сінімі зарэчнымі лугамі і лясамі, над усім светам. Сынаў голас, падалося ёй, аж да аблокаў даляцеў.

— Ты што, сынок? — ціха спыталася маці. А ён ужо бег да яе, босы, русагаловы, у расхрыстанай палатнянай кашулі. Медны крыжык агніста блішчэў на загарэлых грудзях.

— Паглядзі…

Ён асцярожна, вузенькай шчылінкай адкрыў цесна сплеценыя далоні, быццам нёс у іх ваду і баяўся праліць нават кроплю.

— Ён жывы, — часта дыхаючы, сказаў Мірошка і глянуў маці ў вочы: — Прыгожы?

Але вочы маці, такія добрыя, такія светлыя, у адно імгненне пацямнелі, спалохаліся, зрабіліся калючымі і непрыгожымі. Мірошку страшэнна ўразіла, усяго скаланула такая раптоўная перамена ў матчыных вачах.

— Што ты нарабіў, сынок? — бялеючы ў шчоках, прашаптала маці.— Ты загубіў душу продка. Вой-вой… Мне аж зімна робіцца. Ты душу продка забіў.

Клунак упаў у яе з плячэй. Плечы паніклі. Вочы патухлі. Мірошка, як аглушаны громам, з непаразуменнем глядзеў на маці. Адчуванне нечага жахлівага, непадуладнага розуму зрабіла мяккімі, як не сваімі, ногі. Успацелі далоні рук, і ён расчапіў далоні, і матылёк, нязграбна махаючы крылцамі, як бы кульгаючы, паляцеў у бок ракі.

— Ты пакалечыў душу продка. Але, дзякуй богу, яна жывая.

Маці апантана перахрысцілася, ухапіла Мірошку за руку, ускінула на плячо клунак з травою і амаль бегма пашыбавала дадому, у Гарэлую Весь.

Яны хуценька ішлі праз лес. З густога хмызняку, лопаючы крыллямі, раптам спалохаўшыся іх, ірванулася сава — вялікі знобкі цень махнуўся над імі. Мірошка з маці аж прыселі з перапуду. Сава праляцела нізка над сцежкаю.

Прайшоўся па вяршалінах верхавы вецер. Цёмны лес ажыў, загуў, замахаў галінамі-рукамі. «Ты пакалечыў душу продка», — нібы чулася Мірошку ў гэтым густым гняўлівым гудзе, і хлопчык уздрыгнуў, яшчэ мацней прыляпіўся да матчынай рукі, яшчэ шпарчэй замільгалі чорныя цвёрдыя пяткі. «Хутчэй бы дадому, — думалася яму. — Хутчэй бы ўбачыць браціка з сястрычкай і бацьку».

Сцежка прадзіралася праз яловую і асінавую гушчэчу. Магутныя дрэвы засланялі сонца, і ў лесе панаваў срэбна-шэры паўзмрок. Маці не казала ні слова, моўчкі праставала ўперад. Сэрца ў Мірошкі калацілася ад страху і ад стомы.

Нарэшце запахла цёплым дымам, забрахалі сабакі, забэкалі авечкі — з-за дрэў паказалася Гарэлая Весь. Пятнаццаць або дваццаць дворышчаў паўкругам ляпіліся на дзірвановым узлобку, які вытыркаўся пасярод яловых і бярозавых лясоў. Некалі Пярун кінуў вогненную стралу з неба, і весь узялася полымем, згарэла датла. Доўга людзі, продкі Мірошкі, ваявалі з агнём — закідвалі яго зямлёй, хвасталі яловымі лапамі, выганялі са старых пнёў, з дуплаў дрэў. Нанова адбудавалі весь і назвалі яе Гарэлай Вессю.

Лес-драмняк, што з усіх бакоў аточваў весь, вельмі пацярпеў ад вогненнай буры. Агонь злізаў з дрэў кару, і яшчэ й зараз не-не ды ўбачыш чорны дуб альбо чорную бярозу.

У весі спакон веку жылі абшчынаю па ўставах і ўроках князёў свіслацкіх смерды-рольнікі. Мёдам, воскам, бабрамі і куніцамі расплочваліся яны з князямі, давалі коней для княжацкіх паходаў. Затое ніводная суседская абшчына, баючыся князя, не кратала, не перачэсвала іхнія межавыя знакі, што сякераю высякаюцца на дрэвах, і сядзелі смерды на прадзедаўскай зямлі, і зямля гэта іх карміла.

Тры, чатыры, пяць летаў радзіла зямля, але паступова сіла яе слабела, як бы замірала. І тады ўсёй абшчынаю наступалі на лес, высякалі і палілі яго, карчавалі пні, рыхтавалі новую раллю. А пакінутае поле пакрысе зарастала хмызняком, лядзела.

Хаты ў Гарэлай Весі былі зрублены з асінавых круглякоў, чатырма вугламі стаялі на камянях-рагавіках. Крылі хаты дранкай, але пасля вялікага пажару некаторыя сем'і вымушаны былі з-за нястачы карыстацца саломаю і чаротам.

— Дзе ты так доўга была, Настасся? — запытаўся Рацібор, бацька Мірошкі. Ён сядзеў на замшэлым валуне каля іхняй хаты, з вялізнай кучы нарэзанай лазы выбіраў доўгія гнуткія лазіны, плёў дзверцы для ёза. Гэтым ёзам перагароджваюць раку ў час лоўлі рыбы. На бацьку была такая ж, як на Мірошку, белая палатняная кашуля, з рудымі плямамі ад поту пад пахамі.

— На Звонкім беразе зелле рвала, — адказала Настасся і пацягнула Мірошку за рукаў: — Ідзі ў хату, стань на калені перад бажніцай і прасі ў бога, каб дараваў табе грэх.

Мірошка, халадзеючы сэрцам, ступіў у паўзмрок хаты. Падлога ў хаце была вымашчана з шырокіх асінавых дошак. Пахла вымытымі дубовымі лаўкамі, якія стаялі ўздоўж сцен, ільнянымі ручнікамі. Пад закуранай столлю вісела калыска, у якой спаў маленькі брацік Мірошкі Дамажыр. Печ займала амаль чвэрць хаты. Насупраць печы ў сцяне было прасечана валакавое акно для дыму, якое засоўвалася шырокай дошкай. Для сонца і святла было ў хаце чырвонае акно, большае і весялейшае за валакавое. Свяцец з абсмаленай лучынаю тырчаў з бэлькі. Ад печы да глухой сцяны былі наштукаваны палаткі, на якіх так добра спіцца, калі галосіць спанадворку восеньская халадэча, На сценах і на столі маці панавешвала вяночкі з васількоў і рамонкаў, букецікі з сушаных траў, якія пахлі соладка і дурманна.

Мірошка, ступаючы на пальчыках, каб не разбудзіць брата, прайшоўся ў чырвоны кут, стаў перад бажніцаю на калені. Маці запаліла жоўтую тоненькую свечку. Асвяціўся божы твар на іконе. У бога былі строгія вялікія вочы, якія пранізвалі душу навылёт, нібы стрэлы вояў князя Рагвалода Свіслацкага. Мірошка асцярожна стукнуўся лбом аб падлогу.

«Вожа, выратуй душу прадзеда. Навошта ты яе зрабіў матыльком? Матылёк жа такі слабы, безабаронны. Яго можа кінуць у раку вецер, скляваць птушка. А град? А снег? Куды хаваюцца ўзімку матылькі? Вожа, зрабі дзедаву душу лясным голубам або мядзведзем. Лепей мядзведзем, бо людзі паважаюць і баяцца яго».

Мірошка гутарыў з богам, і нечаканыя, незразумелыя сабе самому думкі захліствалі галаву. Ён баяўся гэтых думак, але яны накочваліся, як хваля на бераг, і не было ад іх паратунку.

Які бог галоўны? Гэты — у хаце, на абразах, ці той, які хаваецца ў лесе і які вычасаны з высокага дубовага кругляка? Маці моліцца гэтаму богу, баіцца яго, але часам ходзіць і да таго бога, ляснога. Ходзіць крадком і падарункі яму носіць. Як ён, Мірошка, ні прасіўся, маці ні разу не ўзяла яго з сабой у адведкі да ляснога бога. Усё-такі, пэўна, гэты, хатні бог галоўны, бо лясны стаіць пад дажджом і снегам, з непакрытай галавою, стаіць уначы, і ніхто не паліць перад ім свечак. На ляснога бога, пэўна ж, запаўзаюць мурашкі, садзяцца стракозы… А хатняму богу заўсёды цёпла і ўтульна.

Раптам за спінаю ў Мірошкі нешта грукнула. Ён спужана азірнуўся — падалося, што вылазіць з-пад печы дамавік Чур, дух мёртвых продкаў. Мірошка ніколі не бачыў яго, але кажуць, што ў Чура на галаве рожкі, на руках і нагах не пальцы, а капыткі.

Ды замест Чура перад Мірошкам стаяў стрый19 Якаў, трымаючы ў руках лук. На поясе ў Якава вісеў скураны тул20 са стрэламі. Якаў быў старэй на шэсць сонцаваротаў за Мірошку, але яны сябравалі, не было ў іх між сабою тайнаў. Мірошка вельмі ўзрадаваўся Якаву, бо страшна было аднаму ў змрочнай ціхай хаце.

— Нехта парушыў нашы борці,— сказаў, усміхаючыся, Якаў.— Ці ліхі чалавек, ці мядзведзь. Ты хочаш, Мірошка, есці мёд? Гайда са мною — праверым, хто любіць наш мёд.

— Пайшлі, Якаў,— не хаваючы радасці, усклікнуў Мірошка. Багі — і хатні, і лясны — ужо трохі надакучылі яму, ён баяўся іх і рашыў хутчэй пайсці ў лес, каб, абміраючы душой, не думаць пра багоў, не чакаць іхняга гневу.

Ён любіў Якава і зайздросціў яму. Ён хацеў хутчэй вырасці такім спрытным, дужым, адважным і вясёлым, як Якаў.

Выйшлі на двор. Ярка-белыя дробныя трэскі валяліся на зямлі. Мірошкаў бацька вычэсваў плечавіны для ёза. Бледна-залаты шар сонца дасягнуў у небе вышэйшай кропкі і пачаў скочвацца ўніз. Гулі чмялі і пчолы.

Якаў ішоў наперадзе, высокі, гнуткі, хуткі. Мірошка ледзь паспяваў за ім. Загаласілі, запішчалі вечаровыя камары.

Якаў, хоць быў дзядзькам Мірошкі, братам ягонага бацькі, жыў у іхняй хаце, у іхняй сям'і. Бацькі ягоныя загінулі ў часе вялікага пажару, сваю сям'ю ён яшчэ не займеў, і даводзілася перабівацца па чужых кутках. Мірошкаў бацька апошнім часам усё часцей хмурыўся, усё глыбей уздыхаў, але пакуль што маўчаў.

Яны ішлі па вечаровым лесе, і Якаў казаў Мірошку: